Top.Mail.Ru

Падрабязнасці перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з першым віцэ-прэм’ерам Расіі Дзянісам Мантуравым

«Лічым за гонар супрацоўнічаць з Расіяй»


У Палацы Незалежнасці бакі абмеркавалі бягучыя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Была нагода і для ўрачыстага моманту: кіраўнік дзяржавы ўручыў першаму намесніку старшыні ўрада Расіі ордэн Дружбы народаў. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў напярэдадні. Высокай узнагароды Дзяніс Мантураў удастоены за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных адносін, прамысловага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы.

«Ён патрэбен на нашым агульным рынку»

«Ва ўзнагароды заўсёды ёсць палітычны складнік і пэўны аванс», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, уручаючы Дзянісу Мантураву ордэн Дружбы народаў.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць першаму віцэ-прэм’еру Расіі за тое, што, паглядзеўшы некаторыя нашы прадпрыемствы, у плане падтрымкі Беларусі Дзяніс Мантураў спрацаваў па двух кірунках.

«Па аўтамабілях і асаблівая (удзячнасць. — „Зв.“) за самалёт, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Ёсць там пэўныя непаразуменні, але, я думаю, мы цяпер абмяркуем іх для таго, каб усё-такі „Асвей“ (лёгкі шматмэтавы самалёт, вытворчасць якога будзе рэалізавана ў рамках беларуска-расійскага праекта. — „Зв.“) быў. Ён патрэбен на нашым агульным рынку. Натуральна, для Расіі гэта добры будзе самалёт, а для нас — набыццё новых кампетэнцый».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рамонтам авіяцыйнай тэхнікі ў Беларусі займаюцца даўно. «Нешта ўжо ўмеем рабіць, — канстатаваў ён. — Не на голым месцы (будзе наладжана вытворчасць самалётаў. — „Зв.“). Таму з дапамогай расіян мы маглі б асвоіць новы кірунак у прамысловасці».


«Час патрабуе ад нас, каб мы працавалі разам»

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць першаму намесніку старшыні ўрада Расіі і за тую прамысловую палітыку ў дачыненні да нашай краіны, якую, па яго словах, цяперашні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, будучы паслом Беларусі ў Расіі, увесь час прасоўваў. Сутнасць гэтай прамысловай палітыкі ў тым, каб беларусы і расіяне разам працавалі. 

«Ды і час нас сёння да гэтага падштурхоўвае, патрабуе ад нас, каб мы працавалі разам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь, у адрозненне ад іншых краін, якія з’яўляюцца сябрамі Расіі, але не хочуць пэўныя рэчы публічна агучваць, не адхрышчваецца ні ад якіх пытанняў — зручных або нязручных.


«Мы прама гаворым, што лічым за гонар супрацоўнічаць з Расіяй і будзем супрацоўнічаць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым можаце не сумнявацца. Справа не ў тым, што сітуацыя нас да гэтага падштурхоўвае. А справа ў тым, што мы гэты курс вызначылі даўно, некалькі дзясяткаў гадоў таму, і свята яго прытрымліваемся».

«Прамысловасць — гэта аснова любой эканомікі» 

Прэзідэнт заклікаў не перажываць наконт падтрымкі расійскім бокам адпаведнай эканамічнай палітыкі. Пры гэтым, па яго словах, размова ідзе не толькі аб прамысловасці. 

«Хаця прамысловасць — гэта аснова любой эканомікі і ў вас, і ў нас, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы экспартаарыентаваная краіна. У вас — і экспарт (усяго хапае), і ўнутранае развіццё вялізнае. Таму давайце ў гэтым кірунку рухацца. Мы да гэтага гатовы».

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб планах сустрэцца ў бліжэйшы час з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, а таксама Прэм’ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным. «Абмяркуем тыя пытанні, якія мы не зможам узгадніць (з першым віцэ-прэм’ерам Расійскай Федэрацыі. — „Зв.“)», — удакладніў ён. 

«Не толькі гандаль, а і шчыльныя кааперацыйныя сувязі»

Дзяніс Мантураў перадаў Прэзідэнту Беларусі прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Уладзіміра Пуціна і Міхаіла Мішусціна. 

Гаворачы аб беларуска-расійскім тавараабароце, першы віцэ-прэм’ер Расіі заўважыў, што па выніках мінулага года 65 % у двухбаковых пастаўках склала менавіта прамысловая прадукцыя. 


«Гэта сапраўды з’яўляецца асновай любой эканомікі, — пагадзіўся з беларускім лідарам Дзяніс Мантураў. — І самае тут важнае: не толькі гандаль з’яўляецца асновай сёння, а і шчыльныя кааперацыйныя сувязі, якімі мы звязаны на працягу апошніх гадоў, у тым ліку і нарматыўнай базай. Не толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы, але і еўразійскае эканамічнае аб’яднанне (ЕАЭС. — „Зв.“) таксама дае пэўны стымул развіцця. У тым ліку за кошт сродкаў, якія паступаюць у выглядзе пошлін і накіроўваюцца потым на субсідзіраванне, кампенсацыю працэнтных ставак па крэдытах на сумесныя праекты». 

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА


Даслоўна

«Будзем выкарыстоўваць ужо беларускія тэхналогіі»

Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзяніс МАНТУРАЎ, парадак дня ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі вельмі шырокі, таму тэм для абмеркавання, якія закраналіся падчас перагавораў з беларускім лідарам, дастаткова шмат.

«Сёлета мы канстатуем працяг росту тавараабароту — прыкладна на 12,5 %, — адзначыў ён. — Баланс імпарту і экспарту — практычна пароўну. Гэта вынік той работы, якая праводзіцца на сістэмным узроўні». Па словах першага віцэ-прэм’ера Расіі, такі станоўчы эфект у тым ліку даюць асабістае паглыбленне кіраўніка беларускай дзяржавы ў кожны праект, кожны кірунак, разуменне Аляксандрам Лукашэнкам сутнасці пытання, своечасовыя кіраўніцкія рашэнні. 

У якасці прыкладу Дзяніс Мантураў прывёў супрацоўніцтва ў сферы машынабудавання. У прыватнасці, указаў на добрыя перспектывы ва ўзаемадзеянні з СЗАТ «БЕЛДЖЫ». «Стабільны попыт (на аўтамабілі, вырабленыя на прадпрыемстве. — „Зв.“), кампанія развіваецца, павышаецца ўзровень лакалізацыі ў Беларусі, у тым ліку з удзелам расійскіх прадпрыемстваў, што паглыбляе міжкраінавую індустрыялізацыю», — удакладніў ён.

Яшчэ адным паспяховым прыкладам супрацоўніцтва ў гэтай сферы Дзяніс Мантураў назваў партнёрства расійскіх кампаній горнаруднай прамысловасці з ААТ «БЕЛАЗ». Першы віцэ-прэм’ер праінфармаваў, што на парадку для — новы праект з «БЕЛАЗАам» па распрацоўцы, вытворчасці спецыяльнай тэхнікі для кампаніі «Норнікель». Ён расказаў, што шахтная тэхніка, якая сёння ў асноўным выкарыстоўваецца расійскімі кампаніямі, яшчэ заходняй вытворчасці. «Будзем выкарыстоўваць ужо беларускія тэхналогіі. Гэта добрая сінергія», — падкрэсліў першы намеснік старшыні расійскага ўрада.

Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі і Расіі ў сферы самалётабудавання, што таксама абмяркоўвалася падчас перагавораў з кіраўніком нашай дзяржавы, Дзяніс Мантураў заўважыў, што беларускія прадпрыемствы авіяпрама ўдзельнічаюць у кааперацыі па вытворчасці расійскіх самалётаў, кампанентаў. Па яго словах, у Мінску ёсць добрыя магчымасці для афарбоўкі авіятэхнікі. 

Што датычыцца праекта па вытворчасці новага перспектыўнага самалёта «Асвей», у рэалізацыі якога прымае ўдзел і беларускі бок, першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што работа ідзе згодна з адкарэкціраваным графікам. «Упэўнены, што ў наступным годзе атрымаем доследны ўзор, які пачне лётныя выпрабаванні, — сказаў Дзяніс Мантураў. — Разлічваем, што да канца 2029 года скончым сертыфікацыю і гэты самалёт атрымае пуцёўку ў жыццё на рынку Беларусі, Расіі. Разлічваем і ў трэція краіны пастаўляць».

Па словах першага намесніка старшыні ўрада Расіі, у кабінеце беларускага лідара таксама абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з электронікай, электронным машынабудаваннем, іншыя пытанні, якія знаходзяцца на парадку дня і выклікаюць сумесны інтарэс для эканомік дзвюх краін. «Будзем працягваць эфектыўна развіваць усе гэтыя кірункі», — рэзюмаваў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю