Top.Mail.Ru

«Гарантам бяспекі любой дзяржавы з’яўляюцца падрыхтаваныя ў прафесійным плане Узброеныя Сілы»

Галоўнакамандуючы трымае на асабістым кантролі ход маштабнай раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл.

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Прэзідэнту падрабязна даложана аб асаблівасцях і прамежкавых выніках праверкі, аб тым, як з пастаўленымі задачамі спраўляюцца асабовы склад, тэхніка, як арганізаваны забеспячэнне і захоўванне матэрыяльных сродкаў. Аляксандр Лукашэнка асобна цікавіўся, як у няпростых умовах надвор’я арганізаваны размяшчэнне і побыт асабовага складу, наяўнасць неабходнага абмундзіравання. 

Кіраўнік дзяржавы асабліва акцэнтаваў увагу на пытаннях выкарыстання вопыту сучасных ваенных канфліктаў у дачыненні да беларускай лясіста-балоцістай мясцовасці. Прэзідэнт паставіў неабходныя задачы па далейшым ходзе мерапрыемстваў праверкі, якая працягнецца да вясны гэтага года. Па яе выніках будзе праведзены дэталёвы аналіз для ўстаранення магчымых недахопаў і карэкціроўкі работы па ўдасканаленні Узброеных Сіл, падрыхтоўцы і навучанні асабовага складу.


«Наколькі патрабавальны Прэзідэнт да вырашэння пастаўленых задач, настолькі ён клапатліва адносіцца да людзей»

У размове з журналістамі Аляксандр Вальфовіч нагадаў, што Прэзідэнт стаяў каля вытокаў стварэння Узброеных Сіл Беларусі, таму як ніхто іншы ведае, якія мэты і задачы стаяць перад нашай арміяй. 

«Галоўнакамандуючы цікавіцца не толькі ходам гэтай раптоўнай праверкі, — звярнуў увагу Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. — Прэзідэнт на пастаяннай аснове цікавіцца тым, чым жывуць Узброеныя Сілы, у якім стане яны знаходзяцца, якія задачы выконваюць і ўвогуле якія праблемы павінны вырашаць Узброеныя Сілы. Прэзідэнт цудоўна разумее, што гарантам бяспекі любой дзяржавы, і Беларусь не выключэнне, з’яўляюцца падрыхтаваныя ў прафесійным плане Узброеныя Сілы. Таму наша бяспека залежыць ад таго, наколькі нашы Узброеныя Сілы гатовыя і здольныя вырашаць пастаўленыя перад імі задачы». 

Ацаніць прафесіяналізм і гатоўнасць беларускай арміі да абароны нацыянальных інтарэсаў дазваляюць менавіта раптоўныя праверкі. Маштабная праверка Узброеных Сіл, якая праводзіцца Прэзідэнтам, знаходзіцца ў самай інтэнсіўнай стадыі. 

«Практычна кожны дзень Галоўнакамандуючы заслухоўвае даклад аб ходзе і прамежкавых выніках гэтай праверкі, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. — Прэзідэнта найперш цікавіць аб’ектыўнасць, комплексны падыход да пастаўленых перад воінскай часцю задач. Яго цікавіць усё, да дробязяў».

Кіраўніка дзяржавы хвалюе, у якім стане знаходзіцца ўзбраенне і ваенная тэхніка, наколькі падрыхтаваны штабы і ці разумеюць яны пастаўленыя задачы, як прымаюць рашэнні і ставяць задачы перад сваімі падначаленымі. У полі зроку Галоўнакамандуючага — і тое, як афіцэры кіруюць даверанымі ім падраздзяленнямі. 

«Прэзідэнт гаворыць: „Калі афіцэр падрыхтаваны, здольны атрымаць або вырашыць гэту задачу, то і асабовы склад выканае яе“, — звяртае ўвагу дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Ад падрыхтаванасці афіцэраў залежыць вельмі многае. Гэтаму Прэзідэнт удзяляе дастаткова шмат увагі».

Кіраўнік дзяржавы звяртае ўвагу і на тое, наколькі прафесійна наводчыкі, механікі, снайперы, гранатамётчыкі, іншыя спецыялісты ведаюць давераныя ім узбраенне, ваенную тэхніку, як іх эксплуатуюць і паражаюць з іх дапамогай адпаведныя цэлі на палігонах. Хвалюе Прэзідэнта і стан узбраення, ваеннай тэхнікі. У прыватнасці, дзе яна ўтрымліваецца, як эксплуатуецца, як воінская часць, што правяраецца, укамплектавана запасамі матэрыяльных сродкаў і ці ўсе запасы матэрыяльных сродкаў у наяўнасці, дзе яны захоўваюцца. Усе гэтыя пытанні падлягаюць праверцы.

Вядома, найперш у полі зроку Галоўнакамандуючага — людзі. «Наколькі патрабавальны Прэзідэнт да вырашэння пастаўленых задач, настолькі ён клапатліва адносіцца да людзей, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Вальфовіч. — Кіраўнік дзяржавы цікавіцца, як у мароз, у такую непагадзь, асабовы склад адзеты, абуты, накормлены. Ці падрыхтаваны месцы размяшчэння абагрэву на палігонах, ці ёсць гарачы чай, дадатковае харчаванне ў ходзе палявых заняткаў — усе гэтыя пытанні, да дробязяў, знаходзяцца ў полі зроку Прэзідэнта».

Маральна-псіхалагічны стан асабовага складу, які ўдзельнічае ў праверцы боегатоўнасці, — таксама пад увагай Галоўнакамандуючага. «Наколькі афіцэры, салдаты гатовы да вырашэння задач у адпаведнасці з прызначэннем, — канкрэтызаваў дзяржсакратар. — Па ўсіх гэтых пытаннях быў ажыццёўлены падрабязны даклад Прэзідэнту. Пастаўлены задачы, адкарэкціраваны некаторыя моманты на далейшую праверку». 


«Самае галоўнае, што мы бачым у ходзе праверкі, — жаданне і імкненне асабовага складу паказаць найвышэйшы вынік»

Праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, як заявіў нядаўна Прэзідэнт, працягнецца да вясны. Якія яшчэ воінскія часці будуць падвергнуты такому маштабнаму экзамену на прафпрыдатнасць, ведае толькі Галоўнакамандуючы. 

«Так, задума праверкі падрыхтавана Дзяржсакратарыятам (Савета Бяспекі. — „Зв.“), але якія воінскія часці, у які тэрмін і калі — ведае асабіста Галоўнакамандуючы, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — Я атрымліваю ад яго распараджэнне, на наступны дзень або ў гэты ж дзень, адпаведна, выконваю яго ўказанні — еду ў воінскую часць, уручаю распараджэнне камандзіру».

Па словах Дзяржаўнага сакратара, аналіз праверкі паказаў, што камандзіры не баяцца атрымліваць распараджэнне. «Упэўнена бяруць распараджэнне, чытаюць задачу, якая вызначана Галоўнакамандуючым, і выконваюць яе, — удакладніў ён. — Хтосьці лепш, хтосьці горш. Для гэтага праверкі і праводзяцца. Дэталёвы аналіз у цэлым праверкі будзе, вядома, праведзены. Недахопы ёсць, не можа быць, каб іх не было. Гэта людзі, не робаты. Гэта адпаведная тэхніка. Недахопы ўстараняюцца. Самае галоўнае, што мы бачым у ходзе праверкі, — жаданне і імкненне асабовага складу паказаць найвышэйшы вынік, больш добрае выкананне тых задач, якія стаяць перад воінскімі часцямі». 

Праверка боегатоўнасці, па словах дзяржсакратара, для пэўных воінскіх часцей яшчэ наперадзе, але баяцца гэтага не трэба. Кожны камандзір, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, павінен быць гатовым выканаць задачу. 

«У прынцыпе задачы ўсе вызначаны, зыходзячы з тых задач па прызначэнні, якія стаяць перад воінскай часцю ў адпаведнасці з планам абароны краіны, — канстатаваў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. — Таму выконваць будуць тое, для чаго яны ўвогуле прызначаны, для чаго яны патрэбны. Нічога надзвычайнага. Танкіст не паляціць на самалёце, а лётчык не паедзе на танку — кожны будзе выконваць сваё. Усё цікавае — наперадзе».

Аляксандр Вальфовіч дадаў, што шэраг ваеннаслужачых выконвае задачы на «выдатна». Як правіла, гэта ваеннаслужачыя другога перыяду. Для тых, хто прыйшоў у армію восенню, праверка боегатоўнасці — гэта сур’ёзны экзамен, падчас якога хлопцы паказваюць тое, чаму яны навучыліся за два-тры месяцы.


«Задачай арміі заўсёды было не толькі маральна выхаваць маладога чалавека, а яшчэ і фізічна падрыхтаваць»

Па выніках праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл будзе праведзены дэталёвы аналіз. «Будуць ацэнены тыя праблемныя пытанні, недахопы, якія будуць ускрыты ў ходзе гэтай праверкі, — канкрэтызаваў дзяржсакратар. — Усё гэта будзе даложана Галоўнакамандуючаму. Хутчэй за ўсё, Прэзідэнт анансуе пэўны выніковы разбор праверкі. Вядома, гэта ляжа ў аснову ўдасканалення нашых Узброеных Сіл, падрыхтоўкі і навучання асабовага складу».

Што датычыцца прамежкавых вынікаў праверкі, Аляксандр Лукашэнка робіць упор на фізічную вынослівасць асабовага складу. «Любое вядзенне баявых дзеянняў — гэта фізічныя нагрузкі на чалавека, таму любы ваеннаслужачы павінен быць фізічна падрыхтаваны, — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Вальфовіч. — Тыя, хто прыйшоў учора з-за школьнай парты, нават з нашых грамадзянскіх інстытутаў, у фізічным плане слабей падрыхтаваныя, чым тыя, хто паслужыў ужо ва Узброеных Сілах, скончыў Ваенную акадэмію або ваенныя факультэты. Яны больш моцныя, вынослівыя, чым тыя, хто прыйшоў учора. Задачай арміі заўсёды было не толькі маральна выхаваць маладога чалавека, а яшчэ і фізічна падрыхтаваць. Вядома, год-паўтара (перыяд тэрміновай службы. — „Зв.“) не моцна вялікі тэрмін, але тым не менш нашы камандзіры, кіраўніцтва Узброеных Сіл робяць упор на падрыхтоўку маладых людзей у фізічным плане».

У полі зроку Галоўнакамандуючага — і пытанне выкарыстання вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі нашымі ваеннаслужачымі. Невыпадкова гэта адзін з элементаў праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. 

«Калі раней марш-кідок здзяйснялі ротамі, батальёнамі, цяпер на полі бою перамяшчаюцца невялікімі групкамі, — указаў на асаблівасць сучаснай вайны Аляксандр Вальфовіч. — Мы глядзім, як асабовы склад умее дзейнічаць малымі групамі (тройкамі, пяцёркамі), як яны дзейнічаюць у лесе, як наносіцца агнявое паражэнне на малых дыстанцыях, па-за ўкрыццем. У ходзе дакладу Прэзідэнт таксама цікавіўся, ці ўмеюць (нашы ваеннаслужачыя. — „Зв.“) ваяваць у лесе (у нас жа лясіста-балоцістая мясцовасць). У гэтых умовах асабовы склад на малых дыстанцыях ажыццяўляе прыкрыццё, выконвае агнявыя задачы. Баявымі патронамі, не імітацыяй».

У ходзе праверкі ўпор робіцца і на тое, ці ўмее асабовы склад выяўляць беспілотныя лятальныя апараты, якія тэхнічныя сродкі выяўлення беспілотнікаў ёсць у асабовага складу, як з дапамогай стралковай зброі можна нанесці агнявое паражэнне квадракоптару або іншаму лятальнаму сродку. 


«Беларусь робіць стаўку на пытанне стратэгічнага стрымлівання»

Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на актыўную мілітарызацыю заходнееўрапейскіх краін, у тым ліку нашых суседзяў. І ў прыбалтыйскіх дзяржавах, і ў Польшчы нарошчваюць ваенныя расходы, павялічваюць колькасць узброеных сіл, праводзяць буйнамаштабныя вучэнні, у тым ліку паблізу граніц Саюзнай дзяржавы. 

«Вядома, яны ставяць амбіцыйныя мэты, і перш за ўсё гэта накіравана на дамініраванне ў Еўропе, — патлумачыў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. — Хочуць быць вышэй, наперадзе і дыктаваць пэўныя ўмовы. Свае планы па мілітарызацыі яны спрабуюць апраўдаць тым, што нібыта з боку ўсходу, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, сыходзіць пэўная пагроза, што мы пагражаем іх бяспецы, што ў бліжэйшы час Расійская Федэрацыя развяжа пэўныя ваенныя дзеянні па захопе той ці іншай краіны. Гэта поўны абсурд. Яны і самі гэта цудоўна разумеюць. Але ж трэба неяк апраўдваць свае амбіцыйныя мэты перад сваім народам».

Пры гэтым, як заўважыў Аляксандр Вальфовіч, на тэрыторыі названых краін жывуць нармальныя людзі, у тым ліку палітыкі, эксперты, аналітыкі, якія разумеюць рэальны стан спраў. Бачаць яны і тое, што ніякая пагроза ні з тэрыторыі Расіі, ні тым больш з тэрыторыі Беларусі не сыходзіць. 

«Мы не павялічваем колькасць Узброеных Сіл, як гэта робяць яны, не павялічваем ваенныя расходы, мы не праводзім вучэнні паблізу граніц, не абсталёўваем інфраструктуру прыгранічнай тэрыторыі, як гэта робіцца на тэрыторыі Польшчы, краін Прыбалтыкі ў інжынерных адносінах, — прывёў прыклад Аляксандр Вальфовіч. — Мы не адсяляем насельніцтва з прыгранічных абласцей. У нас аднолькава камфортна сябе адчуваюць як жыхары Мінска, так і Брэста, Гродна. Мы паважліва адносімся да прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў». 


Увогуле тыя ініцыятывы, якія прасоўвае наша краіна, перш за ўсё беларускі лідар, на ўсіх міжнародных пляцоўках носяць дружалюбны, міралюбівы характар. «І заўсёды Прэзідэнт гаворыць аб тым, што патрэбна выбудоўваць дыялог, важна знаходзіць кампраміс, трэба вырашаць задачы за сталом перагавораў, — удакладніў Дзяржаўны сакратар. — І тут павінны ў першую чаргу працаваць дыпламаты. Наша Міністэрства замежных спраў не раз працягвала руку для перагавораў з польскай дзяржавай, прыбалтыйскімі дзяржавамі — адказу ніякага няма».

У Беларусі бачаць мілітарызацыю ў суседніх краінах, ваенную прысутнасць на тэрыторыі сумежных дзяржаў. «Мы гэта адсочваем і здзяйсняем адпаведныя крокі, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — Але Беларусь робіць стаўку на пытанне стратэгічнага стрымлівання і размяшчэнне на сваёй тэрыторыі зброі стрымлівання. Гэта і тактычная ядзерная зброя, і аператыўна-тактычны комплекс малой далёкасці „Арэшнік“, іншыя сродкі, якія накіраваны найперш на недапушчэнне агрэсіі».

Па словах дзяржсакратара, у Беларусі памятаюць гісторыю, а таму арыентаваны на мір, дыялог і добрасуседскія адносіны. Нашы дакументы, у тым ліку Канстытуцыя, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына, накіраваны на выбудоўванне канструктыўнага дыялогу, добрасуседства і ўзаемапаважлівыя адносіны да ўсіх дзяржаў — як вялікіх, так і малых. 

«Беларусь заўсёды стаяла і стаіць на варце гэтых інтарэсаў, на варце бяспекі дзяржавы, — рэзюмаваў Дзяржаўны сакратар. — А бяспека дзяржавы залежыць ад падрыхтаваных Узброеных Сіл. Невялікіх, прафесійных, патрыятычна настроеных, укамплектаваных сваімі суайчыннікамі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія ідуць служыць і носяць пагоны дзеля забеспячэння бяспекі, абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў. А не кантрактнікамі, наёмнікамі, якімі ўкамплектаваны арміі на тэрыторыі сумежных дзяржаў».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю