Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад памочніка па Магілёўскай вобласці

Аптымізацыя, кантроль, лагістыка і кадры ў АПК


У сераду Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад памочніка Прэзідэнта-інспектара па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец. Беларускаму лідару даложана аб выкананні даручэнняў, дадзеных па выніках рабочай паездкі ў Шклоўскі раён 18 верасня. 

Першая тэма дакладу датычылася ўдасканалення тэхналагічнай і арганізацыйнай кіравальнасці буйных гаспадарак, умацавання дысцыпліны, ліквідацыі наяўных недахопаў. Было дадзена даручэнне кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта і памочніку ў Магілёўскай вобласці дэталёва разабрацца з арганізацыяй работы на месцах. На прыкладзе такіх гаспадарак рэгіёна, як «Гавяды-агра» і «Александрыйскае», гэтая тэма актуальная і ў маштабах краіны ў цэлым.

Размова таксама ішла аб кадравым забеспячэнні, аптымізацыі затрат на ўсіх этапах і кантролі за вынікамі работы на месцах. Для дапамогі ў вырашэнні пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач прыцягнуты таксама работнікі прамысловых прадпрыемстваў Магілёва.


Даложана аб працягу ўборкі сельгаскультур і восеньскіх палявых работах у Магілёўскай вобласці. У цяперашні час у рэгіёне поўнасцю ўбраны збожжавыя і зернебабовыя культуры, а таксама рапс. Звыш плана пасеяны азімы рапс, у сувязі з чым Надзея Каткавец асабліва адзначыла эканамічную эфектыўнасць гэтай культуры. Азімыя збожжавыя на дадзены момант пасеяны на 46 % плошчаў. Прэзідэнту даложана, што аграрыі Магілёўскай вобласці забяспечаны ўсім неабходным, уключаючы мінеральныя ўгнаенні, каб завяршыць азімую сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Яшчэ адна тэма дакладу датычылася даручэнняў Прэзідэнта ў сферы бульбаводства: пашырэнне рынкаў збыту і нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці. Надзея Каткавец запэўніла, што пад рэалізацыю гэтай задачы ёсць адпрацаваныя тэхналогіі вытворчасці і захоўвання, добрыя айчынныя сарты. Галоўнае цяпер — пошук дадатковых рынкаў збыту, чаму ў бліжэйшы час будзе нададзена самая пільная ўвага.

«Адыходзім ад адзіночных ферм»

Аптымізацыя арганізацыйнай структуры аграпрадпрыемстваў, укараненне дакладных тэхналагічных рэгламентаў у жывёлагадоўлі і ўзмацненне кантролю за выкарыстаннем тэхнікі сталі тэмамі даклада кіраўніку дзяржавы памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец. Аб падрабязнасцях даклада яна падзялілася з журналістамі. 

Паводле яе слоў, размова з Аляксандрам Лукашэнкам атрымалася вельмі грунтоўнай. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням тэхналагічнага і арганізацыйнага ўладкавання сельскагаспадарчых арганізацый.

Яна падкрэсліла, што калі ў раслінаводстве паслядоўнасць дзеянняў (узворванне, унясенне угнаенняў, пасеў) даўно адпрацаваная, то ў жывёлагадоўлі патрабуецца не менш строгі падыход. Сучасная галіна сыходзіць ад дробных ферм да буйных малочна-таварных комплексаў, дзе прасцей забяспечыць дысцыпліну і якасць. «Адыходзім ад адзіночных ферм, дзе няма тэхналогій, людзей, дзе цяжка адсачыць дысцыпліну і парадак. Усё больш і больш пагалоўя, у тым ліку і буйной рагатай жывёлы, пераходзяць на малочна-таварныя комплексы. Там можна правільна выбудаваць тэхналогію, каб быць упэўненым у выніках», — патлумачыла Надзея Каткавец.

У якасці прыкладу яна прывяла работу ААТ «Гавяды-агра». Тут выбудаваная строгая сістэма вырошчвання маладняку. Цяляты да трох месяцаў ўтрымліваюцца ў індывідуальных хатках, а далей падзяляюцца па родзе. Для цёлак існуе жорсткі рэгламент: сярэднясутачная прыбаўка не павінна перавышаць 750-800 грамаў, інакш з жывёлы не атрымаецца высокапрадуктыўная карова. 

Такі падыход дазваляе кіраўніцтву гнутка кіраваць статкам: пры пастаноўцы на ўлік дзвюх новых цялушак або першацёлак гаспадарка атрымлівае права рэалізаваць на мясакамбінат адну нізкапрадукцыйную карову. Гэта спрыяе пастаяннаму абнаўленню і аздараўленню статка.

