Top.Mail.Ru

Лукашэнка заслухаў даклады Турчына і Вальфовіча

Прамысловасць, знешнеэканамічны трэк і праверка Узброеных Сіл

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын далажыў аб унутраным парадку дня, узаемадзеянні з галоўнымі партнёрамі Беларусі на знешнеэканамічным трэку. Ключавая тэма даклада Прэм’ер-міністра — работа прамысловага сектара Беларусі ў цэлым.

У прыватнасці, зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці (па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах) і экспарту ў студзені — жніўні гэтага года, пра што сведчаць даныя статыстыкі. Прэзідэнт запатрабаваў ад Прэм’ер-міністра сур’ёзна заняцца галіной, звярнуць увагу на гэты кірунак. У панядзелак кіраўнік дзяржавы правёў кадравы дзень. Яго вынікі і задачы, што стаяць перад беларускай лёгкай прамысловасцю і прадпрыемствамі, на якіх абнавілася кіраўніцтва, таксама абмяркоўваліся падчас даклада. Асобным пунктам у дакладзе кіраўніка ўрада стала яго сустрэча з міністрам прамысловасці і гандлю Расіі Антонам Аліханавым, якую Аляксандр Турчын правёў сёння раніцай.

«Некаторыя прадпрыемствы будуць узятыя на ручное кіраванне»

Пра дэталі даклада Аляксандр Турчын расказаў журналістам. 

Адным з галоўных пытанняў, вынесеных на даклад кіраўніку дзяржавы, ён назваў нафтаперапрацоўчую прамысловасць краіны. «Літаральна сёння мы завяршылі, скажам так, паўгадавую няпростую работу з нашымі расійскімі партнёрамі па ўмовах функцыянавання гэтай галіны на сярэднетэрміновую перспектыву. На ўзаемавыгадных умовах, якія дазваляюць нашым нафтаперапрацоўчым заводам эфектыўна працаваць», — праінфармаваў Прэм’ер-міністр. Ён звярнуў увагу на тое, што прынятыя ўрадам меры ў гэтым перыядзе ўжо далі значны эканамічны эфект для айчынных прадпрыемстваў, які вылічаецца не адной сотняй мільёнаў долараў. 

Аляксандр Турчын удакладніў, што пытанне работы галіны разглядалася ў кантэксце сітуацыі на рынку нафтапрадуктаў у суседніх краінах. «Я далажыў Прэзідэнту, што сітуацыя на ўнутраным рынку з забеспячэннем нафтапрадуктамі ў нас стабільная і ніякіх узрушэнняў проста не можа быць», — сказаў ён. 

Што датычыцца сустрэчы з Антонам Аліханавым, то Аляксандр Турчын расказаў, што абмяркоўваліся не толькі бягучы стан супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, але і перспектывы. «Адно з пытанняў заключаецца ў тым, што нам часам трэба глядзець не толькі на традыцыйныя прадукты, якія мы пастаўляем на рынак Расійскай Федэрацыі, але і на новыя прадукты і тавары, у якіх мае патрэбу рынак Расіі і якія мы можам вырабляць. Напрыклад, лесанарыхтоўчыя машыны, якія вырабляе кампанія „Амкадор“. Расійская Федэрацыя зацікаўлена ў іх пастаўках, працэс ідзе, але нам яго трэба фіналізаваць. Ужо літаральна з наступнага года пачынаць інтэнсіўныя пастаўкі гэтых машын на рынак Расійскай Федэрацыі. Абмеркавалі і іншыя пытанні. Ёсць праблемы, але частка з іх была вырашана падчас нашай сённяшняй сустрэчы», — расказаў Аляксандр Турчын. 

Важнай тэмай даклада ў Прэзідэнта стала прамысловасць. Кіраўнік урада адзначыў, што вялікую занепакоенасць выклікае стан айчыннага машынабудавання. І на гэта ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. «Нам вельмі важна выпрацаваць пэўныя механізмы і разуменне, як гэтыя механізмы павінны працаваць, для таго, каб сёння забяспечваць эфектыўную работу, прыносіць прыбытак, плаціць людзям дастойную заработную плату і выконваць свае фінансавыя абавязкі. Некаторыя прадпрыемствы мы будзем браць на ручное кіраванне. Хаця б на нейкі перыяд, каб кантраляваць працэсы, якія там адбываюцца. Часам у кіраўнікоў узнікаюць спакусы „простых рашэнняў“ — вырабіць прадукцыю і яе на склад адправіць ці адправіць сваім дылерам за мяжу і атрымаць за гэта грошы. Рашэнне геніяльнае па сваёй прастаце, але нясе вялікія наступствы ў выглядзе адсутнасці абаротных сродкаў і пагаршэння фінансавага стану. Эфектыўная работа нашых прадпрыемстваў, збалансаваны рост — гэта вызначальны фактар. Таму прамысловасць пад нашым кантролем», — адзначыў Аляксандр Турчын. Ён дадаў, што ўжо сёлета быў прыняты шэраг рашэнняў, выкананне якіх дазволіла паспяхова функцыянаваць нашым прадпрыемствам ужо ў гэтым годзе. 

Што датычыцца «Беллегпрама», то там, па словах кіраўніка ўрада, патрэбна прыняцце сістэмных рашэнняў. Ён звярнуў увагу, што лёгкая прамысловасць у нашай краіне прадстаўлена вялікай колькасцю прадпрыемстваў, большасць з якіх не ўваходзяць у канцэрн. А ў той жа час у самім «Беллегпраме» некаторыя кірункі прадстаўлены адным ці двума прадпрыемствамі. «Ужо неаднойчы і на ўзроўні кіраўніка дзяржавы мы разглядалі работу гэтых прадпрыемстваў. На жаль, так здараецца, што меры дзяржаўнай падтрымкі дазваляюць прадпрыемствам толькі на адносна невялікі перыяд часу стабільна функцыянаваць. А затым даводзіцца зноў прасіць дапамогі. Задача новага кіраўніка канцэрна — выпрацаваць сістэмныя меры (хаця б на сярэднетэрміновую перспектыву), якія неабходныя для стабільнага функцыянавання гэтых прадпрыемстваў», — растлумачыў Аляксандр Турчын. Па яго словах, ад новых кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў, прызначаных у панядзелак, чакаюць найперш аналізу сітуацыі на вытворчасцях і прапаноў мер па паляпшэнні сітуацыі на кожным прадпрыемстве. 

Кажучы пра дыверсіфікацыю экспарту, якая заўсёды была важным аспектам у нашай эканоміцы, Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ў фокусе ўвагі ўрада застаюцца ўсе перспектыўныя кірункі экспартнай дзейнасці. Найперш нашы найбліжэйшыя партнёры, краіны СНД. «Найперш Казахстан і Узбекістан — дзве вялікія эканомікі, нашы даўнія партнёры. Але, на жаль, па цэлым шэрагу кірункаў у апошнія часы супрацоўніцтва з гэтымі краінамі было не на тым узроўні, на якім павінна быць, — удакладніў Прэм’ер-міністр. — І зараз неабходна надаць імпульс нашым адносінам. Гэта блізкія нам краіны, мы адзін аднаго цудоўна разумеем, выдатныя адносіны на ўзроўні кіраўніцтва краін. Таму мы сёння абавязаны вывесці наша эканамічнае супрацоўніцтва на той узровень, які адпавядае нашым палітычным адносінам». 

Галоўнай тэмай даклада Дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча стала раптоўная праверка Узброеных Сіл Беларусі, якая праводзіцца па рашэнні Прэзідэнта. Гаворка ішла пра асаблівасці другога этапу праверкі і першыя вынікі ў цэлым. Таксама закранулі кірункі, на якія Прэзідэнт і раней патрабаваў звярнуць асаблівую ўвагу: прымяненне беспілотнікаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы; вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, які неабходна ўлічваць пры падрыхтоўцы айчынных Узброеных Сіл.

«Ёсць усё, каб абараніць нашу краіну»

У размове з журналістамі Аляксандр Вальфовіч расказаў, што праверка Узброеных Сіл выйшла на фінішную прамую. 

«Наогул, усё, што датычыцца падрыхтоўкі структурных элементаў ваеннай арганізацыі дзяржавы, Прэзідэнт трымае на асабістым кантролі і пастаянна цікавіцца, дзе рыхтуюцца і чым займаюцца нашы структурныя падраздзяленні, у першую чаргу Узброеных Сіл. Гэтага патрабуе ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца вакол Беларусі. «Усё, што датычыцца абароны суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, яе нацыянальных інтарэсаў, у прыярытэце ў кіраўніка дзяржавы. Таму Узброеным Сілам і іншым структурам ваеннай арганізацыі дзяржавы заўсёды ўдзяляецца такая ўвага», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Па яго словах, усе часці, прыведзеныя ў баявую гатоўнасць, здзейснілі даволі працяглыя маршы і выйшлі на палігоны, якія былі вызначаны ў адпаведнасці з распараджэннем. Сёння на палігонах праходзяць кантрольныя заняткі па прадметах баявой падрыхтоўкі — агнявой, тактычнай, інжынернай. У прыватнасці, 15 кастрычніка танкісты выконваюць стральбу з узбраення танка штатным снарадам, а мотастралкі вядуць кантрольныя стрэльбы з БТР-82. 

Дзяржсакратар расказаў, што з падраздзяленнямі, якія праходзяць праверку, пастаянна знаходзяцца супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, якія адсочваюць ход праверкі. Акрамя прадметаў баявой накіраванасці, правяраецца фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых. Аляксандр Вальфовіч назваў гэта важным элементам кантролю. Аснову складаюць сілавыя практыкаванні і практыкаванні на вынослівасць — тое, што трэба на полі бою, зыходзячы з сучаснага вопыту правядзення баявых дзеянняў.

«Асаблівасць праверкі ў тым, што яна праводзіцца па завяршэнні ваеннага навучальнага года. Ваеннаслужачыя адпрацавалі ўвесь комплекс мерапрыемстваў, пачынаючы ад адзіночнай падрыхтоўкі да зладжвання падраздзяленняў. Яны дэманструюць тое, чаму іх навучылі падчас заняткаў па баявой падрыхтоўцы ў воінскіх часцях і падраздзяленнях. Зыходзячы з гэтай праверкі можна будзе зрабіць высновы аб тым, ці ўсё мы ўлічылі ў праграмах баявой падрыхтоўкі для нашых ваеннаслужачых», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. 

Журналісты ўдакладнілі ў Дзяржсакратара Савета Бяспекі, якім чынам выбіраліся воінскія часці і падраздзяленні для праверкі. «У першым паўгоддзі мы рабілі ўпор на праверку войскаў Заходняга аператыўнага камандавання. У другім паўгоддзі перанакіравалі нашы намаганні на праверку войскаў Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання, гэта значыць прыярытэты падзяляюцца, — растлумачыў Дзяржсакратар. — Акрамя гэтага, правяраюцца нашы сродкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны. Мы плануем палёты кантрольных цэляў і глядзім, як іх выявілі і адрэагавалі нашы Ваенна-паветраныя сілы, войскі супрацьпаветранай абароны».

Журналісты пацікавіліся, наколькі Узброеныя Сілы Беларусі адпавядаюць усім патрабаванням часу. Дзяржсакратар запэўніў, што на ўзбраенні беларускай арміі маюцца самыя сучасныя ўзоры. Пры гэтым упор робіцца не на павелічэнне колькасці вайсковай тэхнікі або колькасці Узброеных Сіл, як гэта адбываецца ў заходніх суседзяў Беларусі. Тым не менш армія рэгулярна забяспечваецца найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Па словах Аляксандра Вальфовіча, у нас усё ёсць, каб надзейна абараняць краіну. Развіваюцца сродкі радыёэлектроннай барацьбы і процідзеяння беспілотнікам. «Гэта таксама вельмі важна. Сродкі радыёэлектроннай барацьбы і ўменне іх прымяняць сёння, напэўна, нават у большым прыярытэце для абароны войскаў і крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры дзяржавы, — дадаў ён. — Наша задача — не колькасцю, а якасцю ўмець перамагаць свайго ворага. Таму ўпор робіцца на якасць, на тыя сучасныя сродкі ўзброенай барацьбы, якія сёння выпускаюцца нашымі прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі».

Несумненна, вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі і наогул вядзення баявых дзеянняў у іншых канфліктах па свеце ў нашых Узброеных Сілах улічваецца. Гэтыя змены ўнесены ў праграмы баявой падрыхтоўкі. «Калі планавалі нашу праверку, мы якраз улічвалі формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў, якія адпрацоўваюцца сёння ў ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. Падчас праверкі ўвага акцэнтавалася на зладжанасці дзеянняў падраздзяленняў у складзе малых груп, а таксама штурмавых падраздзяленняў. Увага таксама аддавалася ўменню ваеннаслужачых абсталяваць раёны ў інжынерным плане з улікам вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі. «Гэта прынцып такі: „закапаўся“ чым глыбей, замаскіраваўся — значыць, больш шанцаў на выжыванне і выкананне задач», — растлумачыў Аляксандр Вальфовіч. 

Правяралася таксама ўменне процідзейнічаць беспілотным лятальным апаратам і выкарыстоўваць сродкі радыёэлектроннай барацьбы. «Вядома ж, гэта ўлічваецца. Трэба вучыць ваеннаслужачых таму, што трэба, каб выжыць на полі бою і выканаць пастаўленыя задачы», — дадаў Аляксандр Вальфовіч. Дзяржсакратар Савета Бяспекі адзначыў, што гэтаму спрыяла і праведзенае нядаўна вучэнне «Захад-2025». «Нашы расійскія калегі падчас гэтых вучэнняў падзяліліся з намі тым практычным вопытам (не на словах, а на справе), які яны атрымліваюць у ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі. Сёння гэта ўлічваецца ў нашых Узброеных Сілах пры падрыхтоўцы нашых ваеннаслужачых», — падсумаваў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю