Top.Mail.Ru

Каб правасуддзе было хуткім, справядлівым і эфектыўным

Прэзідэнт правёў сустрэчу са Старшынёй Вярхоўнага Суда Расіі Ігарам Красновым



У Палацы Незалежнасці абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў судовай сферы. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — умацаванне ўзаемадзеяння паміж судовымі сістэмамі дзвюх краін. 

«Суддзі павінны валодаць пэўным вопытам і судзіць па справядлівасці» 

Найперш Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Ігару Краснову за тую дапамогу, якую Старшыня Вярхоўнага Суда Расіі аказваў нашай краіне на ранейшай пасадзе (у 2020 — 2025 гадах ён з’яўляўся генеральным пракурорам Расійскай Федэрацыі. — «Зв.»). Асабліва, па словах кіраўніка дзяржавы, гэта дапамога датычылася суб’ектаў гаспадарання.  


Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што і ў статусе Старшыні Вярхоўнага Суда Расіі Ігар Красноў прымае аб’ектыўныя, шчырыя і справядлівыя рашэнні. «Вы для мяне асабіста з’яўляецеся такім астраўком не толькі законнасці, але і справядлівасці ў брацкай нам Расіі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Дзякуй вам за гэта. Я вельмі задаволены тым, што ў нас склаліся такія добрыя, даверлівыя адносіны». 

Прэзідэнт выказаў спадзяванне на цеснае супрацоўніцтва паміж Вярхоўнымі судамі Беларусі і Расіі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што стыль работы старшыняў Вярхоўных судоў дзвюх нашых краін Ігара Краснова і Андрэя Шведа прыкладна аднолькавы.  

«Самыя залежныя людзі — гэта суддзі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Яны залежныя ад закона. Ні ўлева, ні ўправа. Вось тыя рамкі, якія закон вызначыў, — у іх суддзі і дзейнічаюць, у тым ліку і Вярхоўныя суды, якія вы ўзначальваеце. Мы гэтым жывём ужо доўгі час. Думаю, што і вы як юрыст гэта разумееце лепш за мяне, што ў законе часам усё не прапішаш. Ды ні ў адным законе ўсё не прапішаш. Жыццё значна больш разнастайнае. Таму суддзі павінны валодаць пэўным вопытам і судзіць па справядлівасці, як у народзе кажуць».  

«Гэта прыдае вельмі сур’ёзны статус» 

Кіраўнік дзяржавы вітае і падтрымлівае тыя мерапрыемствы, якія ў гэтыя дні пройдуць у Вярхоўным Судзе. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі паміж Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь і Вярхоўным Судом Расійскай Федэрацыі будзе падпісаны Мемарандум аб узаемапаразуменні і супрацоўніцтве. «Для нас гэта вельмі важна», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, на новай пасадзе хочацца зарэкамендаваць сябе, зрабіць штосьці добрае, новае. «Ведаю, што вы шмат будзеце рабіць для Вярхоўнага Суда Расіі, — звяртаючыся да Ігара Краснова, заўважыў Прэзідэнт. — Вельмі б вас прасіў, каб вы былі ў самым цесным кантакце з Вярхоўным Судом Беларусі». 


Старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Андрэю Шведу кіраўнік дзяржавы даручыў глядзець, што ў гэтым плане робіцца ў вялікай Расіі. «Дзесьці, можа, і вопыт паўтараць, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Я ведаю, Ігар Віктаравіч заўсёды адгукнецца на нашу просьбу і падтрымае тое ўдасканаленне судаводства, якое ў нас існуе». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па яго ініцыятыве Старшыня Вярхоўнага Суда, як і суддзі Вярхоўнага Суда Беларусі зацвярджаюцца на Усебеларускім народным сходзе. «Гэта прыдае вельмі сур’ёзны статус, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У многім гэта звязана з асобай цяперашняга старшыні (Вярхоўнага Суда. — «Зв.»), бо такія рэзкія рухі трэба рабіць з вельмі надзейным для беларускага народа чалавекам. Улічваючы асобу чалавека, адданасць той справе, якой ён служыць, і беларускаму народу, мы пайшлі на тую сур’ёзную, можа, нават глыбокую рэформу Вярхоўнага Суда». 

Беларускі лідар заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае работу Вярхоўнага Суда. Аб гэтым, па яго словах, сведчаць і размяшчэнне новага будынка Вярхоўнага Суда, і ўмовы, якія ствараюцца для эфектыўнай работы судзейскага корпуса.  

«Мы гатовы вучыцца, пераймаць ваш вопыт» 

Аляксандр Лукашэнка арыентуе на перайманне вопыту Вярхоўнага Суда Расіі ў дзейнасці судовай сістэмы Беларусі.  

«Вы вельмі сур’ёзна працуеце над камп’ютарызацыяй і ўкараненнем усяго новага, высокіх тэхналогій у работу судоў, — канкрэтызаваў ён. — Я — за гэта. Я больш за ўсё не цярплю ў судах вось гэту валакіту папяровую, якую ад вас заўсёды патрабавалі, і гэтак далей. Таму мы вельмі хацелі б, каб вы нас „прычэпам“ узялі і мы за вамі пайшлі ў плане ўкаранення высокіх тэхналогій у дзейнасць судоў усёй вертыкалі». 

Наогул, як падкрэсліў Прэзідэнт, беларускі бок гатовы пераймаць вопыт вялікай Расіі. «Яна нам не чужая, многае было сканцэнтравана ў савецкі час там, і кадры там былі лепшыя, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы вучыцца, пераймаць ваш вопыт. Галоўнае, каб вы, як і было ў нашым супрацоўніцтве заўсёды з вамі асабіста, не адварочваліся ад нас, а падтрымлівалі, як гэта робяць іншыя ведамствы». 

У Беларусі, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, вельмі добрыя кантакты з усімі міністэрствамі і ведамствамі Расійскай Федэрацыі. «Прыклад паказваюць прэзідэнты, — канстатаваў ён. — Калі мы сябруем, вам што застаецца? Вам таксама даводзіцца сябраваць. Таму мы вельмі спадзяёмся, што вы падтрымаеце нас там, дзе гэта трэба будзе, і дапаможаце. Адпаведна, вы заўсёды можаце разлічваць на нашу дапамогу. Мы заўсёды будзем самым цесным чынам супрацоўнічаць з вамі па ўсіх пытаннях, якія будуць пастаўлены вамі перад судзейскім корпусам Беларусі». 

«Адносіны развіваюцца ва ўсіх кірунках» 

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Ігара Краснова, як ён прыжыўся на новай пасадзе. 

«Ідзём наперад, наводжу парадак, — адказаў Старшыня Вярхоўнага Суда Расіі. — Удзячны вам за магчымасць сустрэцца з вамі асабіста. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін перадаваў вам найлепшыя пажаданні. Як вы заўсёды адзначаеце, на беларускай зямлі мы адчуваем сябе нават не як дома, а дома. Нашы брацкія народы звязаны агульнай культурай, агульнымі культурнымі каштоўнасцямі, і таму адносіны развіваюцца ва ўсіх кірунках у цяперашні час». 


Кіраўнік расійскага ведамства нагадаў, што нядаўна споўнілася 30 гадоў з моманту стварэння Саюзнай дзяржавы. Карыстаючыся магчымасцю, Ігар Красноў павіншаваў з гэтай датай Аляксандра Лукашэнку, якога назваў адным з ідэйных натхняльнікаў кансалідацыі двух брацкіх народаў. 

«У цяперашні час з Андрэем Іванавічам (Шведам. — „Зв.“) мы разам працуем і дамовіліся развіваць нашы адносіны ў судовай сферы, — канстатаваў ён. — Заўтра будзе падпісаны ўпершыню ў гісторыі нашых краін Мемарандум аб узаемапаразуменні і супрацоўніцтве паміж Вярхоўнымі судамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, які дазволіць стварыць новую практыку ў нашай рабоце, надаць дадатковы імпульс, у тым ліку ўніфікаваць судовыя падыходы Вярхоўных судоў для таго, каб правасуддзе было хуткім, справядлівым і эфектыўным».  

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА 

Даслоўна 

«У нас ёсць магчымасць нарошчваць наша ўзаемадзеянне» 

Як адзначыў у размове з журналістамі Старшыня Вярхоўнага Суда Расіі Ігар КРАСНОЎ, прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін заўсёды адзначаюць асаблівы характар адносін паміж братэрскімі краінамі. Гэта, па яго словах, датычыцца ўсіх сфер. 

«Я праінфармаваў Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што пазітыўна развіваюцца адносіны нашых краін і ў судовай сферы», — заўважыў Ігар Красноў. 

Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць Мемарандум аб узаемапаразуменні і супрацоўніцтве паміж Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь і Вярхоўным Судом Расійскай Федэрацыі, які будзе падпісаны. Дакумент, па словах кіраўніка ведамства, дазволіць вывесці адносіны паміж Вярхоўнымі судамі Беларусі і Расіі на новы ўзровень з мэтай уніфікацыі судовых падыходаў, судовай абароны грамадзян Саюзнай дзяржавы.  

«Адной са сваіх задач я бачу пабудову эфектыўнай судовай сістэмы ў мэтах справядлівага, хуткага і эфектыўнага правасуддзя, — удакладніў Ігар Красноў. — Адзінства правапрымянення — гэта асноўны прынцып даверу грамадзян да судовай сістэмы: каб людзі разумелі логіку рашэнняў судоў праз прававыя пазіцыі Вярхоўнага Суда. У мемарандуме, які мы падпішам, закладзены асноўныя прынцыпы работы Вярхоўных судоў». 

Старшыня Вярхоўнага Суда Расіі адзначыў плённае супрацоўніцтва з Вярхоўным Судом Беларусі. «У нас ёсць магчымасць нарошчваць наша ўзаемадзеянне для таго, каб нашы практыкаўтваральныя рашэнні былі справядлівыя адносна людзей, адносна грамадзян Расіі і Беларусі, — канстатаваў ён. — Мемарандум, які мы будзем падпісваць, — гэта запыт нашага грамадства, людзей, бізнесу: і Расіі, і Беларусі».  

Мемарандум вызначыць правілы і фарматы далейшага ўзаемадзеяння двух судоў з мэтай забеспячэння адзінства падыходаў у адпраўленні правасуддзя ў Саюзнай дзяржаве. Размова ідзе і пра ўзаемныя візіты дэлегацый, і пра абмен інфармацыяй аб дзеючым заканадаўстве дзвюх краін, а таксама пра практыку яго прымянення, правядзенне сумесных семінараў, кансультацый, стварэнне сумесных рабочых груп. Акрамя таго, прадугледжана супрацоўніцтва па ўкараненні ў дзейнасць судоў і судаводства інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. 

Дакумент пераводзіць у практычную плоскасць рашэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, замацаванае ў Дырэктыве № 1 ад 26 лютага 2026 года «Аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя». Вярхоўныя суды Беларусі і Расіі, згодна з мемарандумам, будуць каардынаваць дзеянні па адстойванні інтарэсаў на ключавых міжнародных пляцоўках, у тым ліку ААН, СНД, ШАС і БРІКС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю