Top.Mail.Ru

Прэзідэнт: «І ўзровень павінен быць адпаведны, і веданне, і жаданне працаваць»

Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра фінансаў і пасла Беларусі ў Расіі 


Юрый Селіверстаў, які дагэтуль узначальваў Міністэрства фінансаў, заняў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Па сумяшчальніцтве ён будзе прадстаўніком у інтэграцыйных структурах і надзяляецца паўнамоцтвамі намесніка Прэм’ер-міністра. Новым міністрам фінансаў стаў Уладзіслаў Татарыновіч. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка Старшыні Савета Рэспублікі.


«Расія — гэта наш асноўны рынак» 

Звяртаючыся да новага пасла Беларусі ў Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абсалютна не мае прэтэнзій да яго работы. «Разумею, што вы такі чалавек спакойны, я заўсёды стараўся вас падганяць, каб вы, не дай бог, лішняе камусьці з бюджэту не аддалі, хоць такіх фактаў у нас не было, — канстатаваў беларускі лідар. — Але разумею, што вы чалавек, як Дзмітрый Мікалаевіч (Крутой. — „Зв.“) гаворыць (я гэтага, праўда, не бачыў), жорсткі, напорысты, непаседа ў добрым сэнсе, гатовы ездзіць па краіне і суседніх іншых краінах. Я падумаў: а чаму б у Расіі не працаваць такому чалавеку, дзе трэба бываць у рэгіёнах? Працаваць, супрацоўнічаць з расійскімі рэгіёнамі, трымаць на кантролі асноўныя кірункі нашай дзейнасці ў Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё, у гандлі».

Паводле слоў Прэзідэнта, новы пасол абсалютна ў курсе асноўных праблем, якія ёсць у беларуска-расійскіх адносінах. «Мы часта гаворым, што пасольства Расіі — гэта не проста пасольства, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта другі ўрад, бо гэта наш асноўны рынак, дзе мы прадаём сваю прадукцыю, і гэта асноўная краіна, якая інвесціруе ў нашу краіну, дапамагае нам заўсёды. І ўзровень (пасла. — "Зв.") павінен быць адпаведны, і веданне, і жаданне працаваць. Таму спыніліся на вашай кандыдатуры». 


«Свята ахоўваць дзяржаўную капейку»

Што датычыцца Уладзіслава Татарыновіча, кіраўнік дзяржавы з доляй гумару заўважыў, што новы міністр «заграз цалкам у грашах». «Ён „грашовы“ чалавек, ён добра ведае фінансавую работу, ну, і я так адчуваю, што ўсё ж такі ў парламенце яму крыху цеснавата, гэта, напэўна, нават не яго месца, не яго справа, — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. — І падумаў, што паспрабуем яго на канкрэтнай, вядомай яму справе». 

Паводле слоў Прэзідэнта, папярэдні міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў таксама рэкамендаваў Уладзіслава Татарыновіча на пасаду кіраўніка ведамства. «Увогуле, грошы ён любіць, умее лічыць іх, дзяржаўныя грошы, і ўпэўнены, што свята будзе ахоўваць капейку і раскідвацца не будзе гэтымі грашыма», — перакананы беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не лічыць патрэбным даваць настаўленні прызначаным. Што датычыцца Расіі, вы заўсёды прысутнічалі, Юрый Міхайлавіч, на сустрэчах, нават на самым высокім узроўні, і ўвабралі ў сябе праблемы, якія ў нас ёсць і могуць быць, якія трэба вырашаць. І, улічваючы вашу рухавасць, гэта тое, што мне трэба, — заўважыў Прэзідэнт. — Што датычыцца Уладзіслава Вікенцьевіча, чалавек ведае сістэму, чаму б не скарыстацца яго гэтымі ведамі. Вельмі спадзяюся, што Уладзіслаў Вікенцьевіч навучыць за 5-10 гадоў, пакуль ён будзе тут працаваць, і падрыхтуе добрых вучняў, якія падрастуць побач з ім. І мы заўсёды зможам, калі гэта будзе неабходна, вылучаючы яго на новую пасаду, яго вучням прапанаваць гэту работу».

Даслоўна

Трымаць руку на пульсе і своечасова рэагаваць

У размове з журналістамі міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч адзначыў, што, працуючы на розных пасадах у фінансавым ведамстве, ён адказваў за канкрэтныя пытанні. Цяпер жа неабходна арганізаваць работу ўсяго міністэрства. Паводле яго слоў, гэта не толькі цэнтральны апарат, але і тэрытарыяльныя органы, казначэйства, кантрольна-рэвізійныя органы, узаемадзеянне з усімі фінансавымі органамі, якія ўваходзяць у структуру абласных, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. 


«У гэтым плане першая задача, якая была пастаўлена кіраўніком дзяржавы, — гэта арганізаваць работу калектыву з пункту гледжання захавання аднолькавых падыходаў па фарміраванні і выкананні бюджэтаў, усё роўна на якім узроўні: рэспубліканскім, абласным або на базавым, — расказаў Уладзіслаў Татарыновіч. — Задача пастаўлена настройваць калектыў на пастаянную, штодзённую работу па захаванні фінансавай стабільнасці ў краіне». 

Другі момант, на якім спыніўся міністр фінансаў, — забеспячэнне эфектыўнага і, самае галоўнае, абгрунтаванага расходавання бюджэтных сродкаў. «Ёсць базавыя выдаткі бюджэту, ёсць задача па забеспячэнні падтрымання эканомікі, рэалізацыі важных праектаў і на ўзроўні ў цэлым краіны, і на ўзроўні рэгіёнаў, — падкрэсліў Уладзіслаў Татарыновіч. — Але тут асноўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы — павінна быць аддача ў выглядзе канкрэтнага выніку. На кожны ўкладзены бюджэтны рубель павінна быць аддача ў выглядзе адпаведных актываў, і пажадана, каб гэты бюджэтны рубель капіталізаваць праз канкрэтныя вынікі, якія адчуў бы кожны наш чалавек». 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Юрый Селіверстаў адзначыў: «Мы разумеем, што сітуацыя мяняецца вельмі імкліва, пастаянна ўзнікаюць пэўныя новыя выклікі, у тым ліку і з фінансавага пункту гледжання. Калі мы яшчэ некалькі гадоў назад гаварылі пра тое, што ў Расійскай Федэрацыі танныя крэдытныя рэсурсы, то цяпер, калі ўсё памянялася, вядома, сталі ўзнікаць новыя пытанні, складанасці з магчымасцю фінансавацца, складанасці з продажамі нашай тэхнікі, складанасці іншага плана. І, натуральна, на гэтыя выклікі трэба рэагаваць. Зразумела, што мы не можам паўплываць на тую сітуацыю, якая складваецца вакол нас. Але мы павінны адэкватна рэагаваць і працаваць, каб не ўпусціць, не праспаць гэты час». 


Юрый Селіверстаў акцэнтаваў увагу на тым, што свет імкліва змяняецца. «Як гаворыць наш кіраўнік дзяржавы, па вялікім рахунку, ідзе перадзел свету. Таму ўбудоўвацца ў гэтыя працэсы прыйдзецца яшчэ хутчэй. Важна, каб нашы краіны, Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя, рабілі гэта сінхронна», — заўважыў ён, дадаўшы, што ў гэтым бачыць асноўны кірунак сваё дыпламатычнай дзейнасці. 

Другі важны кірунак дзейнасці пасла, паводле слоў Юрыя Селіверстава, — гандаль. «Зразумела, пасольства не з’яўляецца тым, хто непасрэдна прадае тавар, але мы разумеем, што тыя знешнія ўмовы абцяжарылі адносіны паміж нашымі вытворцамі, пакупнікамі. І тут трэба каардынаваць усю гэту работу і не даваць людзям расслабіцца, спасылаючыся на знешнія фактары, што ў кагосьці няма грошай, па нейкіх прычынах яны не могуць купляць нашу прадукцыю. Трэба трымаць руку на пульсе, своечасова рэагаваць і гэта работа павінна цяпер яшчэ больш паскарацца, бо ўсё гэта — элементы пэўнага перадзелу, у тым ліку і бізнесаў», — рэзюмаваў Юрый Селіверстаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю