Падрабязнасці сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з паслом Ірана
У сераду ў Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Алірэзой Санеі. На ёй бакі абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе, апошнія падзеі, а таксама ў што можа выліцца гэты сур’ёзны канфлікт.

«Беларусь, знаходзячыся ў эпіцэнтры ўсіх войнаў, добра спазнала іх сутнасць»
Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ісламскай Рэспублікі Іран, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што гэта сустрэча носіць не сімвалічны характар. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок дастаткова поўна інфармаваны аб тым, што адбываецца на Блізкім Усходзе, у тым ліку і ў дружалюбным нам Іране. «Вы ведаеце, што Беларусь заўсёды прытрымлівалася і прытрымліваецца міру, і войны для нас непрымальныя проста генетычна, — заявіў беларускі лідар. — Таму што Беларусь, знаходзячыся ў эпіцэнтры ўсіх войнаў, добра спазнала іх сутнасць. Мы страцілі мільёны і мільёны людзей ва ўсіх войнах, якія існавалі ў нашым рэгіёне. А ў асноўным сусветныя войны пракатваліся на ўсход і назад праз нашу Беларусь».
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што для нашай краіны вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы Злучаных Штатаў Амерыкі на Іран непрымальны. «Тым больш што ў выніку гэтага нападу загінулі ні ў чым не вінаватыя жыхары і, перш за ўсё, дзеці, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Загінуў духоўны лідар Ірана Алі Хаменеі... Вы ведаеце, што ў мяне з ім былі добрыя адносіны. Па-мойму, разы тры мы з ім сустракаліся, абмяркоўвалі сусветныя праблемы. Гэта гуманіст, чалавек не ваенны, а нацэлены на абарону свайго народа і сваёй дзяржавы. Таму для мяне абсалютна непрымальна тое, што адбылося з ім, з яго сям’ёй, і яшчэ горш — з яго жонкай, якая памерла ад ран».
«Чым мы ў гэтай сітуацыі можам вам дапамагчы, зыходзячы з той пазіцыі, якую мы занялі па гэтым канфлікце»
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз выказаў асабістыя спачуванні ў сувязі з гібеллю мірных жыхароў, дзяцей і Алі Хаменеі. «Усё, што я сказаў, — гэта зразумела, гэта бачна ўсёй сусветнай супольнасці, — звярнуў увагу ён. — Але мяне насцярожвае той факт, што дзяржавы Заліва могуць уцягнуцца ў гэты канфлікт і стаць удзельнікамі такой дзікай вайны. Баюся, што так і будзе».
Таму, паводле слоў беларускага лідара, сусветная супольнасць, буйныя дзяржавы, а перш за ўсё — Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі, — павінны ўсвядоміць, што гэты канфлікт можа выліцца ў непрадказальную падзею. «Таму я хацеў бы абмеркаваць з вамі сітуацыю на Блізкім Усходзе, у Іране, і задаць вам адно пытанне: чым мы ў гэтай сітуацыі можам вам дапамагчы, зыходзячы з той пазіцыі, якую мы занялі па гэтым канфлікце, — шчыра пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. — Міністэрства замежных спраў пра гэта досыць празрыста сказала — гэта пазіцыя кіраўніцтва Беларусі і беларускага народа».

Даслоўна
«Прэзідэнт назваў гэтыя атакі непрымальнымі і пацвердзіў, што як і раней будзе падтрымліваць і ўрад, і народ Ісламскай Рэспублікі Іран»
У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Алірэза Санеі раскрыў некаторыя дэталі шчырай размовы з Прэзідэнтам нашай краіны. Паводле яго слоў, сустрэча з беларускім лідарам аказалася плённай і прадуктыўнай. «Мы абмеркавалі з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь бягучую падзею ў блізкаўсходнім рэгіёне, якая адбываецца на працягу апошніх некалькіх дзён, асабліва — атакі ЗША і ізраільскага рэжыму, — канкрэтызаваў дыпламат. — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Вярхоўнага лідара Ісламскай Рэспублікі Іран. Ён таксама выказаў сваё спачуванне і шкадаванне ў сувязі з забойствам грамадзянскага насельніцтва, у прыватнасці — больш за 200 школьнікаў і дзяцей».
Паводле яго слоў, кіраўнік беларускай дзяржавы пацвердзіў сваю нацэленасць на падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана, а таксама іранскага народа, выказаў салідарнасць з іранскім народам і з Іранам у апошніх падзеях. «Прэзідэнт назваў гэтыя атакі непрымальнымі і пацвердзіў, што як і раней будзе падтрымліваць і ўрад, і народ Ісламскай Рэспублікі Іран, перадаў свае пажаданні міру і паляпшэння сітуацыі, — паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. — Гэта асноўная частка тэм, якія абмяркоўваліся падчас нашай сустрэчы».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА