Top.Mail.Ru
101

Лукашэнка: Свет уцягваецца ў чарговую шалёную гонку ўзбраенняў, у тым ліку ядзерных

Свет уцягваецца ў чарговую шалёную гонку ўзбраенняў, у тым ліку ядзерных, і цяпер важна зрабіць усё, каб не дапусціць новай сусветнай бойні. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод і генеральскіх пагонаў афіцэрам сілавога блока краіны. Мерапрыемства арганізавана ў Палацы Незалежнасці і прымеркавана да аднаго з галоўных святаў краіны — Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, перадае БелТА.



Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сёлета спаўняецца 85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі ў краіну прыйшла вялікая бяда, з якой народы СССР справіліся цаной неймаверных страт і нягод.

«Мы бачым, што сёння міжнародная абстаноўка падобная з тым няпростым перыядам у нашай краіне. Захадам мэтанакіравана нагнятаецца ваенная істэрыя, бесперапынна растуць ваенныя бюджэты (краін. — Заўв. БелТА) НАТА, паскараюцца тэмпы мілітарызацыі Еўропы, асабліва нашых суседзяў на Захадзе», — звярнуў увагу Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сістэма стрымак і проціваг, якая раней забяспечвала агульнаеўрапейскую бяспеку, разбурана. «Свет уцягваецца ў чарговую шалёную гонку ўзбраенняў. У тым ліку ядзерных», — сказаў ён.

У такіх умовах Прэзідэнт лічыць асноўнай задачай для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць на планеце, зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб не дапусціць новай сусветнай бойні.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю