«Трэба мець апорныя пункты, з якіх мы будзем працаваць у краінах, што нас цікавяць»
Максім Рыжанкоў праінфармаваў Прэзідэнта аб выніках свайго візітаў у краіны Афрыкі. У пачатку месяца кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі наведаў Тога і Гану. Размова ў Палацы Незалежнасці ў цэлым ішла аб развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента.
«Афрыка — гэта будучыня, — у каторы раз акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, ты гэта разумееш больш, чым хто-небудзь у нашай краіне. Таму вось апошняя твая камандзіроўка. І сцісла (мы аб гэтым яшчэ будзем гаварыць), што атрымалася нам дасягнуць у Афрыцы і якія кірункі з якімі краінамі мы гатовы сёння развіваць».
Самае галоўнае, па словах беларускага лідара, трэба памятаць, што мы не імперыя і не амерыканцы, а таму не ахопім увесь кантынент. «Трэба мець апорныя пункты, з якіх мы будзем працаваць у краінах, што нас цікавяць. Вось гэта галоўнае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў супрацоўніцтва з Аманам. «З тэрыторыі Амана можна працаваць на ўсю Усходнюю Афрыку, — канкрэтызаваў ён. — Тым больш у іх сувязі там з былых часоў засталіся добрыя. Яны ўмеюць гандляваць, з імі трэба супрацоўнічаць, інвесціраваць яны будуць. Тым больш пры цяперашняй сітуацыі, калі гэты долар ужо нікому не патрэбны. Яны ж разумеюць, да чаго гэта вядзе. Укладваюцца прыстойна, трацяць грошы. Яны гатовы, і працуюць у нас у пэўнай ступені».
Гаворачы аб наяўнасці апорных пунктаў у краінах Афрыцы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым яны вызначаны.
«На поўначы — Егіпет, Алжыр. Думаю, Лівія на ногі ўстане, — удакладніў Прэзідэнт. — На ўсходзе ў нас (праз Аман мы будзем працаваць) — Танзанія, іншыя краіны. Ну і на поўдні мы нядрэнна пачалі супрацоўнічаць з Зімбабвэ». У планах, па словах кіраўніка дзяржавы, падключыць і Мазамбік.
«Нам гэтага звышдастаткова, улічваючы, што і з Казахстанам, і з Узбекістанам, і з Расіяй, Кітаем у нас тут прыстойныя кірункі супрацоўніцтва. Нам больш не трэба», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Даслоўна
«Мы вызначылі пэўныя кірункі, магістральныя лініі ў рабоце з гэтымі дзяржавамі»
Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі лідар удзяляе пільную ўвагу развіццю супрацоўніцтва з Афрыкай і гаворыць, што Беларусь даўно павінна была прыйсці на гэты кантынент.
«Не скажу, што мы робім толькі першыя крокі, але ў некаторых краінах — робім толькі першыя крокі, — удакладніў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, гаворачы ў цэлым аб развіцці ўзаемаадносін з Афрыкай. — З гэтага пункту гледжання ў Гану і Тога былі першыя ў гісторыі дыпламатычных адносін візіты на ўзроўні міністра замежных спраў».
Дагэтуль, па словах міністра замежных спраў, прававая база са згаданымі краінамі была не сфарміравана, значных кантрактаў не існавала, а гандаль меў кропкавы характар. «Сёння можна гаварыць, што мы вызначылі пэўныя кірункі, магістральныя лініі ў рабоце з гэтымі дзяржавамі», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.
Што датычыцца супрацоўніцтва з Тога, асаблівую цікавасць для беларускага боку ўяўляюць лагістычныя магчымасці гэтай краіны. Як праінфармаваў кіраўнік МЗС, у Тога размешчаны адзін з самых магутных у Заходняй Афрыцы глыбакаводны порт, праз які штогод праходзіць каля 30 мільёнаў тон грузаў у абодвух напрамках. Максім Рыжанкоў адзначыў, што для нашай краіны порт мае значэнне перш за ўсё як транспартна-лагістычны хаб, у тым ліку і для гандлю з сярэдняй Афрыкай.

У Тога зацікаўлены і ў пастаўках сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі, якую там даўно добра ведаюць. «У ходзе візіту было прынята рашэнне аб фінансаванні пастаўкі ў Тога каля 4,5 тысячы адзінак беларускай тэхнікі, уключаючы трактары, навясное абсталяванне і іншыя розныя агрэгаты, — канкрэтызаваў ён. — Акрамя таго, мы падпісалі ветэрынарныя сертыфікаты, якія дазваляюць нам цяпер прадаваць у Тога мясную і малочную прадукцыю. У першым набліжэнні мы паглядзелі ўжо, якія канкрэтныя вытворцы Беларусі могуць гэтым займацца і якія прыблізна будуць аб’ёмы».
Што датычыцца ўзаемадзеяння з Тога, размова ідзе і аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Афрыканскія партнёры зацікаўлены ў падрыхтоўцы ў Беларусі спецыялістаў па шырокім спектры кірункаў: ад медыцыны да інжынерна-тэхнічнай галіны.
«Фактычна па такім жа трэку быў наш візіт і ў Гану, — звярнуў увагу Максім Рыжанкоў. — Дасягнута дамоўленасць, знойдзена фінансаванне і ўжо размешчаны заказ на вытворчасць у Беларусі тэхнікі каля 3 тысяч адзінак практычна такой жа наменклатуры, як і для Тога. Акрамя таго, дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці па павелічэнні паставак сухога малака і мяса. Да гэтага часу пастаўкі гэтых груп тавараў былі нязначныя, на суму каля 200–300 тысяч долараў ЗША. Мы чакаем, што пасля візіту ў некалькі разоў павялічацца пастаўкі».
Па словах міністра замежных спраў, ёсць планы і па нарошчванні супрацоўніцтва з Ганай і ў адукацыйнай сферы. «У Беларусі вучацца каля 80 студэнтаў з гэтай краіны, з боку Ганы ёсць цікавасць да кратнага павелічэння іх колькасці, асабліва па спецыяльнасцях медыцынскага і сельскагаспадарчага профіляў, — канкрэтызаваў ён. — Ды і ў цэлым ім вельмі важны наш навуковы падыход да выбудоўвання агратэхнічных працэсаў у іх краіне».
Як заўважыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, беларускі бок атрымаў афіцыйны адказ ад Прэзідэнта Ганы аб гатоўнасці ажыццявіць візіт у нашу краіну, што сведчыць аб сур’ёзным кроку па выбудоўванні далейшых адносін Беларусі з Ганай. Плануецца, што візіт адбудзецца ў ліпені 2026 года.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА