Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці адбыліся першыя ў гісторыі двухбаковых адносін беларуска-ганскія перагаворы на найвышэйшым узроўні

«Гэта пачатак вялікага сяброўства і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва»


Беларусь пашырае супрацоўніцтва на Афрыканскім кантыненце. Сведчанне гэтаму — афіцыйны візіт у нашу краіну Прэзідэнта Ганы Джона Драмані Махамы. Гэта першы візіт на найвышэйшым узроўні ў гісторыі двухбаковых дыпламатычных адносін, якія вядуць пачатак з 1992 года. Развіццё супрацоўніцтва з Ганай ажыццяўляецца ў рамках пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам комплекснай задачы па наладжванні ўзаемавыгадных кантактаў з перспектыўнымі партнёрамі ў Афрыцы.


Рытуал урачыстай цырымоніі сустрэчы высокага госця ў Палацы Незалежнасці па традыцыі афіцыйнага візіту ўключаў выкананне дзяржаўных гімнаў дзвюх краін, суправаджэнне ротай ганаровай варты, абмен поціскамі рукі з прадстаўнікамі дэлегацый абодвух бакоў, сумеснае фатаграфаванне. 

Перагаворы двух лідараў праходзілі ў вузкім і шырокім складах. Прэзідэнты абмеркавалі праекты ў сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва: у прыватнасці, комплексную механізацыю сельскай гаспадаркі Ганы, умацаванне харчовай бяспекі гэтай краіны. Акрамя таго, лідары дзяржаў разгледзелі перспектывы ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы па такіх прыярытэтных кірунках, як адукацыя і медыцына. Па выніках перагавораў былі падпісаны міжнародныя дакументы, якія пашыраць і ўмацуюць двухбаковую дагаворна-прававую базу ў шматлікіх сферах.

«Вы можаце абаперціся на Беларусь»

Падчас перагавораў у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка прывітаў свайго калегу, які ў статусе кіраўніка Ганы ўпершыню наведвае нашу краіну. Дагэтуль Джон Драмані Махама знаходзіўся ў Беларусі ў 2024 годзе ў якасці апазіцыйнага палітыка, кандыдата ў прэзідэнты.

«Мне з вамі прыемна сустракацца: вы ў свой час былі ў Беларусі і пазнаёміліся з нашай краінай, — канстатаваў Прэзідэнт. — Думаю, для вас не будзе сакрэтам, калі я скажу, што ў дадзены момант мы спрабуем вызначыцца на Афрыканскім кантыненце, на каго б абаперціся, з кім у першую чаргу супрацоўнічаць. Мы хоць і тэхналагічная, але не гіганцкая краіна, як Кітай або Злучаныя Штаты Амерыкі, каб ісці адзіным фронтам і супрацоўнічаць з усімі дзяржавамі Афрыканскага кантынента. Таму мы хочам знайсці сваё месца на кантыненце будучыні».


Па словах кіраўніка дзяржавы, вельмі хацелася б, каб на заходнім узбярэжжы гэтага ўнікальнага прыроднага ўтварэння, якім з’яўляецца Афрыка, беларусы знайшлі сваіх сяброў і сур’ёзны пункт апоры ў эканоміцы.

«Больш за тое, ваша палітыка нам зразумелая і мы гатовы з вамі па многіх кірунках супрацоўнічаць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У вас, нягледзячы на тэрыторыю, вялізнае насельніцтва — 35 мільёнаў, можа, нават і больш чалавек. І вы паставілі перад сабой высакародную мэту — забяспечыць харчовую бяспеку праз развіццё сельскай гаспадаркі і перш за ўсё — праз механізацыю сельскай гаспадаркі». 

Як падкрэсліў Прэзідэнт, Беларусь з’яўляецца машынабудаўнічай краінай з развітой сельскай гаспадаркай, і ў гэтых адносінах мы можам быць цікавымі для Ганы. «У сваю чаргу, мы зацікаўлены ў вашых таварах, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — І калі мы зможам забяспечыць вашы інтарэсы тут, у Еўропе, вы можаце абаперціся на Беларусь. Мы будзем зацікаўлены, калі вы на тэрыторыі Беларусі будзеце будаваць свае прадпрыемствы, сумесныя прадпрыемствы з беларусамі».

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прапанаваў стварыць прадпрыемства па перапрацоўцы какава-бабоў з наступным экспартам прадукцыі на прасторы Еўразійскага кантынента. 

Беларусь гатова супрацоўнічаць з Ганай і ў галіне бяспекі. «У сувязі з тым, што мы маем даволі развіты ваенна-тэхнічны комплекс, — удакладніў Прэзідэнт. — Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па падрыхтоўцы ваенных кадраў. Але філасофія нашай палітыкі ў свеце, і перш за ўсё на Афрыканскім кантыненце, вельмі простая — мы гатовы пастаўляць вам, у Афрыку, прадукты сваёй прамысловасці, сельскай гаспадаркі, паслуг. У той жа час мы гатовы падрыхтаваць для вас кадры, якія змогуць працаваць на гэтай няпростай, складанай тэхніцы». 


Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць у тым, што візіт Джона Драмані Махамы ў нашу краіну ў якасці кіраўніка дзяржавы зможа забяспечыць той фундамент двухбаковых адносін, які неабходны для выбудоўвання больш сур’ёзных адносін паміж Беларуссю і Ганай.

«Калі ў вас будзе інтарэс, мы значна можам вам дапамагчы ў вырашэнні вашай галоўнай задачы — забеспячэння харчовай бяспекі Ганы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

«Уражаны высокім узроўнем развіцця вашай краіны»

У сваю чаргу, Прэзідэнт Рэспублікі Гана Джон Драмані Махама выказаў удзячнасць беларускаму лідару за цёплае запрашэнне наведаць нашу краіну. 

«Шмат гадоў таму я ўжо зразумеў, які патэнцыял ёсць у Беларусі па сувязях з Афрыканскім кантынентам, — адзначыў кіраўнік Ганы. — Два гады таму я наведаў вашу краіну, яшчэ не з’яўляючыся прэзідэнтам, і быў уражаны высокім узроўнем развіцця вашай краіны, высокім узроўнем навукі і адукацыі. І ў той момант я пакляўся, што калі выйграю выбары і стану прэзідэнтам, я абавязкова прыеду ў Беларусь ужо з афіцыйным візітам. І вось я тут».


Паводле яго слоў, сёння Афрыка падымаецца з калень. «І гэта ўжо зусім іншая Афрыка, — звярнуў увагу Джон Драмані Махама. — Калі ў мінулым адносіны паміж афрыканскімі краінамі і краінамі Захаду развіваліся на аснове каланіялізму, то сёння мы развіваем нашы адносіны на роўных, выключна з улікам нашых уласных інтарэсаў. Мы будуем партнёрскія адносіны, і Беларусь, натуральна, з’яўляецца партнёрам для нашай краіны».

У той жа час для многіх жыхароў Афрыканскага кантынента Беларусь яшчэ застаецца не вельмі знаёмай краінай. І ў велізарным інфармацыйным патоку, дзе бывае шмат дэзынфармацыі, вельмі цяжка, на думку ганскага лідара, убачыць і даведацца, наколькі цудоўнай краінай з’яўляецца Беларусь. Таму шмат людзей у Гане, даведаўшыся пра візіт Прэзідэнта гэтай афрыканскай дзяржавы ў Мінск, сталі задавацца пытаннем, што гэта за краіна і якія інтарэсы Ганы падчас гэтага наведвання. Джон Драмані Махама выказаў упэўненасць, што гэты візіт у Беларусь адкрые новую главу адносін паміж дзяржавамі.

«Мы для вас адкрыты»

На перагаворах у шырокім складзе Аляксандр Лукашэнка прывітаў на беларускай зямлі ўдзельнікаў першых у гісторыі нашых двухбаковых адносін беларуска-ганскіх перагавораў на найвышэйшым узроўні.

«Канструктыўны палітычны і пазітыўны вопыт кантактаў на міжнародных пляцоўках ствараюць спрыяльныя перадумовы і прадказальныя ўмовы для разгортвання поўнамаштабнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Беларусь гатова дзяліцца напрацаванымі кампетэнцыямі ў розных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, выкарыстоўваць усю палітру даступных фарматаў ўзаемадзеяння. «Наша сіла — не толькі ў экспарце прадуктаў харчавання, а ў наяўнасці поўнага цыкла кампетэнцый: ад машынабудавання і ўгнаенняў да профільнай адукацыі і аграрнай навукі, — канкрэтызаваў ён. — Усё гэта — да паслуг нашых партнёраў, у тым ліку ў Афрыцы».

Па словах кіраўніка дзяржавы, падчас візіту ў Беларусь Прэзідэнт Махама таксама пазнаёміўся з эканамічнымі магчымасцямі і прыроднай унікальнасцю Брэстчыны. «Упэўнены, што гісторыя гэтага гераічнага краю і сучасныя тэхналогіі прадпрыемстваў, якія тут паспяхова развіваюцца, пераканалі вас у наяўнасці рэсурсаў супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі», — падкрэсліў беларускі лідар.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Прэзідэнта Ганы суправаджае не толькі афіцыйная дэлегацыя, але і аўтарытэтныя прадстаўнікі бізнесу. «Разлічваем, што сённяшні беларуска-ганскі бізнес-форум стане пунктам адліку для актыўнага, прамога ўзаемадзеяння дзелавых колаў у сферах сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці і развіцця інфраструктуры, аховы здароўя і фармацэўтыкі, адукацыі, транспарту і лагістыкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы для вас адкрыты. Калі ласка, вывучайце наш вопыт, і, калі вам нешта спатрэбіцца, мы будзем з вамі супрацоўнічаць». 

Прэзідэнт Беларусі канстатаваў, што на дадзены момант тавараабарот паміж краінамі абсалютна не адпавядае патэнцыялу двухбаковага партнёрства. Ужо цяпер Аляксандр Лукашэнка запрасіў ганскіх сяброў прыгледзецца да шырокага спектру машын і абсталявання, якія вырабляюцца ў Беларусі.

«Наша грузавая, аўтобусная, дарожна-будаўнічая, камунальная, пажарная, кар’ерная тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў Афрыцы і будзе запатрабавана пры рэалізацыі пастаўленых кіраўніцтвам Ганы задач па паляпшэнні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў і павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, — адзначыў беларускі лідар. — Тыя задачы, спадар Прэзідэнт, якія вы сёння ставіце перад сваёй краінай, вы можаце абсалютна ў поўным аб’ёме вырашыць на нашых тэхналогіях і з нашымі людзьмі. Мы таксама гатовы навучыць гэтым тэхналогіям вашых людзей». 

У сваю чаргу, беларускі бок зацікаўлены ў стабільным імпарце какава-бабоў для харчовай прамысловасці Беларусі, а таксама іншых ганскіх тавараў. 

«Адлегласць супрацоўніцтву не перашкода» 

«У сучасным свеце адлегласць супрацоўніцтву не перашкода, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што мы навучыліся адаптаваць лагістыку паставак у Афрыку да самых розных выклікаў: ад незаконных санкцый да ваенных канфліктаў. Настройваем на самае цеснае ўзаемадзеянне банкі, страхавыя кампаніі дзвюх краін, якія павінны забяспечыць фінансавую інфраструктуру для гандлёвых патокаў. Бачым вялікі патэнцыял у сферы гандлю паслугамі. Беларускія інфармацыйныя тэхналогіі, адукацыя, медыцына даступныя для нашых партнёраў без якіх-небудзь бар’ераў, палітычных або экспартных абмежаванняў».


Па словах Прэзідэнта, каардынаваць намаганні бакоў па нарошчванні гандлёвых сувязяў і эканамічнай кааперацыі будзе Сумесны камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў рамках міжурадавага пагаднення, якое ў ходзе перагавораў было падпісана. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, не зацягваючы, правесці першае пасяджэнне камітэта, каб ажыццявіць усе дамоўленасці па выніках візіту кіраўніка Ганы ў Беларусь. «Мы павінны мець канкрэтны план сумесных дзеянняў па развіцці гандлю паміж нашымі краінамі», — акцэнтаваў ён увагу.

Беларускі лідар падкрэсліў, што перагаворы ў Мінску — гэта пачатак вялікага сяброўства і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва. 

«Мы падтрымліваем адзін аднаго па самых розных пытаннях»

Прэзідэнт Рэспублікі Гана падчас перагавораў у шырокім складзе падкрэсліў, што сказанае беларускім лідарам — гэта трапнае апісанне двухбаковых адносін паміж краінамі. Кіраўнік Ганы яшчэ раз падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць і запрашэнне наведаць нашу краіну. 

Падчас афіцыйнага візіту ў нашу краіну дэлегацыя Ганы наведала Брэсцкую вобласць. «Мы правялі там два выдатныя дні і атрымлівалі асалоду ад прыгажосці вашых лясоў, рэк, балот. Акрамя таго, гэты візіт дазволіў нам вывучыць гісторыю», — акцэнтаваў увагу Джон Драмані Махама. 

Ганскі лідар прызнаўся, што раней вывучаў гісторыю ва ўніверсітэце, пасля чаго выкладаў яе ў школе. Таму візіт у Брэсцкую крэпасць стаў для кіраўніка Ганы вельмі цікавым. «Я быў уражаны, чытаў пра гэта (абарону Брэсцкай крэпасці. — „Зв.“) раней у падручніках гісторыі, і для мяне гэта была выдатная магчымасць убачыць на свае вочы крэпасць, якую людзі гераічна абаранялі», — адзначыў Джон Драмані Махама.

Прэзідэнт Ганы звярнуў увагу на тое, што дружалюбныя адносіны паміж краінамі складваюцца яшчэ з моманту іх афіцыйнага ўстанаўлення. «Да гэтага ў нас былі добрыя адносіны з краінамі Савецкага Саюза, — нагадаў ганскі лідар. — Пасля распаду СССР мы сталі выбудоўваць двухбаковае ўзаемадзеянне для таго, каб яшчэ больш умацаваць дружалюбныя адносіны паміж нашымі краінамі. І мы падтрымліваем адзін аднаго па самых розных пытаннях у міжнародным вымярэнні. Па многіх пытаннях Гана і Беларусь прытрымліваюцца адных і тых жа пазіцый як у ААН, так і ў рамках Руху недалучэння».


Джон Драмані Махама падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за тую падтрымку, якую Беларусь аказвае Гане ў прасоўванні рэзалюцыі супраць трансатлантычнага гандлю людзьмі. «Дзякую вам за тую падтрымку, якую вы аказалі нам для таго, каб даказаць, што трансатлантычны гандаль людзьмі з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці», — сказаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік Ганы спыніўся на аспектах супрацоўніцтва ў рамках работы над забеспячэннем харчовай бяспекі. «Мы спадзяёмся на супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, навуцы і адукацыі, — канкрэтызаваў Джон Драмані Махама. — Мы гатовы падпісаць пагадненне на пастаўку сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі. Я меў магчымасць ацаніць якасць беларускай тэхнікі: паглядзеў на беларускія трактары і зразумеў, што гэта адна з самых надзейных машын у свеце. Дарэчы, падобны трактар ёсць і ў мяне, і я маю магчымасць пераканацца ў тым, наколькі высокай якасці сельскагаспадарчае абсталяванне вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь». 

Ганскі бок разгледзеў і іншыя ўзоры сельскагаспадарчай тэхнікі, сярод якіх камбайны самых розных памераў, сеялкі і іншыя машыны. Джон Драмані Махама адзначыў іх высокую якасць і надзейнасць. «Мы гатовыя падпісаць Мемарандум аб узаемаразуменні ў рамках гэтага візіту, бо лічым, што павінны закласці асновы для далейшага больш актыўнага супрацоўніцтва, якое яшчэ больш зблізіць нашы краіны», — звярнуў увагу Прэзідэнт Ганы. 

Паводле яго слоў, сёння экспартныя адносіны паміж краінамі не такія прадуктыўныя, якімі могуць быць. Кіраўнік Ганы выказаў упэўненасць, што бакі могуць нарасціць аб’ёмы супрацоўніцтва, у прыватнасці, у сферы сельскай гаспадаркі. «Я спадзяюся, што гэты візіт памяняе вельмі многае ў гэтых адносінах і выведзе нас на зусім новы ўзровень», — рэзюмаваў Джон Драмані Махама.

У ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Гана ў Беларусь бакі падпісалі шэраг важных дакументаў і пагадненняў, накіраваных на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва. Сярод іх — Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Гана аб стварэнні Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Гана аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах. 


Акрамя таго, бакі падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам харчавання і сельскай гаспадаркі Рэспублікі Гана па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, а таксама Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Ганскай нацыянальнай гандлёва-прамысловай палатай.

«Голас і падтрымка Беларусі заўсёды будуць на баку Ганы і іншых афрыканскіх краін» 

У заяве перад прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Ганы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перагаворы з Джонам Драмані Махамам былі прадуктыўнымі. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта першы візіт на найвышэйшым узроўні ў гісторыі беларуска-ганскіх адносін, якім 5 чэрвеня споўнілася 34 гады.

«Да нядаўняга часу наша ўзаемадзеянне адбывалася ў асноўным у рамках міжнароднага парадку дня, — канстатаваў беларускі лідар. — Пазіцыі Мінска і Акры традыцыйна блізкія ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Руху недалучэння. Так, мы разам працуем над фарміраваннем больш справядлівага шматпалярнага светаўладкавання. Пункты гледжання нашых краін абсалютна супадаюць».


Беларускі бок падтрымлівае Прэзідэнта Ганы ў яго намаганнях па аднаўленні гістарычнай справядлівасці, прызнанні трагічных старонак сусветнай гісторыі, а таксама старонак, звязаных з трансатлантычным гандлем людзьмі, каланіялізмам і шматвекавым прыгнётам народаў Афрыкі.

«Таму галоўнай філасофіяй нашага руху ў Афрыку, работы ў Афрыцы з’яўляецца тое, што мы не неакаланіялісты, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ідзём да вас як сябры».

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь адной з першых на пляцоўцы Генасамблеі ААН далучылася да ініцыятывы Ганы, якая прызнае гандаль рабамі цяжкім злачынствам супраць чалавечнасці, і стала адзінай еўрапейскай краінай — сааўтарам адпаведнай рэзалюцыі.

«Мы ведаем, што такое нацызм, крайняя форма каланіялізму, таму голас і падтрымка Беларусі заўсёды будуць на баку Ганы і іншых афрыканскіх краін», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

«Мы настроены дынамічна развіваць узаемадзеянне па ўсіх гэтых кірунках, ставячы ў аснову эканоміку»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларуска-ганскія перагаворы ў Мінску адкрываюць новы раздзел супрацоўніцтва паміж краінамі. «Цяпер ужо ў двухбаковым фармаце, — удакладніў ён. — Перагаворы, якія адбыліся, пацвердзілі наяўнасць добрага задзелу на перспектыву ў гандлёва-эканамічнай сферы, па тэме ўмацавання харчовай бяспекі, гуманітарных пытаннях — такіх, як адукацыя і медыцына. Мы з Прэзідэнтам (Ганы. — „Зв.“) настроены дынамічна развіваць узаемадзеянне па ўсіх гэтых кірунках, ставячы ў аснову эканоміку». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яго ганскі калега падняў падчас перагавораў пытанне аб адкрыцці пасольстваў дзвюх краін. Беларускі бок падтрымлівае гэту ініцыятыву. «Але вельмі б хацелася, каб наш сумесны міжурадавы камітэт, які мы толькі што стварылі, пачаў сваю работу, — дадаў Прэзідэнт. — Каб у развіццё гэтай работы пасольствам таксама была адпаведная работа».


Флагманскімі праектамі дзвюх краін кіраўнік дзяржавы назваў комплексную механізацыю сельскай гаспадаркі, а таксама адкрыццё мультыбрэндавага цэнтра беларускай прадукцыі ў Гане. Гэта, па словах Прэзідэнта, дазволіць працаваць і на краіны Цэнтральнай Афрыкі. «Але нам трэба хутчэй стварыць план нашага супрацоўніцтва — дарожную карту, як з іншымі афрыканскімі краінамі, па якой мы маглі б аператыўна рухацца, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Падкрэсліваю, наш вялікі інтарэс — у стварэнні адпаведнага хаба беларускай прадукцыі на захадзе Афрыкі».

Па словах Прэзідэнта, Беларусь гатова ўнесці свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Ганы. «Такі вопыт ужо ёсць, і ён сведчыць, што рэалізацыя такіх праектаў аб’ектыўна прывядзе да пашырэння партнёрства і ў іншых сферах», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго ганскі калега правільна падняў тэму перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. «Перапрацоўка сельгаспрадукцыі мае вялікі сэнс, калі ёсць аснова гэтай прадукцыі — сыравіна», — лічыць Прэзідэнт. 

«Мы свой шлях пройдзем дастаткова хутка і эфектыўна» 

Беларускі лідар канстатаваў, што па выніках перагавораў падпісаны шэраг пагадненняў, якія істотна ўмацавалі дагаворна-прававую базу міждзяржаўнага ўзаемадзеяння Беларусі і Ганы. «Яны закліканы актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне паміж міністэрствамі сельскай гаспадаркі, гандлёва-прамысловымі палатамі, іншымі міністэрствамі, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Спросцяцца паездкі: найперш для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, каб пытанні супрацоўніцтва вырашаліся максімальна аператыўна і для агульнай выгады».

Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокую перакананасць у тым, што па выніках візіту і знаёмства з патэнцыялам Беларусі па вытворчасці тэхнікі і харчавання госці з Ганы наглядна пераканаюцца ў сур’ёзнасці намераў і прапаноў беларускага боку. «Мы дасягнулі дамоўленасцяў, якія ўжо ў бліжэйшы час увасобяцца ў канкрэтныя сумесныя праекты абсалютна ў самых розных галінах, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Не сумняваюся, эфект будзе значным і абавязкова ўзаемавыгадным».

Беларускі лідар выказаў удзячнасць Прэзідэнту Ганы за шчыры і канструктыўны падыход. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што гэты візіт — пачатак вялікай работы, сяброўства і плённага эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Ганы на дзесяцігоддзі наперад. «Мы стварылі Сумесны міжурадавы камітэт, адпаведную камісію, якая выпрацуе ў бліжэйшыя тыдні-месяцы план нашых дзеянняў — дарожную карту — і пакладзе нам іх на стол для падпісання», — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Ганы за запрашэнне наведаць гэту афрыканскую краіну. «Думаю, што нам будзе пра што там пагаварыць, — сказаў беларускі лідар. — Да гэтага візіту нашы міністры, нашы спецыялісты наведаюць вашу краіну і ўжо змогуць унесці канкрэтныя прапановы па падпісанні не толькі мемарандумаў, але і кантрактаў супрацоўніцтва нашых прадпрыемстваў з вашымі. Мы вельмі зацікаўлены, каб сумесныя прадпрыемствы з’яўляліся як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі вашай цудоўнай краіны. Вельмі разлічваю на плённае супрацоўніцтва».

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў: беларускі бок гатовы не толькі пастаўляць, ствараць, вырабляць тэхніку і іншую прадукцыю грамадскай жыццядзейнасці, але і навучыць прадстаўнікоў гэтай афрыканскай краіны тым тэхналогіям, якія сёння вельмі патрэбны для Ганы. «Закрытых тэм няма, — удакладніў ён. — І гэта не толькі сельская гаспадарка і пастаўка прамысловай прадукцыі, але і сфера ваенна-прамысловага комплексу, аб якім Прэзідэнт (Ганы. — „Зв.“) гаварыў на нашых перагаворах».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспехаў у рабоце як спецыялістам Беларусі, так і Ганы. «Яшчэ раз падкрэсліваю: усё будзе залежаць ад вашага жадання і ад вашага імкнення наладзіць супрацоўніцтва з нашай краінай, — удакладніў ён. — Мы свой шлях пройдзем дастаткова хутка і эфектыўна, бо мы людзі абавязковыя. Яшчэ раз дзякую за тое, што вы прыехалі да нас у Беларусь».


«Стварыць новыя магчымасці для эканамічнага росту і тэхналагічнага развіцця»

Прэзідэнт Рэспублікі Гана Джон Драмані Махама ў сваёй заяве падкрэсліў, што для яго вялікі гонар знаходзіцца разам з Прэзідэнтам Беларусі на цырымоніі падпісання важных дакументаў. Ён перадаў цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад народа Ганы кіраўніцтву і народу Беларусі. 

«Гэты прыём паказвае не толькі дабрыню беларускага народа, але і ўзаемную павагу і імкненне да супрацоўніцтва, якое нашы дзве краіны будуць развіваць і развівалі ў мінулым, — звярнуў увагу ганскі лідар. — Гэта важны момант у нашых адносінах, які дае магчымасць яшчэ раз пацвердзіць нашы абавязацельствы і гатоўнасць пабудаваць сучаснае ўзаемавыгаднае партнёрства на ўзаемнай павазе, роўнасці і практычным супрацоўніцтве». 

Кіраўнік Ганы нагадаў, што з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі ў 1992 годзе бакі пастаянна канструктыўна супрацоўнічалі. «Гана і Беларусь маюць агульнае імкненне, жаданне росквіту для абедзвюх краін, а таксама выкарыстанне эканамічных дасягненняў і высокіх тэхналогій для пабудовы сучаснага грамадства, здольнага адказаць на ўсе сучасныя выклікі, — канкрэтызаваў Джон Драмані Махама. — Сёння мы робім важны крок для ажыццяўлення нашых жаданняў, для атрымання канкрэтных практычных вынікаў і пабудовы роўнага партнёрства на карысць абедзвюх краін». 

Ганскі лідар выказаў задавальненне, што яго візіт выліўся ў падпісанне шэрагу двухбаковых пагадненняў і мемарандумаў аб узаемаразуменні. «Гэта не проста дыпламатычныя дасягненні. Гэта дакументы, якія ствараюць практычную аснову для супрацоўніцтва, прыватнага сектара, дзяржаўных структур працаваць больш эфектыўна, — акцэнтаваў Прэзідэнт Ганы. — Гэта структура, якая дазволіць нам ліквідаваць бар’еры ў адносінах паміж нашымі краінамі і дазволіць стварыць новыя магчымасці для эканамічнага росту і тэхналагічнага развіцця». 


«Мы гатовы выбудоўваць адносіны з Рэспублікай Беларусь па ўсіх галінах прамысловасці і эканомікі»

Сельская гаспадарка застаецца цэнтральным пытаннем развіцця Ганы. Ганскі бок шукае магчымасці для супрацоўніцтва. «І мы бачым іх у Рэспубліцы Беларусь, — звярнуў увагу кіраўнік Ганы. — Беларусь карыстаецца выдатнай рэпутацыяй у сферы механізацыі сельскай гаспадаркі, вытворчасці сельскай тэхнікі і ў галіне даследаванняў у сельскай гаспадарцы. Мы разлічваем на фарміраванне стратэгічнага партнёрства, у рамках якога будзе працаваць перадача вопыту, тэхналогій і інвестыцыі. З патэнцыялам Ганы і вопытам з ведамі, якія ёсць у Рэспублікі Беларусь, мы зможам забяспечыць не толькі харчовую бяспеку нашай краіны, але і выйсці на ўзаемавыгадныя вынікі супрацоўніцтва для абедзвюх краін». 

Акрамя таго, ганскі бок бачыць перспектывы супрацоўніцтва з Беларуссю ў горназдабываючым сектары, вытворчасці фармацэўтычных вырабаў і іншых галінах. «Мы будзем рады ўбачыць дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне, — звярнуў увагу Джон Драмані Махама. — Мы будзем працаваць над пытаннямі адукацыі, аднаўляльных рэсурсаў, энергетыкі і прамысловасці ў цэлым. Мы працуем над нашай праграмай эканамічнага супрацоўніцтва і экспарту, якая прадугледжвае работу з інвестарамі і стварэнне новых прадпрыемстваў. Мы будзем рады наладзіць супрацоўніцтва паміж бізнес-коламі Ганы і Беларусі, каб выбудаваць партнёрства, якое дазволіць ствараць новыя працоўныя месцы, абменьвацца ведамі і ў цэлым паглыбіць нашы эканамічныя адносіны». 


Прэзідэнт Ганы назваў супрацоўніцтва з Беларуссю вельмі важным на фоне геапалітычных і эканамічных выклікаў у свеце. «Выбудоўванне роўных, партнёрскіх, узаемапаважлівых адносін — гэта вельмі важна. Мы гатовы выбудоўваць такія адносіны з Рэспублікай Беларусь па ўсіх галінах прамысловасці і эканомікі», — адзначыў кіраўнік Ганы.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што перагаворы з беларускім лідарам, якія адбыліся падчас гэтага візіту, адкрыюць новую старонку ў гісторыі двухбаковых адносін і дазволяць прадэманстраваць гэтыя прадуктыўныя адносіны ўсяму свету. «Я спадзяюся, што вынікам перагавораў стануць не толькі пагадненні, якія мы падпісалі сёння, але і канкрэтныя дзеянні, якія прынясуць канкрэтную карысць грамадзянам абедзвюх краін, — акцэнтаваў Прэзідэнт Ганы. — Мы гатовы да пабудовы роўнага партнёрства, каб дасягнуць бачных вынікаў у эканамічнай сферы».

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Даслоўна

«Самая галоўная тэма сёння — садзейнічанне Гане ў забеспячэнні харчовай бяспекі і выхад на рынкі бліжэйшых дзяржаў»

У размове з журналістамі міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ падкрэсліў, што перад пачаткам развіцця палітычных і эканамічных адносін з пэўнай дзяржавай або групай дзяржаў беларускі бок дэталёва аналізуе сітуацыю як у рэгіёне, так і непасрэдна ў саміх краінах. 


«Якія групы тавараў могуць быць цікавыя, што нам цікава ў гэтай краіне, які палітычны лад, ці ёсць магчымасці для стварэння „палітычнага парасона“ над усімі кірункамі супрацоўніцтва, якія мы плануем развіваць, — пералічыў кіраўнік ведамства. — І калі мы прыходзім да высновы, што ўсе гэтыя элементы складваюцца, толькі тады робім нейкія спробы для вываду нашых адносін на высокі палітычны ўзровень, як гэта адбываецца цяпер, напрыклад, з Ганай». 

Максім Рыжанкоў удакладніў, што да гэтай краіны беларускі бок прыглядаўся доўга, і за апошнія гады паміж Беларуссю і Ганай назапасіўся прыстойны багаж супрацоўніцтва. «Крыху менш, чым два гады таму быў выбраны Прэзідэнт гэтай краіны, — нагадаў кіраўнік МЗС. — Гэта чалавек, які вельмі добра ставіцца да Беларусі. Яшчэ не будучы Прэзідэнтам, ён бываў у нашай краіне з прыватным візітам і з вялікай цеплынёй успамінае сваю паездку. У яго ўстанавіліся добрыя кантакты з некаторымі прадстаўнікамі дзелавых колаў нашай дзяржавы». 

Сёння паміж краінамі назапашаны цэлы комплекс розных ідэй і праектаў. У сакавіку 2026 года адбыўся візіт міністра замежных спраў у Гану. «Мы сустрэліся з Прэзідэнтам, яшчэ раз паглядзелі ў вочы і ўбачылі ўзаемную зацікаўленасць, прапрацавалі шэраг праектаў дагаворна-прававой базы і сёння ўжо выйшлі на візіт Прэзідэнта Ганы ў Рэспубліку Беларусь», — падзяліўся Максім Рыжанкоў, дадаўшы, што беларускі бок разглядае гэты візіт як найважнейшы элемент выбудоўвання ўсёй далейшай парадыгмы адносін. 

Сярод асноўных пунктаў росту двухбаковага супрацоўніцтва, паводле слоў кіраўніка МЗС, — не толькі механізацыя сельскай гаспадаркі, але і садзейнічанне ў захаванні вырашчанага ўраджаю, вытворчасць пэўных прадуктаў, а таксама пастаўкі прадуктаў харчавання з Беларусі. «Увогуле, самая галоўная тэма сёння — гэта садзейнічанне Гане ў забеспячэнні харчовай бяспекі і далей праз Гану (як адну з найбуйнейшых краін рэгіёна) выхад на рынкі бліжэйшых дзяржаў», — патлумачыў Максім Рыжанкоў. 


Акрамя таго, бакі разглядаюць пытанне ўзаемадзеяння ў адукацыйнай сферы. Як паведаміў кіраўнік МЗС, сёння ў нашай краіне навучаецца каля 80 студэнтаў з Ганы. «І мы плануем у разы нарасціць гэтую колькасць, перш за ўсё ў інжынерных і медыцынскіх спецыяльнасцях», — канкрэтызаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. Максім Рыжанкоў адзначыў пэўныя цікавыя ідэі і ў галіне аховы здароўя. 

Максім Рыжанкоў заявіў, што палітычнае супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца досыць пазітыўна. «Пры чым не толькі ў плане нейкіх абменаў карэспандэнцыяй паміж кіраўнікамі дзяржаў, — удакладніў ён. — Мы прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы рэзалюцыі ААН у дачыненні да прылічэння гандлю людзьмі і рабства да найбольш цяжкіх злачынстваў супраць чалавецтва, выступілі саўтарам гэтай рэзалюцыі, узялі актыўны ўдзел у яе прасоўванні ў ААН». 

Кіраўнік МЗС лічыць вельмі важным аказаць садзейнічанне афрыканскім сябрам у гэтым плане.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю