Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў сапрэзідэнтаў Нікарагуа Хасэ Даніэля Артэгу Сааведру і Расарыа Мурыльё, а таксама грамадзян гэтай краіны з нагоды 46-й гадавіны трыумфу Сандзінісцкай рэвалюцыі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Сёння Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення з гонарам працягвае сваю планамерную работу, аснову якой складаюць штодзённы клопат аб звычайным чалавеку і будаўніцтва справядлівага і ўстойлівага грамадства. Прыемна адзначыць, што ўзаемавыгаднае беларуска-нікарагуанскае партнёрства ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурнай сферах, заснаванае на прынцыпах павагі, даверу, надзейнасці і адкрытасці, з кожным годам толькі ўзмацняецца і, безумоўна, у хуткім часе прынясе адчувальныя вынікі для абедзвюх краін», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатова і далей удзельнічаць у працэсах паляпшэння інфраструктуры, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі і павышэння якасці жыцця грамадзян Нікарагуа. «Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы зможам цалкам рэалізаваць патэнцыял нашага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемнай цікавасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў сапрэзідэнтам Нікарагуа выдатнага здароўя, шчасця і нязменнага поспеху ў дзяржаўных справах, а нікарагуанскаму народу — непахіснага адзінства, міру і дабрабыту.