Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта
Віктар Лукашэнка праінфармаваў беларускага лідара аб стане спраў у спартыўнай сферы: як унутры краіны, так і па-за яе межамі — маецца на ўвазе, допуск нашых спартсменаў да міжнародных стартаў. Акрамя таго, зайшла размова аб кадравай сітуацыі ў спорце. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сваім ранейшым даручэннем — арганізаваць сістэму так, каб быў вынік. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка засяродзіў на эканамічных праектах, звязаных з супрацоўніцтвам з краінамі Персідскага заліва і часткова Афрыкай, за якія прэзідэнт НАК нясе персанальную адказнасць.
«Два пытанні, што датычыцца спорту: унутраная сітуацыя, асабліва пасля апошняй нарады (нарады аб развіцці хакея, якая адбылася 16 чэрвеня. — „Зв.“), — канкрэтызаваў тэмы дакладу Прэзідэнт. — Гэта не толькі хакей, натуральна. І што ў нас на знешнім трэку атрымліваецца? Хто там нас не прызнае дагэтуль, хто прызнаў і гэтак далей».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць і кадравыя пытанні, якія датычацца спартыўнай галіны. Ён нагадаў пра сваё патрабаванне, агучанае падчас нарады аб развіцці хакея. Перад «тройкай», у якую ўваходзяць віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч, міністр спорту Сяргей Кавальчук і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, была пастаўлена задача арганізаваць сістэму такім чынам, каб яна прыносіла спартыўныя вынікі.
«Наколькі гэта тройка працаздольная? — удакладніў беларускі лідар у прэзідэнта НАК. — Якая ў нас тут сітуацыя?»
Асобна зайшла размова аб эканамічных пытаннях, за якія на міжнародным трэку персанальную адказнасць нясе Віктар Лукашэнка. «У тым ліку пытанне дзяржаўнае, якое вісіць на табе — гэта Аман, Арабскія Эміраты, Афрыка часткова, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе развіццё адносін з гэтымі краінамі. — Як мы там працуем? Як прасоўваюцца праекты, аб якіх мы гаварылі, у эканоміцы?»
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА