Амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што першы свой міжнародны візіт ён здзейсніць у Расійскую Федэрацыю. 13 сакавіка Прэзідэнт Беларусі прыбыў з афіцыйным візітам у Маскву. Сустракалі беларускага лідара з урачыстымі атрыбутамі: з ротай ганаровай варты, выкананнем гімнаў... Пасля Аляксандр Лукашэнка падзякуе расійскага калегу за такі пачатак: «Трэба гэта дэманстрацыя для беларусаў, расіян, што мы разам. Што мы з’яўляемся суверэннымі незалежнымі дзяржавамі, але ў той жа час мы — родныя людзі».
У Крамлі прайшлі перагаворы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў у фармаце адзін на адзін, а затым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння. У цэнтры ўвагі таксама была сумесная работа ў інтэграцыйных фарматах. Лідары краін абмяняліся меркаваннямі па пытаннях бягучай міжнароднай сітуацыі.
Па выніках перагавораў быў падпісаны пакет дакументаў.
Узор адносін паміж краінамі
Уладзімір Пуцін падчас размовы ў фармаце «адзін на адзін» павіншаваў беларускага калегу з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі і заўважыў, што краінай для першага візіту стала Расія. «Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вельмі рады вас бачыць. Вельмі прыемна, што вы свой першы візіт пасля перавыбрання ў якасці Прэзідэнта Беларусі вырашылі здзейсніць менавіта ў Расію», — сказаў ён.
Гэта, паводле слоў Уладзіміра Пуціна, і зразумела, таму што паміж Беларуссю і Расіяй даўно склаліся асаблівыя адносіны — саюзніцкія, брацкія ў прамым сэнсе слова. «Мы пастаянна аб гэтым гаворым, але з улікам афіцыйнага характару вашага візіту не лішнім будзе ўспомніць яшчэ раз. У нас гістарычныя сувязі, роднасная сувязь паміж вялікай колькасцю людзей. У нас сёння развіваюцца адносіны такім чынам, што яны маглі б быць прыкладам для адносін паміж многімі іншымі краінамі і ў сферы эканомікі, і ў сферы забеспячэння бяспекі, і нашага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, перш за ўсё на пляцоўках ААН, у ШАС, дзе Беларусь стала паўнапраўным членам арганізацыі, у БРІКС, дзе Беларусь таксама набыла статус партнёра», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то ў гэтай сферы, паводле яго слоў, усё развіваецца найлепшым чынам, нягледзячы на рознага роду складанасці.
Беларуска-расійскі тавараабарот за 2024 год, паводле даных беларускага боку, вырас на 6,3 % і дасягнуў рэкорднага ўзроўню 51,8 млрд долараў.
«Прычым работа ідзе як у звычайным рэжыме, так і на перспектыву. Мы адкрываем новыя кірункі ўзаемадзеяння. З вашай падачы мы пачалі прапрацоўку, і актыўна, пазітыўна ідзе работа, напрыклад у сферы авіябудавання», — заўважыў Уладзімір Пуцін.
Акрамя таго, развіваюцца двухбаковыя адносіны ў сферы культуры, адукацыі, спорту. Сёлета, напрыклад, у Беларусі пройдуць Дні расійскай культуры і Дні расійскага кіно. Больш за 80 суб’ектаў Расіі падтрымліваюць адносіны на рэгіянальным узроўні са сваімі партнёрамі ў рэгіёнах Беларусі. «Увогуле, практычна па ўсіх напрамках ідзе актыўная работа», — абагульніў Прэзідэнт Расіі. Ён таксама звярнуў увагу на дзелавы, насычаны характар візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Расію.
Прэзідэнт Расіі таксама паўтарыў сваё запрашэнне Аляксандру Лукашэнку наведаць парад у Маскве да 80-годдзя Перамогі 9 мая гэтага года. Акрамя таго, ён нагадаў аб запланаваным правядзенні ў Валгаградзе маштабнага форуму, прысвечанага 80-годдзю заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, і запрасіў беларускі бок да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.
«Нашы людзі выдатна разумеюць, дзе нашы сябры»
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб народнай падтрымцы ў Беларусі курсу на супрацоўніцтва з Расіяй, што прадэманстравалі і вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
«Я доўга думаў аб тым, што можна сказаць аб нашых адносінах. Яны сапраўды, як вы сказалі, дасягнулі вельмі высокага ўзроўню. Мы ствараем унікальнае аб’яднанне ў выглядзе Саюзнай дзяржавы, якому няма прыкладаў у гісторыі. Мы ідзём непратаптанай дарогай. Гэта няпроста. Але, як вы сказалі, у нас ёсць добрае люстэрка, дзе мы можам бачыць нашы крокі. А гэта эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны. І з кожным годам (пры ўсіх праблемах — яны былі і будуць) мы прырастаем. Гэта сведчыць аб тым, што мы рухаемся ў нармальным кірунку», — сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб прэзідэнцкіх выбарах, што прайшлі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: у ходзе такіх палітычных кампаній заўсёды так ці інакш стаіць пытанне аб пэўным выбары вектара паміж Усходам і Захадам.
«Нашы выбары — гэта заўсёды адзін бок і другі. Другі бок, як у вядомым фільме гаварылі, разбегся. Частка невялікая збегла на Захад. Але ўсё ж у Беларусі яны ёсць, стаіліся. Дзесьці хтосьці маўчыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён канстатаваў вельмі высокую яўку выбаршчыкаў на мінулых выбарах і працэнт галасоў, які быў аддадзены ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта. «Хоць з усіх бакоў стрымлівальныя фактары былі. Усе нашых людзей прытрымлівалі. У СМІ (апазіцыйных. — „Зв.“) і іншае, каб яны не хадзілі на выбары», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што амаль 87 % выбаршчыкаў прагаласавалі ў яго падтрымку. «А гэта ж было галасаванне: „Мы з Расіяй, усходні наш вектар, тут наша калыска ці недзе там?“ Ну вось адказ. Народ даў адказ. І ў нас гэта пытанне, як галоўнае пытанне, ціха, непублічна, заўсёды стаяла. Гэта асаблівасць нашых выбараў усіх. Таму вы ніколькі не сумнявайцеся. Не толькі я, мае калегі — члены ўрада, дэпутаты — прыхільнікі самых цесных нашых адносін, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы пацвердзілі гэта ў нашай адзінай барацьбе сённяшняй, вастрыём якой з’яўляецца канфлікт ва Украіне. Мы заўсёды прытрымліваліся падобнага курсу. І вельмі важна, што народ прадэманстраваў. Нашы людзі выдатна разумеюць, дзе нашы сябры, а дзе нашы праціўнікі, ворагі і сапернікі».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў калегу за пачатак афіцыйнага візіту. «Патрэбна гэта дэманстрацыя для беларусаў, расіян, што мы разам. Што мы з’яўляемся суверэннымі незалежнымі дзяржавамі, але ў той жа час мы — родныя людзі. Што будзем прасоўваць і ў далейшым», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Паміж намі, я знайшоў на парадак менш праблем, чым праблем, якія існуюць глабальна і нават у нашым рэгіёне. Мы ў гэтым плане паспяхова працуем. Вядома, ёсць пэўныя пытанні. Я думаю, мы іх закранём у больш шырокім складзе, калі спецыялісты будуць. Але мы ведаем гэтыя пытанні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Хацелася б, можа быць, каб мы хутчэй тут рухаліся, але не заўсёды гэта атрымліваецца. І не толькі таму і не столькі гэта залежыць ад нас з вамі. Гэта залежыць і ад знешніх абставін. Мы гэта цудоўна разумеем. Усё, за што мы бяромся, вырашаем грунтоўна. Як, напрыклад, імпартазамяшчэнне, супрацьстаянне гэтым санкцыям. Усе думалі, што мы ўжо рухнем праз год. Але жывыя-здаровыя. Я ўпэўнены, што мы будзем жыць. Нам патрэбна крыху больш часу. І, можа быць, больш настойлівасці. Але нам гэта не пазычаць, у нас гэта ў крыві», — упэўнены беларускі лідар.
Традыцыйна беларускага лідара яшчэ на ўваходзе ў Крэмль чакалі журналісты, разлічваючы задаць яму некалькі пытанняў. І традыцыйна Аляксандр Лукашэнка на іх адказаў.
Аб планах амерыканцаў па канфлікце ва Украіне
«Абсалютна дакладна магу сказаць, што ў амерыканцаў няма ніякага плана па канфлікце ва Украіне. Абсалютна няма. Яны што робяць (можа, так, агульныя рысы, спыніць вайну і іншае) — яны зандзіруюць глебу. Мы аб гэтым сёння пагаворым. Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін. — „Зв.“) мне раскажа, што гаварылі ў Саудаўскай Аравіі і іншае. Яны зандзіруюць глебу: а што гэтыя хочуць? А што гэтыя? На гэтых націснем — можна націснуць. На гэтых не націснеш», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Што, на Расію (можна націснуць. — „Зв.“)? Мы даўно абмяркоўвалі гэту праблему. Што, Дональд прыйдзе і кулаком стукне — усё. Ці санкцыі ўвядуць? Дык ужо ўвялі супраць нас столькі санкцый, што ўжо далей няма куды, — заўважыў беларускі лідар. — Таму націснулі на Украіну, — а ёй што, дзявацца няма куды — 30 дзён, дык 30 дзён. Яны і кажуць, што згодныя на 30 дзён. Расіяне, калі гэтыя 30 дзён (калі будзе ўстаноўлена перамір’е. — „Зв.“), ну ўсё роўна эканоміка будзе працаваць, ВПК будзе працаваць, яны будуць вырабляць узбраенне і іншае. Ну добра, на фронт не павязём, складзіруем гэта ўсё... А ва Украіне руху не павінна быць ніякага. Бо яны ж з-за мяжы перакідваюць узбраенні. Як толькі заўважылі — усё, парушэнне».
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што Украіна можа з гэтым і не пагадзіцца: «Яны думаюць, што мы адмовімся — расіяне адмовяцца ад гэтага. І ў іх будзе гэты козыр, пра які гаварыў Трамп, гэта значыць, тут яшчэ столькі гэтых платоў і хламу, што нам спяшацца не трэба».
Прэзідэнт у гутарцы з журналістамі параіў не весціся на хітрыкі Дональда Трампа: «Таму што ён у гэтых адносінах ваш чалавек — ён медыйны, ён можа заявы рабіць: раніцай адна, вечарам — другая. І лёгка ўвесці нас, вас у зман. Таму мая вам парада: толькі факты! А факты сёння такія, што заўтра-паслязаўтра Курскую вобласць вызваляць наогул». Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што для ўкраінцаў цяпер дрэнна складваецца абстаноўка на фронце, у тым ліку ў раёне Пакроўска.
Аб ваяўнічых заявах еўрапейскіх лідараў
Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў прапанаваны план кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен аб пераўзбраенні Еўропы коштам 800 млрд еўра, а таксама прапанаваны Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам «ядзерны парасон» для саюзнікаў у ЕС.
«Ім бы гэты „парасон“ трэба над Францыяй не страціць. А не тое, што яны гэты „парасон“ над усёй Еўропай будуць трымаць. Гэта па-першае. Па-другое, яны няхай „парасон“ свой паднімуць хаця б над Германіяй. Або, вобразна кажучы, падзеляцца ядзернай зброяй з Германіяй — вечным гістарычным сваім ворагам. Нібыта цяпер замірыліся. Хто яго ведае... У іх прэтэнзій адзін да аднаго — каласальнае мноства. У палякаў з немцамі, ведаеце... Там супярэчнасцяў куча», — сказаў краўнік дзяржавы.
Што датычыцца плана пераўзбраення, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Няхай яны яшчэ дамовяцца аб 800 мільярдах і падумаюць, дзе яны возьмуць гэтыя 800 мільярдаў».
«Ёсць іншы шлях. Абсалютна адкрыты, сумленны, мірны шлях. Да гэтага падштурхоўвае і канфлікт ва Украіне. Хопіць, наваяваліся, давайце ўжо жыць дружна і выбудоўваць нармальную палітыку, — заклікаў беларускі лідар. — А потым, вы ж бачыце, самае галоўнае — народы там (у Еўрасаюзе. — „Зв.“) узняліся. Яны ж прызвычаіліся жыць добра, у тым ліку і за кошт нас, асабліва Расіі: танныя рэсурсы. За кошт гэтага прыбытак добры. Усе прывыклі добра жыць, а тут гэтага няма».
«Таму Урсула, напэўна, ні разу не бачыла не тое што сучасныя сродкі паражэння — ракеты і іншае, — яна пісталета нармальнага не бачыла, а ўжо думае глабальна ў плане ўзбраенняў, стварэння еўрапейскай арміі», — заўважыў Прэзідэнт.
«Ну і Дональд (Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. — „Зв.“) жа вы бачыце, якую пазіцыю заняў. Так і хочацца сказаць: хто ім дасць гэта зрабіць?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб перамір’і ва Украіне
Адказваючы на пытанне, ці не хітрасць — прапанова з боку ЗША аб 30-дзённым перамір’і ва Украіне, Прэзідэнт сказаў: «Не, яны нас ужо не зловяць. І Расію тым больш. Увесь час жа хітрыкі ды хітрыкі. То падманулі, то яшчэ што. Час ужо нам галавой думаць. Сёння-заўтра Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін. — „Зв.“) будзе размаўляць з прадстаўнікамі Трампа на гэту тэму. Там жа куча пытанняў, акрамя 30-дзённага перыяду. Гэта трэба ў цэлым, пакетам узважваць і прымаць рашэнне, якое адпавядае. Не, гэта не хітрасць і не будзе хітрасцю. Не будзе, бо мы ведаем, што нам трэба. Яны ведаюць, чаго мы хочам. Таму хітрасцю не будзе. Потым, каб гэта не было хітрасцю, трэба з іншага боку абстаўляцца нармальна. Калі гэта перамір’е, значыць, усё замерла і ніякага руху. Але на гэта, хутчэй за ўсё, украінцы не пагодзяцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аб тым, што трэба, каб перагаворы пачаліся
«Калі шчыра, трэба, каб расіяне пагадзіліся. Ім складана цяпер пагадзіцца з-за таго, што на фронце ў іх лягчэй. Таму ў іх вялікія козыры, як Трамп казаў, у руках».
«Вось калі яны гэтыя козыры зберагуць, а не дастануць і не пачнуць у гэтай картачнай гульні выйграваць, тады дамовімся», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аб «Арэшніку» ў Беларусі
«Яшчэ няма „Арэшніка“. Працуем. Але калі я паглыбіўся ў гэту праблему (Уладзімір Уладзіміравіч мяне паглыбіў), аказалася, што, акрамя ракеты, гэта ўсё трэба вырабляць. І мы гэта робім у Беларусі. Таму мы працуем над гэтым. Некалькі пускавых установак, якія для „Арэшніка“ прызначаны, — мы сёння ўжо фактычна заканчваем выраб. Ад старэйшага брата (Расіі. — „Зв.“) ракета патрэбна будзе», — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэс-канферэнцыя
Па выніках перагавораў Прэзідэнты сустрэліся з журналістамі, расказалі, аб чым дамовіліся, і адказалі на пытанні.
«Патрэбны тэхналагічны прарыў»
Перагаворы са сваім расійскім калегам Аляксандр Лукашэнка назваў насычанымі і прадукцыйнымі. Але, па яго словах, у чацвер прайшла толькі трэць перагавораў, яны працягнуцца і ў найбліжэйшыя дні, для таго каб не толькі «ўтрэсці міждзяржаўныя адносіны, але і падумаць аб перспектывах». Па словах беларускага лідара, перспектывы трэба вызначыць. «Час ідзе хутка і паставіў перад намі нямала пытанняў.
Мы дамовімся і вызначым найлепшыя перспектывы нашага супрацоўніцтва», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што на перагаворах былі яшчэ раз разгледжаны асноўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, прыярытэты Саюзнай дзяржавы на найбліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, Прэзідэнты абмяняліся думкамі і аб бягучай міжнароднай сітуацыі — у глабальным і рэгіянальным разрэзе. Лідары пацвердзілі актуальнасць падпісаных у снежні мінулага года Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы і Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння ў рамках ЕАЭС, дзе Беларусь старшынствуе сёлета, СНД, АДКБ, ШАС, БРІКС у духу канцэпцыі Вялікага Еўразійскага партнёрства, ці інтэграцыі інтэграцый. «Я, Уладзімір Уладзіміравіч, вельмі вам удзячны за ўсё, што вы зрабілі, усё, што абяцалі і не абяцалі для ўступлення нашай краіны ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. І практычна ў БРІКС, — так, мы партнёры, але мы маем магчымасць на гэтай пляцоўцы жыць і працаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас перагавораў гаварылі і пра перспектывы вяртання да нармальнага, цывілізаванага дыялогу на міжнародных пляцоўках па шэрагу актуальных тэм глабальнага характару, расказаў беларускі лідар. Па яго словах, не абышлі ўвагай і новую сітуацыю ў пытанні ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. «Уладзіміру Уладзіміравічу яшчэ сёння і заўтра прыйдзецца шчыльна працаваць па гэтым пытанні. Мы таксама абмяркуем перспектывы, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Нам на нешта вялікае разлічваць не трэба ў гэтай сітуацыі. Трэба верыць фактам. Факт абмяркоўваем, прымаем ці не прымаем. А рознага роду заявы і абяцанні — гэта пакуль заявы і абяцанні». Разам з тым, па словах Аляксандра Лукашэнкі, бачныя і некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў геапалітычных раскладах, але пакуль яны не сталі глабальнымі трэндамі.
«Выпрабаванні прымусілі нас задумацца»
«Незаконныя эканамічныя санкцыі шэрагу дзяржаў нікуды не зніклі. У нечым яны нам дапамаглі. Мы таксама сышліся ў гэтым з Уладзімірам Уладзіміравічам. Ціск на Беларусь і Расію не слабее. Хоць ужо ўсім зразумела, што гэтыя абмежаванні больш б’юць па тых краінах, якія іх і ўвялі. І нам далі магчымасць сур’ёзна падумаць аб перспектывах нашага развіцця. І пераканалі нас у тым, што праз пэўны час мы пераадолеем гэты ціск поўнасцю, — заявіў беларускі лідар. — З іншага боку, калі б не было гэтых выпрабаванняў, іх трэба было б прыдумаць. Яны прымусілі нас задумацца аб самадастатковасці, важнасці апоры на ўласныя сілы, харчовай бяспецы і тэхналагічным суверэнітэце». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што многія пытанні тры гады здаваліся нам непераадольнымі, напрыклад у мікраэлектроніцы. Пасля ўвядзення санкцый было шмат хваляванняў, як тэхніка будзе працаваць без замежных чыпаў. Але праблема была вырашана. «Аказваецца, у нас з вамі былі рэзервы, якія мы недаацэньвалі. І мы іх выявілі, знайшлі і развіваем», — заўважыў Прэзідэнт.
Беларускі бок вельмі цэніць падтрымку расійскіх калег, якія адкрылі нам доступ да свайго велізарнага рынку, дапамаглі пераарыентаваць лагістыку таварных патокаў. Тое, што калісьці прадавалася праз парты Літвы ці Латвіі, сёння прадаецца праз расійскія парты. Беларусы поўнасцю пераарыентаваліся. «Сёння работа ў гэтым кірунку працягваецца. Патэнцыял у транспартнай сферы ў нас вялікі. Прыйшоў час сур’ёзна падумаць над больш эфектыўным яго выкарыстаннем. Найперш магчымасці чыгуначнага транспарту. У нас мільёны тон грузаў, якія мы можам грузіць, найперш у Піцеры. Але, як аказалася, чыгунка ў нейкай ступені не вытрымлівае гэтага патоку. Нам не хацелася б (хаця прыходзіцца) сыходзіць у іншыя парты, хаця і з вялікімі затратамі. Мы над гэтым пачалі працаваць. І, думаю, мы гэта рэалізуем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за абяцанне пабудаваць высакахуткасную чыгунку ад Масквы да Мінска. І нагадаў, што першапачаткова абмяркоўвалася будаўніцтва такой дарогі да Брэста.
«Можам усё»
Прэзідэнт адзначыў шчыльнае ўзаемадзеянне па імпартазамяшчэнні. Беларускія кампаненты і вузлы працуюць у аўтамабілях і самалётах, што збіраюцца ў Расіі, нашы грузавікі і самазвалы паспяхова замянілі заходнія аналагі ў кар’ерах і на вуліцах гарадоў. Беларускія прадукты харчавання, абутак, адзенне добра вядомыя пакупнікам як у Смаленску, так і Сахаліне. «Будзем рады дапамагчы і ў рэалізацыі новых амбіцыйных нацыянальных праектаў», — сказаў беларускі лідар. У прыклад ён прывёў вытворчасць беспілотнікаў, якія нядаўна былі прадстаўлены ў Беларусі. Падчас наведвання выстаўкі Прэзідэнтам была дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы. «Значыць, можам усё. І для гэтага трэба няшмат часу», — заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што са сваім расійскім калегам яны думаюць ужо не толькі аб аднаўленчым росце і імпартазамяшчэнні, але і аб апераджальным развіцці. Штосьці па асобных кірунках ужо пачалі рабіць. «Беларусі і Расіі патрэбны тэхналагічны прарыў у імя будучыні нашых краін і народаў. Усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць. Нават больш, чым трэба. Трэба крыху часу, — перакананы беларускі лідар. — Кірункі руху таксама вядомыя: штучны інтэлект, квантавыя і біятэхналогіі, мікраэлектроніка, робататэхніка, новыя матэрыялы, тэрмаядзерны сінтэз, вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў і многае іншае. Што мы не можам рабіць? Мы ўжо гэта робім. Можа, не ў тым аб’ёме, што трэба. Але ўмеем і можам рабіць».
Таксама паспяхова развіваецца беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сацыяльнай і гуманітарнай сферах. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, істотным крокам наперад стане падпісанне пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб роўных правах грамадзян ад 1998 года. «Гэта дасць магчымасць беларускім грамадзянам выбіраць і быць выбранымі ў мясцовыя органы ўлады. Расіяне ў нас гэтым правам ужо карыстаюцца», — удакладніў ён.
«Мы чужога не хочам. І свайго не аддадзім»
У Беларусі і Расіі шмат сумесных планаў і праектаў на 2025 год. Зразумела, найважнейшы з іх — гэта святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі над фашызмам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за тое, што Расія ідзе ў авангардзе адстойвання памяці аб той вайне і Вялікай Перамозе. «Для нас, беларусаў, вялікі гонар — узяць удзел у юбілейным Парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 9 мая 2025 года. Мы памятаем і шануем гераічны подзвіг савецкага народа, нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Галоўнае сёння — быць вартымі іх памяці, не дапусціць рэабілітацыі нацызму і перапісвання гісторыі», — сказаў ён.
«Дзякуючы паслядоўнай, узважанай і адказнай знешняй палітыцы Беларусь і Расія сёння знаходзяцца ў авангардзе барацьбы за справядлівае светаўладкаванне. І не першы год мы гэта робім, — заявіў Прэзідэнт. — Нашы краіны могуць і павінны выступаць арыенцірам для партнёраў у вырашэнні складаных праблем сучаснасці, захаванні і абароне агульных каштоўнасцяў, узаемадапамогі ў рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў на прынцыпах раўнапраўя і павагі».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з Прэзідэнтам Расіі яны дамовіліся пераадолець усё. «Мы нічога чужога не хочам. Але дакладна дамовіліся: свайго не аддадзім. На гэтым цвёрда стаялі і будзем стаяць», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Уладзімір Пуцін заўважыў, што гэта першы замежны візіт Аляксандра Лукашэнкі пасля перавыбрання на пасаду Прэзідэнта Беларусі. «Мы такі крок высока ацэньваем. Тым самым падкрэсліваецца асаблівы характар адносін паміж дзвюма нашымі брацкімі краінамі», — сказаў ён. Па словах расійскага лідара, нашы краіны не толькі найбліжэйшыя суседзі, але і надзейныя саюзнікі — сапраўдныя стратэгічныя саюзнікі і сапраўдныя сябры.
«У аснове нашага супрацоўніцтва ляжаць непарушныя прынцыпы ўзаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго, а таксама шматвяковая сумесная гісторыя, роднасная сувязь, якая склалася паміж многімі расіянамі і беларусамі, прыхільнасць да агульных маральных і духоўных каштоўнасцяў», — сказаў Уладзімір Пуцін.
«Мы намераны выкарыстоўваць толькі тое, што нам патрэбна»
Пытанні ад беларускіх і расійскіх журналістаў былі прысвечаны самым актуальным тэмам. У прыватнасці, прадстаўнікі СМІ пацікавіліся, ці паўплывае нармалізацыя адносін паміж Вашынгтонам і Масквой на супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, на ўмацаванне тэхналагічнага супрацоўніцтва.
Уладзімір Пуцін заўважыў, што заходнія партнёры зрабілі добрую «прышчэпку» ў пытаннях самастойнасці і суверэнітэту. Таму, па яго словах, усе саюзныя праграмы, звязаныя з умацаваннем тэхналагічнага суверэнітэту, будуць працягнуты. Па словах Прэзідэнта Расіі, дзверы для замежных кампаній, якія захочуць вярнуцца на рынак, не зачынены. Але ім прыйдзецца мірыцца з тым, што некаторыя нішы могуць быць заняты айчыннымі вытворцамі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў ваенны тэзіс свайго расійскага калегі аб тым, што Расія гатова вярнуцца да перагавораў з Украінай з улікам абстаноўкі на зямлі. І прапанаваў перанесці яго на «грамадзянскае поле» — заходнія кампаніі вяртаюцца, але з часам змянілася сітуацыя, змяніліся ўмовы — і яны павінны гэта ўлічваць. «Я мяркую, што мы ўжо будзем глядзець: „Вы хочаце гэтага? Добра, прыходзьце, вы нам тут патрэбныя. Калі не — значыць, не“. Сітуацыя змянілася, мяч на нашым баку, і мы ведаем, чым адказаць. Трэба разумець, што за гэтыя тры гады мы пад жорсткім прэсам, а прэс заўсёды садзейнічае мабілізацыі. Мабілізаваўшыся, шмат чаго зрабілі. Таму мы намераны ісці сваім шляхам і выкарыстоўваць толькі тое, што нам патрэбна», — растлумачыў беларускі лідар.
«У нас адзіная пазіцыя»
Не абышлося і без самай вострай тэмы — заканчэння канфлікту ва Украіне. Журналісты пацікавіліся, ці каардынуюць Мінск і Масква свае пазіцыі па мірным працэсе. Уладзімір Пуцін адказаў: расійскі бок згодны з прапановамі спыніць баявыя дзеянні. «Але зыходзім з таго, што гэта спыненне павінна быць такім, якое прывяло б да доўгатэрміновага міру і ліквідавала б першапачатковыя прычыны гэтага крызісу», —адзначыў ён.
Пазіцыя беларускага боку, не раз агучаная публічна Прэзідэнтам Беларусі, — неабходна дамаўляцца аб міры — нязменная. І ён паўтарыў яе яшчэ раз. «У нас адзіная пазіцыя з Расійскай Федэрацыяй. Была даўно і ёсць цяпер. Усе дамоўленасці, якія ў тым ліку датычацца канфлікту ва Украіне, мы свята выконвалі перад нашымі саюзнікамі і сябрамі. Мы гэтай пазіцыі будзем прытрымлівацца і цяпер», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, не Расія і не Беларусь былі асноўнымі прычынамі таго, што адбываецца ва Украіне. Ён нагадаў пра перагаворы ў Беларусі, якія праводзіліся літаральна ў першыя дні вайны. І ўжо тады гучалі заклікі вырашыць канфлікт мірным шляхам. Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што казаў аб гэтым і Уладзіміру Зяленскаму. «Я яму тады сказаў: „Запомні, гэта класіка гісторыі, заўтра ў Амерыцы зменіцца кіраўніцтва, і дзе будзеш ты?“. І як у ваду глядзеў, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Украінцам трэба было даўно спыніць усякі агонь і сесці за стол перагавораў». Беларускі лідар нагадаў, што карані канфлікту ідуць яшчэ з часоў папярэдняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, які не здолеў ці не захацеў вырашыць усе праблемныя пытанні, спыніць канфлікт на Данбасе.
«Калі расіяне дамовяцца з ЗША — труба Еўропе і Украіне, разам узятым. У перагаворным працэсе Расіі і ЗША, у іх руках сёння знаходзіцца лёс Еўропы, якая павяла сябе і паводзіць сябе недальнабачна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што абвесці вакол пальца Беларусь і Расію не атрымаецца. «Мы ведаем свае мэты, свае інтарэсы. І ў гэтай сітуацыі, калі аб Зяленскага ногі выцерлі ў Белым доме і ўсюды, яму бы раскінуць мазгамі, сесці і дамовіцца. Ніхто Украіне дапамагаць не будзе», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, кіраўніцтва Украіны, калі не гэта, дык наступнае, яшчэ вернецца да Беларусі і Расіі і будзе абапірацца на ўнутраныя сілы. «Каму хочацца, каб мы ваявалі адзін супраць аднаго? Мы гэта разумеем, другі бок — не. Таму няхай думаюць», — падсумаваў беларускі лідар.
«Не ўлічваць інтарэсы беларусі для нас шкодна»
Адказваючы на пытанне аб уліку інтарэсаў Беларусі пры перагаворах па ўрэгуляванні канфлікту на Украіне, Уладзімір Пуцін пракаментаваў яго наступным чынам:
«Інтарэсы Рэспублікі Беларусь пры нашых узаемаадносінах з кім бы там ні было (з нашымі партнёрамі за акіянам, з найбліжэйшымі нашымі саюзнікамі, суседзямі) улічваюцца заўсёды. Мы ў рамках адзінай Саюзнай дзяржавы зыходзім з таго, што ў нас агульная канцэпцыя знешняй палітычнай дзейнасці».
Расійскі лідар прывёў у прыклад цеснае ўзаемадзеянне на ўсіх міжнародных пляцоўках:
«Мы працуем цесна ў рамках ЕАЭС, у нас вельмі глыбокая кааперацыя ў сферы эканомікі, рэальнай вытворчасці. Таму не ўлічваць узаемныя інтарэсы мы проста не можам. Ды і жадання такога няма. Таму што любы наш крок на любым з гэтых кірункаў так ці інакш адбіваецца і на нас, і на Беларусі. Улічваць інтарэсы Беларусі цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам Расійскай Федэрацыі».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў:
«Гэта пытанне з’явілася з падачы нашых „збеглых“ за мяжой і іх замежных спонсараў, што Расія з Амерыкай дамовіцца, а Лукашэнку туды не пусцяць і інтарэсы Беларусі не будуць улічаны. Прыкладна такі кантэкст».
Кіраўнік дзяржавы адказаў завочным апанентам:
«Па-першае, я асабліва не рвуся нікуды. Па-другое, там будзе блізкі нам чалавек — наш партнёр — Расійская Федэрацыя, і яна ведае нашы інтарэсы і ні ў якім разе нікому не саступіць і не адступіцца ад нашых інтарэсаў. Таму, калі хтосьці спадзяецца, што перагаворы па Украіне, Расіі і ЗША ці Расіі і Захаду нанясуць нейкую шкоду суседняй Беларусі (у сувязі — „Зв.“) з гэтым канфліктам, абсалютна гэта не так».
Уладзімір Пуцін са свайго боку рэзюмаваў адказ:
«Дадаць няма чаго. Таму што не ўлічваць інтарэсы Беларусі для нас шкодна».
«Я задаволены ходам»
Прагучала і пытанне аб ходзе інтэграцыі і аб рэалізацыі 28 саюзных праграм.
Адказваючы на яго, Уладзімір Пуцін растлумачыў:
«Усе 28 праграм, якія былі намечаны, выкананы на 100 %. Тое, што мы планавалі на 2024–2026 гады, выканана больш чым на 26 %. Я асабіста задаволены тым, як ідзе гэта работа. Урад працуе вельмі напружана, інтэнсіўна і рэзультатыўна. Час ад часу нам з Аляксандрам Рыгоравічам даводзіцца браць нейкі ўдзел, каб узгадніць няўзгодненасці паміж рознымі ведамствамі. Але гэта адбываецца ўсё ў рабочым парадку».
Прэзідэнт Беларусі ў сваю чаргу канстатаваў:
«Я асабіста задаволены тым, як ідзе гэта работа. Дадаць нічога не магу».
Ён падзяліўся, што першапачаткова перажываў:
«На нас нагрузка таксама была прыстойная. Але мы дакладна дамовіліся: што ўрады не змогуць выпрацаваць на сваім узроўні — выносіць на наш узровень для ўзгаднення. Сёння было два-тры такія пытанні падчас перагавораў. Мы ўзгаднілі іх, урады працуюць, сумесныя групы і нашы пасольствы. Таму я задаволены гэтым ходам».
Фота: БелТА