Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Усе людзі ў пагонах здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць

У бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўручэння генеральскіх пагон і дзяржаўных узнагарод, паведамляе БелТА.


«Сітуацыя няпростая. Вы гэта адчуваеце. Я — тым больш, атрымліваючы шырокую інфармацыю аб сітуацыі вакол нашай краіны. Гэтым прадыктавана і маё жорсткае патрабаванне да павышэння бяспекі і абароны нашай Радзімы, — сказаў Прэзідэнт. — Я хачу, каб вы разумелі, што ў бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас дастаткова для гэтага сіл і сродкаў. Прашу гэта ўспрымаць як належнае».

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што бачыць сітуацыю, якая складваецца ў ходзе ваенных дзеянняў побач з Беларуссю, ведае ўсе недахопы. «Я не хачу, каб гэтыя недахопы былі ўласцівыя нашай арміі. Асаблівае стаўленне і патрабаванне — да афіцэраў», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Я зямны чалавек, які нямала праслужыў у войску, і разумею: у нас людзі розныя, новае пакаленне — ведаеце, якое яно. І ведаеце добра якасць тых людзей, якія прыходзяць ва Узброеныя Сілы. Так будзе і на вайне. Так ёсць на тым фронце побач з намі. Людзі вельмі розныя, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але той, хто ўмее, хто фізічна моцны (пра гэта нас папярэджвалі тыя, хто ваяваў ва Украіне), — яны будуць жыць. Той, хто шалтай-балтай, у тым ліку і афіцэры, — яны загінуць у найбліжэйшыя гадзіны. Таму фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, — галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю