У Мінску трэба стварыць нармальныя ўмовы для жыхароў і не перанасяляць горад. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас размовы з работнікамі ААТ «Планар», перадае БелТА.
«У цэнтры Мінска мы вытворчасці будаваць не будзем. Будзем выкарыстоўваць гэтыя плошчы, калі яны нам патрэбныя. Усё астатняе будзем выносіць за кальцавую дарогу. У Мінску людзі павінны жыць, з дзеткамі па вуліцах хадзіць. А вытворчасці — туды, за кальцавую дарогу. Таму мы будуем метро рознымі сегментамі. Будзем і далей развіваць, каб людзі маглі за 10-15 хвілін на работу прыехаць і з’ехаць. Каб было зручна. Мы гэта ўжо робім і гэта зробім, — сказаў Прэзідэнт. — Таму калі Мінск здольны вырабляць тое, што вы робіце на „Планары“, „Інтэграле“, матацыклы, веласіпеды... Мы гэта будзем рабіць. Але 2 млн чалавек (у горадзе. — Заўв. БелТА). Мы брудныя вытворчасці нават за кальцавой дарогай будаваць не можам. Мы не павінны гэта рабіць. Трэба стварыць нармальныя ўмовы для мінчан, але не перанасяляць Мінск».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што жыллёвае будаўніцтва зараз арыентуюць на вялікую прывязку да канкрэтных вытворчасцяў: «Калі ёсць вытворчасць — будуем. Мы навучыліся хутка будаваць. Вось вытворчасць, вось дом — 100 кватэр — арэнднае жыллё. Наймай людзей, хай працуюць. 20-30 гадоў адпрацаваў, хочаш купіць гэта жыллё — выкупляй, за капейкі ўжо. У гэтым кірунку будзем рухацца. Камусьці, можа, гэта не падабаецца. А што не падабаецца? Хочаце свой дом пабудаваць або кватэру — будуйце, мы не забараняем».