Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Нам трэба шукаць развязкі праблемных момантаў. Адкрыта, з нацэленасцю на вынік, але з улікам нашых інтарэсаў»

Да чаго беларускі лідар заклікае еўразійскую супольнасць


Адкрытая і шчырая размова на тэмы, якія не губляюць сваёй актуальнасці, — пытанні бяспекі, міру і добрасуседства. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на ІІI Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Сёлета форум сабраў прадстаўнікоў з амаль 50 дзяржаў: ад Еўропы да Азіі, ад Блізкага Усходу да Паўночнай Амерыкі. Сярод іх — высокапастаўленыя госці амаль з усіх кантынентаў, кіраўнікі і прадстаўнікі сямі міжнародных арганізацый (АДКБ, НУМДА, ШАС, Саюзнай дзяржавы, СНД, Чырвонага Крыжа, МАМ), аўтарытэтныя эксперты з усяго свету. Мінск зноў стаў пляцоўкай, дзе гучалі галасы за мір. Асноўныя пасылы па традыцыі прагучалі з вуснаў беларускага лідара, які гаварыў аб міры, дыялогу і новай архітэктуры міжнароднай бяспекі.

000019_1761641278_745452_big.jpg

«Так званы цывілізаваны свет прыйшоў да свайго заняпаду»

Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе чакалі не толькі ўдзельнікі, але і нашы апаненты, якія ўважліва назіраюць за Мінскам. «Не ўсе сёння павінны былі дабрацца да Мінска. Менавіта такую мэту мелі літоўскія ўлады, пракруціўшы гэтую вар’яцкую аферу з закрыццём граніцы. І нагоду прыдумалі абсурдную. Паветраныя шары. Нават для такой дробнай краіны, як Літва, гэта дробна», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ўжо ад Беларусі патрабуюць выбачэнняў. «Ведаеце, калі вінаваты — трэба заўсёды прасіць прабачэння. Калі мы будзем перакананы ў тым, што мы вінаватыя, нас пераканаюць у гэтым (спрабуюць цяпер пераканаць, мы публічна гатовыя гэта абмяркоўваць) мы папросім прабачэння. Гэта дакладна. Але калі туды ляцяць нейкія шарыкі паветраныя з цыгарэтамі ці яшчэ з чымсьці, — я мяркую, што трэба вырашаць гэта пытанне там. Яны ж не проста паляцелі невядома куды, іх хтосьці там прыняў або прымае. Хтосьці ў гэтым зацікаўлены. Трэба выявіць і ў корані спыніць падобныя рэчы, — сказаў Прэзідэнт. — Адказна заяўляю, што ні пра якую надзвычайную кантрабанду гаворкі няма. Але гэта шмат гаворыць пра палітычны патэнцыял нашай канферэнцыі, калі яе спрабуюць блакіраваць»

PIV_3095_result.jpg

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, так званы цывілізаваны свет прыйшоў да свайго заняпаду. «Дзеянні не толькі нашых суседзяў, але і ў цэлым Еўропы і іншых сіл (не трэба цешыць сябе Злучанымі Штатамі Амерыкі) — такі ж элемент гібрыднай вайны, як і нядаўняе закрыццё граніцы Варшавай», — падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ні да чаго добрага гэта не прывяло. Разважаючы пра тое, да чаго гэта прывяло, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта, напрыклад, закранула пастаўкі тавараў з Кітая ў Еўрасаюз. Аднак КНР разам з Расіяй у сітуацыі, якая складваецца, знайшлі абходныя шляхі, у тым ліку па Паўночным марскім шляху. «Адбыліся велізарныя ў выніку гэтага страты — не толькі Беларусі (мы нешта зараблялі на транзіце), але і Польшчы. Яна ад гэтага кітайскага транзіту зарабляла 65-70 %. Астатняе — рух тавараў па Казахстане, Расіі і праз Беларусь — 30-35 % прыпадала на нашы краіны. Хто ад гэтага страціў? Ясна, хто. Цяпер спрабуюць знайсці выйсце з гэтага становішча. Наўрад ці. Вы ведаеце, што такое Кітай, і ведаеце іх падыходы ў гэтым плане», — раскрыў дэталі Прэзідэнт.

2.jpg

«У сферы бяспекі застаецца каласальная колькасць праблем»

«Вось яно — XXI стагоддзе: закрытае неба, калючы дрот і поўнае непрыманне іншадумства. І гэта толькі пачатак. Яны баяцца, як агню, таго, што тут прагучыць альтэрнатыўны пункт гледжання. Яны баяцца ўсіх нас, вас. Вашай аналітыкі. Вашага ведання сітуацыі і ўмення данесці яго да людзей. Вашага голасу. А вы, нягледзячы ні на што, і я вам за гэта ўдзячны, прыехалі ў Мінск. У Мінску мы заўсёды рады вас бачыць», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з кожным годам канферэнцыя становіцца ўсё больш запатрабаванай і ўжо заняла сваё месца ў календары міжнародных падзей. У гэтым годзе ў канферэнцыі ўдзельнічаюць 48 краін, летась было 38. Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, з чым гэта звязана. «Па-першае, дзе яшчэ адкрыта і сумленна абмяркоўваць фундаментальныя пытанні бяспекі на нашым агульным кантыненце? У Мюнхене? Магчыма. Там хочуць бачыць і чуць толькі тых, хто прайшоў праз „ідэалагічнае сіта“. У чым нас папракаюць? Была б іх воля, у наступным годзе, напэўна, і амерыканцаў не пусцілі б. Раптам тыя зноў скажуць праўду пра „еўрапейскі сад“: аб страчаных каштоўнасцях, утрыманстве, крывадушнасці, цэнзуры і двайных стандартах, — адзначыў беларускі лідар. — Па-другое, у сферы бяспекі, на жаль, па-ранейшаму застаецца каласальная колькасць праблем, якія патрабуюць абмеркавання, і, самае галоўнае, — пошуку шляхоў вырашэння»

PIV_2102_result.jpg

Прэзідэнт прызнаў: за апошні час удалося выйсці на развязкі (ёсць надзея, што доўгатэрміновыя) па некалькіх застарэлых канфліктах: Азербайджан і Арменія падпісалі мірнае пагадненне, спынілася двухгадовая вайна ў Газе. «Але гэта толькі пачатак. Спадзяёмся, добры пачатак. У астатніх гарачых кропках пробліскаў надзеі няма. Я на мінулай канферэнцыі прыводзіў прыклад, што ў свеце ідуць парадку 50 узброеных канфліктаў рознай інтэнсіўнасці. Максімальная колькасць з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны! — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Растуць жорсткасць, колькасць ахвяр, бежанцаў, эканамічныя страты. Асобным выклікам становяцца нібыта стыхійныя рэвалюцыі „пакалення зэт“ (Бангладэш, Непал, Мадагаскар). І галоўная прычына адсутнасці прагрэсу ў глабальнай дээскалацыі — паслядоўнае ігнараванне прынцыпу непадзельнасці бяспекі»

У выніку, заявіў Аляксандр Лукашэнка, міжнародныя адносіны сёння даводзіцца характарызаваць не ў катэгорыях даверу і супрацоўніцтва, а аперыруючы данымі аб кіламетрах новых загарод і мегатонах смяротных узбраенняў. «За такой небяспечнай матэматыкай — лёсы ўжо не асобных людзей, а ўсяго чалавецтва! — перакананы беларускі лідар. — Ігнараванне простай ісціны, што бяспека адной дзяржавы не можа будавацца за кошт іншай, — гэта трагічная памылка, калі не сказаць фатальная. Драматычныя падзеі ва Украіне, на Блізкім Усходзе — таму прамое пацвярджэнне. Заходнія палітыкі да гэтага часу знаходзяцца ва ўпэўненасці, што сілай могуць прымусіць усіх прытрымлівацца іх інтарэсаў. А хто не прагнецца — таго ізалююць. Вось толькі яны не хочуць зразумець і прыняць сённяшнюю рэальнасць»

MGUK0455_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заходняя палітыка незаконных санкцый і новых раздзяляльных ліній — ці гэта ідэалагічныя бар’еры, ці закрытыя граніцы і неба — гэта прамая дарога да самаізаляцыі ад свету, да якога мы імкнёмся і ўсе мы хочам гэтага свету. «Свету, які зрабіў крок наперад. У якім на першыя пазіцыі выходзіць разуменне неабходнасці бесканфліктнага суіснавання, памяркоўнасці і павагі да адрозненняў. Адным словам, свету, у якім глабальная большасць усвядоміла сябе паўнавартасным і паўнапраўным удзельнікам. Упэўнены, гэты працэс будзе ўдакладняцца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А ў краін на еўразійскай прасторы ёсць усё, каб садзейнічаць развіццю адзін аднаго. Гэта ж велізарны рынак, багатыя рэсурсы, высокія тэхналогіі і бясцэнны чалавечы патэнцыял! Нам трэба шукаць развязкі праблемных момантаў. Адкрыта, з нацэленасцю на вынік, але з улікам нашых інтарэсаў»

Аляксандр Лукашэнка заклікаў гаварыць адкрыта. Нягледзячы на размовы пра глабальную большасць, сілу і магчымасці Еўразійскага кантынента, самай вялікай праблемай застаецца тое, што рух у гэтым напрамку ідзе вельмі слаба. «Мы ўсе разумеем, што мы не можам увесь час хадзіць, сагнуўшы калені, і прагінацца пад адну краіну або аднаго чалавека. Гэта выдатна разумеем. Добра, санкцыі, колькі ўжо санкцый уводзілі за апошні час. Дайшлі ўжо да крадзяжу. Вазьміце золатавалютныя рэзервы Расіі, Беларусі. Але яны ж (заходнія краіны. — „Зв.“) заўсёды былі за тое, каб мы свае золатавалютныя рэзервы дзе захоўвалі? Калі ў нас дома ЗВР — гэта не ЗВР — трэба абавязкова кудысьці вывезці ў першакласныя банкі, у самавітыя дзяржавы. Вывезці. І што? Ужо дайшлі да таго, што пачалі без сумлення браць гэтыя грошы і, як свае, накіроўваць туды, куды лічаць патрэбным», — адзначыў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што ў гэтым плане яшчэ пакуль ідзе невялікая гульня: «Ах, Бельгія нешта хоча ці не хоча, ЗША... „А раптам забяром гэтыя рэзервы — міжнароднае права рассыплецца“, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ды Гасподзь з вамі, яно ўжо даўно рассыпалася. Проста ідзе гульня. Адурманіць спрабуюць нас (нас немагчыма, мы — людзі вопытныя) і людзей у свеце. Даўно гэта пытанне вырашана. Бандытызм і крадзеж»

000019_1761637621_745414_bmain2.jpg

Паводле слоў беларускага лідара, на гэта трэба рэагаваць і адным з варыянтаў рэакцыі будзе стварэнне альтэрнатыўнай валюты. «Усе мы разумеем, што могуць гэтыя санкцыі быць сёння супраць іншых краін. Вось Індыя не паслухаецца і далей будзе закупляць нафту не там, дзе трэба, — могуць і супраць яе ўвесці санкцыі. Паўтара мільярда з лішнім чалавек! Усе разумеюць, што заўтра і ваенным шляхам (паглядзіце на Венесуэлу) могуць націснуць. Усе разумеюць, што да гэтага можам прыйсці. Ну дык давайце аб’яднаемся, давайце будзем ствараць нейкую альтэрнатыву, пачынаючы ад разлікаў і заканчваючы пэўнай дэманстрацыяй нашых магчымасцяў. А такія магчымасці ёсць», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што пры гэтым канкрэтныя крокі не прымаюцца і не робіцца тое, што трэба зрабіць сёння. А заўтра можа быць позна. 

Беларускі лідар прызнаўся: ён баіцца таго, што пазіцыя амерыканцаў у дачыненні да Расіі па ўкраінскім канфлікце — гэта спектакль, які разыгрываецца. «Апошнія звесткі пра гэта ўсё больш і больш сведчаць. Не хацелася б. Хацелася б, каб мы скончылі гэтую вайну так, як мае быць. І гульні тут быць не можа. Таму што, як кажа той жа Трамп, гіне шмат людзей. Але гэта размовы», — сказаў Прэзідэнт.

3.jpg

«Нельга беспакарана дзяліць агульную прастору даверу»

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў — усе хочуць з аптымізмам глядзець у будучыню еўрапейскай і, шырэй, еўразійскай бяспекі. «Але фактычныя працэсы і з’явы, якія мы назіраем, пакуль не даюць для гэтага сур’ёзных падстаў. Хутчэй, наадварот, — заявіў ён. — Мы не раз папярэджвалі: нельга беспакарана дзяліць агульную прастору даверу. Цяпер усім даводзіцца пажынаць плён такой блізарукай палітыкі. Разбураюцца міждзяржаўныя масты, якія ствараліся дзесяцігоддзямі. Знікаюць рынкі, якія, умоўна кажучы, кармілі цэлыя рэгіёны. Ірвуцца міжчалавечыя сувязі, якія здаваліся больш трывалымі за рознагалоссі палітыкаў. А калі ў дзяржаў знікаюць надзейныя дагаворныя асновы бяспекі і не працуюць меры даверу, узрастае роля інструментаў ядзернага стрымлівання. Бо нельга забяспечыць сваю бяспеку, калі яе юрыдычныя і палітычныя гарантыі растаптаны. Калі суседнія краіны імкнуцца так нарасціць свой ваенны патэнцыял, каб ён шматкроць пераўзыходзіў твой уласны. І не саромеюцца ў агрэсіўнай рыторыцы. Навошта? У мяне толькі адзін адказ: на жаль, каб грамадства ўсё больш прывыкала да думкі пра вайну»

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расію апошнім часам актыўна папракаюць у тым, што яны вось-вось «адцяпаюць» Польшчу або Балтыку, а то і ўсё разам. Ён назваў такія заявы поўным глупствам. «Нам бы разабрацца з тымі праблемамі, якія ў нас ёсць. Нікуды мы не нацэленыя, ніякая Еўропа, Парыж і Лондан нам не патрэбныя. Нават Літва і Польшча, Вільнюс і Варшава — нам не патрэбныя. Нам не патрэбна гэтая эскалацыя», — заявіў беларускі лідар. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў павелічэнне расходаў на ўзбраенне ў заходніх суседзяў. «Першае пытанне: навошта? Другое пытанне: да чаго гэта ўся рыторыка? Напэўна, яны самі рыхтуюцца да гэтага. Таму я вам адкрыта і сумленна кажу: мы кожны дзень рыхтуемся да вайны, каб яе не было», — заявіў Прэзідэнт. 

Падпісаны летась Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, зрабіў акцэнт беларускі лідар, прадугледжвае выкарыстанне любых відаў узбраенняў, уключаючы ядзерныя. Для абароны! «Але яшчэ раз падкрэсліваю: гэты крок носіць выключна абарончы характар і зроблены ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам і палажэннямі Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

PIV_1946_1.jpg

«Мы нікому не пагражаем, толькі забяспечваем сваю бяспеку»

Прэзідэнт адказаў на яшчэ адно пытанне, якое бударажыць асобных ашалелых палітыкаў, — размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Ён заявіў, што ў гэтым няма ніякай агрэсіўнасці, і ў доказ прывёў гістарычныя факты. У 1987 годзе СССР і ЗША пасля доўгіх перагавораў падпісалі дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Гэты дакумент стаў важным элементам сістэмы па прадухіленні ўзаемнага знішчэння двух на той момант супрацьлеглых блокаў. Аднак у 2019 годзе ЗША з яго выйшлі. Быў зроблены трагічны крок назад.

«Шэсць гадоў таму, выступаючы ў гэтай зале на міжнароднай канферэнцыі, я прапанаваў распрацаваць шматбаковую палітычную дэкларацыю аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе і зрабіць яе адкрытай для далучэння ўсіх зацікаўленых дзяржаў. На жаль, прапанову Беларусі папросту не захацелі пачуць. І зразумела, чаму, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Шэраг еўрапейскіх краін ужо заявілі пра намер разгарнуць у сябе ракетныя комплексы сярэдняй далёкасці. Дык чаго нас папракаць? А гэта — адзін з найнебяспечнейшых відаў узбраенняў! Падлётны час — хвіліны. У выпадку памылкі або правакацыі часу разбірацца проста не будзе». 

Так што, па словах кіраўніка дзяржавы, размяшчэнне ў Беларусі «Арэшніка» — не што іншае, як мера ў адказ на эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне і сучасныя пагрозы. «Калі ласка, давайце ад гэтага адыдзем і размовы пра „Арэшнік“ спыняцца. Але не хочуць. Мы нікому не пагражаем, толькі забяспечваем сваю бяспеку. Больш за тое, заўсёды адкрыты да канструктыўнага дыялогу і ўзаемных крокаў па зніжэнні напружанасці. Калі нашы партнёры на захадзе да гэтага гатовыя, ні мы, ні Расія, перакананы, у даўгу не застанёмся! Мы сваё слова трымаем, — канстатаваў беларускі лідар. — Але пакуль складваецца ўражанне, што Еўропе мір не патрэбны. Палітыкі забыліся, якія жахі прынесла Другая сусветная вайна. Паверылі, што нарошчванне ваеннага патэнцыялу іх засцеражэ. Не і яшчэ раз не! Гэта — шлях у нікуды, чарговая прыступка па лесвіцы эскалацыі»

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на ўсе заклікі беларускага боку, дыялог з еўрапейскімі краінамі па бяспецы, кантролі над узбраеннямі і мерах даверу адсутнічае. Красамоўны прыклад з дагаворам па адкрытым небе. 

«Нам выстаўляюць надуманыя прэтэнзіі аб невыкананні дакумента, але пры гэтым цалкам адмаўляюцца ад якога-небудзь узаемадзеяння. Добра, адмовіліся ад пратэстанцкай этыкі каб дагадзіць ЛГБТ, але дзе ж праславутая заходняя рацыянальнасць? Няўжо там не разумеюць, што кантроль над узбраеннямі і меры па ўмацаванні даверу несувымерна больш выгадныя і танныя, чым гонка ўзбраенняў? І гістарычны выбар просты — разрадка або эскалацыя. Таму давайце адразу выбіраць разрадку. Чым раней мы гэта зробім, тым лепш будзе і для нас, і для будучых пакаленняў», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. 

1.jpg

«Калі вы разбурылі масты, не патрабуйце ад нас наводзіць пераправы»

Прэзідэнт дадаў, што Захад у звыклай логіцы двайных стандартаў спрабуе штучна абвінаваціць Беларусь ва ўжыванні міграцыі як зброі. «Выразна і адназначна заяўляю: мы не займаемся і не збіраемся займацца выкарыстаннем міграцыйных працэсаў ні ў якім выглядзе», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў называць рэчы сваімі імёнамі: міграцыя — гэта ў першую чаргу вынік крызісаў. Вынік разбураных эканомік, разарваных сацыяльных сувязяў і знішчаных дзяржаўных інстытутаў у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у шэрагу іншых краін у выніку безадказнай палітыкі калектыўнага Захаду. «Калі вы дэстабілізуеце і бамбіце іншыя краіны, выпампоўваеце іх рэсурсы і ставіце пад пагрозу іх будучыню, чаго вы чакаеце? Што людзі застануцца на руінах сваіх дамоў? Не, яны паедуць туды, дзе, як спадзяюцца, ёсць хаця б адносная бяспека для іх і іх дзяцей. І скажыце гэтым няшчасным, што яны не маюць на гэта права», — заявіў Прэзідэнт. 

Ён задаў пытанне: чаму хоць з адной прычыны Беларусь павінна абараняць Еўрапейскі саюз ад мігрантаў? «Па-першае, ва ўмовах усёабдымнага санкцыйнага ціску ў нас няма ні лішніх рэсурсаў, ні маральных абавязацельстваў вырашаць праблемы тых, хто гэтыя санкцыі ўвёў», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што як толькі супраць Беларусі былі ўведзеныя санкцыі, разарвалі стасункі па пытаннях міграцыі, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў заходнія краіны, што мы абараняць нікога не будзем.

«Па-другое, уся інфраструктура, усе праекты прыгранічнага супрацоўніцтва былі ў аднабаковым парадку згорнутыя нашымі заходнімі суседзямі. Па-трэцяе, вы, на Захадзе, іх туды паклікалі!» — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што мігрантам трэба стварыць роўныя ўмовы з карэннымі жыхарамі, трэба бачыць у іх людзей — як гэта зроблена ў Беларусі, дзе для грамадзян іншых дзяржаў створаны ўсе ўмовы нароўні з беларусамі. І мігранты цэняць такое стаўленне. «Дык хто перашкаджае багатай Еўропе зрабіць тое ж самае?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. 

«Як можна ўсур’ёз успрымаць патрабаванні ЕС да нас (як яны кажуць, „вырашыць праблему з мігрантамі“), калі тыя ж Брусель і Польшча з Прыбалтыкай дэманстратыўна разарвалі ўсе раней дасягнутыя пагадненні і адмаўляюцца падтрымліваць простую камунікацыю нават па бягучых пытаннях?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Логіка простая: калі вы разбурылі масты, не патрабуйце ад нас наводзіць пераправы. Мы не будзем вас абараняць з пятлёй на шыі. Санкцыі — гэта пятля на шыі беларускага народа. І вы ад нас патрабуеце вас абараняць? Гэтага не будзе».

3.jpg

«Мы не проста назіральнікі, а прамыя ўдзельнікі геапалітычных працэсаў у самым цэнтры Еўропы»

Аляксандр Лукашэнка перакананы: бяспеку нельга пабудаваць на пагрозах і ўльтыматумах. «Гэта проста тупік, — канстатаваў ён. — Без даверу, супрацоўніцтва, без справядлівасці любая сістэма бяспекі застанецца вельмі зыбкай канструкцыяй. Чаму ж для Беларусі гэта тэма такая важная? Адказ відавочны. Мы не проста назіральнікі, а прамыя ўдзельнікі геапалітычных працэсаў у самым цэнтры Еўропы».

Па словах Прэзідэнта, беларускі бок разумее, што спробы стварыць ваенную перавагу на нашых граніцах, падарваць нашу эканоміку і пастаяннае правакаванне сацыяльных узрушэнняў — гэта спробы падпарадкаваць Мінск чужой волі. «Будзем, як зможам, адказваць, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — У нас ёсць свае магчымасці. У нас ёсць апора ў асобе брацкай Расіі. У нас ёсць падтрымка краін Глабальнай большасці».

Беларусь, як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, прынцыпова не шукае канфрантацыі. Па яго словах, неаднаразовыя заклікі нашай краіны да аднаўлення дыялогу — гэта імкненне вярнуць нармальную рацыянальнасць у міжнародныя адносіны, у якіх яе спрабуюць падмяніць сілай.

«Выратаваць Еўразію можа толькі адмова ад канфрантацыі, — лічыць беларускі лідар. — Каштоўнасць нашага кантынента заключаецца ў яго ўзаемазвязанасці. Таму яго нельга бясконца і беспакарана драбіць на варагуючыя лагеры».

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ідэя мірнага сумеснага развіцця з’яўляецца тым самым стратэгічным арыенцірам, той мэтай, да якіх краіны павінны імкнуцца. Менавіта на гэтых прынцыпах, паводле слоў Прэзідэнта, будуюцца такія магутныя структуры, як ШАС, БРІКС, ЕАЭС, СНД.

«Я ўжо гаварыў пра аб’яднальныя ініцыятывы Расіі і Кітая, пра новы, цвярозы погляд амерыканцаў (дай бог, каб гэта было так, а не спектакль), — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не значыць, што я спрабую штучна выключыць з гэтага працэсу Еўропу. Гэта немагчыма! У шматпалярным светаўладкаванні, якое зараджаецца, найважнейшае месца павінен заняць Еўрапейскі саюз. Моцны Еўрапейскі саюз. Мы ў гэтым перакананыя, і мы да гэтага неаднаразова заклікалі. Гэта адна з апор, асноў нашай планетарнай сістэмы, на якой трымаецца свет». 

1.jpg

Але ці зможа Еўрасаюз заняць такое месца, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, — пакуль пытанне. Прэзідэнт канстатаваў, што сёння Еўрапейскі саюз відавочна знаходзіцца ў крызісе. «Прычыны зразумелыя: спачатку дзесяцігоддзямі выбудоўвалі сістэму ўнутранага рэгулявання ўсяго і ўся, выбудавалі — бізнес пачаў уцякаць, — патлумачыў беларускі лідар. — Потым адмовіліся ад нармальнага ўзаемадзеяння з суседзямі на Усходзе, з Расіяй перш за ўсё. Агароджы на мяжы ўзвялі. Хутка ўвогуле замініруюць. І пачым цяпер энергія, да прыкладу, у Еўрапейскім Саюзе? Ці застаюцца сродкі, каб трымацца ў авангардзе інавацыйных распрацовак?».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Бруселі і шэрагу сталіц выбралі не вырашаць праблему па сутнасці, а прыкрыць яе будучай вайной. «Няўжо разлічваюць на тое, што перавод эканомікі на ваенныя рэйкі гарантуе рост? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — На пару гадоў нейкае боўтанне на адным узроўні, можа, і забяспечыць. Тлушчу назапасілі яшчэ з каланіяльных часоў. Але ж потым давядзецца разграбаць катастрафічныя наступствы!».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Еўропе расце еўраскептыцызм, іскрыць ва ўнутранай палітыцы, узмацняюцца супярэчнасці паміж асобнымі дзяржавамі Еўрасаюза, закладваюцца бомбы пад будучыню ўсёй вялікай Еўропы, а можа, і ў цэлым Еўразіі.

«Кажу адкрыта і прама: калі стратэгічна нацэлены на нармальнае суіснаванне — не спрабуйце перарабіць нас, а мы — не будзем вас, — адзначыў Прэзідэнт. — У нас свой менталітэт, свая культура, свой гістарычны этап развіцця грамадства. Ідэалагічнай, як і любой іншай, агрэсіі мы не прымаем. А напружаныя знешнія ўмовы вы ж нам і стварылі. Яшчэ і падрыўную дзейнасць ведзяце. Купілі з вантробамі дзясятак-другі нашых і расійскіх збеглых і малюеце ім імідж ледзь не законнай улады ў Беларусі і Расіі. А потым крычаць: „Дыктатура! Пуцін і Лукашэнка — суагрэсары“. Перажывём». 

Па словах беларускага лідара, цяпер да рэалістычнай размовы з Мінскам у Еўропе яшчэ не гатовыя. «Не бачаць у нас перагаворных пазіцый, якія ёсць у шэрагу іншых краін, накшталт прыродных багаццяў, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Але ў нас ёсць розум, вытрымка, а яшчэ — рэсурс стратэгічнага становішча і здольнасць быць мостам паміж Захадам і Усходам».

Аляксандр Лукашэнка хоча зыходзіць з пераканання, што ў інтарэсах еўрапейцаў ляжыць як мінімум мірнае суіснаванне. У такім выпадку, па яго словах, дыскусію варта перавесці ў плоскасць зусім іншых аргументаў.

«Мы не лічым сябе вінаватымі ў пагаршэнні адносін з Захадам і яго асобнымі краінамі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мы руку працягваем. Гэта не рука таго, хто просіць. Гэта рука партнёра, які мае ўласную годнасць і прапануе разам і шчыра працаваць дзеля міру для нашых дзяцей і ўнукаў».

1.jpg

«Прыхільнасць Беларусі да справы міру — не пустая рыторыка, а аб’ектыўная неабходнасць»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сёлета Арганізацыі Аб’яднаных Нацый споўнілася 80 гадоў, Хельсінкскаму заключнаму акту — 50 гадоў. «Тэму рэформы ключавых міжнародных інстытутаў мусоляць не адно дзесяцігоддзе, а праблемы не вырашаюцца», — заўважыў ён. 

Па словах Прэзідэнта, прыхільнасць Беларусі да справы міру — не пустая рыторыка, а аб’ектыўная неабходнасць. І да гэтага, па яго словах, прыхільныя не толькі мы, а ўвесь еўразійскі кантынент, акрамя Захаду. 

2.jpg

Што дзеля міру прапануе Беларусь?

  • Першае — у адносінах да харчавання і медыкаментаў патрэбна забарона на ўвядзенне любых санкцый, у тым ліку другасных. «Бо гэта звязана з вялізнымі стратамі, гібеллю людзей, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Вынік размахвання гэтай дубінай бачны ўсім: эканамічны крызіс, абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцяў, правакаванне ўнутраных і міжнародных канфліктаў».

  • Другое — абарона крытычнай міжнароднай інфраструктуры: газа-, нафтаправодаў, інтэрнэт-кабеляў, АЭС. Па меркаванні беларускага лідара, забарона на дзеянні супраць гэтых аб’ектаў павінна быць адназначнай. «І ў гэтым зацікаўлены ўсе краіны свету, нават тыя, якія сёння трактуюць падрыў газаправода як подзвіг, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — У любых сітуацыях трэба абменьвацца данымі, забяспечваць іх фізічную недатыкальнасць і бесперабойную работу».

  • Трэцяе — пераадоленне міграцыйнага крызісу. «З тым, што Захад нарабіў у краінах, адкуль ідуць мігранты, ён мусіць разабрацца сам, — лічыць Прэзідэнт. — Што датычыцца наступстваў, мы гатовы працаваць у тым фармаце, які доўгі час забяспечваў кантроль за сітуацыяй для абодвух бакоў. Трэба дамаўляцца, напрыклад, у рамках глабальнай здзелкі. Падыход прэзідэнта Трампа — „усё на ўсё“ — мы можам абмяркоўваць і з ЗША, і з Еўропай, як любая іншая краіна. Відавочна, што неабходна адзіная сістэма праверкі мігрантаў, узмацненне барацьбы са злачыннымі групоўкамі гандляроў людзьмі, паскарэнне працэдур дэпартацыі парушальнікаў».

  • Чацвёртае — штучны інтэлект. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта праблема, якая нарастае. «Некіраваная гонка ў гэтай сферы ператварае яго з карыснага рэсурсу ў зброю, у перспектыве — масавага паражэння, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы прапаноўвалі сумежным краінам стварыць пояс лічбавага добрасуседства. Час гэтым поясам аб’яднаць усю Еўразію. І ўлічыць прынцыпы лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту ў нашай будучай Хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў бягучым стагоддзі».

3.jpg

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці дыялогу. Па яго словах, нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл аўтамата. «Ні ў якім разе нельга, — дадаў ён. — Трэба заўсёды размаўляць. Калі не размаўляюць — тады вайна бліжэй. Нам патрэбен гэты дыялог. Нам трэба спыніць гонку ўзбраенняў. Мы ўсе кажам: „Не-не, мы не будзем у яе ўцягвацца“. Ды мы ўжо даўно ўцягнуліся ў гэту гонку ўзбраенняў. І бачачы, які сёння свет, дзяржавы апошнія грошы будуць траціць для таго, каб забяспечыць сваю бяспеку. А калі з патэнцыяльным агрэсарам не змогуць ваяваць, як Беларусь, — нанесці гэтаму праціўніку непрымальную шкоду».

У завяршэнні свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаў удзячнасць удзельнікам канферэнцыі за тое, што яны, нягледзячы ні на што, дабраліся да беларускай сталіцы. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў Мінску прагучыць шмат здаровых ідэй, якія сёння так патрэбны многім краінам. 

«Але яшчэ больш важна для нас — дзеянні, у сувязі з тымі ідэямі, якія вы даўно выказваеце, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Проста нельга дапусціць словаблудства і пераўтварэння нашых размоў у нішто. Пасля гэтага павінны быць дзеянні! Сёння такі перыяд, што мы павінны быць накіраваны на гэта». 

Патрэбен дыялог, а не канфрантацыя

«Вынікі Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы будуць дыктаваць умовы ўсім структурам бяспекі Еўразіі»

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю