Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у юбілейным саміце СНД у Туркменістане

«Наш саюз з’яўляецца — і яшчэ на доўгія гады застанецца — Садружнасцю агульнага лёсу»


Аляксандр Лукашэнка 8-9 кастрычніка з рабочым візітам наведаў Туркменістан для ўдзелу ў саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мерапрыемства на вышэйшым узроўні адбылося на тэрыторыі нацыянальнай турыстычнай зоны Туркменістана «Аваза». Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў падпісалі шэраг важных дакументаў, накіраваных на развіццё далейшага супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці.

Афіцыйная частка саміту пачалася з цырымоніі прывітання кіраўнікоў дэлегацый. Прэзідэнта Беларусі вітаў туркменскі калега Сердар Бердымухамедаў, з якім Аляксандр Лукашэнка перад пачаткам пасяджэння правёў двухбаковую сустрэчу. 

«Апаненты стратэгічна пралічыліся»

На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД Прэзідэнт Беларусі выказаўся аб рэаліях 35-гадовай гісторыі Садружнасці, якая першапачаткова стваралася ў складаных умовах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў сімвалізм таго, што цяперашняя сустрэча праходзіць у «Авазе» — жамчужыне на беразе Каспійскага мора, якое на працягу стагоддзяў служыла сувязным звяном паміж краінамі і народамі і сёння зноў выконвае гэту функцыю.

Гаворачы аб 35-годдзі СНД, Аляксандр Лукашэнка так пракаменціраваў гэты перыяд: «Азіраючыся ў мінулае, успамінаеш, у якіх складаных умовах стваралася наша Садружнасць. Пасля развалу Савецкага Саюза знешнія сілы, не хаваючыся, імкнуліся маніпуляваць маладымі дзяржавамі. На жаль, падобная палітыка працягваецца і цяпер. Нашу арганізацыю СНД усяляк шальмавалі, называючы „геапалітычным фантомам“ і „міфам“. Ёй прадракалі ледзь не пару месяцаў жыцця, нават у думках не дапускаючы магчымасці інтэграцыі нашых рэспублік. У гэтым месцы хацелася б сказаць, што апаненты стратэгічна пралічыліся».

Рэальнасць на самай справе больш складаная, перакананы кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што некалькі краін сапраўды скарысталіся Садружнасцю як інструментам для больш-менш цывілізаванага «разводу». «У красавіку 2027 года з СНД дэ-юрэ выходзіць Малдова. Гэта, вядома ж, не выбар простых малдаван, а рашэнне кіраўніцтва. Мяркую, недальнабачнае. Прычым яно само гэта разумее і спрабуе захаваць удзел у Дагаворы аб зоне свабоднага гандлю», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён заклікаў кіраўніцтва Малдовы захаваць магчымасць для простых грамадзян гэтай краіны не разрываць каналы ўзаемадзеяння хоць бы на першапачатковым этапе. «Прасцей кажучы, навошта губляць тое, што маем», — адзначыў ён. 

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што гісторыя заўсёды паўтараецца. «У нас ужо ёсць вопыт выхаду Грузіі з СНД. Але сёння мы бачым, як змяняецца сітуацыя. Відавочна, што вяртацца да нармальных адносін лягчэй па накатанай каляіне механізмаў Садружнасці. Ды і запускаць больш сур’ёзныя фарматы паглыблення супрацоўніцтва прасцей, калі маеш базіс нашай Садружнасці», — упэўнены беларускі лідар.

«Наша адзінства абапіраецца на агульную гісторыю, культурную спадчыну, чалавечыя сувязі»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь заўсёды паслядоўна выступала за развіццё і спалучэнне пераваг усіх існуючых інтэграцыйных структур. «Фарміраванне шматпалярнага свету адбываецца шмат у чым за кошт набіраючых сілу БРІКС, ШАС, Афрыканскага саюза і іншых аб’яднанняў Глабальнай большасці. Хацелася б, каб у гэтым шэрагу была і СНД, — заўважыў беларускі лідар. — Іх умацаванню садзейнічаюць магутныя фактары — зацікаўленасць бакоў у пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і неабходнасць у сумесным рэагаванні на сучасныя выклікі ў сферы бяспекі», — заявіў ён.

У гэтым кантэксце, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, у СНД ёсць перавага: «Падмурак Садружнасці яшчэ больш трывалы. Нас аб’ядноўвае не толькі імкненне стварыць справядлівую сістэму глабальнага кіравання і гандляваць на роўных умовах. Наша адзінства абапіраецца на агульную гісторыю, культурную спадчыну, чалавечыя сувязі. Урэшце, мы (удзельнікі саміту і больш старэйшае пакаленне. — „Зв.“) размаўляем на адной мове. На жаль, моладзь у нашых асобных краінах рускай мовы — галоўнай нашай мовы (міждзяржаўных зносін. — „Зв.“) не ведае». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларускіх, туркменскіх сем’ях і на постсавецкай прасторы ў цэлым па-ранейшаму захоўваюць традыцыйныя каштоўнасці, шануюць бяспрыкладны подзвіг гераічных продкаў, ездзяць да родных і блізкіх, якія жывуць у іншых краінах Садружнасці. А заява, якая прымаецца на цяперашнім саміце, заклікана яшчэ мацней з’яднаць людзей вакол агульнай гістарычнай памяці для недапушчэння скажэння трагічных падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. 


Аляксандр Лукашэнка заклікаў надаваць больш увагі моладзі, якая павінна выступаць у ролі рухавіка інтэграцыі. «Каб сям’я аднавіла згуртаванасць, была моцнай і квітнеючай, трэба больш увагі звяртаць на моладзь. Менавіта будучым пакаленням прыйдзецца даваць адказ на старыя і новыя пагрозы нашаму адзінству, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Маладыя людзі павінны не плыць па цячэнні, а выступаць рухавікамі інтэграцыі. Трэба, каб яны самі распрацоўвалі і ўвасаблялі ў жыццё сацыяльна значныя праекты, якія былі б запатрабаваныя ў маштабах Садружнасці».

Прэзідэнт адзначыў, што тры беларускія гарады — Мінск, Маладзечна і Ліда — у наступным годзе стануць Маладзёжнай, Культурнай і Турыстычнай сталіцамі СНД, прадаставіўшы міжнародную пляцоўку для самарэалізацыі, творчасці і зносін новых пакаленняў. «Чаго мы чакаем ад гэтага? Каб моладзь расла, не адварочваючыся ад продкаў, магла парыраваць на атакі чужых ідэалогій на ўстоі нашых грамадстваў. Умацоўвала простыя чалавечыя кантакты, паглыбляла веды народаў адзін пра аднаго», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

«Беларусь акажа максімальнае садзейнічанне і будзе актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў саміту, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што патэнцыял аб’яднання не вычарпаны. «Наш саюз з’яўляецца — і яшчэ на доўгія гады застанецца — Садружнасцю агульнага лёсу», — упэўнены беларускі лідар. 

Беларускі лідар выказаў падзяку Шаўкату Мірзіёеву за згоду Узбекістана прыняць старшынства ў СНД у 2027 годзе, а таксама адзначыў: «Упэўнены, узбекскія сябры як заўсёды годна выканаюць дадзеную місію», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Новы віток развіцця нашай арганізацыі — рашэнне паважанага Ільхама Гейдаравіча (Аліева, Прэзідэнта Азербайджана. — „Зв.“) упершыню прыняць старшынства ў 2028 годзе. Гэта, безумоўна, гістарычны момант. Пра гэта сказаў і сам Прэзідэнт. Спадзяюся, Арменія таксама прыме рашэнне выканаць гэту ганаровую функцыю ў адпаведнасці з чарговасцю ў 2029 годзе. Упэўнены, што кожная з краін надасць новы імпульс рабоце СНД. Беларусь акажа вам максімальнае садзейнічанне і будзе актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах», — запэўніў Прэзідэнт. Ён пажадаў удзельнікам саміту аптымізму, мэтанакіраванасці і новых дасягненняў у рабоце на карысць краін Садружнасці. 

Як вядома, Азербайджан і Арменія доўгі час устрымліваліся ад старшынства ў СНД з-за шматгадовага тэрытарыяльнага канфлікту, які ў цяперашні час завершаны. Зараз бакі знаходзяцца на стадыі мірнага працэсу ў мэтах канчатковага ўрэгулявання.

«Трэба ўзмацняць эканоміку. І ў гэтым плане нам трэба сур’ёзна папрацаваць»

У завяршэнне афіцыйнай часткі сваёй прамовы на саміце Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што краінам Садружнасці Незалежных Дзяржаў трэба рабіць крокі ў бок умацавання адзінства, і прыярытэтам у гэтым плане павінна стаць пашырэнне супрацоўніцтва ў эканоміцы. 

«Добра, што мы сустракаемся, добра, што пагаварылі, паглядзелі адзін на аднаго, зрабілі заяву. Для ўнутранай аўдыторыі гэта карысна ведаць. Але давайце зробім і іншыя крокі ў галіне больш цеснага адзінства. А адзінства нам забяспечыць перш за ўсё эканоміка. Гэта і дабрабыт, гэта і моц нашых дзяржаў. Тады менш будзе размоў аб незалежнасці, захаванні граніц і іншым. Трэба ўзмацняць эканоміку. І ў гэтым плане нам трэба сур’ёзна папрацаваць. Мы гатовыя ў гэтым усяляк удзельнічаць», — заявіў беларускі лідар. 


«Як я часта гавару, я чалавек дарослы як Прэзідэнт. Вось мы сёння зацвердзілі парадак дня. Зацвердзілі зыходзячы з нашых магчымасцяў. Але паглядзіце на рашэнні, якія мы сёння прымаем. Чаго тут не хапае? Не хапае таго, каб развіць тое, пра што мы часта заяўляем, — дабрабыт народаў, нашых дзяржаў і гэтак далей. Дзе яно ў гэтым парадку дня? І так з году ў год», — заўважыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Садружнасці цяпер не 15 рэспублік, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Гэта 9 дзяржаў, уключаючы магутныя і буйныя, якія валодаюць вялікімі рэсурсамі і магчымасцямі. У іх ліку Расія, Казахстан, Азербайджан, якія могуць быць сур’ёзнымі лакаматывамі развіцця ў СНД. «Я не прыніжаю ніколькі ролю ні Узбекістана, ні Туркменістана, ні іншых дзяржаў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

«Ну можам жа! Ну чаму няма ў выніку вось гэтых ініцыятыў, якія захавалі б адзінства нашых дзевяці дзяржаў? — паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. — Там дзесьці ўзнікла аб’яднанне, яшчэ (не буду іх называць) паўстала аб’яднанне і іншае... Дзякуй богу, мы захоўваем сваё адзінства. Крохкае, але захоўваем».

«Не будзем дзейнічаць — паціху-паціху нас расцягнуць па розных арганізацыях»

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна, сустракаючыся ў Мінску з кіраўнікамі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, ён гаварыў пра тое, што ў свеце расце канкурэнцыя, і «нас нідзе не чакаюць». «Асабліва, і перш за ўсё, гэта звязана з эканомікай. Ну давайце захаваем нашу прастору. Але каб яе захоўваць, трэба для кожнай дзяржавы павялічваць каштоўнасць прысутнасці ў гэтай арганізацыі. Мы робім гэта кожны год? Не», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.


Ён падкрэсліў, што не толькі Выканкаму СНД, але перш за ўсё згаданым буйным і магутным краінам, якія валодаюць рэсурсамі, трэба падумаць аб прыняцці больш сур’ёзных рашэнняў. «Перш за ўсё, чыста з чалавечых пазіцый, я бачу ролю 3-4 дзяржаў, якія я толькі што назваў. Багатых, найбагацейшых дзяржаў. Якія павінны ісці наперадзе і весці за сабой нашу арганізацыю. У любой арганізацыі, у любым калектыве патрэбны тыя, хто ідзе наперадзе. Можна іх называць лідарамі. Дзе яны? Трэба рухацца наперад», — заклікаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна адзначыў заявы, зробленыя на саміце кіраўнікамі Азербайджана і Арменіі аб развіцці лагістычных магчымасцяў па перамяшчэнні грузаў. Гаворачы аб ролі буйных і багатых дзяржаў у аб’яднанні, Прэзідэнт не выключыў, што больш сур’ёзныя крокі ў развіцці агульнага эканамічнага супрацоўніцтва могуць у той ці іншай ступені крыху закрануць іх інтарэсы. 


«Трэба чымсьці паступіцца, — заўважыў ён. — Трэба вылучыць гэтыя кірункі і дзейнічаць (паглыбляючы эканамічнае супрацоўніцтва. — „Зв.“). Не будзем дзейнічаць — паціху-паціху нас расцягнуць па розных арганізацыях. Зноў не называю, хто. Мы выдатна ведаем, хто паклаў вока на дзяржавы нашай арганізацыі», — заявіў беларускі лідар. 

Прэзідэнт дадаў, што гэта яго асабістае меркаванне пасля афіцыйнага выступлення і выказаў ён яго нездарма. «Вельмі хацелася, каб мы захавалі гэту прастору. Давайце гэта зробім!» — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.


Даслоўна 

«Трэба здымаць бар’еры»

Садружнасць Незалежных Дзяржаў можа дасягнуць куды большых поспехаў, калі будзе ісці па шляху зняцця гандлёвых бар’ераў. Некаторыя нацыянальныя абмежаванні толькі стрымліваюць развіццё гандлю ў Садружнасці, заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Ці можна рухацца яшчэ хутчэй? Напэўна, можна. Для гэтага трэба што зрабіць? Трэба здымаць бар’еры», — падкрэсліў расійскі лідар.

Па словах Уладзіміра Пуціна, кіраўнікі краін вядуць работу ў практычнай сферы, але вядома, што «часам на нацыянальным узроўні» ўводзяцца абмежаванні. Прэзідэнт Расіі таксама запрасіў калег па СНД на традыцыйны пераднавагодні нефармальны саміт у Санкт-Пецярбургу 21 снежня. «Можам пагаварыць аб усіх бягучых і перспектыўных пытаннях», — сказаў Прэзідэнт Расіі аб парадку дня сустрэчы.

«Нам удалося захаваць падмурак супрацоўніцтва»

Падводзячы вынікі існавання СНД на дадзеным этапе, можна сцвярджаць, што СНД прайшла гэты шлях годна, лічыць Прэзідэнт Туркменістана Сердар Бердымухамедаў. «Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, нам удалося захаваць падмурак супрацоўніцтва, забяспечыць яго раўнапраўны, паважлівы і ўзаемавыгадны характар, — падкрэсліў ён. — Паслядоўна развіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі, назіраецца, асабліва ў апошнія гады, нядрэнная дынаміка сукупнага тавараабароту, пашыраецца змястоўны парадак палітыка-дыпламатычнага ўзаемадзеяння». Сердар Бердымухамедаў перакананы, што фармат СНД зарэкамендаваў сябе зручнай і прымальнай пляцоўкай для дыпламатычных кансультацый па актуальных міжнародных пытаннях. Акрамя таго, багатая і разнастайная палітра гуманітарных сувязяў, якая ахоплівае культуру, навуку, адукацыю, спорт, турызм і іншыя важныя кірункі. Гэта спрыяе ўмацаванню ўзаемаразумення і даверу паміж народамі СНД, істотна дапаўняючы міждзяржаўныя сувязі, дадаў ён. 

«Вырашаць пытанні, якія дадуць адчувальны вынік»

З 1 студзеня 2027 года старшынстваваць у СНД будзе Узбекістан. Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падкрэсліў: «У наступным годзе мы маем намер паставіць у цэнтр увагі пытанні, якія даюць зразумелы і адчувальны вынік». У ліку такіх пытанняў Прэзідэнт Узбекістана пазначыў эканоміку, новыя тэхналогіі, транспарт, бяспеку, адукацыю, навуку і развіццё чалавечага патэнцыялу. Гаворачы аб будучым эканамічным развіцці, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на неабходнасці для краін СНД сумесна працаваць у тых сферах, ад якіх будзе залежаць канкурэнтаздольнасць эканомік у бліжэйшыя гады. Гаворка ідзе аб крытычных мінералах, штучным інтэлекце, рабатызацыі, новых матэрыялах і сучасных энергетычных тэхналогіях. «Гэта тыя кірункі, дзе нам важна не адставаць, ствараючы ўласныя кампетэнцыі, сумесныя праекты», — упэўнены Шаўкат Мірзіёеў.

Яшчэ адзін важны кірунак у прыярытэтах старшынства Узбекістана звязаны з транспартам. «Цэнтральная Азія сёння становіцца ўсё больш важным транспартным вузлом паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Нам неабходна ў поўнай меры выкарыстаць гэтыя магчымасці», — сказаў узбекскі лідар.

«Наша мэта — павелічэнне грузаперавозак»

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў указаў на ўмацаванне пазіцый Азербайджана ў якасці аднаго з транспартных вузлоў рэгіёна, які забяспечвае надзейны транзіт па міжнародных калідорах «Поўнач — Поўдзень» і «Усход — Захад». За першае паўгоддзе 2026 года аб’ём транзітных перавозак праз Азербайджан павялічыўся на 10 %, дасягнуўшы амаль 8 мільёнаў тон грузаў. «Наша мэта ў сярэднетэрміновай перспектыве — павелічэнне грузаперавозак па маршрутах „Усход — Захад“ і „Поўнач — Поўдзень“ праз Азербайджан да 15 мільёнаў тон у кожным напрамку», — падкрэсліў Прэзідэнт Азербайджана.

Ільхам Аліеў таксама адзначыў, што Азербайджан гатовы прыняць старшынства ў СНД у 2028 годзе і арганізаваць пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці восенню таго ж года.


Лідары краін СНД прынялі заяву ў сувязі з 35-годдзем Садружнасці

У дакуменце падводзяцца вынікі дзейнасці арганізацыі, вызначаюцца задачы па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, супрацьдзеянні сучасным выклікам і пагрозам, адаптацыі СНД да новых рэалій у мэтах забеспячэння міру, добрасуседства і прагрэсу на прасторы Садружнасці. Асаблівая ўвага надаецца развіццю гандлю, транспарту, ІКТ, прававых нормаў, навукі, адукацыі, культуры і маладзёжных абменаў. Таксама акцэнтуецца ўвага на значэнні гістарычнай памяці і выяўляецца намер працягваць супрацоўніцтва на аснове прынцыпаў суверэнітэту, раўнапраўя і ўзаемнай павагі.

Узбекістан будзе старшынстваваць у СНД у 2027 годзе

Адпаведнае рашэнне падпісана ў Туркменістане па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў. Старшынства ў органах Садружнасці ажыццяўляецца на працягу аднаго каляндарнага года на аснове прынцыпу штогадовай ратацыі ў парадку рускага алфавіту па назвах краін. Папярэдні і будучы старшыні з’яўляюцца сустаршынямі. Адпаведна сустаршынямі ў 2027 годзе будуць Туркменістан і Азербайджан.

2028 год аб’яўлены Годам сацыяльнага развіцця і якасці жыцця, а 2029-ы — Годам транспартнай звязанасці СНД

Чакаецца, што мерапрыемствы па рэалізацыі тэматычнага Года сацыяльнага развіцця і якасці жыцця будуць накіраваны на ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы ў сацыяльна-працоўнай сферы, абмен вопытам і станоўчымі практыкамі па пытаннях сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, правядзенне міжнародных форумаў па актуальных пытаннях прававой, сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі дзяржаў — удзельніц СНД.

У сваю чаргу Год транспартнай звязанасці СНД акцэнтуе ўвагу на развіцці шляхоў зносін, лагістычных ланцужкоў і транспартных паслуг. Тэматычныя мерапрыемствы будуць накіраваны на кансалідацыю намаганняў па стварэнні ўстойлівых і даступных транспартных і транзітных калідораў для дзяржаў, уключаючы дзяржавы, якія не маюць выхаду да мора.

Краіны СНД дамовіліся разам працаваць над іміджам Садружнасці

У дакуменце прызнаецца важнасць паглыблення супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД у інфармацыйнай сферы ва ўмовах нарастаючай ролі інфармацыйнай і лічбавай прасторы ў фарміраванні грамадскай думкі, міжнароднага іміджу дзяржаў і ўстойлівасці міждзяржаўных адносін; пацвярджаецца прыхільнасць да умацавання ўзаемнага даверу, добрасуседства і павагі суверэнітэту дзяржаў-удзельніц; прадугледжваюцца прыняцце краінамі прэвентыўных мер па абароне іміджу СНД і яе дзяржаў-удзельніц, аказанне ўзаемнага садзейнічання ў фарміраванні пазітыўнага вобраза Садружнасці.

У СНД вырашылі скаардынаваць перапісы насельніцтва

Праект рашэння быў унесены Міждзяржаўным статыстычным камітэтам СНД. У зацверджаным лідарамі краін дакуменце прапануецца правесці чарговыя перапісы насельніцтва ў дзяржавах-удзельніцах СНД у максімальна блізкія да 2030 года тэрміны, прыняць меры па падтрымцы Сусветнай праграмы перапісаў насельніцтва і жыллёвага фонду, узгадніць і зацвердзіць у 2027 годзе пералік сацыяльна-эканамічных і міграцыйных паказчыкаў, які павінен быць уключаны ў праграмы нацыянальных перапісаў насельніцтва раўнда 2030 года для забеспячэння міжкраінавай супастаўнасці асноўных вынікаў перапісаў насельніцтва рэгіёна Садружнасці.

Паводле БелТА і прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю