У Палацы Незалежнасці абмеркавалі стан спраў у гэтых раёнах і Праграму іх развіцця да 2030 года, якую кіраўнік дзяржавы праанансаваў летась на «Дажынках» у Мікашэвічах. Першай дзяржаўнай праграмай, накіраванай на развіццё Прыпяцкага Палесся, стала Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў рэгіёна на 2010 — 2015 гады. Сёння ўжо рэалізуецца новая маштабная праграма развіцця гэтых тэрыторый на 2025 — 2030 гады. Бягучая пяцігодка павінна стаць знакавай для дзевяці раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей, дзе жыве 350 тысяч чалавек.
«Гэта толькі маленькія, першыя крокі. Работы — мора»
Пачынаючы нараду, Прэзідэнт адзначыў, што яе парадак дня быў вызначаны не сёння і не ўчора, а даўно. «Што датычыцца праграмы, мы павінны ведаць і разумець, якія трэба правесці мерапрыемствы ў рамках праграмы і па-за ёй, каб палешукі заўважылі, ды і ўся Беларусь, што мы сур’ёзна займаемся Палессем, з аднаго боку, — сказаў ён. — А з другога боку, мы заўсёды павінны памятаць: а ці ёсць у нас на гэта грошы, для таго, каб дадзеныя мерапрыемствы ажыццявіць».
Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што ўдзельнікі нарады падчас сваіх дакладаў па тэме пазбегнуць залішняй «савецкасці» і будуць гаварыць аб задумах, планах. «І ў рэшце рэшт мы чохам 16 мільярдаў рублёў (або колькі вы там налічылі: „вось гэта Палессе аздаровіць“) аддалі, а выніку не заўважылі, — падзяліўся магчымым сцэнарыем развіцця падзей Аляксандр Лукашэнка. — Вось акурат для гэтага патрэбны канкрэтныя мерапрыемствы, канкрэтныя прадпрыемствы, якія, натуральна, будуць садзейнічаць з’яўленню новых працоўных месцаў (хаця гэта сёння не самае галоўнае), будуць садзейнічаць развіццю Палесся на стагоддзі, назаўсёды. А з другога боку, мы павінны думаць, дзе нам узяць гэтыя грошы і ці хопіць нам гэтых грошай».
Прэзідэнт нагадаў, што праграма, накіраваная на развіццё Прыпяцкага Палесся, — адно з яго ключавых перадвыбарных абяцанняў палешукам. «Выбары адбыліся даўно, але гэта не значыць, што мы там нічога не рабілі, — заўважыў ён. — Вельмі шмат зрабілі. І сёлета, я ўжо казаў, не толькі ў „Парахонскім“ і па ўсім Палессі, у тым ліку і дзякуючы яму (сельгаспрадпрыемству. — „Зв.“), мы адчуваем вынік. Але гэта толькі маленькія, першыя крокі. Работы — мора».
«Трэба давесці ўсё да розуму»
Аляксандр Лукашэнка нядаўна агледзеў усе палескія раёны, а таму мае поўнае ўяўленне, як гаспадараць на зямлі палешукі.
«Сёння Брэстчына і Гомельшчына (Палессе — гэта дзве вобласці) — яркі прыклад таго, што адбываецца з кліматам, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Пастаянная засуха, абмяленне рэк, меліярацыйных каналаў, чаго тры-чатыры дзясяткі гадоў таму не назіралася ў прынцыпе».
«Абмялела, гэта дрэнна, тое дрэнна...» Гэта акурат і ёсць тая «савецкасць», аб якой на пачатку нарады папярэджваў Прэзідэнт. «Слухайце, Прыпяць. Куды сыходзяць гэтыя воды? — пацікавіўся беларускі лідар. — Нават не ва Украіну. Добра б Украіна карысталася спаўна дняпроўскімі водамі. Але ў мора сыходзяць гэтыя воды. Дык чаму ж мы сёння не думаем аб тым, што гэту ваду трэба „павярнуць назад“ — тады, калі патрэбна, і туды, куды патрэбна?»
У якасці прыкладу Прэзідэнт расказаў, што нядаўна дзеючы і былы губернатары Гомельскай вобласці прапаноўвалі кіраўніку дзяржавы вярнуцца да савецкай сістэмы Дняпроўска-Бугскіх каналаў: «Гавару: Іван Іванавіч (Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкама. — „Зв“.), унось прапановы. Ён мне як унёс прапановы, у мяне ў вачах пацямнела, бо такіх вялізных грошай у нас проста няма».
Па словах кіраўніка дзяржавы, што датычыцца мэтазгоднасці вяртання да савецкай воднай сістэмы Дняпроўска-Бугскіх каналаў, варта параіцца з вопытнымі людзьмі, якія пранікліся гэтай ідэяй.
«І калі трэба гэтым шляхам ісці, і гэта акупіцца, і прынясе вынік Гомельскай вобласці — перахрысцімся з табой і пачнём рабіць, — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка вобласці. — Таму трэба давесці ўсё да розуму, а не тое, што дзесьці ідэю пачулі добрую — і „бахнулі“: „Давайце грошы“. Трэба разумець: ёсць у нас грошы або не, будуць яны або не, дасць вынік або не. Калі дасць — будзем шукаць грошы».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аб запасе вільгаці на вясну на Гомельшчыне пакуль можна гаварыць. Але рэгіён засушлівы. «Аб гэтым трэба сёння думаць», — заўважыў Прэзідэнт, згадаўшы меліярацыйныя сістэмы, якія будаваліся не толькі для асушэння, але і для абваднення. «Проста трэба аднавіць гэта і працаваць», — сказаў ён.
Паглыбіўшы прысутных падчас нарады ў канкрэтыку, беларускі лідар адзначыў, што гэта адзін з кірункаў далейшых дзеянняў. «Ад зямлі трэба ісці, — падкрэсліў ён. — І ўсе гэтыя прыродныя выклікі патрабуюць новых комплексных і сістэмных рашэнняў, магчыма, буйных інвестыцыйных праектаў».
Па словах кіраўніка дзяржавы, зачын сістэмы Дняпроўска-Бугскіх каналаў не загублены. «І сёння, калі патрэбна вільгаць на палях, ён можа моцна спатрэбіцца, — заўважыў Прэзідэнт. — Але яшчэ раз гавару: мы не павінны ісці ўсляпую».
Кіраўнік дзяржавы даручыў найсур’ёзнейшым чынам гэта пытанне прапрацаваць, падумаць над формулай яго кошту. З улікам гэтых фактараў пастаўлена задача выбудоўваць стратэгію і тактыку развіцця раёнаў, уключаных у праграму. Пры гэтым не забываючы пра добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да Прыпяці, захаванне экалогіі ракі і ўнікальнай прыроды.
«У свеце такой прыроды нідзе няма. І землі, грунты вельмі своеасаблівыя, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І я б не сказаў, калі ў цэлым узяць, што яны багатыя. Пясчаныя глебы ў асноўным, але калі па розуме, то і на іх можна атрымліваць адпаведныя ўраджаі».
«Гэта мы ўмеем рабіць»
Яшчэ адзін важны кірунак, аб якім падчас наведвання беларускім лідарам Бярэзінскага біясфернага запаведніка гаварыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, — турыстычны патэнцыял, які наогул не раскрыты: ад нацпарка да аграсядзіб.
«А гэта добрыя грошы, — лічыць Прэзідэнт. — Юрый Віктаравіч, вы не спадзявайцеся, што Аман прыедзе і вам на Браслаўскіх азёрах нешта набудуе. Гэта нашы „хацелкі“ і прапановы. Нам трэба самім гэтым займацца. Для турыстаў сёння важныя не палацавыя інтэр’еры, ім хочацца нешта з дрэва, каб прыехаць, адпачыць з дзеткамі... А гэта мы ўмеем рабіць».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі для гэтага ёсць усё. «І рабіць гэта трэба не тое што хутка — імгненна, бо гэта залатая жыла сыходзіць, — удакладніў ён. — Яна сыдзе — заўтра не толькі расіяне, а і іншыя да нас не паедуць. Таму трэба рабіць імгненна, каб акупіць праект, недарагі праект, і зарабіць на гэтым грошы».
Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, усё павінна быць дакладна пралічана, выверана і, галоўнае, у перспектыве прыносіць эканамічную аддачу. «Асабліва калі гаворка ідзе аб бюджэтных сродках», — папярэдзіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што мерапрыемствы Праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся павінны быць канкрэтнымі, укладвацца ў просты алгарытм. «Мы павінны бачыць мэту, паставіць перад сабой пэўныя задачы і дзейнічаць на вынік», — канкрэтызаваў беларускі лідар, удакладніўшы, што аб гэтым ужо папярэджваў.
Падчас нарады Прэзідэнт выказаў жаданне пачуць вельмі канкрэтныя адказы, у тым ліку адказ на галоўнае пытанне: якія мерапрыемствы і за кошт якіх фінансавых крыніц плануецца рэалізаваць?
«Праграма зрабіла сваю справу»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што курыраваць работу па выкананні праграмы будзе сапраўдны паляшук — старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы. У сваім дакладзе ён вызначыў ключавыя кірункі праграмы да 2030 года.
Міхаіл Русы нагадаў, што гэта ўжо другая праграма, якая датычыцца Палесся. Першая праграма па развіцці раёнаў Прыпяцкага Палесся, па яго словах, дала жыццё палешукам і прынесла свае станоўчыя вынікі. «Дзякуючы папярэдняй праграме, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг у Гомельскай вобласці за гэты перыяд вырасла ў 7 разоў, прыбытак ад рэалізацыі павялічыўся ў 5 разоў, рознічны тавараабарот — у 7 разоў, тавараабарот на душу насельніцтва — у 7 разоў, экспарт паслуг — у 2 разы», — канкрэтызаваў сенатар.
Ён адзначыў, што, у адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта, якія былі дадзены падчас рабочых паездак у Пінскі раён 4-5 кастрычніка 2024 года, Брэсцкім і Гомельскім аблвыканкамамі была распрацавана і накіравана ў Міністэрства эканомікі Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся. «У адрозненне ад папярэдняй праграмы, якая ўключала 6 раёнаў, у Праграму развіцця Прыпяцкага Палесся да 2030 года ўключылі дадатковыя тры раёны: Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці, Лельчыцкі і Ельскі раёны Гомельскай вобласці, — заўважыў Міхаіл Русы. — Сёння праграма ахоплівае дзевяць раёнаў, тэрыторыя якіх складае 665 тысяч гектараў, з іх 420 тысяч гектараў — меліярацыйныя землі. Яны ў цэлым займаюць істотны аб’ём у вытворчасці мяса, малака, прадукцыі жывёлагадоўлі і прамысловасці ў краіне. Акрамя таго, рэгіён багаты ляснымі рэсурсамі».
Сенатар нагадаў, што, у адпаведнасці з Праграмай развіцця Прыпяцкага Палесся на 2025—2030-я гады, па раёнах прадугледжана забяспечыць 177 мерапрыемстваў на суму 6,4 мільярда рублёў. «Пасля даручэння кіраўніка дзяржавы мерапрыемствы некалькі разоў дэталёва праглядаліся, усе пытанні аптымізаваліся, выходзілі на тыя параметры, якія вельмі неабходныя для гэтага рэгіёна», — падкрэсліў Міхаіл Русы.
Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся да 2030 года прадугледжвае, што ў Брэсцкай вобласці будзе пабудавана 10 малочнатаварных комплексаў, прыведзена ў парадак 55 жывёлагадоўчых аб’ектаў. Сур’ёзную ўвагу ў абедзвюх абласцях нададуць меліярацыйным землям. «Мэта такая: мы павінны ў гэтых 9 раёнах атрымаць мільён тон малака і мільён тон збожжа да 2030 года, забяспечыць сур’ёзны экспартны патэнцыял і выйсці на заработную плату пад 3,3 тысячы рублёў», — далажыў Міхаіл Русы.
Ён дадаў, што ў кожным раёне вызначаны базавыя гаспадаркі, якія будуць працаваць па ўзоры ААТ «Парахонскае» (Пінскі раён). Такую задачу ў кастрычніку мінулага года ставіў Прэзідэнт падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. Міхаіл Русы дадаў, што бізнес праяўляе актыўную ўвагу да праграмы, да яе мерапрыемстваў гатовы падключацца і фермеры.
Даслоўна
«Зрабіць так, каб было ўтульна, нармальна жыць»
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван КРУПКО, у цэлым прынятая праграма для Палескага рэгіёна, у якую ў тым ліку ўвайшлі пяць раёнаў Гомельскай вобласці, у першую чаргу накіравана на чалавека. «Яна комплексна складаецца з дзвюх частак, — удакладніў ён. — Першая — эканамічныя праекты, каб у кожным рэгіёне запрацавала эканоміка. Другая частка — інфраструктурныя праекты: як сказаў Прэзідэнт, масты, дарогі — усё, што неабходна для зручнасці, развіцця і жыццядзейнасці рэгіёна».
Па словах губернатара, на нарадзе былі абмеркаваны ўсе зацверджаныя праграмай кірункі, даложана аб фінансавым забеспячэнні. «У якой частцы гэта будуць сродкі саміх прадпрыемстваў і арганізацый, вобласці, а таксама якія рэсурсы неабходныя з рэспубліканскага бюджэту, каб усё было рэалізавана дакладна і ў тэрмін», — канкрэтызаваў Іван Крупко. Ён звярнуў увагу, што фактычна 60 % мерапрыемстваў у рабоце. Частка будзе завершана ў 2025 годзе. Планавыя пераходы з года ў год — і да 2030-га вынік праграмы будзе забяспечаны.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама праінфармаваў, што прадугледжана значна нарасціць аб’ёмы вытворчасці як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці. А галоўны вынік усяго — рост дастатку кожнага чалавека, занятага ў эканоміцы. «У кожным раёне вызначана базавая гаспадарка, на якой праходзяць падрыхтоўку перспектыўныя спецыялісты, а ў Гомельскай вобласці ў цэлым працуе школа маладога кіраўніка, — канкрэтызаваў ён. — У далейшым такім спецыялістам даецца магчымасць самім узначаліць прадпрыемства».
Па словах Івана Крупко, такая перадача вопыту важная яшчэ і з таго пункту гледжання, што ў развіццё сельгасарганізацый укладаюцца немалыя сродкі, якія павінны даваць аддачу. «Гэта новы ўзровень эканомікі, вытворчасці і тэхналогій, — канстатаваў ён. — Для гэтага трэба навучыць спецыялістаў, каб яны не страцілі ўкладзеныя грошы».
Кажучы аб тым, як у сельскую мясцовасць і рэгіёны плануюць прыцягваць маладых спецыялістаў, кіраўнік Гомельшчыны адзначыў, што, па-першае, павінен быць годны ўзровень заробкаў, каб была магчымасць утрымліваць не толькі сябе, але і ў перспектыве сям’ю. «Па-другое, будаўніцтва арэнднага жылля з акцэнтам на спецыялістах запатрабаваных прафесій, — дадаў ён. — Трэці кірунак — удасканаленне сацыяльнай інфраструктуры ў райцэнтрах і аграгарадках. Гэтага ўсяго павінна быць дастаткова ў раёне. Тады маладая сям’я затрымаецца. Трэба паглядзець, чаго не хапае ў кожным раёне, і зрабіць так, каб там было ўтульна, нармальна жыць».
«Любы рэгіён нашай краіны, як і само Палессе, — жамчужына Беларусі»
Такое меркаванне па выніках нарады выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Міхаіл РУСЫ. «Асаблівую ўвагу з улікам прыродна-кліматычных фактараў і геапалітычнага размяшчэння, а таксама прыроднага рэсурсу кіраўнік дзяржавы ўдзяляе менавіта развіццю Прыпяцкага Палесся, — канстатаваў ён. — Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся — гэта працяг той далёкай размовы, якую пачаў у 1996 годзе Прэзідэнт».
Размова — пра паездку кіраўніка дзяржавы ў Палескі рэгіён, у Ляскавічы, і памятнае фота, якое стала пазней шырока вядомым, дзе Аляксандр Лукашэнка размаўляе з палешукамі каля вялікага дуба. «Тады кіраўнік дзяржавы сказаў, што палешукі — соль зямлі беларускай, людзі, якія могуць многае вырашаць, а гэты край павінен быць прыведзены ў ідэальны парадак і стаць жамчужынай», — нагадаў парламентарый.
У 2008 годзе беларускі лідар даручыў падысці да раёнаў Прыпяцкага Палесся грунтоўна і распрацаваць адпаведную праграму. У 2010 годзе была прынятая праграма развіцця Прыпяцкага Палесся на 2010–2015 гады. «За гэты перыяд Палессе моцна змянілася, — заўважыў Міхаіл Русы. — У разы выраслі экспарт, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, прамысловасць, дзясятак магутных буйных прадпрыемстваў прыведзена ў парадак. Таксама былі пабудаваны і рэканструяваны каля 70 жывёлагадоўчых комплексаў».
Паводле слоў сенатара, быў адроджаны ўвесь турыстычны комплекс, які ёсць і сёння. «Быў адноўлены Нацыянальны парк „Прыпяцкі“, пабудаваны тысячы кіламетраў дарог, газіфікаваны амаль усе цэнтральныя сядзібы — усё па Праграме развіцця Прыпяцкага Палесся, — канкрэтызаваў ён. — Знаходзячыся летась з рабочым візітам у Пінску, а таксама на „Дажынках“ у Мікашэвічах, Прэзідэнт паставіў задачу зрабіць яшчэ адзін крок па развіцці Палесся, падняць прамысловы і прыродны патэнцыял».
Як вынік — менавіта ў 6 раёнах Палесся, уключаных у першую праграму, сканцэнтравана найбольшая колькасць населеных пунктаў з колькасцю жыхароў звыш тысячы чалавек. «Мы захавалі рэсурсы — гэта самае галоўнае», — упэўнены Міхаіл Русы. Паводле яго слоў, сур’ёзная ўвага акцэнтуецца на тым, каб прывесці ў парадак меліярацыйныя землі і пасля правядзення там культуртэхнічных работ перадаць іх у сельгасабарот. Гаспадарак, гатовых іх эфектыўна асвойваць, у раёнах дастаткова.
«Шырокі рэзананс праграма мае сярод бізнесу. Актыўна ўключыліся ў гэту работу фермерскія гаспадаркі, выбудаваны шэраг прапаноў», — сказаў Міхаіл Русы. На яго думку, некаторыя з іх маюць рэальны патэнцыял, каб у найбліжэйшы час выйсці па эканамічных паказчыках дзейнасці на ўзровень паспяховага сельгаспрадпрыемства «Парахонскае», якое год таму наведваў кіраўнік дзяржавы і ставіў яго ў прыклад.
Міхаіл Русы падкрэсліў, што ўсе паказчыкі, прадугледжаныя Праграмай развіцця Прыпяцкага Палесся, дэталёва правераны, рэалістычныя і ўлічваюць рэальны стан спраў.
«Ствараеш умовы — моладзь застаецца ў вёсцы»
Па словах старшыні СВК «Дружба-Аўцюкі» Калінкавіцкага раёна Сяргея ДАЎГЯЛЫ, Праграма развіцця Прыпяцкага Палесся на 2025 — 2030 гады найперш накіравана на паляпшэнне якасці жыцця ў гэтых раёнах. «Тое, што ў цяперашні момант робіцца ў гэтым плане, — для людзей, — удакладніў ён. — Гэта добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стварэнне добрых умоў для жыцця, для таго, каб чалавек мог зарабіць добрыя грошы менавіта на сяле. Не думаць аб тым, каб кудысьці паехаць, а прымяніць свае веды на месцы: дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся».
Кажучы аб пытанні замацаванасці кадраў, кіраўнік гаспадаркі адзначыў, што арыенцір па сярэднім заробку ў сельскай мясцовасці — тысяча долараў. «Мы пакуль не дацягваем да гэтага: у нас сярэдні заробак — 2500 беларускіх рублёў, але мы імкнёмся да таго, каб яго павысіць, — адзначыў ён. — Працуем з маладымі спецыялістамі, адбіраем людзей, кагосьці перавучваем. У моладзі — вялікі патэнцыял. Маладыя людзі любяць працаваць у сельскай мясцовасці. Калі добра адносішся, ствараеш умовы, то моладзь застаецца ў вёсцы. У нас няма праблем з кадрамі. У кожным маладым чалавеку, які прыходзіць у гаспадарку, бачу сваё дзіця і імкнуся яму дапамагчы».
Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Альшаны Агра» Столінскага раёна Мікалай ГРЫБ таксама разлічвае на карысць ад рэалізацыі праграмы. Яна ў тым ліку арыентавана і на прыватныя фермерскія гаспадаркі. Столінскі раён у гэтым плане асаблівы — там у дзяржавы просяць не фінансаванне, а ў асноўным зямлю. Таму патрабаванне Прэзідэнта аб адраджэнні і ўцягванні ў абарот пустуючых зямель знаходзіць асаблівае разуменне.
«Заўсёды таму, хто жадае развівацца, як правіла, не хапае зямлі, — адзначыў фермер. — Трэба дадаваць. Наш Столінскі раён спецыфічны па зямлі. Усе хочуць атрымаць яе. Думаю, завершыцца меліярацыя — усім будзе хапаць».
Вераніка КАНЮТА
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА