Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выбудавана сістэма харчавання дзяцей у школах з улікам раней дадзеных даручэнняў. Гэта адно з пытанняў на нарадзе кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэта пытанне знаходзіцца на яго пастаянным кантролі. «Я вас неаднаразова папярэджваў: абкрадаць дзяцей, труціць іх няякаснай ежай — злачынна. І даручыў тады выпрацаваць нармальную сістэму», — сказаў ён.
«Хацелася б пачуць, што зроблена ў гэтым плане», — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам цяжка ўявіць, што, як і хто гатуе ў школах, хоць чыноўнікі дакладваюць, што ўсё пад кантролем.
«Ды немагчыма гэта пракантраляваць», — заўважыў Прэзідэнт. Менавіта таму і трэба было выбудаваць выразную сістэму ў гэтым пытанні.
Іншае важнае пытанне ў гэтай сферы — наколькі запатрабавана прапанаванае харчаванне з боку саміх дзяцей.
«Адходаў палова, — пазначыў праблему кіраўнік дзяржавы. — Гэта нармальна? Што зрабілі, каб гэтага не было? Як будзем карміць дзяцей, каб было смачна, карысна, каб ежа была не халоднай?»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі дзяржава траціць каласальныя грошы. І ў свой час ён прымаў прынцыповае рашэнне ў гэтым плане, каб захаваць такую магчымасць.