Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Наш фестываль з’яўляецца астраўком душэўнага яднання, цяпла і святла»

Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення


Віцебск запоўніўся васількамі і зазіхацеў усмешкамі — надышоў час Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Свята, якое сёлета праводзіцца 34-ы раз, славіцца сваімі традыцыямі і кожны год праходзіць з адметным каларытам. Штораз арганізатары стараюцца здзівіць гасцей фестываля чымсьці новым і ў той жа захоўваюць яго заўсёдную сутнасць — славянскае адзінства, якое ўмацоўваецца творчасцю. 

Абавязковая традыцыя — удзел Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва ўрачыстай цырымоніі адкрыццяя «Славянскага базару ў Віцебску». Гэты год выключэннем не стаў — кіраўнік дзяржавы зноў даў старт святу ў Віцебскім амфітэатры.

«Найперш, я хачу звярнуцца да расіян, украінцаў і беларусаў — тых народаў, прадстаўнікі якіх зацвердзілі некалі гэта вялікае дзейства — «Славянскі базар». Дарагія нашы госці, да вас асаблівая павага і мой зварот: без вас «Славянскі базар быў бы бедны», — прывітаў гасцей беларускі лідар. 

«Гэта вялікая палітыка»

«Зноў у Віцебскім амфітэатры ўрачыста гучаць фанфары „Славянскага базару“ — фестывалю, які заўсёды чакаюць беларусы, віцябляне, майстры мастацтваў і іх прыхільнікі з розных краін. Наш „Славянскі базар“ — гэта цэлы свет яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў. Тут кожны раз мы сустракаемся са знакамітымі артыстамі і сапраўднымі майстрамі мастацтваў. Тут з году ў год запальваюцца новыя зоркі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ў Віцебску зоркі запальваюцца ў самых розных жанрах — ад музыкі і танца да тэатральных пастановак і мастацкіх праектаў. У самых розных стылях — ад народнай творчасці і класікі да авангардных напрамкаў актуальнага мастацтва. «Славянскі базар у Віцебску» даўно выйшаў за рамкі нашага славянскага братэрства, а культурная сталіца Беларусі стала творчай радзімай для многіх любімых намі артыстаў. Мы гэтага і хацелі, адкрываючы калісьці першы фестываль, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але самае галоўнае — вось ужо больш за трыццаць гадоў наш фестываль з’яўляецца астраўком душэўнага яднання, цяпла і святла. Нягледзячы ні на якія катаклізмы. Пагадзіцеся, сёння гэта дарагога варта. Мы жывём у век глабальных перамен. Магчыма, самых вялікіх за ўсю гісторыю чалавецтва. Якім будзе свет заўтра, мы сказаць не можам. Гэта самая вялікая праблема. Але дакладна ведаем, што ў гэтым віры абавязкова трэба захаваць свае самабытнасць, культуру, традыцыі. Захаваць усім краінам і народам. У гэтым сутнасць разнастайнасці. Адсюль робіцца палітыка. Гэта вы — таленавітыя людзі, знаходзіцеся ля вытокаў любой эканомікі і палітычных падзей».

GOR_6634R_1.jpg

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта шлях стваральнай працы. Шлях да справядлівай і бяспечнай будучыні для ўсіх нас. «Кажу гэта тут, таму што ў летнім амфітэатры штогод сустракаюцца таленавітыя выканаўцы з розных краін. І кожны год тут пануе атмасфера дружбы і павагі. У гэтым сутнасць усёй нашай палітыкі», — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка адказаў тым, хто лічыць, што «Славянскі базар» па-за палітыкай: «Не. Гэта самая галоўная палітыка. Гэта вытокі той палітыкі, якую мы, кіраўнікі дзяржаў (як мы ўжо бачым, не толькі славянскіх народаў) будзем рэалізоўваць. Гэта крыніца. Адсюль усё пачынаецца. Таму гэта вялікая палітыка. Без ксенафобіі і ўсякіх забабонаў. Сумленна і адкрыта, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ведаем, што пасля завяршэння свята тысячы ўдзельнікаў і яго гасцей вернуцца дадому, натхнёныя атмасферай нашага фестывалю. Яны будуць дзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі, роднымі і блізкімі. Гэта і ёсць голас фестывалю, голас за мір і дружбу паміж народамі. Ён павінен быць пачуты. І ён абавязкова будзе пачуты. Нават тымі, хто аглух і слухаць не хоча».

«Беражыце сваю гістарычную памяць, беражыце традыцыі»

Прэзідэнт звярнуўся да гасцей фестывалю, да тых, хто прыехаў упершыню, і тых, хто бывае тут кожны год. «Беларусы як ніхто ведаюць, наколькі крохкі мір. Сёлета мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі. Ужо сталі дарослымі праўнукі нашых герояў-пераможцаў, але Беларусь памятае. У гэты святочны вечар я не буду казаць аб страшнай цане Вялікай Перамогі. Перакананы, сто працэнтаў прысутных тут гэта ведаюць. Не буду казаць, колькі ў той вайне загінула таленавітых людзей і колькі не з’явілася на свет...», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка сказаў толькі аб уроне, які нанеслі акупанты беларускай культурнай спадчыне. Гэта доўгі спіс з дзясяткаў тысяч рэліквій, сярод якіх сакральны Крыж Еўфрасінні Полацкай, калекцыя слуцкіх паясоў, старадаўнія іконы і кнігі. У іх, па словах кіраўніка дзяржавы, гісторыя беларускай зямлі, наша ідэнтычнасць. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і да сёння не ўсё знайшлі, і выказаў агульнае жаданне — каб гэтыя рэліквіі былі страчаны не назаўсёды. «Толькі малая частка гэтых каштоўнасцяў вярнулася ў Беларусь пасля вайны. Гэта сапраўдны культурны генацыд. Імкненне знішчыць спадчыну народа, пазбавіць яго асновы, — падкрэсліў ён. — Таму, паважаныя нашы сябры, сябры Беларусі, беражыце сваю гістарычную памяць, беражыце традыцыі. У іх — будучыня. Будучыня вашых краін і ўсяго свету, прыгожага ў сваёй культурнай разнастайнасці». 

«Славянскі базар» — гэта ўжо цэлы сусвет

Звяртаючыся да ўсіх беларусаў, Прэзідэнт адзначыў, што «Славянскі базар» даўно перасягнуў рамкі звычайнага фестывалю. «Сёння гэта ўжо цэлы сусвет з вялікай цікавай гісторыяй, сваімі героямі і антуражам. І нават з уласнай валютай — „васількамі“. На гэтай сцэне выступалі нямала знакамітасцяў, сапраўдныя легенды — Людміла Зыкіна, Аляксандра Пахмутава, Іосіф Кабзон, Мішэль Легран, Мірэй Мацьё і многія, многія іншыя, — падкрэсліў беларускі лідар. — З года ў год нашы зорныя госці дораць віцебскай публіцы радасць і прыгажосць. Служаць музе і прыхільнікам, застаючыся вернымі дэвізу фестывалю „Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення“. Перакананы, так будзе заўсёды. Кожны год Віцебскі музычны конкурс будзе перакідваць масток у будучыню, адкрываць свету новыя імёны». 

GOR_7664_1.jpg

Адно з гэтых імёнаў пачулі прама на цырымоніі адкрыцця. Па традыцыі, Прэзідэнт уручыў Гран-пры па выніках дзіцячага песеннага конкурсу. «І місія павіншаваць першым першага пераможцу гэтага года для мяне адна з самых прыемных», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Сёлета пераможцам стала беларуская выканаўца — 12-гадовая Амалія Сухан. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, вельмі сімвалічна, што разам з самымі юнымі выканаўцамі ўшаноўваюць і ўладальніка спецыяльнай прэміі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». «Прэміі, якая ўручаецца за дакладнае служэнне любімай справе, гледачу і Яго Вялікасці мастацтву», — заўважыў ён. Сёлета ўладальнікам гэтай прэміі стаў Народны артыст Расійскай Федэрацыі Юрый Антонаў. 

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім мірнага неба, па яго словах, гэта галоўнае, дабрабыту і пазітыўных эмоцый.

«Трыццаць Чацвёрты Міжнародны фестываль мастацтваў „Славянскі базар у Віцебску“ абвяшчаю адкрытым! У добры шлях!», — выканаў яшчэ адну традыцыю беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім здароўя. Ён таксама коратка звярнуўся да акутальнай тэмы. «Мы апошнім часам столькі шмат гаворым пра штучны інтэлект. Не хачу здацца вялікім знаўцам у гэтым плане, але я, як толькі гэта з’явілася, вывучаў. Прасунутыя людзі мне сказалі: спадар Прэзідэнт, мы не ведаем, куды і да чаго прывядзе. Я гэта да чаго кажу: трымаеце сваю галаву ў сваіх уласных руках. Цяпер ідзе барацьба за розумы і галовы нашых людзей. Як толькі хтосьці захопіць вашу галаву, з намі ўсё будзе вырашана. Ніякія беспілотнікі, ніякія ракеты, ніякія ваенныя дзеянні не могуць быць паспяховымі, калі ў нашай галаве (як у тых людзей 80 гадоў таму) будзе перамога. Калі мы будзем адданыя, калі мы будзем сябраваць са сваёй галавой, калі мы будзем шанаваць тое, што ў нас ёсць, нам нічога не страшна. Таму беражыце галовы! Асабліва сваіх дзяцей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

AHIT0405_1.jpg

Валерыя СЦЯЦКО 

Віцебск

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю