Аб стане спраў у сферах, за якія адказваюць, Аляксандру Лукашэнку далажылі Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.
Юрый Горлаў далажыў кіраўніку дзяржавы аб заканчэнні ўборачнай кампаніі і завяршэнні сяўбы азімых. Размова ішла і аб цэнтралізаванай закупцы хімікатаў для сельскай гаспадаркі. Даложана аб выкананні гэтага даручэння, якое раней было дадзена міністру. Асобнай тэмай дакладу стала дзейнасць стабілізацыйных фондаў.
Галоўнай тэмай даклада Аляксандра Вальфовіча сталі вынікі сумеснага беларуска-расійскага вучэння «Захад-2025». Дзяржсакратар падрабязна далажыў аб яго выніках і атрыманым вопыце, а таксама аб рэакцыі заходніх суседзяў з улікам іх надзвычайнай заклапочанасці напярэдадні вучэння. Яшчэ адной тэмай даклада сталі інцыдэнты з залётам на тэрыторыю Беларусі беспілотных лятальных апаратаў, якія перыядычна маюць месца. Як далажыў дзяржсакратар, сітуацыя кантралюецца на пастаяннай аснове.
Свой даклад беларускаму лідару прадставіў Юрый Назараў. Гаворка ішла аб ходзе будаўніцтва аб’ектаў у сістэме Кіраўніцтва справамі, якое знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт удзяляе вялікую ўвагу адпаведным праектам, бо вопыт іх рэалізацыі пасля плануецца распаўсюдзіць па ўсёй краіне. Яшчэ адной тэмай размовы стала сітуацыя ў сельгаспрадпрыемстве «АСБ-Агра Гарадзец», якое Аляксандр Лукашэнка нядаўна наведваў і выказаў сур’ёзную крытыку ў дачыненні да шэрагу недапрацовак. Юрый Назараў далажыў, што на дадзены момант зроблена для выпраўлення сітуацыі па ўказаных момантах. Яшчэ адна важная тэма — у развіццё праведзеных перагавораў Прэзідэнта Беларусі з султанам Амана. Гэта маштабны праект у сельскай гаспадарцы, які цяпер знаходзіцца на стадыі прапрацоўкі. Прапанавана рэалізоўваць яго ў Віцебскай вобласці на аснове вопыту сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Браслаўшчыны са структуры Кіраўніцтва справамі. Юрыю Назараву даручана вывучыць пытанне рэалізацыі гэтага праекта.
Некаторыя падрабязнасці сваіх дакладаў кіраўніку дзяржавы міністр, дзяржсакратар Савета Бяспекі і кіраўнік спраў раскрылі журналістам.
Уборка завяршаецца, азімыя амаль усе пасеяны — будзем з ураджаем
«Сёння мы працягваем убіраць бульбу. Літаральна да 20 кастрычніка завершым. Працягваем убіраць і цукровыя буракі, падыходзім да паловы. І, як заўсёды, мы плануем завяршыць іх уборку ў аптымальныя тэрміны — да 7–10 лістапада. Акрамя таго, сёння ўжо ўбрана 60 % кукурузы на сілас. Нам засталося ўбраць 40 % кукурузы, да 1 лістапада мы гэту работу завершым», — паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў. Па яго словах, сёлета плануецца нарыхтаваць 20,6 мільёна тон кукурузнага сіласу. Таксама ідзе нарыхтоўка сенажу, гэта, як правіла, бабовыя травы, якія трэба пакасіць да 10–15 кастрычніка. «Мы забяспечваем у поўным аб’ёме патрэбу нашай жывёлагадоўлі ў сіласе і сенажы. У цэлым мы плануем выйсці на 33 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву. У гэтым годзе мы нарыхтуем кармоў больш, чым летась», — падкрэсліў міністр.
На стадыі завяршэння прэсаванне лёну. Юрый Горлаў адзначыў, што гэта работа будзе завершана ў лічаныя дні, застанецца задача на некалькі дзён — звезці лён. «Ставілася задача ў 180 тысяч тон ільнотрасты — і мы нарыхтуем гэтыя аб’ёмы, перапрацуем на нашых ільнозаводах і паставім неабходны аб’ём ільновалакна на перапрацоўку на Аршанскі льнокамбінат», — удакладніў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Своечасовая сяўба азімых культур — залог будучага ўраджаю, зрабіў акцэнт Юрый Горлаў. «Мы ўжо завяршаем сяўбу. Па стане на 8 кастрычніка пасеялі 91 % плошчаў. Мінская, Брэсцкая і Гродзенская вобласці ўжо завяршылі сяўбу. Пакуль яшчэ працягваюць сеяць Віцебская, Магілёўская, Гомельская вобласці. У найбліжэйшы час па гэтых абласцях мы скончым сяўбу азімых культур», — расказаў ён. Міністр паведаміў, што сёлета азімы рапс быў пасеяны на плошчы 450 тысяч гектараў — гэта на 1,5 % больш за ўзровень мінулага года. «Усе вобласці пасеялі рапс своечасова. Таму мы чакаем сапраўды добры ўраджай у наступным годзе з улікам аптымальных тэхналагічных тэрмінаў сяўбы, у якія мы ўклаліся», — падкрэсліў Юрый Горлаў. У агратэхнічныя тэрміны пасеяны і азімая пшаніца, азімы ячмень. Цяпер працягваецца сяўба азімых трыцікале і жыта. Умовы надвор’я і тэхналагічныя тэрміны яшчэ дазваляюць высейваць гэтыя культуры.
Міністр звярнуў увагу, што з-за сёлетніх умоў надвор’я на 10–14 дзён зрушыліся ўсе тэрміны. «Але нават з улікам гэтага мы сёлета сеем з большымі тэмпамі, чым у мінулым. Мы правялі пэўную работу па мадэрнізацыі, па аснашчэнні нашай тэхнікі, умацаванні нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — і ўжо бачым адчувальны вынік сёлета. Тэрміны меншыя, а працы зроблена больш. Трэба аддаць належнае нашаму кіраўніку дзяржавы за падтрымку аграпрамысловага комплексу, ураду нашай краіны і, вядома ж, людзям, якія выконваюць гэту работу», — падсумаваў кіраўнік Мінсельгасхарча. Паводле яго слоў, намечаны планы па далейшым перааснашчэнні трактарнага парка, яго ўзмацненні энерганасычанай тэхнікай. «Гэта дазволіць нам у наступным годзе пасеяць усе культуры, уключаючы азімыя жыта і трыцікале, да 1 кастрычніка», — дадаў Юрый Горлаў.
- Раней Прэзідэнт даручаў арганізаваць цэнтралізаваную закупку хімікатаў для сельскай гаспадаркі. Гэта пытанне таксама абмяркоўвалася на дакладзе ў кіраўніка дзяржавы. «Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання правяло цэнтралізаваную закупку рэгулятараў росту для рапсу, конкурс адбыўся. На сёння заключаюцца дагаворы, прэпараты ўжо пастаўляюцца на сельгаспрадпрыемствы, уносяцца паводле навуковых рэкамендацый і ў адпаведнасці з тэхналагічнымі тэрмінамі. Умовы надвор’я нам яшчэ дазваляюць гэта рабіць. Вядома, мы не стаялі на месцы, не чакалі правядзення працэдуры, сельгаспрадпрыемствы збольшага самастойна закуплялі гэтыя прэпараты, бо для рапсу, пасеянага ў першай дэкадзе жніўня, рэгулятары росту трэба было ўносіць ужо ў пачатку — сярэдзіне верасня. А цяпер падыходзяць тэрміны для азімага рапсу, які высейваўся ў канцы жніўня. І мы дзесьці першую, дзесьці другую апрацоўку ўжо будзем праводзіць прэпаратамі, атрыманымі з дапамогай цэнтралізаванай закупкі», — расказаў Юрый Горлаў. Паводле яго слоў, пачынаючы з 2026-га стаіць задача ўсе пестыцыды, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, закупляць цэнтралізавана. «Таму сёння я далажыў кіраўніку дзяржавы, што Мінсельгасхарч распрацоўвае нарматыўны прававы акт, які нам дазволіць з наступнага года праводзіць цэнтралізавана гэту работу», — сказаў міністр.
Аляксандр Лукашэнка часта звяртае ўвагу на работу стабілізацыйных фондаў, аб чым таксама ў сераду дакладваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. «Забеспячэнне насельніцтва агароднінай, бульбай — гэта найважнейшая задача нашай дзяржавы. Сёлета стабілізацыйныя фонды перафармаціравалі ў дзяржзаказ, і сёння вытворцы плодаагародніннай прадукцыі і бульбы абавязаны паставіць той аб’ём, які неабходны для нашага насельніцтва. Праведзена вялікая работа сумесна з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прыняты адпаведныя нарматыўныя дакументы, пасеяна неабходная колькасць агародніны, бульбы», — сказаў Юрый Горлаў.
Міністр прывёў прыклады з лічбамі: «Для задавальнення патрэб насельніцтва праз гандлёвыя сеткі і сацыяльныя аб’екты нам патрабуецца 59 тысяч тон бульбы, гэта літаральна 6 % ад аб’ёму вытворчасці — мы вырошчваем 1 мільён тон. Такая ж сітуацыя і па астатняй агародніне, па наборы для баршчу — моркве, капусце, цыбулі, сталовых бураках. Ад 12 % да 42 % мы закладваем у дзяржзаказ ад вытворчасці ўсёй агародніннай прадукцыі».
З яблыкамі сёлета сітуацыя крыху больш складаная, чым летась. «Праз замаразкі ў маі мы недаатрымаем той ураджай, які планавалі. Але 27 тысяч тон яблыкаў лёжкіх сартоў патрабуюцца па дзяржзаказе, а мы ў гэтым годзе маем 40 тысяч тон, гэта значыць, айчыннымі яблыкамі закрываецца неабходны аб’ём. Мы не кажам, што гэтым будзем абмяжоўвацца. Умоўна, у нас больш за 50 % яблыкаў лёжкіх сартоў вырабляецца ў Брэсцкай вобласці, вядома ж, адтуль іх будуць пастаўляць у іншыя рэгіёны. Могуць завозіць і невялікі аб’ём імпарту, які таксама будзе прысутнічаць на нашых прылаўках, — растлумачыў кіраўнік Мінсельгасхарча. — Пытанне па стабілізацыйных фондах мы з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю практычна штодня трымаем на кантролі. Таму хвалявацца аб тым, што на прылаўках нашых крам будзе адсутнічаць тая ці іншая прадукцыя, абсалютна няма чаго. Прадукцыя маецца ў кратных памерах. Цэны вызначаны Мінсельгасхарчам, МАРГ узгадніў іх. Гэта тыя аптымальныя, адэкватныя цэны, якія складваюцца на рынку сёння».
Мадэрнізацыя сельгаспрадпрыемстваў і пад’ём населеных пунктаў
Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў згадаў, што размова па «АСБ- Агра Гарадзец» была не вельмі простай. «У нас сёння ёсць праграма, як гэта прадпрыемства паставіць на добрыя рэйкі для таго, каб яно пачало зарабляць для свайго развіцця. Літаральна ўчора з аблвыканкамам і райвыканкамам праехалі па аб’ектах, намецілі шэраг мерапрыемстваў. Зараз мы алічбуем па тэрмінах і выдатках, якія неабходна зрабіць. І Прэзідэнта я запрасіў вясной прыехаць у „Гарадзец“. Мы яму пакажам цалкам абноўленую, а дзесьці і новую інфраструктуру сельскагаспадарчай вытворчасці», — расказаў ён. Таксама размова ішла аб рэалізацыі іншых праектаў, у тым ліку і па выніках суботняй рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.
Што датычыцца дамоўленасцяў з аманскім бокам, Юрый Назараў расказаў, што цяпер сумесна з аманскім інвестарам у Браслаўскім раёне прапрацоўваецца маштабны праект у сельскай гаспадарцы. «Ёсць добрыя задумы, ёсць намеры. Мы цяпер у стане таго, каб іх адпрацаваць і алічбаваць, што з гэтага можа атрымацца. Ёсць некалькі варыянтаў. Прыцэл адзін — Аман адчувае дэфіцыт харчавання (гаворка пра патэнцыял сельскай гаспадаркі Амана, які не можа самастойна закрыць усе патрэбы краіны. — „Зв.“). У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб тут вырошчваць і вырабляць тое, што ім трэба. Нешта ў плане вытворчасці прадуктаў харчавання», — сказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Таксама Юрый Назараў расказаў, што запрасіў Прэзідэнта наведаць Бярэзінскі біясферны запаведнік, у прыватнасці вёску Домжарыцы — цэнтр запаведніка. «Я запрасіў туды Прэзідэнта, каб паказаць, што такое комплекснае рашэнне для развіцця такіх тэрыторый. Домжарыцы — гэта цэнтр запаведніка, такая вёсачка ўдалечыні ад буйных населеных пунктаў. Чаму я запрасіў Прэзідэнта? Бо мы абнавілі вытворчую базу цалкам. Мы стварылі цэх перапрацоўкі драўніны. У любым выпадку ў запаведніку вядзецца догляд за лесам, атрымліваюцца бярвёны, якія трэба ператварыць у нешта. Мы практычна зноўку пабудавалі і аднавілі цэх. Вырабляем там не толькі дошку, якую можна экспартаваць. Мы выйшлі на вытворчасць садовай мэблі, якая патрэбна ў тым ліку гэтаму ж запаведніку для ўладкавання турыстычнай інфраструктуры», — расказаў Юрый Назараў. Ён дадаў, што ў населеным пункце сумесна з мясцовымі ўладамі абноўлена інфраструктура. Прыведзена ў парадак аблічча самой вёскі, для турыстаў створаны ўмовы, якімі могуць карыстацца і мясцовыя жыхары. Адноўлены Дом экалагічнай асветы, на важнасць якога Юрый Назараў звярнуў асаблівую ўвагу, паколькі гэты цэнтр наведваюць дзеці. У населеным пункце актыўна будуецца жыллё, уведзены ў эксплуатацыю 24-кватэрны арэндны дом. «Мы не проста зазываем: „Прыходзьце да нас, мы вам дадзім працу і жыллё!“ Мы ўжо ведаем па прозвішчах, хто ў якой кватэры жыве. А жыве ў асноўным моладзь. І там ужо з’яўляюцца шматдзетныя сем’і. Яны там выраслі, атрымалі адукацыю, вярнуліся на радзіму, уладкаваліся на работу, і ў іх нарадзілася трое і больш дзяцей. У Домжарыцах ёсць дзіцячы садок, школа. Такая інфраструктура з вытворчай базай дазваляе нам упэўнена развіваць гэты населены пункт», — расказаў Юрый Назараў.
Ён таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб развіцці сферы турызму на аб’ектах Кіраўніцтва справамі. Размова ішла аб санаторыях «Сосны» і «Прыазёрны». Асобна абмяркоўвалася развіццё санаторыя «Баравое» ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, дзе цяпер актыўна ідуць будаўнічыя работы, у выніку якіх плануецца ў паўтара раза павялічыць колькасць месцаў размяшчэння. «Гэта цягне за сабой усю інфраструктуру. У наступным годзе мы прывядзём у парадак гэты санаторый, які зможа быць самадастатковым. Бо пры той колькасці месцаў, якая ёсць сёння, ён не можа зарабляць для таго, каб развівацца далей», — падзяліўся падрабязнасцямі Юрый Назараў.
Задачы абарончага характару выкананыя, пралёты беспілотнікаў кантралююцца
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч дакладваў Прэзідэнту аб выніках вучэння «Захад-2025» і аб асобных пытаннях забеспячэння бяспекі нашай дзяржавы.
«Вучэнне праведзена. Усе пытанні, якія ставіліся на перыяд вучэння, у поўным аб’ёме адпрацаваныя, а мэты — дасягнутыя. Галоўнае, што паказала вучэнне, — вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі ваеннаслужачых Беларусі і Расіі», — адзначыў ён.
Аляксандр Вальфовіч зрабіў акцэнт: пытанні, якія выносіліся на адпрацоўку на вучэнні, мелі выключна абарончы характар. Ён нагадаў, што, як толькі было заяўлена аб правядзенні вучэння, на Захадзе пачалася сапраўдная істэрыя, аператыўна былі арганізаваныя некалькі вучэнняў з колькасцю ваенных у разы большай, чым у вучэння «Захад-2025».
«Дык хто і каму ўяўляў пагрозу? — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Вальфовіч. — Ды і наогул тое, што мы бачым на тэрыторыі сумежных дзяржаў, тая рыторыка, якая гучыць ад нашых заходніх суседзяў, ад іх палітыкаў, не можа не выклікаць заклапочанасці. Мы бачым даклады палітычнага кіраўніцтва Польшчы, краін Прыбалтыкі, Германіі і іншых дзяржаў. Іх кіраўнікі кажуць пра пагрозу з усходу, мілітарызацыю, павелічэнне выдаткаў на ваенныя бюджэты. Дзе ў рыторыцы кіраўніцтва калектыўнага Захаду пытанні, звязаныя з сацыяльна-эканамічным развіццём іх краін, паляпшэннем дабрабыту грамадзян, будаўніцтвам аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры? Наогул не чуваць». Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што ў процівагу гучыць рыторыка кіраўніцтва Беларусі, дзе ў цэнтры ўвагі — развіццё краіны і павышэнне дабрабыту грамадзян. Але пры гэтым, зрабіў акцэнт дзяржсакратар, кіраўнік дзяржавы дэталёва ўнікае ў пытанні ваеннай бяспекі, чаму і быў прысвечаны даклад Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Аляксандр Вальфовіч нагадаў, што пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэнняў усё было адкрыта, ад суседзяў і насельніцтва не хавалі, што запланавана на гэты перыяд. Мэты, маштабы, колькасць ваеннаслужачых не ўтойваліся, запрашалі журналістаў, ваенных аташэ з розных краін.
- Падводзячы вынікі вучэння «Захад-2025», Аляксандр Вальфовіч распавёў аб дасягненні яшчэ аднаго выніку, які першапачаткова не планаваўся: «Гэта развянчанне тых фэйкаў пра гэта вучэнне, якія былі сфармаваныя на Захадзе: што мы ствараем групоўкі абавязкова для наступлення на Еўропу, захопу нейкіх заходніх тэрыторый і граніц (якія нам апрыёры не патрэбныя, і пра гэта Прэзідэнт увесь час гаворыць). Нам хапае нашай зямлі, якую мы любім, цэнім і будзем, вядома, абараняць усімі магчымымі сродкамі і спосабамі. А мы гэта ўмеем рабіць».
Дзяржсакратар адзначыў, што групоўкі войск — як Расійскай Федэрацыі, так і Рэспублікі Беларусь — усе вярнуліся ў пункты пастаяннай дыслакацыі. То-бок сёння ніводнага расійскага салдата, які знаходзіўся на вучэнні, на тэрыторыі Беларусі няма.
Адной з тэм даклада Прэзідэнту сталі інцыдэнты з залётам на тэрыторыю Беларусі беспілотных лятальных апаратаў, якія перыядычна маюць месца. «Ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца вакол нашай краіны, перш за ўсё на фоне правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, паказвае, што сёння сродкі ўзброенай барацьбы некалькі змяніліся і прымяненне беспілотнікаў сёння выйшла на першы план, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. — Мы фіксуем, што кожныя суткі Расія і Украіна ўжываюць на сваёй тэрыторыі вялікую колькасць беспілотных лятальных сродкаў».
Дзяржаўны сакратар звярнуў увагу, што створаная ў Расіі групоўка сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для процідзеяння беспілотным лятальным сродкам уплывае на траекторыю палёту гэтых беспілотнікаў. «Таму, я б сказаў, па аб’ектыўных прычынах частка гэтых беспілотнікаў залятае на ўсходнія граніцы нашай дзяржавы. Усё, што залятае і знаходзіцца ў паветры на тэрыторыі нашай краіны, нашы сродкі радыёэлектроннага кантролю, радыётэхнічныя сродкі разведкі — мы ўсё гэта фіксуем і ўсё мы бачым», — патлумачыў ён. Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ў Беларусі таксама створана групоўка сродкаў РЭБ, якая ўплывае на беспілотнікі і не дае ім магчымасці лятаць адвольна па тэрыторыі краіны. «Мы гэта ўсё бачым, прымаем адэкватныя меры, уздзейнічаем сродкамі радыёэлектроннага падаўлення на пралёт беспілотнікаў. Калі бачым, што яны пагражаюць нейкім крытычна важным аб’ектам, гарадам, насельніцтву, падымаецца баявая авіяцыя і ўжываецца баявая зброя знішчэння і падаўлення беспілотнікаў», — заявіў ён.
Разам з тым, зрабіў акцэнт дзяржсакратар, беспілотная авіяцыя ідзе навыперадкі са сродкамі РЭБ — хто каго абгоніць. Як толькі апошнія знаходзяць спосаб падаўлення, кантролю, першыя мяняюць частоты, ужываюць новыя тэхналогіі. Так адбываецца ў свеце. «Самая галоўная задача сёння — процідзейнічаць і забяспечыць бяспеку нашых грамадзян і тэрыторыі, для чаго прымяняюцца ўсе магчымыя меры. І гэта кіраўнік дзяржавы трымае на самым жорсткім кантролі», — падкрэсліў дзяржсакратар.
Валерыя Сцяцко
Фота БелТА