Top.Mail.Ru

«Нам трэба працягваць працаваць па многіх кірунках»

На Глабальным атамным форуме Аляксандр Лукашэнка папрасіў «Расатам» не сыходзіць з Беларусі і анансаваў магчымае будаўніцтва яшчэ адной атамнай станцыі 


Першы дзень рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Расію выдаўся насычаным. Па традыцыі такіх камандзіровак беларускі лідар разглядае мноства пытанняў па розных тэмах. У прэзідэнцкім графіку — удзел у Глабальным атамным форуме, двухбаковыя сустрэчы і перагаворы. 

Ключавой падзеяй у прэзідэнцкім графіку на чацвер стаў удзел у Глабальным атамным форуме, які праходзіць на тэрыторыі ВДНГ. Міжнародны форум «Сусветны атамны тыдзень» праводзіцца ўпершыню і прымеркаваны да 80-годдзя атамнай прамысловасці Расіі. Месца правядзення выбрана невыпадкова — музей «Атам» на ВДНГ, дзе прадстаўлена найбуйнейшая і самая сучасная ў Расіі экспазіцыя, прысвечаная ядзернай энергіі. Яна расказвае пра гісторыю асваення атамнай энергіі ад пачатку Савецкага атамнага праекта і да нашых дзён. Перад пленарным пасяджэннем форуму разам з гасцямі Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыю — экскурсію правёў генеральны дырэктар расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксей Ліхачоў. У Глабальным атамным форуме прымаюць удзел прадстаўнікі больш як ста дзяржаў, уключаючы краіны СНД, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Праграма форуму сабрала вядомых атамшчыкаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў дзяржорганаў, міжнародных арганізацый, буйных кампаній.

«У складаныя часы Расія адкрыла самую сакрэтную сферу» 

У сваім выступленні на форуме Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значэнне гэтага мерапрыемства. «Вы ведаеце, у якой сітуацыі знаходзіцца Расія, і мы ў тым ліку разам з Расійскай Федэрацыяй. Што толькі аб нас сёння не пішуць, не кажуць, абзываюць нас рознымі словамі — і агрэсары мы, і саагрэсары і гэтак далей... Што там утойваць: у Расіі як і ў іншых краінах, якія тут прысутнічаюць, праблем хапае. Шмат пытанняў, шмат праблем і шмат барацьбы, якую ацэняць у будучым, я ў гэтым проста перакананы. Але, тым не менш, мы што, гаворым сёння пра вайну, гаворым пра ваенныя праблемы? Не. А з падачы той жа Расіі, у якой нямала праблем, мы гаворым аб мірным атаме. Мы сабраліся на форуме, дзе Расія дзеліцца сваім досведам. Назавіце яшчэ іншыя краіны, якія валодаюць падобнымі тэхналогіямі, якія б так адкрыта, шчыра заявілі: „Прыходзьце і глядзіце!“. Самыя перадавыя тэхналогіі, тэхналогіі, якімі ў адкрытую не дзеляцца. Вось так, у адкрытую ў складаныя часы заявілі: прыходзьце, мы будзем з вамі супрацоўнічаць. У Расіі сёння няма сакрэтаў у самай сакрэтнай галіне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што гэта не камплімент сябрам, а канстатацыя рэальнага факта — у складаныя часы Расія адкрыла самую сакрэтную сферу. І самы красамоўны прыклад гэтаму — Беларусь. 

1.jpg

Атамных станцый пабудавана шмат, і яшчэ столькі ж будзе пабудавана. «Але каб прыйсці ў іншую краіну і сказаць: «Мы вам пабудуем, вось вам крэдыт. Мы вам пабудуем самую сучасную станцыю, ды яшчэ з вашымі будаўнікамі. Дзякуй Прэзідэнту (Уладзіміру Пуціну. — Зв.), ён сказаў: „Мы навучым вас будаваць атамныя станцыі, і вы разам з намі будзеце будаваць атамныя станцыі па ўсім свеце“. І мы разам стварылі атамную станцыю, рэалізаваўшы самы прасунуты праект. Мы стварылі самую сучасную, прыгожую (я гэтым ганаруся) атамную станцыю», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падзякаваў кіраўніцтву Расіі і кіраўніцтву «Расатама» за рэалізацыю гэтага праекта. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб планах дамовіцца з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным аб будаўніцтве ў Беларусі другой АЭС. Больш дэталёва Прэзідэнты абмяркуюць гэта пытанне падчас двухбаковай сустрэчы, запланаванай на пятніцу. «У нас няма пытанняў, хто будзе будаваць гэтую станцыю. Мы будзем яе будаваць разам з расіянамі. Таму што яны навучылі нас гэта рабіць. І ўжо мы па просьбе „Расатама“ дзе — нідзе ў асобных дзяржавах удзельнічаем у будаўніцтве падобных станцый», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, тое, што робіць Расія ў галіне будаўніцтва атамных станцый — непадуладна ніякай іншай краіне. 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за тое, што ў Беларусі была пабудавана АЭС і беларускія спецыялісты атрымалі адпаведны вопыт. «Дзякуй за навуку, дзякуй, што вы зрабілі нашу краіну па-сапраўднаму ядзернай дзяржавай. Не шкадуючы ніякіх сакрэтаў, выконваючы міжнароднае права, прынцыпы. Гатовыя дзейнічаць і далей не толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне, дапамагаючы будаваць станцыі. — адзначыў беларускі лідар. — Мы ўмеем ужо рабіць усё. Мы не можам толькі рэактар зварыць, зрабіць яго. Гэта ўжо вашы кампетэнцыі. І не трэба (рабіць гэта ў Беларусі.). Усё астатняе мы ўжо навучыліся рабіць. Гатовыя рэалізоўваць ва ўсіх краінах-партнёрах і тых, хто яшчэ думае, якую станцыю пабудаваць. Мы гатовыя ў гэтым удзельнічаць. Якасць, ужо магу сказаць з расіянамі разам, мы гарантуем»

«Так, Нікол Ваваевіч, калі трэба, звяртайцеся. Калі Прэзідэнт (Расіі. — Зв.) ухваліць, мы гатовыя прыступаць», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які прысутнічаў на форуме.

Асобна Прэзідэнт папрасіў Расійскую дзяржкарпарацыю «Расатам» не сыходзіць з Беларусі і прапанаваў аднавіць рух па наяўным у краіне ядзерным цэнтры. Звяртаючыся да кіраўніка «Расатама» беларускі лідар адзначыў: «Думаю, я змагу пераканаць прэзідэнта Расіі ў тым, што ў Беларусі трэба працягваць працаваць. І не толькі ў плане рэалізацыі нашых з вамі задумак з часоў Сяргея Кірыенкі (былога кіраўніка „Расатам“. — Зв.). Нам трэба працягваць працаваць па многіх напрамках. Мірных і перш за ўсё ў галіне аховы здароўя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што Уладзімір Пуцін ухваліць і прапанову аднавіць рух па ядзерным цэнтры ў Беларусі. «Я яго захаваў, якім ён мне дастаўся з савецкіх часоў. Там пад кантролем Гросі (кіраўніка МАГАТЭ. — Зв.) знаходзіцца нямала добрых матэрыялаў. Вы ведаеце, мы свята дамоўленасці свае выконваем», — дадаў ён.

Гросі зрабіў велізарную справу

Асобна Прэзідэнт падзякаваў кіраўніку МАГАТЭ Рафаэлю Гросі за яго пазіцыю па беларускай АЭС. «Хачу вам, спадар Гросі, падзякаваць за тое, што вы былі сапраўдным мужыком, сапраўдным чалавекам. Наша станцыя, вы памятаеце, была сур’ёзна палітызаваная. І не там будуем, і не тое будуем, і амерыканцы супраць, а еўрапейцы наогул былі ў шаленстве. Вы шмат разоў бывалі на гэтай станцыі. Але вы ў адкрытую перад журналістамі казалі: «не нападайце на Беларусь, яны будуюць з расіянамі самую прасунутую станцыю, пытанняў няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Рафаэль Гросі зрабіў велізарную справу. «Вы ніколі не падстаўлялі нас з расіянамі, не прымушалі нас апраўдвацца. Вы былі шчырым і прыстойным чалавекам. Дзякуй вам вялікі за ўсё тое, што вы зрабілі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся з адабрэннем меркавання аб тым, што калі Рафаэль Гросі захацеў бы стаць кіраўніком у ААН, то можна падтрымаць яго кандыдатуру.

GOR_8119_result.jpg

GOR_8189_result.jpg

GOR_8137_result.jpg

Аб чым Аляксандр Лукашэнка размаўляў з журналістамі

Своеасаблівай традыцыяй візітаў беларускага лідара ў Расію стала размова з расійсікімі журналістамі. Ім заўжды цікавы наш Прэзідэнт, а Аляксандр Лукашэнка, як вядома, заўсёды адкрыты да дыялогу. Гэты раз не стаў выключэннем. На палях Глабальнага атамнага форуму журналісты задалі некалькі пытанняў беларускаму лідару. 

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, ці будзе ён перадаваць нейкае паведамленне ад прадстаўнікоў ЗША свайму расійскаму калегу падчас асабістай сустрэчы. «Я яму заўтра перадам усе вестачкі і паведамленні. Тым больш, гэта такі вялікі блок для абмеркавання нашых пытанняў агульных. Там мы абмяркуем прапановы некаторыя», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. У цэлым, па яго словах, назапасілася шмат пытанняў для абмеркавання з Прэзідэнтам Расіі. 

1.jpg

Журналісты таксама папрасілі ацаніць прапанову Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па далейшым лёсе Дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў. «Бліскучая ініцыятыва», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на паслядоўную палітыку Расіі і правёў паралель з тэматыкай форуму, дзе гаворка ішла пра развіццё атамнай энергетыкі, і ў тым ліку пра гатоўнасць Расіі дзяліцца сваімі перадавымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. «Я сёння казаў пра атам. Усе нас дзяўбуць: і агрэсары, і саагрэсары, і мы такія-сякія... а мы, перш за ўсё Расійская Федэрацыя, прапануем свету: вось мірны атам, давайце развівацца, вось вам мірныя тэхналогіі — бярыце», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Тое ж самае, па яго словах, тычыцца дагавора па скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў. «Колькі б мы тут не целяпаліся пра розныя канфлікты (гэта дрэнна, людзі гінуць і гэтак далей), але не дай бог мы не вырашым праблему, пра якую вы сказалі, быць бядзе. І Расія ў гэты момант працягвае руку ўсім: давайце дамаўляцца. Не можаце сёння — давайце на год працягнем дагавор і дамовімся. Таму я з вялікім задавальненнем пачуў гэтую прапанову Уладзіміра Уладзіміравіча і абсалютна яго падтрымаў. Гэта адсоўвае глабальную вайну», — растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. 

Журналісты заўважылі, што гэтую прапанову варта было б падтрымаць і амерыканцам. Беларускі лідар паабяцаў перадаць гэта Дональду Трампу. «Як бунтар і рэвалюцыянер ён адназначна падтрымае гэтую ініцыятыву. І потым, у Трампа вялікая сям’я, і што мне падабаецца, ён любіць сям’ю, цэніць сям’ю, любіць дзяцей і ён ведае, да чаго можа прывесці глабальнае сутыкненне і вайна», — адзначыў ён. Тым больш, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, амерыканскі лідар ужо спыніў некалькі канфліктаў. «Ён робіць усё, каб гэтай вайны не было. Калі ён шчыры ў гэтым памкненні, ён абавязкова падтрымае гэтую ініцыятыву. Я чамусьці ўпэўнены, што падтрымае», — падзяліўся меркаваннем Прэзідэнт. 

Яшчэ адно пытанне тычылася «Арэшніка». Журналісты ўдакладнілі, ці даехаў ён да Беларусі. «Ужо ў дарозе. Усё будзе нармальна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю