Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў у «Мінск-Арэну» на трэніроўку каманды «Дынама-Мінск», якая выступае ў КХЛ, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы прыехаў да хакеістаў, каб падтрымаць іх перад стартам у другім раўндзе плэй-оф КХЛ.
«Хлопцы, дзякуй вам за першы раўнд. Гэта толькі пачатак. Я вельмі спадзяюся... Я перадаваў ужо тут праз начальнікаў: калі вам нешта трэба, каб падрыхтавацца да другога этапу, вы скажыце. Медыцына, масажысты добрыя... Увогуле, калі нешта трэба — кажыце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што яго крыху непакоіць вялікі перыяд паміж гульнямі. Важна, каб гульцы не страцілі спартыўны тонус.
«Таму я сказаў хакеістам нашым галоўным: калі вам трэба арганізаваць нейкі спарынг — выбраць лепшых у Беларусі — і недзе праз
дзень-два згуляць, — пастараемся. Усё, што трэба, мы гатовы для вас зрабіць. Гэта не дабрачыннасць. Таму што вы сапраўды заслужылі імя народнай каманды. Вас любяць не толькі ў Мінску, але па ўсёй Беларусі. Гэта вялікая справа», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар цёпла паразмаўляў з гульцамі і трэнерскім складам і сам прыняў удзел у трэніроўцы, зрабіўшы некалькі кідкоў па варотах.
Традыцыйна не абышлося і без падарункаў. Аляксандр Лукашэнка перадаў хакеістам хлеб, сала, прысмакі, мёд, а трэнерам яшчэ і моцныя напіткі.
Аляксандр Лукашэнка 24 сакавіка ў «Мінск-Арэне» наведаў першы матч «Дынама-Мінск» у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі цяперашняга сезона. З трыбуны ён назіраў за паядынкам «Дынама-Мінск» і маскоўскага «Дынама». У серыі гульняў з маскоўскімі аднаклубнікамі мінскія «зубры» паказалі выдатны вынік, выйграўшы ў чатырох матчах запар і забяспечыўшы сабе выхад у наступны раўнд плэй-оф.
У 1/4 фіналу «Дынама-Мінск» згуляе з казанскім «Ак Барсам». Серыя да чатырох перамог стартуе на «Мінск-Арэне» 9 красавіка, другі матч адбудзецца там жа 11 красавіка. Далей сапернікі пераедуць у Казань, дзе згуляюць 13 і 15 красавіка. Пры неабходнасці матчы з пятага па сёмы пройдуць 17, 19 і 21 красавіка. Раней «Дынама» і «Ак Барс» у плэй-оф не сустракаліся.
Хакейны клуб «Дынама-Мінск» ужо другі сезон запар выходзіць у 1/4 фіналу плэй-оф КХЛ. Пакуль гэты этап з’яўляецца найвышэйшым дасягненнем мінскай каманды. У папярэднім сезоне за выхад у паўфінал «зубры» змагаліся з чалябінскім «Трактарам», аднак прайгралі. Цікава, што ў гэтым годзе супраціўленне гульцоў «Трактара» за выхад у чвэрцьфінал зламаў якраз «Ак Барс».
Яшчэ адзін цікавы факт: цяперашні галоўны трэнер «Дынама-Мінск» і нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрый Квартальнаў у 2019—2022 гадах, да прыходу ў «Дынама-Мінск», быў галоўным трэнерам «Ак Барса».