Top.Mail.Ru

Дасягненні савецкай эпохі і запатрабаванасць вопыту Беларусі

Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Генадзем Зюганавым


Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе абмеркавалі пытанні ўдасканалення беларуска-расійскага супрацоўніцтва, развіцця міжпартыйнага ўзаемадзеяння. На пачатку сустрэчы Генадзь Зюганаў уручыў Аляксандру Лукашэнку Ленінскую прэмію, прысвоеную беларускаму лідару ў 2024 годзе за нястомную і паслядоўную дзейнасць па зацвярджэнні ідэй справядлівага шматпалярнага свету і ўклад у пашырэнне практыкі яго фарміравання, пастаянныя намаганні па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, асабісты ўдзел ў захаванні гістарычнай спадчыны і каштоўнасцяў савецкай эпохі, важную ролю ва ўмацаванні сяброўства і братэрства народаў Беларусі і Расіі. 

«Нам ёсць аб чым пагаварыць»

«Генадзь Андрэевіч, дзякуй, што заглянуў да мяне, — звяртаючыся да старшыні ЦК КПРФ, сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі чакаў гэтай сустрэчы. Нам ёсць аб чым пагаварыць, падзяліцца некаторымі думкамі, настроямі і сумненнямі — на жаль, і такое яшчэ ў нас прысутнічае. Таму я рады, што вы прыехалі».


Генадзь Зюганаў узгадаў першае выступленне Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі. У той час беларускі лідар знаходзіўся ў статусе кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі. 

«Вы бліскуча выступілі і пераканалі нас, што будуць адноўлены славянскае братэрства, нашы парушаныя сувязі, — канстатаваў ён. — Вы ўсім нам прыклад паказалі сваёй мужнасцю і вельмі яркім выступленнем». Старшыня ЦК КПРФ заўважыў, што дагэтуль захоўвае першую прэзідэнцкую праграму Аляксандра Лукашэнкі. 


У сяброўскай размове закранулі розныя тэмы — ад насычанага графіка Прэзідэнта Беларусі да сельскай гаспадаркі. 

Генадзь Зюганаў расказаў, што вельмі ўважліва назірае за рабочым графікам Прэзідэнта Беларусі, геаграфіяй яго сустрэч. «Я вельмі ўважліва глядзеў: вы гасцілі ў Пуціна на Валдаі (у чэрвені 2026 года. — „Зв.“), у вас там сур’ёзная размова (адбылася. — „Зв.“), — заўважыў лідар ЦК КПРФ. — А потым у Кітай паляцелі, да нашага агульнага сябра. Ён (Сі Цзіньпін. — „Зв.“) вас вельмі паважае. Вы там вельмі здорава папрацавалі ў галіне машынабудавання, што выключна важна: вам ёсць што паказаць (Кітаю ў гэтай галіне. — „Зв.“). Па штучным інтэлекце ў вас яшчэ сустрэча была ў Казахстане (у маі 2026 года ў Астане Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у V Еўразійскім эканамічным форуме. — „Зв.“)».

Генадзь Зюганаў звярнуў увагу, што нядаўна пабываў у Арлоўскай вобласці, дзе ў тым ліку наведаў палі, засеяныя сортам пшаніцы «Зюганаўка». Гэты сорт вызначаецца вельмі высокай ураджайнасцю.

«Насеннем падзелішся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Генадзя Зюганава, у Брэсцкай вобласці гэтым сортам пшаніцы ўжо засеяна 500 га. Ён прасіў губернатара не гаварыць аб гэтым кіраўніку дзяржавы — хацеў расказаць асабіста пры сустрэчы.


Лідар КПРФ перадаў Прэзідэнту Беларусі прывітанне ад дэпутата Дзярждумы Мікалая Харытонава, які многія гады знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам. «У мяне ёсць ваша першая прэзідэнцкая праграма, я яе нікому не паказваю. А ў Харытонава — тая самая сурвэтка, на якой у Гранавітай палаце (Крамля. — «Зв.») распісаліся вы і Ельцын», — сказаў Генадзь Зюганаў.

«Было такое», — усміхнуўся Аляксандр Лукашэнка.

Размова ідзе аб адным з эпізодаў, звязаных з Дагаворам аб Саюзе Беларусі і Расіі, які быў падпісаны 2 красавіка 1997 года. Тады Мікалай Харытонаў падышоў да кіраўнікоў дзяржаў з сурвэткай і прапанаваў: «Калі вы за саюз, то распішыцеся».

«Я кажу: Мікалай, нікому не аддавай — любы музей дасць табе цэлае багацце за гэту сурвэтку», — дадаў лідар КПРФ.

«Нічога не перайначваючы, не выкідваючы і рухаючыся наперад» 

Генадзь Зюганаў павіншаваў беларускага лідара з прысваеннем яму Ленінскай прэміі, уручыў узнагароду і расказаў аб гісторыі яе адраджэння. Пачынаючы з 2017 года, Ленінская прэмія ЦК КПРФ прысуджаецца за асаблівы ўклад у грамадска значную дзейнасць, якая садзейнічае зацвярджэнню прынцыпаў справядлівасці і гуманізму, за поспехі ў перадавой вытворчай і сацыяльнай практыцы, навукова-даследчай і культурнай дзейнасці. За гэтыя гады яе лаўрэатамі сталі 45 намінантаў. У розны час Ленінскай прэміі ЦК КПРФ былі ўдастоены першы сакратар ЦК Кампартыі Кубы Рауль Кастра, Генеральны сакратар ЦК Кампартыі В’етнама Нгуен Фу Чонг, Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга, Старшыня Дзяржаўных спраў КНДР Кім Чэн Ын.

«Адзінагалосна прагаласавалі — вам уручыць гэту высокую ўзнагароду», — сказаў лідар КПРФ.



Па словах Генадзя Зюганава, ён ганарыцца тым, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі Беларусь стала прыкладам для многіх краін на постсавецкай прасторы. «Я добра ведаю вашу краіну, — дадаў ён. — Быў усюды, у 80 краінах свету, і прама скажу: нават праціўнік ставіў Беларусь у пяцёрку самых бяспечных, самых энергічных краін. А на постсавецкай прасторы вы (у Беларусі. — „Зв.“) падвоілі свой савецкі патэнцыял. Ваша дасягненне ў тым, што вы на базе найлепшага савецкай эпохі дадавалі, прыбаўлялі, нічога не перайначваючы, не выкідваючы і рухаючыся наперад. Вось гэта дае вам гонар і персанальную ўдзячнасць». 

Генадзь Зюганаў расказаў, што беларускі вопыт у многіх сферах распаўсюджваецца на шырокую аўдыторыю праз тэлеканал Камуністычнай партыі Расіі «Красная линия». 

«Падрыхтавалі 15 фільмаў з вопыту Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — Пачынаючы ад патрыятычнага выхавання (вы мне тады „Лінію Сталіна“ паказвалі, вельмі цікава было), уключаючы машынабудаўнічы комплекс. Я па вашай рэкамендацыі праехаў усе заводы. З Жарэсам Алфёравым (ураджэнцам Беларусі, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы. — „Зв.“) мы правялі тут (у нашай краіне. — „Зв.“) буйны збор усіх вучоных і адукацыі ў цэлым. Наша каманда ганарыцца тым, што ваш вопыт запатрабаваны. Мы кожны раз паказваем фільмы з вопыту Беларусі». 

«Золата партыі» — беларускаму лідару 

Уручаючы Аляксандру Лукашэнку ганаровы нагрудны знак лаўрэата Ленінскай прэміі ЦК КПРФ, Генадзь Зюганаў з гумарам нагадаў пра «золата партыі»: па адной з версій, грашовыя запасы Камуністычнай партыі зніклі ў перыяд распаду СССР.

«Золата» партыі... Нарэшце знайшлі. Дзякуй», — з жартам сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Генадзь Зюганаў уручыў Прэзідэнту памятны медаль «100 гадоў Фідэлю Кастра», прымеркаваны да стагоддзя кубінскага лідара. 

Такі ж памятны медаль Генадзь Зюганаў уручаў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. «Сказаў: «Наступным будзе Лукашэнка», — удакладніў дэталі лідар партыі, перадаючы ўзнагароду Прэзідэнту Беларусі.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА 


Даслоўна

«Як быць моцнымі, разумнымі і паспяховымі — Беларусь паказала нам усім прыклад»

У размове з журналістамі старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Генадзь ЗЮГАНАЎ выказаў удзячнасць беларускаму лідару за магчымасць абмеркаваць шэраг надзённых праблем.

«Цяпер у свеце назапасіліся тры праблемы, якія датычацца кожнага з нас: дзе б мы не жылі, у якой бы партыі не значыліся, якім бы багам не пакланяліся, — канкрэтызаваў ён. — Першае — гэта вайна. Не прымяняецца пакуль толькі ядзерная зброя. Другая праблема — экалогія. Бачыце, у што пераўтварылі планету і як яна нам помсціць за нашы неразумныя да яе адносіны. І трэцяе — некіраваны штучны інтэлект».

Па яго словах, усе гэтыя праблемы абмяркоўваюцца ў акадэміях, на міжнародных форумах. Не выключэннем стала і сустрэча з беларускім лідарам. «Мы абмеркавалі ўсё, што перш-наперш датычыцца міру на нашай шматпакутнай зямлі», — канкрэтызаваў лідар партыі. 

Бацька Генадзя Зюганава і ўсе яго дзядзькі па бацькавай лініі прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Не ўсе з іх вярнуліся з фронту. Сам лідар КПРФ прайшоў воінскую школу, а таму ведае, як пачынаюцца і чым заканчваюцца ўзброеныя канфлікты. 

«Трэба памятаць, што кожны другі камуніст загінуў, змагаючыся з фашызмам, кожны трэці беларус склаў сваю галаву за нашу свабоду, кожны шосты грамадзянін СССР загінуў на палях бітваў і ў засценках — толькі для таго, каб чалавецтва зноў не накрыла фашысцкая заслона, — падкрэсліў Генадзь Зюганаў. — Нам цяпер кінуты смяротны выклік. На жаль, вельмі многія гэтага не разумеюць. Калі не зразумеем і дазволім ім прыдушыць родную Украіну і нас, то хутка нас у гэтай гісторыі не будзе. Цяпер гэта галоўнае пытанне, і вырашыць яго можна толькі адным спосабам: у вялікай вайне без саюзнікаў яшчэ ніхто ніколі не перамагаў».


Многія сучасныя праблемы, па словах старшыні ЦК КПРФ, можна вырашыць у рамках БРІКС і ШАС. «Нас будуць паважаць пры адной умове: калі будзем разумнымі, моцнымі і паспяховымі, — лічыць Генадзь Зюганаў. — Як быць моцнымі, разумнымі і паспяховымі — Беларусь паказала нам усім прыклад. Я асабіста гэтым ганаруся. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма нафты, газу, золата, алмазаў, жалезнай руды, тут ёсць таленавітыя, працалюбівыя людзі, унікальная гераічная, патрыятычная гісторыя і ўменне працаваць на зямлі і служыць народу, а не кішэні і чарговаму алігарху. Вы малайцы: вы не пусцілі алігархат сюды, у вас няма арганізаванай злачыннасці. Вы ўсё зрабілі для таго, каб людзі працавалі і адчувалі сябе годна. Гэта складаная задача, але вы гэтым можаце ганарыцца». 

Акрамя таго, па словах лідара партыі, падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам былі закрануты пытанні прамысловасці, сельскай гаспадаркі, міграцыйнай палітыкі, спорту, навукі і адукацыі. «Я вельмі задаволены не толькі сустрэчай, але і характарам, духам, стаўленнем», — рэзюмаваў Генадзь Зюганаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю