Top.Mail.Ru

Як Гомельшчына спраўляецца са стыхіяй і пастаўленымі задачамі

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад губернатара Івана Крупко.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня заслухаў падрабязны даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Галоўнай тэмай даклада стала сітуацыя ў рэгіёне ў сувязі з вялікімі снегападамі і цыклонам, які насоўваецца, — работа па забеспячэнні ўстойлівага функцыянавання інфраструктуры, расчыстка вуліц і транспартных магістраляў. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, ці трэба ў гэтай сувязі аказаць Гомельскай вобласці тую ці іншую дапамогу. 

Прэзідэнту таксама даложана аб рэалізацыі даручэнняў па выніках мінулагодняй нарады ў Віцебску, дзе абмяркоўваліся пытанні работы арганізацый АПК. Для гэтага ў тым ліку прыцягваюцца працоўныя рэсурсы прампрадпрыемстваў, якія аказваюць садзейнічанне сельскагаспадарчым арганізацыям. 

Сітуацыя ў рэгіёне стабільная, уся інфраструктура працуе ў штатным рэжыме  

Аб гэтым у размове з журналістамі па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна далажыў Прэзідэнту, як арганізавана работа па забеспячэнні ўстойлівага функцыянавання інфраструктуры, расчыстцы вуліц і транспартных магістраляў. Акрамя гэтага, кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, што напярэдадні ў рэгіёне адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. «Усе неабходныя рэсурсы былі задзейнічаны для расчысткі дарог і падтрымання інфраструктуры. Далажыў таксама, што сёння сітуацыя стабільная, інфраструктура працуе, усё ў штатным рэжыме, пад кантролем МНС, ДАІ, УУС аблвыканкама. Надзвычайных сітуацый па Гомельскай вобласці няма», — адзначыў Іван Крупко.  

Ён дадаў, што ў гэтыя дні тэмпература ў рэгіёне складае 6-8 градусаў ніжэй за нуль. Пры гэтым дарогі і ўсе пад’езды да сацыяльных устаноў расчышчаныя. «Зараз камунальныя службы ў асноўным займаюцца расчысткай дваровых тэрыторый, пад’ездаў да невялікіх праездаў, вуліц. Я думаю, у раёне абеду асноўная работа па ліквідацыі снегападу будзе закончана».  

Больш за ўсё ападкаў выпала ў Гомелі, Добрушы, Ветцы, Рагачове, — бліжэй да ўсходніх і паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў вобласці, таму работа была сканцэнтравана тут. «Разумеючы, што вецер і снегапад узмоцняцца да выхадных, была праведзена работа па прыцягненні дадатковых рэсурсаў, — паведаміў Іван Крупко. — Сёння маецца тэхніка прамысловых прадпрыемстваў, цяжкая тэхніка сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, таму ў выпадку выпадзення вялікіх ападкаў у кароткі час будзе паднятая ўся тэхніка, якая маецца ў Гомельскай вобласці для ліквідацыі наступстваў снегападаў».  

Губернатар таксама анансаваў, што 8 і 9 студзеня будуць праведзены вучэнні на тэрыторыі шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці, падчас якіх будзе падымацца тэхніка не толькі камунальных службаў, дарожных прадпрыемстваў. «Мы разумеем, што чакаецца паніжэнне тэмператур, таму ўсе службы: энергетыкі, МНС, дадатковыя рэсурсы. У выпадку надзвычайнай сітуацыі будзе працаваць 169 брыгад жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Зараз ідзе праверка па кацельнях, па іншых кірунках, гэта значыць, гатоўнасці ўсяго гаспадарчага комплексу да работы ў складаных умовах з нізкімі тэмпературамі. Гомельшчына гатовая, калі будзе такое паніжэнне і моцныя ападкі, адбіць уздзеянне стыхіі», — падкрэсліў кіраўнік вобласці.   

Іван Крупко дадаў, што ў рэгіёне маюцца тры мабільныя кацельні. У выпадку, калі дзесьці на кацельнай адбудзецца збой, спецыяльныя брыгады жыллёва-камунальнай гаспадаркі перакінуць мабільныя кацельні да ліквідацыі няштатных сітуацый. «Што датычыцца дызельных генератараў, то яны фактычна ўжо сёння ўстаноўлены і працуюць на ўсіх прадпрыемствах камунальнай гаспадаркі, сельскагаспадарчых прадпрыемствах і сацыяльнай сферы, — канкрэтызаваў губернатар. — Гэта значыць, ёсць падвойныя крыніцы сілкавання. Калі няма крыніцы сілкавання асноўнай лініі, то працуе дызельны генератар. Запас дызельных генератараў да 35 штук рознай магутнасці ёсць у энергетыкаў, МНС. Гэтай колькасці дастаткова для ліквідацыі любой сітуацыі, якая можа ўзнікнуць».  

Працоўныя рэсурсы ў дапамогу АПК 

Старшыня Гомельскага аблвыканкама далажыў Прэзідэнту і аб рэалізацыі даручэнняў па выніках леташняй нарады ў Віцебску, прысвечанай пытанням работы арганізацый АПК. Для гэтага ў тым ліку прыцягваюцца працоўныя рэсурсы прампрадпрыемстваў, якія аказваюць садзейнічанне сельскагаспадарчым арганізацыям. «Мы адказна падышлі да даручэння кіраўніка дзяржавы. Прааналізаваўшы тыя задачы, якія пастаўлены Прэзідэнтам, правялі маніторынг нашых прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый іншых сфер, якія маглі б паставіць плячо як шэфы для аграпрамысловых гаспадарак. У лістападзе 2025 года было прынята рашэнне аблвыканкама, якім замацаваны шэфы за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Мы пазначалі віды работ, якія прадпрыемствы будуць выконваць і працоўнымі рэсурсамі, і тэхнічнымі рэсурсамі ў працэсе аказання шэфскай дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам».  

Паводле яго слоў, кіраўніцтвам вобласці была праведзена вялікая нарада на базе Чачэрскага раёна, дзе паквартальна абмяркоўваліся ўсе кірункі, што будзе зроблена ў кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве. «Зразумела, больш важкія ўкладанні па перыядычнасці, ёсць неабходнасць па часе, але пытанне навядзення парадку, пытанне арганізацыі тэхналогій — гэта павінна быць імгненна, — адзначыў Іван Крупко. — Таму, пачынаючы са снежня, мы раз на два тыдні падводзім вынікі на базе некаторых раёнаў, выяўляем, хто знізіў вытворчасць або ёсць нейкія праблемы, што зроблена за гэты перыяд. І ўсімі намаганнямі — і шэфаў, і саміх прадпрыемстваў, і раёнаў - адпрацоўваем тэхналагічныя параметры для павелічэння вытворчасці прадукцыі і навядзення ідэальнага парадку на тэрыторыі сельскагаспадарчых аб’ектаў. Гэта, безумоўна, дае свае вынікі».  

Таксама было даложана, што Гомельская вобласць у 2025 годзе спрацавала добра па ўсіх паказчыках. «Усе паказчыкі вышэйшыя за ўзровень 2024-га, — падкрэсліў Іван Крупко. — Калі казаць пра тыя прагнозныя паказчыкі, якія даведзены і Прэзідэнтам, і ўрадам, яны выкананы на 90 %. ВРП арыенціровачна складзе 102,5 %, рост па ключавых галінах, такіх як сельская гаспадарка, — 112,1 %, рост у будаўніцтве — 123 %, уведзена 568 тысяч квадратных метраў жылля, выканана ў цэлым заданне, у прыватнасці, з дзяржаўнай падтрымкай».  

Калі казаць пра сельскую гаспадарку, то добрыя вынікі мінулага года, па меркаванні Івана Крупко, для шэрагу кіраўнікоў стануць задзелам на будучыню. «Таму што кіраўнікі адчулі ўзровень даходаў ад прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, а гэта магчымасць развіцця прадпрыемстваў, фінансавага ўкладання ў далейшае развіццё прадпрыемстваў і, вядома, дастатак кожнага работніка сельскагаспадарчага прадпрыемства. Аграрыі закончылі 2025 год з ростам сельгаспрадпрыемстваў 112,1 %, сёння рост вытворчасці малака ідзе на ўзроўні 107 %, і задача захаваць гэты тэмп і нарасціць яго, каб першы год пяцігодкі стаў добрым стартам для развіцця аграпрамысловага комплексу ў цэлым па пяцігодцы 2026-2030».  

Кіраўнік Гомельшчыны дадаў, што ў 2026 годзе будзе сур’ёзнае папаўненне тэхнічнага парку сельгаспрадпрыемстваў. «Адна з задач, якія паставіў Прэзідэнт, — дапамога працоўным рэсурсам, якія замацаваны за гэтай тэхнікай. Таму мы зараз камплектуем і спецыялістаў МНС, і Дэпартамента УУС аблвыканкама ў экіпажы камбайнаў Прыкладна 20-30 машын, якія будуць працаваць у летні перыяд і захоўвацца дзесьці ў аграсэрвісах і будуць пастаянна замацаваны за адказнымі асобамі. У зімовы перыяд мы правядзём дадаткова навучанне па рабоце на камбайне. Машыны новыя, высокатэхналагічныя, кожны год ідзе абнаўленне. Таму ёсць магчымасць і на „Гомсельмашы“, і на іншых установах давесці людзей, якія працуюць на іх, да высокага ўзроўню, каб працавалі прафесійна, якасна і атрымлівалі вынік», — паведаміў Іван Крупко.  

Ён адзначыў, што шэфская дапамога ў выглядзе працоўных рэсурсаў не менш важная для сельгаспрадпрыемстваў, чым дапамога фінансавая, асабліва ў перыяд ад вясны да восені, пачынаючы ад пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і заканчваючы уборкай ураджаю. «Ну, а сёння мы разам прыводзім сельгасаб’екты ў належны выгляд, дзесьці агароджваем, дзесьці рыхтуемся да новай будоўлі. На першы квартал запланавана будаўніцтва каля 30 прафілакторыяў для цялят», — рэзюмаваў Іван Крупко.  

Данііл Хмяльніцкі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю