У Палацы Незалежнасці — кадравы дзень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных місій і мясцовых органаў улады. Сваю работу на новых пасадах яны пачнуць з тых асноўных задач і патрабаванняў, якія па традыцыі агучыў кіраўнік дзяржавы. Глабальна нічога новага і невядомага не прагучала, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз актуалізаваў тыя пытанні, на якія варта звярнуць самую пільную ўвагу, і нагадаў, што кожны на сваім месцы павінен працаваць адказна і сумленна.
«Улады больш, і адказнасць большая»
Дзмітрый Матусевіч прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, да гэтага ён узначальваў Дзяржаўны камітэт па маёмасці. «Тут работа не цяжэйшая, чым цяперашняя твая. Але гарачая патэльня, як я гавару. Усё няпроста. Не цяжэйшая работа, але ўлады больш і адказнасць большая», — папярэдзіў Прэзідэнт Дзмітрыя Матусевіча.
Расказваючы журналістам аб задачах, якія прыйдзецца вырашаць на новай пасадзе, Дзмітрый Матусевіч на першае месца паставіў выкананне перадвыбарнай праграмы Прэзідэнта. Таксама ўвага будзе засяроджана на канцэпцыі новай пяцігодкі. Ён расказаў, што даручана прынцыпова разглядаць усе дакументы, якія будуць уносіцца Прэзідэнту. Яшчэ адзін важны аспект — кадры. Новаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта даручана ўнесці прапановы па кандыдатуры новага кіраўніка Дзяржкамітэта па маёмасці. «Для мяне задачы ў цэлым зразумелыя. Будзем рэалізоўваць даручэнні, адстойваць прынцыповую пазіцыю эканамічнага блока», — адзначыў Дзмітрый Матусевіч.
«Трэба, каб банкаўская сістэма была кіраванай»
Аляксандр Ягораў з пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прызначаны на пасаду першага намесніка Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка. Звяртаючыся да Аляксандра Ягорава, Прэзідэнт звярнуў увагу на адзіны аспект, які яго насцярожвае: «Каб галава не закружылася ад такой кар’еры». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што на новай пасадзе Аляксандра Ягорава трэба загрузіць напоўніцу, і нават неўласцівымі для Нацыянальнага банка пытаннямі. Як чалавека, які прайшоў няхай хутка, але прыстойныя ўзроўні. «На ім шмат персанальных праектаў, якія ён павінен давесці да канца, нягледзячы на пасаду», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. На што кіраўнік дзяржавы параіў падкінуць яму яшчэ пару праектаў. Аляксандр Ягораў на гэта заўважыў, што будзе толькі рады.
Прэзідэнт папярэдзіў, што плануе сустрэцца з калектывам Нацбанка, начальнікамі асноўных упраўленняў, як толькі новае кіраўніцтва будзе гатова да гэтага. «Каб яны разумелі, што гэта не вы там прыйшлі і пачынаеце варушыць цэнтральны банк. Натуральна, давядзецца варушыць трошкі іх», — патлумачыў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цяжкія часы ў Нацбанку не схібілі: «Як бы там ні было, хто што думае — не думае, але яны шмат зрабілі для краіны. Таму я і кажу: вам і Калаура (экс-старшыню праўлення Нацбанка. — „Зв.“) не трэба страціць. Трэба, каб ён заўжды пад рукой быў. Прымеце вы яго парады або не, але ён свой пункт гледжання выкажа. Ён добры банкір. Час жа прыходзіць — усё роўна трэба, каб новае пакаленне — я ж гаварыў аб гэтым — прыходзіла да кіравання краінай», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Галоўнай задачай для кіраўніцтва Нацбанка Аляксандр Лукашэнка назваў парадак у банкаўскай сістэме. І Прэзідэнт звярнуў увагу, што кіраўніцтва Нацбанка павінна мець сур’ёзны ўплыў на камерцыйныя банкі, якія, па яго словах, павінны працаваць дакладна, у адпаведнасці з заканадаўствам. «Не павінна быць так, што ніхто нікому не падпарадкаваны, што ніхто ні перад кім не нясе ніякіх абавязацельстваў. Трэба, каб сістэма была кіраванай».
«Некаторыя тут пачалі вякаць: ну, прыйшлі тут Галоўчанка з Ягоравым — яны тут зараз станок уключаць. Ды ў іх няма станка. Станок у мяне стаіць за кабінетам, ён ужо заржавеў», — з гумарам заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што Беларусь не тая краіна, каб сёння ўключыць станок і пачаць друкаваць грошы, гэта заўтра момантам выльецца ў інфляцыю. «І ніхто не збіраецца ўключаць ніякія станкі, бо ў нас сітуацыя не тая, каб уключаць. У краіне сітуацыя больш-менш нармальная», — заўважыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць залежнасць ад сітуацыі на рынках. Але ўсё ж у краіне навучыліся трымаць баланс. «Таму, ну, зразумела, хочуць узрушыць насельніцтва, што вось заўтра пойдзе інфляцыя, мы тут пачнём абясцэньваць нашу нацыянальную валюту і гэтак далей... Мы самагубствам займацца не збіраемся», — канстатаваў Прэзідэнт.
У размове з журналістамі Аляксандр Ягораў падкрэсліў, што ўсе банкі, у тым ліку і камерцыйныя, павінны працаваць разам з агульнай мэтай — дзеля якаснага эканамічнага росту. «Банкаўская сістэма павінна быць нацэлена на асноўныя задачы. Першая — інвестыцыйнае крэдытаванне, крэдытаванне праектаў, якія дадуць высокую дабаўленую вартасць. Другая задача — падтрымка тавараў, падтрымка экспарту, абаротнае крэдытаванне, якое будзе дазваляць пашыраць вытворчасць і садзейнічаць нашаму эканамічнаму росту. І трэці кірунак — спажывецкае крэдытаванне, якое найперш павінна ісці на пакупку беларускіх тавараў і стымуляванне ўнутранага попыту», — адзначыў Аляксандр Ягораў. Ён таксама падкрэсліў, што першачарговую задачу па стрымліванні інфляцыі для Нацыянальнага банка ніхто не здымаў. «Нізкі ўзровень цэн з’яўляецца адным з ключавых крытэрыяў росту дабрабыту насельніцтва. Мы не можам дапусціць скатвання ў нейкую інфляцыйную спіраль. Таму ўсе дзеянні Нацыянальнага банка будуць накіраваныя на падтрымку цэнавай і фінансавай стабільнасці», — расказаў Аляксандр Ягораў.
Не канкурыраваць, а дамаўляцца
Генеральны дырэктар ААТ «Гродзенскі шклозавод» Дзяніс Юрчанка ўзначаліў РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская шкляная кампанія». Холдынг «Беларуская шкляная кампанія» ўтвораны ў 2020 годзе і ўключае ў сябе ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы галіны: «Гомельшкло», шклозавод «Нёман», «Белдмедшкло» і Гродзенскі шклозавод. Па словах Дзяніса Юрчанкі, вынік работы Беларускай шкляной кампаніі паказвае, што рашэнне аб аб’яднанні галіновых прадпрыемстваў было правільным як для вырашэння асноўных праблем, так і для далейшага развіцця шкляной галіны ў Рэспубліцы Беларусь.
У склад холдынга ўваходзяць дзяржаўныя прадпрыемствы. Два прыватныя заводы працуюць самастойна. «То-бок, вы не ў інтарэсах гэтых прыватных прадпрыемстваў працуеце?» — удакладніў Прэзідэнт. «Мы не сапернічаем, мы ў нейкай ступені ўзаемадзейнічаем. У нас няма перашкод, няма рознагалоссяў, але яны пакуль трымаюцца адасоблена, як прыватныя прадпрыемствы», — растлумачыў Дзяніс Юрчанка. Ён адзначыў, што прыватныя прадпрыемствы патэнцыяльна могуць увайсці ў склад холдынга, ва ўсякім выпадку, ім ніхто не будзе перашкаджаць гэта зрабіць. Кіраўнік дзяржавы параіў сілай нікога ў холдынг не заганяць, але і прыватнікаў не адштурхоўваць. «Рэсурсы, сыравіна і іншае ў вас практычна з адной крыніцы, можна сказаць. Таму чаго канкурыраваць там, дзе трэба дамаўляцца? І гэта не ва ўрон і не на шкоду дзяржаве», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся, як наладжаны экспарт айчыннай шкляной прадукцыі. «З кастрычніка для нас закрыўся еўрапейскі рынак. Але мы змаглі пераарыентавацца на найбліжэйшы да нас расійскі рынак і працягваем яго развіваць. Пакуль сітуацыя складваецца нядрэнна», — расказаў Дзяніс Юрчанка.
Трэба развіваць Магілёў
Дырэктар Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання Сяргей Чарткоў узначаліў Магілёўскі гарвыканкам. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасада кіраўніка горада — зусім не чыноўніцкая, але вельмі цікавая праца. Сяргей Чарткоў запэўніў, што завод, які ён узначальваў да гэтага, у першым квартале выканае ўсе паказчыкі па бізнес-плане. «Год будзе няпросты. Але перспектыва выдатная, таму што ў той жа Расійскай Федэрацыі да 2030 года трэба замяніць 120 тысяч ліфтаў. Плюс новыя будынкі. Плюс Азербайджан, Манголія, Грузія, Узбекістан — ёсць дзе працаваць. Таму я думаю, што з прадпрыемствам будзе ўсё добра», — адзначыў Сяргей Чарткоў. Ён падкрэсліў, што і Магілёў дынамічна развіваецца ў апошнія гады, але і спыняцца нельга.
«Я хачу, каб ты працаваў сумленна і па-сапраўднаму. Гэта твой горад. Упэўнены, ты любіш яго. Трэба развіваць Магілёў», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што гэта перспектыўны горад, для якога ў апошнія гады шмат зроблена. Але, па словах Прэзідэнта, усё ж такі Магілёў крыху адстае ад іншых абласных гарадоў. Таму задача для новага кіраўніцтва — даводзіць горад да розуму. Тым больш, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, «разыначка» ёсць заўсёды. Ён прывёў у прыклад абноўлены парк Падніколле, які стаў любімым месцам адпачынку для гараджан. Па словах Прэзідэнта, трэба развіваць і іншыя раёны горада, прыводзіць у парадак берагі Дняпра, каб людзям там было камфортна. «Мы будзем садзейнічаць гэтаму», — запэўніў беларускі лідар. Па яго словах, Магілёў павінен стаць такім жа прыгожым, як Гомель ці Гродна. «Я вельмі люблю абласныя гарады. Але Магілёў трэба падцягваць, — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць месцы, за якія можна добра зачапіцца (і ўжо зачапіліся) і ў далейшым развіваць Магілёў». Новы кіраўнік Магілёва сказаў, што да выканання ўсіх задач гатовы.
«У вобласці будзе складаней»
Ксенія Панцюхова, якая ўзначальвала Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, цяпер намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама, адказны за эканоміку і прамысловасць. Звяртаючыся да яе, Прэзідэнт заўважыў, што ў вобласці будзе складаней. «Я заўсёды асцерагаюся на вялікія пасады прызначаць жанчын у тым плане, што гэта ж шалёная нагрузка, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў гэтай пяцігодцы нагрузка будзе яшчэ большай. — Я рады, што жанчыны ў кіраўніцтве, але заўсёды са спагадай стаўлюся да вас, таму што гэта няпростая праца». Ксенія Панцюхова запэўніла, што жанчыны цяпер моцныя і яна справіцца.
Журналістам Ксенія Панцюхова прызналася, што вялікай адказнасці, якую прадугледжвае новая пасада, яна не баіцца, настроена бадзёра і аптымістычна. «Год будзе даволі няпросты, мы заканчваем пяцігодку. Гомельская вобласць змяшчае 20 % прамысловай вытворчасці ўсёй рэспублікі. І ў яе вялікі патэнцыял. У нас ёсць рэзервы, у нас ёсць куды расці», — адзначыла яна. Разам з тым, і на гэта нярэдка звяртае ўвагу Прэзідэнт, Гомельская прамысловая вобласць не ў перадавіках. Журналісты пацікавіліся ў Ксеніі Панцюховай яе бачаннем, чаго не хапае. «На сёння самае галоўнае — дыверсіфікацыя экспарту. Калі Расія для нас традыцыйны рынак, то сёння трэба ўжо глядзець на рынкі Азіі і Афрыкі. Гэта тыя рынкі, якія цікавыя нам і якім цікавыя мы», — адказала намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама.
«У вас няма магчымасці кудысьці адступаць»
Асобная ўвага — мясцовым органам улады. Генеральны дырэктар РУП „Купалаўскае“ — кіруючая кампанія холдынга» Міхаіл Крыцкі прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой адзначыў, што Бабруйскі раён трэба сур’ёзна падцягваць, цяпер раён сутыкнуўся з праблемай адтоку насельніцтва. «Яшчэ адзін з аргументаў у прызначэнні Міхаіла Леанідавіча — там плануецца рэалізаваць шэраг сур’ёзных інвестыцыйных праектаў па праграме ўльтрасучаснай свінагадоўлі. Можа быць пабудаваны вялікі свінакомплекс, і яго досвед у сельскай гаспадарцы тут адыгрывае вялікую ролю», — дадаў Дзмітрый Крутой.
«У вас няма магчымасці кудысьці адступаць, нават на паўкроку. Трэба даваць вынік кожны дзень. Вы бачыце, якія надзеі на вас», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы новага кіраўніка Бабруйскага райвыканкама. Ён адзначыў, што належная дапамога і падтрымка будзе аказана, але і кантроль адпаведны. Дзмітрый Крутой заўважыў, што Міхаіл Крыцкі ведае няпростую спецыфіку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Бабруйскага раёна. Па яго словах, раёну патрэбныя зусім іншыя інвестыцыйныя праекты, не тыя, якія цяпер уключаны ў праграму «Адзін раён — адзін праект». Перад новым кіраўнікам Бабруйшчыны стаіць задача пераглядзець усю палітыку і стратэгію раёна. Прэзідэнт даручыў Дзмітрыю Крутому як упаўнаважанаму па Магілёўскай вобласці ўсяляк у гэтым дапамагаць. «Але майце на ўвазе, што гэта вельмі сур’ёзны раён і сур’ёзнае прызначэнне», — папярэдзіў ён.
Нямала праблем у Круглянскім раёне, на што звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. «Круглае страціла дынаміку», — адзначыў Дзмітрый Крутой. Таксама ў раёне не выканалі шэраг даручэнняў Прэзідэнта, арганізацыі, якія ў свой час грымелі на ўсю краіну, не выканалі свае задачы. «Людзі гэта адчуваюць, зарплата ніжэйшая, чым сярэдняя па вобласці, на 15 і больш працэнтаў. Нейкіх сур’ёзных пунктаў росту папярэдні старшыня не знайшоў», — праінфармаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Таму Круглянскаму раёну патрэбны новы погляд. Адказнасць за гэта ўсклалі на Івана Багеля, які да гэтага працаваў першым намеснікам старшыні Дрыбінскага райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якая сітуацыя ў Дрыбінскім раёне. Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час і пры яго ўдзеле было нямала зроблена, каб з Дрыбіна зрабіць раённы цэнтр: Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сёлета плануе наведаць Дрыбінскі і Горацкі раёны і асабіста азнаёміцца з сітуацыяй на месцы. Таксама Прэзідэнт расказаў, што наведае і іншыя рэгіёны, у прыватнасці Гомель і Віцебск, праверыць выкананне сваіх даручэнняў.
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксей Шарай перайшоў на пасаду старшыні Крычаўскага райвыканкама. Сяргей Янковіч, дырэктар філіяла «Аўтобусны парк № 6 ААТ «Гомельаблаўтатранс», стаў кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля. Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Рубанаў — новы кіраўнік гэтага сталічнага раёна. Арцём Шагідзевіч, рэктар Беларускай акадэміі авіяцыі, — новы кіраўнік Фрунзенскага раёна Мінска. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі заўсёды ганарыліся падрыхтоўкай пілотаў, асабліва ў грамадзянскай авіяцыі. Таму ён паставіў задачу аператыўна знайсці замену на пасаду рэктара Беларускай акадэміі авіяцыі. Кандыдатура Дзмітрыя Сямёнава, намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага гарвыканкама, узгоднена на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
«Гэта пяцігодка будзе няпростай. Я хачу, каб гэту пяцігодку вы адпрацавалі», — звярнуўся Прэзідэнт да зноўпрызначаных. Ён звярнуў увагу, што сёння адчынены дзверы не толькі на традыцыйныя рынкі Расіі і Кітая, але і на рынкі Інданэзіі, Паўночнай Карэі, М’янмы, Афрыканскага кантынента. «У Амане мы нядаўна былі — драўніны ў іх няма, прадукты харчавання ім патрэбны. А ў нас што, гэтага няма? Я нават ім прапанаваў: вазьміце Віцебскую вобласць — яны будуць вырабляць для вас і прадукты харчавання, і дрэваапрацоўку арганізуйце. Нядаўна былі іх прадстаўнікі. Таму проста трэба кожнаму варушыцца. Чаму я і прапанаваў у кожным раёне стварыць хаця б па адным прадпрыемстве», — прывёў прыклад Прэзідэнт. Ён таксама нагадаў пра свае даручэнні аднаўляць ПМК, «Сельгастэхніку» і іншыя прадпрыемствы, патрэбныя для многіх раёнаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што старшыні райвыканкамаў павінны лепей за ўсіх адчуваць і ведаць, што неабходна іх раёнам. «І трэба, каб не толькі ў людзей былі працоўныя месцы, а каб вы былі гаспадарамі. Паўнамоцтвы мы вам не проста на паперы далі. Вы чуеце мае развагі і трэнд у гэтым кірунку. Мы рухаемся да таго, каб у вас было больш правоў і паўнамоцтваў. Але для таго, каб іх рэалізоўваць і ажыццяўляць, у вас павінна быць не толькі жыллёва-гаспадарчая кантора — у вас павінны быць адпаведныя прамысловыя і іншыя прадпрыемствы», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, не трэба забываць і аб прадпрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. «Не думайце, што яно чужое. Вашы людзі там працуюць, вы за іх адказваеце. Таму вы патрабуйце. Каб парадак, чысціня былі, зарплата, збыт прадукцыі. Не забывайце, што гэта ваша зона адказнасці. Не чакайце ў гэтым плане ніякіх указанняў», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Далейшае развіццё будзе
Ратацыі адбыліся ў дыпламатычным корпусе. Намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч прызначаны паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Прастоле. Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці сапраўды ён сам хоча паехаць паслом або з міністэрства яго «выціскаюць». «У мяне прэтэнзій няма да тваёй работы», — сказаў ён. Юрый Амбразевіч падкрэсліў, што паслом ён едзе добраахвотна: «Я зыходжу з таго, што гэта класіка нашай работы, дыпламатычнай службы. Разлічваю, што ўсё складзецца на гэтым новым месцы і будзе далейшае развіццё».
«Ты гэта абсалютна правільна разумееш. Далейшае развіццё будзе. Ты яшчэ зусім малады чалавек і добры дыпламат», — пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
«Знешняя палітыка Беларусі выключна міралюбівая, і важная мэта — набыццё сяброў, і праз іх магчымасці — адстойванне нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў сферы знешняга гандлю і прыцягнення знешніх інвестыцый. У гэтым кантэксце Ватыкан і асабіста Папа Рымскі маюць у свеце вялікі аўтарытэт і валодаюць значным уплывам на грамадства і эліты дзяржаў, дзе каталіцкая рэлігія мае традыцыйна сур’ёзны ўплыў на менталітэт, на светапогляд людзей, на чалавечыя каштоўнасці. Гэтыя каштоўнасці традыцыйна сугучныя каштоўнасцям беларускага грамадства», — адзначыў Юрый Амбразевіч у размове з журналістамі. Па яго словах, стварэнне беларускага пасольства ў Ватыкане дасць магчымасць умацаваць нашы пазіцыі ў дзяржавах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, а таксама дазволіць умацаваць нашы пазіцыі адносна работы з грамадскімі элітамі, дзяржаўнымі элітамі еўрапейскіх дзяржаў і дзяржаў Паўночнай Амерыкі. Юрый Амбразевіч адзначыў, што падыходы Беларусі і Ватыкана супадаюць па шматлікіх пытаннях. Дзякуючы гэтаму, наша супрацоўніцтва плённа развіваецца не адзін год.
Месца Юрыя Амбразевіча ў МЗС вакантным не будзе. Кандыдатура Ігара Сякрэты, начальніка ўпраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта, узгоднена на пасаду намесніка міністра замежных спраў. Яго пасаду ў Адміністрацыі Прэзідэнта зойме Дзмітрый Мірончык, які ўзначальваў галоўнае ўпраўленне Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС.
Дырэктар свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» Анатоль Бубен прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Малдове. Кіраўнік дзяржавы таксама спытаў аб планах папярэдняга пасла ў гэтай краіне Анатоля Калініна. «Мы з ім сустракаліся ў час яго водпуску тут, у Мінску. Ён папрасіўся на іншую работу. Калі магчыма, у краіне яму нешта знайсці з улікам яго вялікага вопыту работы і віцэ-прэм’ерам, ведання будаўнічага, жыллёва-камунальнага комплексу», — адказаў Дзмітрый Крутой. «Трэба паглядзець. На пенсію мы нікога адпраўляць не збіраемся. А калі працаваць чалавек хоча, дык работы ў нас хапае. Таму трэба прапанаваць нешта», — пагадзіўся Прэзідэнт.
Рэцэпт дастаткова просты
Андрэй Андрэеў, які з 2020 года быў Генеральным консулам Беларусі ў Шанхаі, цяпер пасол Беларусі ў Бразіліі і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Парагвай і ва Усходняй Рэспубліцы Уругвай. Размаўляючы з журналістамі, ён адзначыў, што ў Беларусі і Бразіліі створана добрая база для ўзаемнага гандлю і супрацоўніцтва ў гэтым напрамку неабходна паглыбляць. Па словах пасла, перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, сферы машынабудавання, медыцыны. «Будзем працаваць над пашырэннем таварных пазіцый. У прыватнасці, ужо адпрацоўваецца пытанне пастаўкі льняных тканін на бразільскі рынак. Рэцэпт дастаткова просты: трэба проста браць і рабіць тыя рэчы, якія ўзаемавыгадныя і цікавыя для абедзвюх краін», — падкрэсліў Андрэй Андрэеў. Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то, па яго словах, работа праводзіцца ў двухбаковым і шматбаковым фармаце, напрыклад на пляцоўцы БРІКС. Дыпламат падкрэсліў, што пазіцыя Бразіліі супадае з поглядамі Беларусі на справядлівае светаўладкаванне, на сусветную палітычную сітуацыю. І гэта дапаможа ў развіцці адносін. «Часта краіны далёкай дугі становяцца нашымі вельмі блізкімі і надзейнымі партнёрамі. Мы знаходзімся далёка ад Бразіліі, але Бразілія нас добра ведае, мы таксама ведаем Бразілію. Наша задача — зрабіць Бразілію яшчэ бліжэйшымі і больш зразумелымі для беларусаў і зрабіць беларусаў яшчэ бліжэйшай і больш зразумелай для жыхароў Бразіліі», — заўважыў пасол. Па яго словах, трэба наладзіць дыялог па лініі парламентаў, жаночых і маладзёжных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.
Ігар Белы, які прадстаўляў інтарэсы Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Батсване, Мазамбіку і Намібіі, прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і па сумяшчальніцтве ў Дзяржаве Кувейт. У размове з журналістамі ён падкрэсліў, што палітычнае супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ наладжана на высокім узроўні, усталяваны добрыя кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў. «Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — вельмі важны эканамічны партнёр Беларусі. Таму кіраўнік дзяржавы дакладна падкрэсліў, што мая асноўная задача — развіваць эканамічныя адносіны. Наш экспарт вельмі дыверсіфікаваны, і я буду ставіць перад сабой задачу павялічыць аб’ёмы нашых паставак. Але ААЭ — гэта краіна з вельмі добрымі магчымасцямі. Таму я буду працаваць і з лагістыкай, і з фінансамі, і з іншымі перспектыўнымі сферамі. Значная ўвага будзе ўдзелена інвестыцыйным праектам», — падзяліўся планамі Ігар Белы. Новы і вельмі перспектыўны кірунак супрацоўніцтва — штучны інтэлект. Дыпламат звярнуў увагу, што Эміраты заявілі аб сваім намеры да 2030 года стаць нумарам адзін у свеце па развіцці штучнага інтэлекту: «Я лічу, што для нас гэта вельмі добрыя магчымасці. І я буду ўдзяляць гэтаму кірунку шмат увагі. Думаю, што праблем не будзе. Наш Савет Рэспублікі ўжо размаўляе са сваімі калегамі аб абмене досведам у развіцці заканадаўства ў сферы штучнага інтэлекту. Гэта вельмі складаная рэч. А ў ААЭ гэта сфера ўжо рэгулюецца, і нам цікавы іх досвед», — распавёў Ігар Белы.
Анатоль Глаз, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Турцыі, цяпер па сумяшчальніцтве будзе прадстаўляць інтарэсы нашай краіны і ў Іраку. Саветнік аддзялення Пасольства Беларусі ва Уладзівастоку Ігар Сокал узгоднены на пасаду Генеральнага консула ў гэтым расійскім горадзе. Старшы саветнік Генеральнага консульства Беларусі ў Екацярынбургу Сяргей Чычук цяпер узначаліў Генеральнае консульства. Першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Алег Швец — Генеральны консул Беларусі ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Таксама сярод кадравых рашэнняў Прэзідэнта — прызначэнне прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Мікалая Казакова рэктарам гэтай ВНУ. Кандыдатура Аляксея Васючэнкі, кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля, узгоднена на пасаду кіраўніка спраў Гомельскага аблвыканкама. Адбыліся перастаноўкі ў кіраўніцтве Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Цімафей Жыгараў прызначаны першым намеснікам старшыні Белстата. На яго месца прызначаны Аляксей Яркавец, начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Фота: БелТА