Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа і ўсіх амерыканцаў з Днём Незалежнасці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«У перыяд Вашага першага прэзідэнцтва Мінск і Вашынгтон сталі на шлях нармалізацыі адносін. На жаль, у пэўны момант беларуска — амерыканскае ўзаемадзеянне адышло ад той пазітыўнай лініі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Перакананы, што такое становішча не адпавядае нацыянальным інтарэсам ні нашых краін, ні народаў. Прыйшоў час яго змяніць».
Беларусь заўсёды выступала за пабудову канструктыўнага і паважлівага дыялогу з ЗША, падкрэсліў Прэзідэнт. «Спадзяюся на аднаўленне станоўчай дынамікі міждзяржаўных кантактаў і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва», — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адрасаваў Дональду Трампу і народу ЗША найлепшыя пажаданні міру, дабрабыту і працвітання.