«Мы проста абавязаны дзейнічаць прафесійна, упэўнена, аператыўна»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па выніках праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС. Аднак тэматыка мерапрыемства аказалася значна шырэйшай. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады былі пытанні нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі.

«Шчыра і сумленна было сказана, што мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць»
Удзельнікамі нарады ў кіраўніка дзяржавы сталі кіраўнікі сілавых структур, у тым ліку Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінабароны, Камітэта дзяржбяспекі. Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы нараду, адразу падкрэсліў, што размова будзе маштабнай і закране забеспячэнне нацыянальнай бяспекі ў цэлым. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўсё часцей у заходніх СМІ з’яўляюцца неабгрунтаваныя інфармацыйныя ўкіды ў дачыненні да Беларусі, а таксама падкрэсліў пільную ўвагу да таго, што адбываецца ва Узброеных Сілах нашай краіны.
«Іх перш за ўсё непакоіць той факт, што мы занадта часта і вельмі прадметна і інтэнсіўна праводзім праверкі часцей. Не толькі арміі, але ўсіх Узброеных Сіл. У сувязі з гэтым, карыстаючыся цяперашнім выпадкам, я хачу сказаць для іх, што ніякай надзвычайшчыны тут няма. Шчыра і сумленна было сказана мной, што мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць, — нагадаў свой галоўны тэзіс беларускі лідар. — Ні на каго мы нападаць не збіраемся, як апошнім часам у сродках масавай інфармацыі нашы заходнія „сябры“ разгарнулі кампанію, што Расія нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам з Беларуссю».
Другі кірунак так званай крытыкі ў дачыненні да нашай краіны, — што мы нібыта збіраемся прабіць Сувалкскі калідор у напрамку Калінінградскай вобласці. «Я не хачу тут апраўдвацца перад імі. Гэта глупства поўнае, як і апошняе глупства, якое стварылі латвійцы на граніцы. Можа, я памыляюся, кіраўнік Пагранічнага камітэта нам паведаміць пра сітуацыю, што нібыта хтосьці ў масках перайшоў граніцу Латвіі, кагосьці схапілі, захапілі, яшчэ штосьці. Падобныя аперацыі з заходам на тэрыторыю суседняй дзяржавы немагчымыя без узгаднення з Прэзідэнтам, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Са мной падобныя рэчы не ўзгадняліся, а значыць, і не праводзіліся. Я гэта ведаю дакладна, таму што ваша выканаўчасць абсалютна не падвяргаецца сумненням».

Прэзідэнту ўжо далажылі, што гэта было зроблена ўсё як інфармацыйная нагода атрымаць грошы ад Еўрапейскага Саюза самімі латышамі. «Мы да гэтага не маем ніякага дачынення, што мы там праніклі на іх тэрыторыю, людзі ў масках, ваенныя кагосьці схапілі, захапілі або заштурхнулі туды нейкую групу мігрантаў. Большага глупства не прыдумаеш», — абурыўся беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў нарады на тым, што пастаянна нарастае ў сродках масавай інфармацыі гэтая брахня (інакш не назавеш!), якая звернута ў наш бок. «Ім патрэбныя грошы. Ні тры балтыйскія дзяржавы, былыя рэспублікі Савецкага Саюза, ні Польшча не валодаюць дастатковай сілай, каб задаволіць свае „хацелкі“. Асабліва ў галіне ваеннай. Як Польшча закупляе танкі, іншыя ўзбраенні, якія сёння нятанныя. Дроў для насельніцтва няма, а танкі і іншую тэхніку ваенную закупляць трэба», — іранічна заўважыў Прэзідэнт.
«У выпадку агрэсіі ім давядзецца гэты плот пераадольваць. Гэта нам выгадна»
Трэці кірунак — гэта так званы плот на нашай граніцы. «Не апраўдвайцеся ні перад кім, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прадстаўнікоў сілавога блока. — Дзякуй ім (гавару як ваенны чалавек вам, ваенным людзям), што яны пабудавалі гэты плот. У выпадку агрэсіі з іх боку, а калі агрэсія і здарыцца, яна можа быць толькі з іх боку, з нашага боку гэтага не будзе, я ўжо пра тое сказаў. У выпадку агрэсіі ім прыйдзецца гэты плот пераадольваць. Гэта нам выгадна. Таму, калі яны пабудуюць яшчэ дзве лініі такіх платоў, мы будзем ім толькі ўдзячныя».

Прэзідэнт назваў несусветным глупствам з боку некаторых заходніх ваенных і «разумных грамадзянскіх стратэгаў» узводзіць платы на граніцы з Беларуссю. «Гэта іх тактыка — адгарадзіцца плотам. Гасподзь з імі, хай адгароджваюцца. Я ўжо неяк гаварыў: мігрантам, каб пераадолець гэты плот, як мне раней дакладвалі, неабходна ад 4 да 6 хвілін. Ну што, пабудавалі яны гэты плот і кінулі туды сотні мільёнаў долараў... Вось рэакцыя на тое, што я бачу ў сродках масавай інфармацыі», — падзяліўся беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў сваю заўвагу, якую агучыў у панядзелак у Мінскім раёне ў дачыненні да асвятлення апошніх падзей у Францыі. «І па ўчарашняй заўвазе, гэта проста для журналістаў, асабліва нашых, каб яны разумелі маю пазіцыю, таксама я не апраўдваюся, але канкрэтызую. Я не захапляюся тым, што адбываецца ў Францыі. Чаму? Я ўжо сказаў. Ніякія дзеці там палітыку не робяць. Робяць палітыку палітыкі і выкарыстоўваюць дзяцей. Я гэтым не захоплены, — яшчэ раз падкрэсліў сваю пазіцыю Прэзідэнт. — Нашы журналісты, якія занялі пэўную пазіцыю, крытыкуюць Макрона (Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. — „Зв.“) і іншых там, яны абсалютна маюць рацыю. Але толькі гэта выглядае некалькі тэндэнцыйна з майго пункту гледжання. Можа, я не маю рацыю, гэта мой пункт гледжання».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што журналісты маюць права выказвацца з гэтай нагоды, валодаючы той інфармацыяй, якая ў іх маецца. «Таму да гэтага трэба спакойна ставіцца. Мы жывём у рэшце рэшт не ў таталітарнай, як яны (на Захадзе. — „Зв.“) лічаць, дзяржаве, а ў дэмакратычнай. Калі ласка, хай свой пункт гледжання прапагандуюць і на разгляд нашага грамадства ўносяць», — сказаў Прэзідэнт у дачыненні да журналістаў.
«Не павінна быць з нашага боку такіх дзеянняў, якія б расцэньваліся як агрэсія»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што еўрапейскія краіны, у тым ліку і нашы суседзі, узялі курс на беспрэцэдэнтнае павелічэнне ваенных выдаткаў. Яны пастаянна нарошчваюць маштабы і колькасць ваенных вучэнняў. «Мы гэта бачым. Пачалі адкрыта спекуляваць на тэме ўдасканалення ядзернага патэнцыялу. Як гэта называюць цяпер там — ядзернага шчыта Еўропы. Хоць, гледзячы на ўжо не раз агучаныя агрэсіўныя планы асобных еўрапейскіх дзяржаў і іх лідараў, дарэчы сёння гаварыць не пра шчыт, — заўважыў Прэзідэнт. — Хутчэй, гэта меч у руках бяздумных палітыкаў. Але яны павінны разумець і аддаваць сабе справаздачу, што гэты меч востры з абодвух бакоў. Я пра ядзерную зброю».
У такіх жорсткіх умовах наша краіна працягвае рэалізоўваць комплекс мер, накіраваных на забеспячэнне нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі, працягнуў Прэзідэнт. «Вось яшчэ раз адказ на тое, што ў нас адбываецца ў вайсковым асяроддзі, і нашы праверкі. Мы проста абавязаны дзейнічаць прафесійна, упэўнена, аператыўна. І гэта датычыцца ўсіх дзяржаўных органаў і нашага сілавога блока», — канкрэтызаваў беларускі лідар.

Менавіта для гэтай мэты па даручэнні Прэзідэнта Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі і іншыя службовыя асобы, каму гэта даручана, праводзяць маштабныя праверкі. «Прычым, была пастаўлена задача, што робіцца гэта раптоўна, кропкава — там, дзе я лічу патрэбным. Словам, так, як гэта будзе ў рэальных баявых умовах. Ва ўмовах вайны, падкрэсліваю гэта асабліва, калі трэба адзінства, згуртаванасць усіх Узброеных Сіл. Не толькі арміі. Усёй дзяржавы. Мы павінны быць гатовыя нават да самага негатыўнага для нас сцэнарыя. А сцэнарыі гэтыя намі пралічаныя і вядомыя», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нельга дапусціць новага вітка агрэсіі: «Сёння гэта нікому не трэба. Не павінна быць з нашага боку такіх дзеянняў, якія б расцэньваліся як агрэсія». Прэзідэнт нагадаў пра вопыт пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі ў 1941 годзе ад кіраўніцтва ішлі ўказанні Заходняй пагранічнай акрузе, у тым ліку часцям, размешчаным у Беларусі, не правакаваць, не ствараць нейкіх агрэсіўных намераў з боку СССР, таму што распаўсюджвалася меркаванне: вайны не будзе. «Мы ж гэта памятаем, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму мы не павінны сапраўды паводзіць сябе агрэсіўна, гэта праўда. Але рыхтавацца да магчымага агрэсіўнага дзеяння з боку нашых суседзяў або праз тэрыторыю нашых суседзяў мы павінны заўсёды».

«Сёння мы маем вынікі, якія прымушаюць задумацца аб далейшым развіцці войскаў»
Па даручэнні Прэзідэнта праводзяцца праверкі не толькі часцей арміі, але і ўсіх Узброеных Сіл, уключаючы і ўнутраныя войскі. Адна з часцей была праверана зусім нядаўна. «Што мы хацелі ўбачыць у выніку гэтых праверак? Па-першае, здольнасць прывядзення злучэння, у тым ліку ўнутраных войскаў, у поўную боегатоўнасць ва ўстаноўленыя тэрміны. Па-другое, гатоўнасць воінскага фарміравання да дзеянняў па прызначэнні, узровень навучанасці ваеннаслужачых да выканання пастаўленых перад імі задач. І, трэцяе, галоўнае: ці зможам мы своечасова і адэкватна адрэагаваць на любую сітуацыю, якая пагражае нацыянальнай бяспецы», — пералічыў беларускі лідар.
Праверцы была падвергнутая 7-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС. «У адпаведнасці з задумай, як мне дакладваюць Дзяржсакратарыят і іншыя, паслабленняў ніякіх ваеннаслужачым не давалі. Гэта як мяне інфармавалі, але ў мяне ёсць і іншая інфармацыя. Мы пра гэта сёння пагаворым», — заявіў Прэзідэнт.
Усе этапы раптоўнай праверкі, пра гэта ўсім вядома, кіраўнік дзяржавы трымаў на асабістым кантролі. «І нават тое, чаго вы не хацелі, каб я бачыў, я гэта бачыў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Аб прамежкавых выніках, як я сказаў, мяне інфармаваў і дзяржсакратар, і не толькі ён. Сёння мы маем вынікі, якія прымушаюць задумацца аб далейшым развіцці войскаў — не толькі негатыўныя вынікі. Ёсць і негатыўныя факты. Але галоўнае — праверылі, паглядзелі, як дзейнічаем, а што далей? Як далей будзем дзейнічаць?»
Аналагічныя праверкі працягваюцца зараз таксама ва Узброеных Сілах. Прэзідэнт даручыў Дзяржаўнаму сакратару Савета Бяспекі Аляксандру Вальфовічу па іх выніках прадаставіць комплексны і падрабязны даклад.
«Мы дакладна разумеем, дзе нам разгортваць Узброеныя Сілы»
«Не стану хаваць ад сваіх магчымых праціўнікаў у будучым канфлікце (не дай бог, вядома), але міністру абароны я ўвесь час нагадваю пра тое, што сёння ў краіне павінны быць вызначаны пункты, куды імгненна, на працягу сутак (а нам лагістыка дазваляе ў Беларусі гэта зрабіць) выйдуць Узброеныя Сілы і гэтыя пункты зоймуць. Ну, як у нас называлі іх, умацаваныя раёны, іх пэўная колькасць на заходняй граніцы. І кожны пункт ваеннаслужачы павінен ведаць, асабліва той, каго мы будзем прызываць з запасу. Я гэта памятаю па сваёй вайсковай службе непасрэдна ў арміі. Нас тады вучылі, раптам нешта (здарыцца. — „Зв.“) — ты павінен быць вунь там, у тым акопе, вось з такой зброяй. Так робім і мы сёння, каб нашы ваеннаслужачыя, падраздзяленні, асабліва наваствораныя падраздзяленні на выпадак вайны ведалі, на якім напрамку будуць дзейнічаць, не адзін раз прызваліся і пабывалі ў гэтым умацаваным раёне, і ведалі, якой зброяй яны будуць абараняць нашу краіну».
Нашым праціўнікам да ведама: мы сваю Беларусь добра ведаем, працягнуў беларускі лідар. «Мы ведаем: могуць танкі прайсці дзесьці па лясіста-балоцістай мясцовасці або не могуць. Калі не могуць, дзе яны пойдуць. Яны не пабудуюць, як у пачатку аперацыі „Баграціён“ у 1944 годзе, гэтыя дарогі па балотах. Не тая сітуацыя. Мы гэта выдатна бачым, сёння з’явіліся беспілотнікі і іншае. Мы гэта ім не дазволім. Мы ведаем, дзе яны (праціўнікі. — „Зв.“) будуць пераходзіць граніцу. І вось там мы гэта ўсё павінны перакрыць. Проста і зразумела. Не трэба ніякай тут вялікай стратэгіі з боку Міністэрства абароны і вядучых нашых ваенных, не прымяншаючы іх годнасці. Таму мы дакладна разумеем, дзе нам разгортваць Узброеныя Сілы. І яшчэ раз, трэці раз гавару, гэта вельмі важна для тых, каго мы прызавём „з грамадзянкі“, як у нас кажуць, з запасу. Каб яны ведалі, дзе ім знаходзіцца».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў: ён пра гэта расказвае для таго, каб Міністэрства абароны і міністр разумелі, што ад іх патрабуецца. «Гэта нават не вопыт СВА ва Украіне. Гэта звычайны жыццёвы вопыт, звычайны вопыт Узброеных Сіл. Таму мы гэта адпрацоўваем і будзем, і павінны адпрацоўваць. Акуратна, без спешкі. Дзесьці трэба адмабілізаваць нейкую вайсковую часць і паказаць ваеннаслужачым: мы вас адмабілізавалі, вось там сабралі на палігоне ці дзесьці, баявое зладжванне прывялі, аўтамат вам у рукі — і вось там вы будзеце ў кустах сядзець або перакрыеце дарогу, па якой, магчыма, нашы праціўнікі будуць рухацца. Таму ў гэтым кірунку мы будзем дзейнічаць».
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў ходзе нарады аб’ектыўна будуць разабраны і выкрыты праблемныя пытанні, і вызначаны меры па іх ліквідацыі. Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы заклікаў дакладваць адкрыта і сумленна, без прыўкрас і тэарэтызавання.

«У міліцыі мы гэтыя пытанні праверылі ўпершыню»
Як адзначыў у ходзе даклада Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, у адпаведнасці з задумай, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па праверцы структур ваеннай арганізацыі дзяржавы, Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі ў перыяд з 2 па 12 верасня была праведзена раптоўная праверка стану баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яму цікава даведацца не толькі аб выніках праверкі міліцэйскай брыгады, але і аб праверцы сілавога блока ў цэлым. «Мне цікава паслухаць, як правяралася гэтая брыгада, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму што армію мы ўвесь час, Хрэніна (міністра абароны Віктара Хрэніна. — „Зв.“) тузаем, а што ў Кубракова (міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. — „Зв.“) у гэты час?»
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што зацверджана задума па праверцы ўсіх структур ваеннай арганізацыі: і Узброеных Сіл, і ўнутраных войскаў, і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. «Праверка яшчэ працягваецца. Як Вы мне паставілі задачу, будзе асобны даклад па ўсіх выніках і выкрытых праблемных пытаннях: што добра, што дрэнна. Сёння дазвольце зрабіць упор на праверцы брыгады ўнутраных войскаў, таму што такая праверка праводзілася ўпершыню, — акцэнтаваў увагу дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Калі для Узброеных Сіл, для Міністэрства абароны і іншых структур такая праверка не з’явілася б новай, пытанні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці мы правяраем часта, то ў міліцыі мы гэтыя пытанні праверылі ўпершыню».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА
Фота БелТА
Даслоўна
Праверыць здольнасць кожнага ваеннаслужачага
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч у размове з журналістамі падкрэсліў, што тэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі мае прыярытэтнае значэнне для кіраўніка дзяржавы. «Тая абстаноўка ў свеце, якая развіваецца, паказвае, што порах трэба трымаць сухім у мірны час. І Прэзідэнта хвалююць не толькі пытанні праверкі Узброеных Сіл, якім мы больш увагі ўдзяляем. Прэзідэнта хвалююць пытанні здольнасці ўсіх структур ваеннай арганізацыі выконваць свае задачы ў адпаведнасці з прызначэннем», — сказаў ён.
З гэтай мэтай Прэзідэнтам зацверджана задума праверак сілавога блока, разлічаная да канца гэтага года, куды ўключаны ўсе структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы. Як растлумачыў дзяржсакратар, найбольшая ўвага там надаецца воінскім часцям Узброеных Сіл, паколькі гэта аснова, найбольш буйное ядро, і важна разумець, наколькі яны здольныя абараніць граніцу, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, наш народ пры знешняй агрэсіі.
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Прэзідэнта як Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі і ўсімі структурамі ваеннай арганізацыі дзяржавы хвалюе ў цэлым здольнасць усіх структур выконваць свае задачы па прызначэнні.
МУС пасля Узброеных Сіл — найбольш буйны орган ваеннага кіравання і адна са структур ваеннай арганізацыі дзяржавы. Таму Прэзідэнтам было даручана праверыць і міліцыю ў тым ліку — як яна здольна перавесціся на ваенны час, у баявую гатоўнасць. Такая праверка была праведзена ўпершыню. Адпрацаваны пытанні пераводу з мірнага на ваенны час», — растлумачыў дзяржсакратар Савета Бяспекі.
Як расказаў Аляксандр Вальфовіч, праверка была даволі ёмістая — праводзілася больш за дзесяць дзён, у два этапы. Патрабаванне Прэзідэнта: праверка воінскіх часцей павінна быць раптоўнай. Як патлумачыў дзяржсакратар, у ходзе першага этапу былі адпрацаваны пытанні пераводу з мірнага часу на ваенны, то-бок прывядзенне ў баявую гатоўнасць у адпаведнасці з прызначэннем. Пры гэтым былі асаблівасці: міліцыя павінна была пераводзіцца ў перыяд дэстабілізацыі і спробы дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне. «Задумай праверкі было спланавана здзейсніць перавод брыгады і праверыць яе здольнасць супрацьдзейнічаць дыверсійна-разведвальным групам і іншым незаконна ўзброеным фарміраванням паралельна з адпрацоўкай пытанняў пераводу і даўкамплектавання да штату ваеннага часу, то-бок прызыў ваеннаслужачых з запасу, а таксама атрыманне тэхнікі і паралельнае выконванне задач мірнага часу».
«З задачамі (пастаўленымі ў ходзе праверкі. — „Зв.“) брыгада справілася. Нават у самыя кароткія тэрміны, з апярэджаннем графіка. На некалькі сутак раней яны перавяліся з мірнага на ваенны час, адмабілізавалі асабовы склад, больш як 100 чалавек. Былі сфарміраваны тры падраздзяленні», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён удакладніў, што не ставілася задачы праводзіць маштабны прызыў, а трэба было праверыць саму методыку і здольнасці пунктаў прыёму асабовага складу, прыёму тэхнікі.
«Так, былі выяўлены праблемныя пытанні, звязаныя з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Пытанні, якія трэба падрэгуляваць у кіраванні, арганізацыі сувязі. Але гэта ўсё вырашальна. Тым больш што прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу нашай краіны стаяць у першай лінейцы вытворцаў сродкаў сувязі. Таму тут я не бачу вялікіх праблемных пытанняў», — сказаў ён.
Аляксандр Вальфовіч дадаў, што ў ходзе другога этапу праверкі, каб ацаніць здольнасць выконваць задачы па прызначэнні, з падраздзяленнямі былі праведзеныя ротныя тактыка-спецыяльныя вучэнні, дзе міліцыя з падраздзяленнямі ўнутраных войск адпрацавалі тыя спецыфічныя задачы, якія яны павінны выконваць у адпаведнасці з іх прызначэннем. «І завяршаючым этапам, па патрабаванні Прэзідэнта, (была задача. — „Зв.“) праверыць здольнасць кожнага ваеннаслужачага па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. Гэта тыя асноўныя навыкі, якія дазваляюць выканаць тыя задачы, якія стаяць у цэлым перад падраздзяленнем. Хачу сказаць, што па агнявой падрыхтоўцы ўнутраныя войскі ацэненыя на «выдатна» і даволі ўпэўнена ацэненыя па фізічнай падрыхтоўцы».
Ён падкрэсліў, што на нарадзе Прэзідэнт пытаўся не столькі аб станоўчых аспектах, колькі аб праблемных. Аб гэтым кіраўніку дзяржавы было даложана. «Адбылася мужчынская шчырая размова, пастаўлены дакладныя канкрэтныя задачы — да канца года прыняць усе арганізацыйныя кіраўніцкія рашэнні і ў далейшым паглядзець, як гэта ўкаранёна і выкарыстоўваецца ў сістэме падрыхтоўкі ўнутраных войскаў», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета Бяспекі.
«Калі гаварыць аб далейшых праверках, Прэзідэнт сказаў у гэтым годзе завяршыць задуму, якая была зацверджана ім у пачатку года. Мы праверылі ўжо некалькі батальёнаў Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Наперадзе, напэўна, будуць сілы спецыяльных аперацый. Сваёй праверкі яшчэ чакаюць пагранічнікі і іншыя структуры, якія яшчэ не падвергліся кантролю», — расказаў дзяржсакратар.
Аляксандр Вальфовіч растлумачыў, што такія мерапрыемствы неабходны для таго, каб Прэзідэнт бачыў аб’ектыўную карціну стану структур ваеннай арганізацыі дзяржавы. «Нацыянальная бяспека для Прэзідэнта — пытанне нумар адзін, ён гэта трымае на асабістым кантролі. І ніякага падману тут быць не павінна, таму што не зусім аб’ектыўная інфармацыя можа ўплываць на правільнасць або мэтазгоднасць рашэнняў, якія павінен прыняць камандзір любога рангу і, несумненна, Прэзідэнт нашай краіны», — канстатаваў сакратар Савета Бяспекі.