Дзяржсакратар Савета Бяспекі — аб новых падрабязнасцях праверкі гатоўнасці ва Узброеных Сілах
Па даручэнні Галоўнакамандуючага ў рамках маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі працягваецца праверка аднаго з механізаваных злучэнняў — 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Першачарговая мэта праверкі — убачыць рэальны стан войск, праверыць здольнасць раптоўна мабілізавацца і выканаць задачы, якія аператыўна паступаюць. У выніку — ацаніць дзеянні вайскоўцаў, у тым ліку як яны будуць дзейнічаць у выпадку ваеннага канфлікту. Невыпадкова мерапрыемствы маюць раптоўны характар.
«Міністр абароны ніяк не можа паўплываць на ход праверкі»
«Выпрацавана новая сістэма, у ходзе якой Прэзідэнт непасрэдна, мінуючы Міністэрства абароны і міністра абароны, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці», — акцэнтаваў увагу на асаблівасцях сёлетняй праверкі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. Аляксандр Вальфовіч удакладніў, што праз яго было ўручана распараджэнне Галоўнакамандуючага камандзіру механізаванай брыгады на прывядзенне воінскай часці ў баявую гатоўнасць.

«Праверка Узброеных Сіл будзе праходзіць у гэтых сур'ёзных умовах да вясны».
Аляксандр лукашэнка а нарадзе па пытаннях стварэння адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных напрамкаў, 26 студзеня 2026 года
Сістэма выбудавана наступным чынам: Прэзідэнт падпісвае распараджэнне пад грыфам «сакрэтна», у якім указана задума маючай адбыцца праверкі. Дзяржсакратар Савета Бяспекі атрымлівае закрыты пакет з дакументам, пасля чаго выязджае з супрацоўнікамі Дзяржаўнага сакратарыята ў вызначаную кіраўніком дзяржавы воінскую часць.
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі аператыўна дакладвае Прэзідэнту аб ходзе і выніках праверкі, пасля чаго праводзіцца дэталёвы аналіз.
«Галоўнакамандуючы кожны дзень трымае на асабістым кантролі парадак правядзення гэтай праверкі, заслухоўвае дзяржаўнага сакратара аб асаблівасцях, аб тым, як асабовы склад спраўляецца з атрыманымі задачамі, дае адпаведныя ўказанні, — адзначыў сёння ў размове з журналістамі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. — Таму міністр абароны ніяк не можа паўплываць на ход праверкі. Натуральна, адсочвае дадзеныя мерапрыемствы. У гэтым і асаблівасць».

Дзяржсакратар падкрэсліў, што Прэзідэнт на самым жорсткім кантролі трымае ход праверкі. «Ваенна-палітычная абстаноўка і ўсё, што складваецца сёння ў свеце, сапраўды прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да баявой гатоўнасці злучэнняў воінскіх часцей, да іх пастаяннай гатоўнасці і здольнасці выканаць адпаведныя задачы па абароне Рэспублікі Беларусь», — патлумачыў Аляксандр Вальфовіч.

«Гвардзейцы гэтага злучэння паспяхова выконваюць пастаўленыя задачы»
Гаворачы аб папярэдніх выніках праверкі, Дзяржаўны сакратар адзначыў, што падраздзяленні механізаванага батальёна справіліся з пастаўленай задачай.
«Ва ўстаноўленыя тэрміны здзейснілі марш ва ўказаны раён знаходжання, цяпер займаюцца размяшчэннем у гэтым раёне і падрыхтоўкай тэхнікі, узбраення да стральбы са штатнай зброі, — канкрэтызаваў ён. — Астатнія падраздзяленні ва ўстаноўленыя тэрміны прыведзены ў адпаведныя ступені баявой гатоўнасці. Праходзяць агляды гатоўнасці. У прыватнасці, з разведвальнымі, танкавымі і іншымі падраздзяленнямі, якія, у адпаведнасці з распараджэннем, прыведзены ў баявую гатоўнасць. Тэрміны вытрыманы. Асабовы склад загрузку матэрыяльных сродкаў ажыццявіў ва ўстаноўленыя тэрміны. Тэхніка выведзена, прыведзена таксама ў баявую гатоўнасць. Ажыццяўляецца праверка стану ўзбраення, ваеннай тэхнікі на прадмет выканання далейшых задач».
Дзяржсакратар звярнуў увагу на тое, што на ход праверкі пэўны адбітак накладваюць і зімовыя ўмовы, марознае надвор’е. Аднак, па яго словах, на асабовы склад гэта дзейнічае бадзёра.

«Гвардзейцы гэтага злучэння паспяхова выконваюць пастаўленыя задачы, — канстатаваў Аляксандр Вальфовіч. — Наперадзе ў нас яшчэ правядзенне кантрольных заняткаў па фізічнай, агнявой падрыхтоўцы. Больш падрабязны аналіз мы правядзём да завяршэння праверкі, аб чым будзе даложана Галоўнакамандуючаму».
Ëн падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы практычна ў анлайн-рэжыме адсочвае праверку. «Кожны член камісіі (і ім дадзена такое права) можа выйсці на Прэзідэнта, — удакладніў Аляксандр Вальфовіч. — Пакуль у гэтым неабходнасці няма. Пакуль толькі я як дзяржсакратар штодзённа дакладваю Прэзідэнту аб ходзе гэтай праверкі».
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што тэмпы і аб’ёмы праверкі будуць нарошчвацца. «Наперадзе вельмі шмат розных мерапрыемстваў аператыўна-тактычнай скіраванасці», — праінфармаваў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА