«Нам трэба падумаць аб размове Прэзідэнта з кіраўніцтвам нашай арміі, можа, нават сілавых структур, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Падумайце, як лепш зрабіць. Або тут, або ў Міністэрстве абароны. Даўно мы не сустракаліся і не размаўлялі. Гэта трэба зрабіць».
Кажучы аб размове з сілавым блокам краіны, Прэзідэнт адзначыў, што яна павінна прайсці прыкладна ў такім фармаце, як з навуковай супольнасцю 21 лістапада. «Там мы на аснове гэтых праверак (боегатоўнасці. — „Зв“.) пагаворым з імі, як з вучонымі, — удакладніў Галоўнакамандуючы. — Прыкладна ў такім плане. Добра — значыць добра. Дрэнна — значыць, скажам, што дрэнна. Расслабляцца ні ў якім разе нельга».
Па даручэнні Прэзідэнта Аляксандр Вальфовіч у нядзелю сустракаўся з вадзіцелямі велікагрузаў, якія знаходзяцца ў Беларусі пасля закрыцця Літвой граніцы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў дзяржсакратара, як выканана гэта даручэнне.
«Іх 1800 дзесьці, з літоўскімі нумарамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вадзіцелі, натуральна, і беларусы, і расіяне, і казахі. Розныя людзі ёсць. І, натуральна, граніцу яны (літоўскі бок. — „Зв“.) адкрылі. Зразумела, прызнавацца не хочуць, што яны вінаватыя. Ды нам гэта і не трэба: людзі бачаць, хто мае рацыю, а хто вінаваты».
Па словах беларускага лідара, было зразумела, што літоўскі бок будзе «зрушваць градус» у бок гэтых велікагрузаў, падштурхоўваючы вадзіцеляў да таго, каб яны занялі пэўную палітычную пазіцыю. «Трэба было патлумачыць людзям, што адбываецца, як адбываецца, хто каму павінен, у рэшце рэшт, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я мяркую, вы гэта зрабілі».
Прэзідэнт пацікавіўся ў Аляксандра Вальфовіча меркаваннем наконт размовы з вадзіцелямі велікагрузаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця Літвой граніцы. «Гэта людзі ні ў чым не вінаватыя, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо гаварыў пра гэта: яны ў гэтым не вінаватыя, у тым ліку і іх арганізацыі аўтаперавозчыкаў. У чым літоўскія перавозчыкі вінаватыя? Ні ў чым. Гэта глупства было на палітычным узроўні».
Па словах Прэзідэнта, сітуацыю, якая склалася, будуць вырашаць знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін. «Няхай Міністэрствы замежных спраў, наша і літоўскае, сустракаюцца і разрульваюць гэту сітуацыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Даслоўна
«З людзьмі трэба размаўляць. Яны з удзячнасцю ўспрынялі размову і перадалі словы ўдзячнасці нашаму Прэзідэнту»
Як паведаміў журналістам па выніках даклада Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, адбылася прадметная мужчынская размова з Галоўнакамандуючым. «Наогул Прэзідэнта нашай краіны пастаянна хвалююць пытанні, звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі, нейтралізацыяй сучасных рызык, выклікаў і пагроз, — удакладніў ён. — Вядома ж, для гэтага неабходна гатоўнасць нашай ваеннай арганізацыі дзяржавы супрацьстаяць гэтым сучасным рызыкам, выклікам і пагрозам, зыходзячы з няпростай ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая складваецца, і неканструктыўных крокаў нашых заходніх суседзяў. Прэзідэнта гэта хвалюе заўсёды — практычна 24/7».
Дзяржсакратар Савета бяспекі праінфармаваў, што, па даручэнні кіраўніка дзяржавы, на працягу года праводзяцца раптоўныя праверкі гатоўнасці і здольнасці ўсіх структур ваеннай арганізацыі дзяржавы выконваць свае задачы па прызначэнні. Па словах Аляксандра Вальфовіча, гэта найбольш эфектыўная форма, якая даказала сваю жыццяздольнасць. Ён звярнуў увагу, што падчас раптоўных праверак кіраўніцтва таго ці іншага ведамства можа крытычна паглядзець на органы, якія правяраюцца, ацаніць іх магчымасць і здольнасць выконваць задачы па прызначэнні.
«Дзяржаўным сакратарыятам таксама былі дэталёва прааналізаваны вынікі раптоўных праверак, пачынаючы ад дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму і дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, заканчваючы прымяненнем Узброеных Сіл — асноўнага ядра ваеннай арганізацыі дзяржавы», — канкрэтызаваў Аляксандр Вальфовіч, удакладніўшы, што аб выніках гэтых праверак Прэзідэнт быў праінфармаваны дэталёва і грунтоўна.
«У цэлым ваенная арганізацыя дзяржавы здольная выконваць задачы па прызначэнні, — канстатаваў дзяржсакратар. — Пэўных сур’ёзных праблемных аспектаў выканання задач Дзяржаўным сакратарыятам не прагледжваецца. Ёсць пытанні, якія неабходна карэкціраваць, папраўляць і рэалізоўваць на больш якасным узроўні. Прэзідэнт даў дакладныя ўказанні: „Ваенныя, людзі ў пагонах павінны быць гатовы ў любы момант абараніць сваю краіну“. Гэта тое, для чаго яны ўвогуле прызначаны. Гэта асноўны стрымліваючы кулак у процівагу той агрэсіўнай палітыцы, якую праводзяць сёння заходнія краіны».
Прэзідэнтам пастаўлены Дзяржаўнаму сакратарыяту шэраг задач па далейшай рэалізацыі ў сферы гарантавання ваеннай бяспекі, у тым ліку па кантролі за размяшчэннем аператыўна-тактычнага комплексу «Арэшнік», які сёлета, у адпаведнасці з дамоўленасцямі беларускага і расійскага лідараў, заступіць на баявое дзяжурства ў Беларусі.
Гаворачы аб размове з кіраўніцтвам арміі і сілавых структур, анансаванай Прэзідэнтам, Аляксандр Вальфовіч заўважыў, што прапанова выклікала ў яго толькі станоўчыя эмоцыі. «Калі Галоўнакамандуючы сустракаецца з афіцэрскім корпусам (лічу, што сустракацца трэба не толькі з афіцэрскім корпусам Узброеных Сіл, а з усімі структурамі сілавога блоку) і дае ацэнку выканання імі задач, ставіць чарговыя задачы на пяць гадоў — гэта толькі вітаецца. І асабовы склад сустрэчу са сваім Галоўнакамандуючым успрымае ў станоўчым ключы», — падкрэсліў дзяржсакратар.
Што датычыцца выканання даручэння Прэзідэнта, звязанага з сустрэчай з вадзіцелямі велікагрузаў, якія знаходзяцца ў Беларусі пасля закрыцця Літвой граніцы, Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што больш за 1800 аўтамабіляў на літоўскіх нумарах знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі толькі па адной прычыне: кіраўніцтва Літвы не хоча ісці на канструктыўны дыялог на палітычным узроўні. «Толькі за кастрычнік літоўскае кіраўніцтва закрывала Дзяржаўную граніцу чатыры ці пяць разоў (ад 3 да 17 гадзін), без усялякага паведамлення, парушаючы ўсе міжнародныя каноны і нормы, — канстатаваў ён. — І вадзіцелям было зададзена пытанне: „Вам падабаецца па 10-12 сутак знаходзіцца ў чэргах?“ Вядома, не. Але гэта адбываецца не па віне беларускага боку. Беларусь — за тое, каб граніца функцыянавала так, як яна павінна функцыянаваць: устойліва, стабільна, прагназавана і адкрыта».
Па словах дзяржсакратара, вадзіцелі, з якімі ён сустракаўся, з разуменнем паставіліся да сітуацыі і тых пытанняў, якія неабходна было абмеркаваць і вырашыць. «З людзьмі трэба размаўляць. Яны з удзячнасцю ўспрынялі размову і перадалі словы ўдзячнасці нашаму Прэзідэнту. Аб гэтым таксама быў праінфармаваны кіраўнік дзяржавы», — паведаміў Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.