«Кантроль быў, ёсць і застанецца пры любой сітуацыі»

Не менш важнымі застаюцца кадравыя пытанні і лагістыка. Сельскае насельніцтва скарачаецца, таму эфектыўнасць працы павінна дасягацца за кошт арганізацыі працэсаў, а не павелічэння колькасці работнікаў, лічыць Надзея Каткавец. Яна прывяла прыклад узбуйнення: да ААТ «Гавяды-агра» далучылі яшчэ чатыры сельгасарганізацыі. Агульная плошча зямель перавысіла 11 тысяч гектараў, з якіх 8,5 тысячы гектараў — ралля. Адлегласць ад аднаго краю прадпрыемства да другога складае каля 40 кіламетраў, што для новай высокапрадукцыйнай тэхнікі не з’яўляецца праблемай з пункту гледжання магчымасцяў, аднак ператвараецца ў істотныя выдаткі. Калі штодня пераадольваць 80 кіламетраў (40 кіламетраў туды і назад), то за 10 дзён набягае 800 кіламетраў толькі на пераезды. 

«Няцяжка падлічыць, якая колькасць дызельнага паліва неабходна толькі для таго, каб даехаць да канкрэтнага поля, не кажучы пра тое, што там трэба выконваць пэўны аб’ём работ. Вось што турбуе кіраўніка дзяржавы — аптымізацыя і скарачэнне выдаткаў на ўсіх этапах», — акцэнтавала ўвагу Надзея Каткавец.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дэталёва разабрацца з арганізацыяй работы на месцах, каб выключыць халастыя прабегі тэхнікі і нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. Пры гэтым роля чалавечага фактару і кантролю не змяншаецца, а трансфармуецца.

«Кантроль быў, ёсць і застанецца пры любой сітуацыі, — дадала яна. — Кантроль за нормай высеву, за нормай унясення мінеральных угнаенняў, за глыбінёй заладкі насення, іншымі тэхналагічнымі момантамі. Сёння не ўсе нашы механізатары падрыхтаваны да такога падыходу. Акрамя таго, не на кожным трактары, не на кожнай сельскагаспадарчай машыне гэтыя опцыі ёсць».


Для вырашэння гэтых праблем у Магілёўскай вобласці прапануецца ствараць вытворчыя ўчасткі, набліжаныя да палёў, як гэта раней практыкавалася ў саўгасе «Гарадзец» Шклоўскага раёна (ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». — «Зв.»). Аднак капіраваць мінулы вопыт адзін у адзін не трэба. «Гэта тая тэма, тая гаспадарка (ААТ „Гавяды-агра“. — „Зв.“), з якой мы ўжо канкрэтна разбіраемся. І мы бачым, што ў гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі зусім не трэба рабіць колькасць вытворчых участкаў па колькасці далучаных сельскагаспадарчых арганізацый. Таму што ёсць высокапрадукцыйная тэхніка, на якой усталяваная GPS-навігацыя. То бок, гэта ўжо іншыя формы і метады кантролю за відамі выконваемых работ», — патлумачыла Надзея Каткавец.

Аптымальным рашэннем стала стварэнне мінімум двух вытворчых участкаў у рамках узбуйненай гаспадаркі. Гэта дазваляе канцэнтраваць тэхніку бліжэй да аб’ектаў. Калі работы вядуцца за 20-30 кіламетраў ад базы, тэхніку можна пакідаць на начлег на мясцовых жывёлагадоўчых комплексах, дзе ёсць ахова. Раніцай бензавоз запраўляе машыны, і механізатары адразу прыступаюць да задач, не марнуючы час на дарогу з цэнтра.

Пры гэтым важна размежаваць абавязкі. Аграном ці галоўны тэхнолаг павінны займацца стратэгічнымі пытаннямі: разлікам севазвароту, нормаў унясення угнаенняў, закупкамі. А непасрэдны кантроль за работай кожнага механізатара павінен ажыццяўляць чалавек, максімальна набліжаны да работніка на месцы. «Разлік севазвароту, нормаў унясення угнаенняў, набыццё угнаенняў, насення і гэтак далей — работа на перспектыву», — рэзюмавала памочнік Прэзідэнта. 

«Бульба павінна захоўвацца ў сховішчах, і кожны вытворца павінен выконваць свае дагаворныя абавязкі»

Селекцыя сартоў, тэхналоіі і будаўніцтва сховішчаў — галоўныя напрамкі развіцця бульбаводства ў Беларусі. Як адзначыла Надзея Каткавец, стэрэатыпнае празванне «бульбашы» беларусы ўспрымаюць спакойна і нават з гонарам, паколькі бульба сапраўды з’яўляецца адным з брэндавых кірункаў для краіны. «Ёсць у Беларусі брэнды, па якіх яе ярка пазнаюць. Гэта малочная прадукцыя, мясная, наш лён, — адзначыла Надзея Каткавец. — І бульба. Гэта яшчэ адзін з брэндавых кірункаў, які ў Беларусі абавязкова павінен быць».

Яна падкрэсліла, што задача, пастаўленая Прэзідэнтам, заключаецца ў бесперапыннай працы над раянаваннем і вывядзеннем новых сартоў, адаптаваных пад мясцовыя глебы, надвор’е і тэхналогіі. Важна ўлічваць смакавыя якасці і прызначэнне: розныя сарты патрабуюцца для вытворчасці фры, чыпсаў, пюрэ або варэння «у мундзіры». «Раней ніхто не надаваў значэння: бульба і бульба. Аказваецца, ёсць бульба смачная і нясмачная, калі спрошчана паглядзець на гэтую задачу. Перапрацоўка бульбы патрабуе сёння тых сартоў, якія б адпавядалі тым ці іншым якасным паказчыкам», — патлумачыла памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці.

Надзея Каткавец высока ацаніла работу Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута бульбаводства, якія захавалі і развілі гэты кірунак. Працэс пачынаецца з вытворчасці мерыстэмы ў лабараторыях, затым вынікае вырошчванне ў цяпліцах і атрыманне суперэліты. «Вырабляць бульбу навучыліся ў Магілёўскай вобласці. Канкрэтна ўжо падступілі дзесьці да сярэдзіны ўборкі бульбы. Высокая ўраджайнасць. Магілёўская вобласць можа ганарыцца сваімі вытворцамі бульбы і паказчыкамі ў гэтым кірунку», — дадала яна.

Калі з сартамі і агратэхналогіямі пытанне вырашана, то раней слабым месцам заставалася захоўванне ўраджаю. Гэтая праблема была ўзятая пад кантроль: уся бульба павінна захоўвацца ў спецыялізаваных сховішчах.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці адзначыла, што вытворцы да гэтага пытання павінны падыходзіць сістэмна, выконваючы дагаворныя абавязацельствы і не рэагуючы імпульсіўна на ваганні рынкавых цэн. Часта бывае, што ўвосень цана нізкая, а вясной ўзлятае, ці наадварот. Каб пазбегнуць страт, трэба планаваць аб’ёмы і каналы збыту загадзя. «Бульба павінна захоўвацца ў сховішчах, і кожны вытворца павінен выконваць свае дагаворныя абавязкі», — акцэнтавала Надзея Каткавец.

Што датычыцца перспектыў развіцця інфраструктуры, то кіраўнік дзяржавы даў дакладныя ўказанні: перш чым будаваць новыя аб’екты, неабходна дакладна разумець логіку збыту прадукцыі.

«Задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы і павінны быць выкананы беспярэчна»

Задачы па мадэрнізацыі і ліквідацыі недахопаў у ААТ «Гавяды-агра» ў Шклоўскім раёне будуць выкананы беспярэчна да запланаванага на лістапад візіту кіраўніка дзяржавы. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці адзначыла, што рэгіянальныя ўлады сумесна з кіраўніцтвам Шклоўскага раёна і непасрэдна гаспадаркі ўжо вызначылі аб’ём неабходных работ. Пры гэтым стала ясна, што сіламі толькі аграрыяў справіцца з маштабнай рэканструкцыяй складана. «Мы разумеем, што сіламі і сродкамі сельскагаспадарчых арганізацый гэтую работу не выканаць, таму што аб’ём работы салідны, — паведаміла яна. — Таму прамысловыя прадпрыемствы горада Магілёва падключыліся да вырашэння гэтых пытанняў».

Асноўны аб’ект увагі — малочна-таварны комплекс, які дэманстраваўся ў СМІ. Там трэба будзе заасфальтаваць тэрыторыю, забетанаваць выгульныя пляцоўкі, выраўняць агароджы па перыметры, адрамантаваць дахі, пад’езды да сянажных траншэй, а таксама праверыць электрыку і стойлавыя рамы. Паралельна праводзіцца інвентарызацыя астатніх чатырох комплексаў прадпрыемства для вызначэння аналагічнага аб’ёму работ. «Задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы і павінны быць выкананы беспярэчна», — дадала Надзея Каткавец.

Яна таксама дала справаздачу аб поспехах у раслінаводстве. Уборка збожжавых, зернебабовых культур і рапсу ў вобласці поўнасцю завершана. Актыўна ідзе пасеў азімых. «Пасеяны азімы рапс на плошчы амаль 83 тысяч гектараў, што на 12 тысяч гектараў больш за план і больш за ўзровень мінулага года. Рапс — адна з тых эканамічна эфектыўных культур, якая павінна прысутнічаць», — сказала памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці.

Надзея Каткавец патлумачыла папулярнасць культуры сярод аграрыяў: рапс з’яўляецца ідэальным папярэднікам у севазвароце і прыносіць адчувальны прыбытак пры ўраджайнасці вышэй за 20-25 ц/га. Сёлета тэхналогія выканана строга: палі выраўнены, пасеў выкананы якасна, унесены неабходны комплекс мінеральных угнаенняў, якімі вобласць забяспечана ў поўным аб’ёме.

Што датычыцца азімых збожжавых, то на момант размовы пасеяна 46 % ад плана. Вобласць плануе завяршыць гэтую работу з невялікім захопам першых дзён кастрычніка, што адпавядае агратэхнічным тэрмінам.

Паводле БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю