Top.Mail.Ru

«Вы на нас можаце разлічваць як на самых надзейных сяброў і прыхільнікаў»

Прэзідэнт правёў сустрэчу з намеснікам Старшыні КНР Хань Чжэнам



Беларусь і Кітай працягваюць умацоўваць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. З 2020 года Кітай з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расійскай Федэрацыі. За шэсць гадоў доля КНР у нашым экспарце вырасла ў 1,6 раза. Пашыраецца, прырастае новымі кірункамі і гуманітарнае супрацоўніцва. Усё гэта стала магчымым дзякуючы асабістым сяброўскім, даверлівым адносінам двух лідараў — Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна.  


Аб гэтым у тым ліку ішла размова ў Палацы Незалежнасці. Перагаворы з беларускім лідарам сталі ключавым мерапрыемствам у праграме трохдзённага рабочага візіту намесніка Старшыні КНР Хань Джэна, які на чале кітайскай дэлегацыі наведвае нашу краіну. 

«Мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці» 

«Добра, што вы прыехалі ў гэты час да нас, — вітаючы намесніка Старшыні КНР у Беларусі, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У вас ёсць магчымасць бліжэй, на практыцы, пазнаёміцца з нашай краінай, таму я прапанаваў бы вам не спяшацца дадому — у Кітаі ўсё нармальна». 

Што датычыцца двухбаковых адносін, якія, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, складваюцца на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі аб Кітаі вельмі шмат гавораць.  

«Справа не толькі ў размовах: за гэтымі размовамі, нашымі палітычнымі адносінамі пайшоў вельмі бурны рост гандлёва-эканамічных адносін, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — І мы вельмі задаволены, што ў свой час Гасподзь дапамог нам зарыентавацца менавіта на Кітайскую Народную Рэспубліку». 

Усепагоднае і ўсебаковае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, па словах Аляксандра Лукашэнкі, прывяло абодва бакі да ўсёабдымнага супрацоўніцтва. Прэзідэнт адзначыў, што няма той сферы, якая б не выклікала інтарэс Беларусі да Кітайскай Народнай Рэспублікі. 

 

«Прабачце за нясціпласць, але смею сказаць аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка, кіраўніцтва рэспублікі нават калі б і хацела нам прад’явіць пэўныя прэтэнзіі, не змагло б, бо мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.  

«Нашы адносіны нават не падлягаюць абмеркаванню»  

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кітайскі бок, напэўна, добра ведае (прынамсі, пасольства аб гэтым інфармавала), што падчас любых перагавораў, з кім бы ні вяла іх Беларусь — з расіянамі, еўрапейцамі або з амерыканцамі, — Кітайская Народная Рэспубліка заўсёды выводзіцца за дужкі. «Нашы адносіны нават не падлягаюць абмеркаванню, — удакладніў Прэзідэнт. — Словам, спадар Хань Чжэн, вы на нас можаце разлічваць як на самых надзейных сяброў і прыхільнікаў».  

Намеснік Старшыні КНР выказаў удзячнасць беларускаму лідару за добрыя словы, за ўдзелены час у шчыльным графіку Прэзідэнта, сардэчны прыём і старанную арганізацыю гэтага візіту. Акрамя таго, Хань Чжэн перадаў Аляксандру Лукашэнку шчырыя прывітанні і найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. 


«Як Вы толькі што правільна згадалі, сапраўды, пад вывераным кіраўніцтвам лідараў нашых дзяржаў нашы адносіны дасягнулі высокага ўзроўню — гэта ўсепагоднае, усебаковае, стратэгічнае партнёрства, — канстатаваў намеснік Старшыні КНР. — У мінулым годзе Старшыня Сі Цзіньпін два разы сустракаўся з Вамі, і вы намецілі новыя грандыёзныя планы для далейшага ўмацавання двухбаковых адносін. Нядаўна вы спецыяльна падпісалі дырэктыву (Дырэктыва «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай. — „Зв.“). Гэта таксама ўсебакова вызначыла вектары нашага шматпланавага супрацоўніцтва, развіццё двухбаковых адносін. Гэта ў поўнай меры адлюстроўвае ваша высокае разуменне развіцця нашых адносін і сведчыць аб тым, што наша супрацоўніцтва мае вельмі стратэгічнае значэнне». 

Вераніка КАНЮТА 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю