Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра адукацыі Андрэя Іванца

«Трэба поўнасцю школы страсянуць і прывесці іх у той выгляд, у якім мы хацелі б іх бачыць»



Грунтоўная размова аб адукацыі і іншых пытаннях, напрамую звязаных з гэтай сферай, адбылася ў Палацы Незалежнасці. Профільны міністр далажыў кіраўніку дзяржавы аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года і выніках уступнай кампаніі. Асаблівую ўвагу беларускі лідар удзяліў пытанням арганізацыі харчавання ў школах, навучання ў Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якая ствараецца ў краіне. Акрамя таго, на кантролі кіраўніка дзяржавы — працаўладкаванне маладых спецыялістаў і ўмовы навучання ў магістратуры. 

«Дзяцей трэба проста ў абед нармальна накарміць» 

Прэзідэнт заўважыў, што на працягу апошняга тыдня яго рабочы графік складалі міжнародныя сустрэчы і камандзіроўкі. Дагэтуль у цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы знаходзіўся ход уборачнай кампаніі. «Ад гэтага ніяк нельга было сысці, — канстатаваў ён. — Таму як быццам бы пытанні школы і нашых ВНУ адышлі на другі план. Напэўна, усё-такі яны былі не ў прыярытэце, але гэта не значыць, што я не ў курсе, як у нас складваліся справы з пачаткам новага навучальнага года: як у школах, так і ў ВНУ». 

Гаворачы аб пачатку новага навучальнага года і ўступнай кампаніі 2026 года, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у міністра адукацыі, ці ёсць у гэтым плане праблемы прэзідэнцкага ўзроўню.  


Асаблівую ўвагу беларускі лідар засяродзіў на пытанні харчавання школьнікаў. «Мы дамовіліся, што трэба зрабіць так, каб мы больш не перажывалі за харчаванне, не абмяркоўвалі на ўзроўні Прэзідэнта — такая задача перад урадам, вамі была пастаўлена, — нагадаў пра сваё ранейшае даручэнне Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўвесь час развіваемся ў тым кірунку, што як бы тут дзецям прапанаваць меню амаль рэстараннае або яшчэ нейкае. Дзяцей трэба проста ў абед нармальна накарміць. Бульбы ў нас хапае, мяса, малака ў нас хапае. Таму сасіскі, каўбасы і гэтак далей — штосьці такое, каб дзеці маглі нармальна паесці». 

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вельмі важны момант. «Будзем шчырымі, у нас некаторыя сем’і асабліва за харчаваннем дзяцей не сочаць, — канстатаваў ён. — Таму тое, што яны атрымаюць у школе — нармальны абед — гэта для дзяцей будзе прымальна і будзе садзейнічаць іх нармальнаму здароўю і развіццю».  

Па словах Прэзідэнта, школа пакуль недапрацоўвае ў фізічных адносінах. Размова ідзе аб фізічнай падрыхтоўцы хлопцаў і дзяўчат. 

«Гэта мне і ваенныя гавораць, што кантынгент тых, хто прыходзіць у армію, хоць і палепшыўся, але не нашмат, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба нам неяк нашу моладзь, асабліва дзяцей школьнага ўзросту, добра страсянуць і ў фізічных адносінах».  

Пытанне павышэння фізічнай падрыхтоўкі, па словах Прэзідэнта, з’яўляецца актуальным і для навучэнцаў вышэйшых навучальных устаноў.  

«Мы павінны зрабіць салідны цэнтр» 

Асобна падчас дакладу прагучала тэма навучання ў Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якая ствараецца ў краіне. Беларускі лідар удакладніў у міністра адукацыі, як ідуць справы ў пытанні стварэння новай навучальнай установы, назіральны савет якой будзе ўзначальваць Андрэй Іванец. Адпаведна, на яго кладзецца і абавязак вызначаць палітыку ў гэтым кірунку.  

«Вы — чалавек вучоны, — канстатаваў Прэзідэнт. — Няпроста ў жыцці вам гэта ўсё давалася. Адукаваны, пісьменны і перспектыўны. І ў навуковых адносінах вы паспрабавалі ўсё гэта — усё, што трэба ў акадэміі. Таму не трэба нам тут шукаць пэўнага чалавека вялікага. Хаця міністр — куды яшчэ вышэй? Вам давядзецца займацца гэтай акадэміяй, кадрамі і гэтак далей».  

Па словах кіраўніка дзяржавы, перад сустрэчай яму паклалі на стол прапановы ў выглядзе праектаў дакументаў, якія маюць дачыненне да стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба гэтым пытаннем нагружаць урад. 


«У нас універсітэты працуюць, сістэма зразумелая — пад Міністэрствам адукацыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дакладна так павінна працаваць акадэмія. Прычым персанальнае ўцягненне там міністра як старшыні назіральнага савета. Навошта вышэй кудысьці падымаць пытанне гэтай акадэміі? Тым больш, што гэта будзе фармалізм суцэльны. Усё роўна вам прыйдзецца выпрацоўваць гэтыя падыходы і ўносіць ва ўрад, калі ўрад будзе вызначаць пэўныя пытанні і кірункі». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій — гэта прэзідэнцкая ініцыятыва, фактычна прэзідэнцкая структура, таму пад гэта і так будуць завязаны і ўрад, і Адміністрацыя Прэзідэнта. 

«Мы павінны зрабіць салідны цэнтр, дзе будуць вучыцца самыя-самыя таленавітыя і здольныя людзі, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Падкрэсліваю: людзі. Гэта не значыць, што мы са школы туды возьмем, пасля 11 класа, і прымем (нават няхай гэта будуць таленавітыя хлопцы і дзяўчаты), і больш нікога. Гэтага трэба пазбегнуць». 

Прэзідэнт нагадаў сваё ранейшае патрабаванне: у гэтай навучальнай установе зможа вучыцца любы чалавек, незалежна ад яго ўзросту. Аднак пры адной умове. «Ён павінен ісці туды (у Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій. — „Зв“.) з канкрэтнай прапановай, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — І пасля таго, як мы яму прадаставім там магчымасці ўдасканальвацца, навучацца, у лабараторыях нешта ствараць, каб у выніку, калі мы зацвердзім гэта, створым групу, яны выдалі нам рэальны прадукт, які будзе патрэбны грамадству і нашай эканоміцы, нашай дзяржаве».  

«Мы не будзем бегчы за заходнімі стандартамі» 

Асобна зайшла размова аб маладых спецыялістах, якія прыступілі да працы. 

«Як у іх справы, чаго там у нас не хапае? — удакладніў у міністра адукацыі кіраўнік дзяржавы. — Гэта не значыць, што мы іх на руках павінны насіць. Мяне ніхто не насіў і нават вас ніхто не насіў. Караскаліся мы па гэтым жыцці самі. Але дзесьці дапамагчы трэба».  

На кантролі беларускага лідара — і пытанне навучання ў магістратуры. «Мы з вамі вызначыліся, што мы не будзем бегчы за гэтымі заходнімі стандартамі, але там, дзе ёсць нешта разумнае, мы гэта возьмем, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі магістратура патрэбна будзе для адукацыі, далейшай вучобы, навуковай дзейнасці, педагагічнай практыкі і замежнікаў, — калі ласка, мы можам прадаставіць такую магчымасць. Але без усялякіх там забяганняў наперад і таго, каб пераймаць вопыт заходніх нейкіх адукацыйных цэнтраў або дзяржаў. Мы рыхтуем для сябе людзей». 


Скончыўшы ВНУ, па словах Прэзідэнта, маладыя людзі павінны атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. «А потым ужо, у залежнасці ад таго, наколькі гэта нашай дзяржаве трэба, мы будзем думаць аб магістратуры, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Прыкладна так, я памятаю, мы абмяркоўвалі гэту канцэпцыю. Хацелася б даведацца, як практычна ўсё гэта рэалізуецца».  

Гаворачы аб гатоўнасці да новага навучальнага года, Андрэй Іванец праінфармаваў, што з 1 верасня ў краіне функцыянуе 3,5 тысячы ўстаноў дашкольнай адукацыі, куды прыйшлі 300 тысяч выхаванцаў, а таксама 2600 школ, дзе навучальную праграму пачалі асвойваць каля 1,25 мільёна школьнікаў, у тым ліку 87,5 тысячы першакласнікаў. Да 1 верасня, па словах кіраўніка ведамства, усе пашпарты гатоўнасці былі падпісаны. 

«Дзякуючы Вашай падтрымцы мы сёлета заканчваем трохгадовы план мадэрнізацыі нашых школ, — адзначыў міністр адукацыі. — За гэтыя тры гады больш як 300 школ капітальна адраманатвалі. У гэтым годзе скончым». 

«Чаго б ні каштавала, трэба поўнасцю школы страсянуць і прывесці іх у той выгляд, у якім мы хацелі б іх бачыць, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Калі нехта там нешта не разумее, своечасова дакладвай. У 2027 год не цягні гэтыя праблемы. Іх трэба вырашыць цяпер».  

«Усе губернатары разумеюць гэту задачу, вельмі адказна адносяцца», — канстатаваў Андрэй Іванец.  

Вераніка КАНЮТА. 

Фота БелТА.

Даслоўна 

Якасная і даступная адукацыя для ўсіх  

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, адно з ключавых пытанняў, якое абмяркоўвалася ў кабінеце беларускага лідара, звязана з гатоўнасцю школ да новага навучальнага года. «Гэта якасць адукацыі, яе даступнасць для ўсіх нашых дзяцей незалежна ад таго, дзе яны жывуць: у сельскай мясцовасці або ў гарадской, — удакладніў ён. — Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе гэтаму асаблівую ўвагу, бо кожны з бацькоў павінен быць упэўнены ў тым, што яго дзіця ў школе атрымлівае адукацыю, у школе яго выхоўваюць, там яно атрымлівае сваю пуцёўку ў жыццё». 

Па словах міністра адукацыі, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, каб у сельскай мясцовасці быў забяспечаны падвоз дзяцей. «Звыш 1600 школьных аўтобусаў штодзённа падвозяць каля 54 тысяч нашых школьнікаў па ўсёй краіне, — праінфармаваў Андрэй Іванец. — Гэта сучасныя аўтобусы айчыннай вытворчасці. І дзяржава тут выконвае вельмі вялікую сацыяльна значную функцыю для таго, каб кожнае дзіця з кожнага кутка нашай краіны змагло прыехаць ва ўстанову і дашкольнай, і агульнай сярэдняй адукацыі». 

Кіраўнік ведамства ўдакладніў, што ўсе ўстановы адукацыі краіны павінны адпавядаць патрабаванням якасці. Размова ідзе як аб школах, якія знаходзяцца ў мікрараёнах новай забудовы, дзе акцэнт робіцца на напаўняльнасці класаў і наяўнасці дастатковай колькасці педагагічных супрацоўнікаў, так і аб сельскіх малакамплектных школах, дзе для паляпшэння якасці адукацыйнага працэсу ёсць неабходнасць у іх узбуйненні за кошт бліжэйшых школ. 


Па словах Андрэя Іванца, Прэзідэнт яшчэ раз паставіў задачу, каб пытанне харчавання школьнікаў было на пастаянным кантролі Міністэрства адукацыі. «Гарачае, якаснае, даступнае харчаванне для дзяцей у школах павінна быць забяспечана», — канстатаваў ён.  

Гаворачы аб выніках уступнай кампаніі 2026 года, міністр адукацыі адзначыў, што кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні лічбаў набору ва ўніверсітэты і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. «Гэта кампанія была даволі рэзультатыўнай, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, — заўважыў кіраўнік профільнага ведамства. — У нас практычна адсутнічаюць вакантныя месцы. Гэта сведчыць аб высокай запатрабаванасці нашых каледжаў і ўніверсітэтаў. Мы сёлета ўпершыню на 100% выканалі лічбы набору па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Пры тым, што набор быў павялічаны практычна на 350 чалавек. Гэта сведчыць аб тым, што тая работа, якая з Мінсельгасхарчам была зроблена, дае свае вынікі».  

Вельмі важнай для эканомікі, па словах міністра, з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна, рабочых прафесій. «Мы штогод павялічваем наборы ў каледжы, — заўважыў ён. — Гэты год не стаў выключэннем як у сярэдняй спецыяльнай, так і ў прафтэхадукацыі. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі мы бачым вельмі высокія конкурсы. Калі казаць аб прафтэхадукацыі, мы набралі практычна 34 тысячы чалавек. Гэта на тысячу больш, чым летась. Гэта вельмі важна для фарміравання кадравага рэзерву нашай эканомікі». 

Гаворачы аб павышэнні ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі маладых людзей, на чым кіраўнік дзяржавы засяродзіў асаблівую ўвагу, Андрэй Іванец праінфармаваў, што ў гэтым плане праведзена комплексная работа профільнага ведамства з міністэрствамі абароны і аховы здароўя. «У першую чаргу гэта датычылася змянення навучальных праграм, — канкрэтызаваў ён. — У нас з мінулага года для ўсіх школьнікаў на тыдні — тры ўрокі фізічнай культуры. Гэта не проста дадатковы ўрок, гэта змененая праграма, якая дазваляе збалансавана і комплексна падысці да фізічнай падрыхтоўкі нашых школьнікаў. Мы перагледзелі нарматывы, якія цяпер ва многім карэліруюцца з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца пры прызыве нашых хлопцаў для службы ў армію. Гэта вельмі важны аспект, бо кожны малады чалавек будзе ўпэўнены, што, ідучы ў армію, ён у фізічным плане гатовы у поўным аб’ёме выканаць пастаўленыя перад імі задачы». 

Адпаведныя змяненні ў пытанні павышэння ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі адбыліся і ў ВНУ. Праграма фізічнай культуры прадугледжана для ўсіх курсаў. Адпаведна, здаецца залік па гэтай дысцыпліне.  

Гаворачы аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, Андрэй Іванец падкрэсліў, што гэта найважнейшая задача, якая сёння стаіць перад Міністэрствам адукацыі. «Прынцыповым з’яўляецца тое, што абсалютна кожны чалавек зможа прыйсці і навучацца там: незалежна, будзе гэта школьнік або выпускнік, студэнт пэўнай ВНУ або канструктар, тэхнолаг на канкрэтным прамысловым прадпрыемстве, — удакладніў міністр. — Сутнасць навучання непасрэдна будзе звязана з рэалізацыяй канкрэтнага праекта, важнага для эканомікі краіны. Гэта могуць быць новыя тэхналогіі, распрацоўка новых матэрыялаў, падыходаў. Але вельмі важны менавіта прыкладны аспект. На гэтым Прэзідэнт яшчэ раз зрабіў акцэнт, таму мы будзем максімальна прыцягваць і нашы прамысловыя прадпрыемствы, і акадэмічныя інстытуты, сектар ВНУ. Гэта будзе вялікая сумесная агульнакраінавая работа для таго, каб найлепшым з найлепшых, незалежна ад іх узросту, даць магчымасць рэалізаваць сябе непасрэдна ў выглядзе канкрэтнага выніку ў нашай эканоміцы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю