Top.Mail.Ru

«Галоўнае, каб такія людзі былі»

Прэзідэнт узнагародзіў перадавікоў жніва за высокія паказчыкі падчас уборачнай кампаніі


Адбылася гэта важная падзея не ў Палацы Незалежнасці, а непасрэдна на палетках — на тэрыторыі агракамбіната «Ждановічы», што ў Мінскім раёне. Як і ўсюды па краіне, з самай раніцы ў аграрыяў кіпела работа. Аднак на тое, каб зрабіць невялікі перапынак, была асаблівая нагода — Аляксандр Лукашэнка асабіста прыехаў выказаць удзячнасць рэкардсменам бітвы за ўраджай, якія робяць найбольш істотны ўнёсак у нацыянальны каравай.  

Сярод іх — Павел Шуціла, Віталь Кішко і Андрэй Аляксейчык. Усе трое — працаўнікі ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна. Дзякуючы высокім паказчыкам механізатараў, сельгаспрадпрыемства ўжо не першы год знакамітае на ўсю краіну. Вось і сёлета, скончыўшы ўбіраць ураджай у сваім раёне, аграрыі прыйшлі на дапамогу агракамбінату «Ждановічы».



«Мне вельмі шкада сельгасземлі аддаваць пад забудову» 

Найперш зайшла размова аб асаблівасцях сёлетняй уборачнай кампаніі, рабоце тэхнікі і планах на ўраджай. Прэзідэнт пацікавіўся колькасцю зямель, якія знаходзяцца на балансе агракамбіната «Ждановічы».  

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы генеральны дырэктар Мінскага раённага ўнітарнага прадпрыемства «Агракамбінат «Ждановічы» Рыгор Чуйко, пустых зямель няма, усё заарана. «Але горад паціху наступае», — заўважыў ён, маючы на ўвазе вылучэнне зямель сельгаспрадпрыемства пад будаўнічыя мэты.  

«Ты глядзі з губернатарам (без яго ж не прымаюцца рашэнні па адабранні зямель), — папярэдзіў Прэзідэнт. — Там, дзе нельга, то там нельга. Трэба нам ушчыльняцца і ісці з будоўлямі ў пустыя месцы: пятачкі і іншае».  

Але забудоўшчыкі хочуць ісці больш простым шляхам. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў поле насупраць рынку «Валяр’янава», якое бізнесмены прасілі аддаць пад будаўніцтва жылля. «Жыллё — гэта ж выгадна, — заўважыў беларускі лідар. — Ну, як гэта поле аддаць пад жыллё? Таму ўнутры Мінска — калі ласка, шмат месцаў, дзе (можна. — „Зв.“) будаваць. Таму я гавару: лепш бы вы там сад (заклалі. — „Зв.“), якому-небудзь прыватніку аддалі. Ёсць жа хлопцы, якія ўмеюць гэта рабіць. Яны б і апрацоўвалі б там тое, што нам трэба. Канкурэнты былі б». 

Кіраўнік дзяржавы адносіцца да гэтага пытання, па яго словах, па-вясковаму. «Мне вельмі шкада сельгасземлі аддаваць пад забудову, — растлумачыў ён. — Вы разам (з губернатарам. — „Зв.“) думайце, глядзіце». 

Прэзідэнт закрануў тэму датацый сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб больш выбарачным падыходзе па выдзяленні датацый у сельскай гаспадарцы. Ён звярнуў увагу на тое, што дзяржава шырока падтрымлівае аграпрамысловы комплекс, даючы розныя льготы, аказваючы дапамогу з закупкай мінеральных угнаенняў, паліва, тэхнікі, іншых неабходных сродкаў. 

«Усё даціруем, і даціруем з бюджэту, — канстатаваў беларускі лідар. — Нам трэба сур’ёзна падумаць у сельскай гаспадарцы, каб мы на кожны віск і піск парасяці грошы не плацілі. Гэта бізнес. Натуральна, дзесьці трэба, бо будзе, як у Заходняй Еўропе: землі шыкоўныя, не сталі дзесьці дапамагаць — і сельская гаспадарка абрынулася». 

Ад аграрыяў Мінскага раёна Аляксандру Лукашэнку ўручылі падарунак — сімвалічны сноп з нагоды намалоту Мінскай вобласцю 2 мільёнаў тон збожжа. 

Прымаючы падарунак з рук старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі, Прэзідэнт сказаў: «З прыцэлам на тры мільёны», заўважыўшы, што спыняцца на дасягнутым не трэба. 


«Я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы робіце»  

Істотны ўнёсак у каравай Міншчыны, а значыць, і ўсёй краіны, робяць перадавікі жніва, з якімі сустрэўся кіраўнік дзяржавы. Трактарыст-машыніст ААТ «Кухчыцы» Павел Шуціла ў пачатку жніўня першым у Беларусі намалаціў 4 тысячы тон збожжа. На гэты час механізатар пераадолеў адзнаку ў 5 тысяч тон. Высокага паказчыку камбайнер дасягнуў на айчынным камбайне вытворчасці «Гомсельмаша». Камбайнер з Клецкага раёна рэгулярна дасягае высокіх вынікаў ва ўборцы ўраджаю на тэхніцы беларускай вытворчасці. У 2024 годзе Павел Шуціла намалаціў 3,2 тысячы тон збожжа, а ў 2025-м увогуле пераадолеў адзнаку ў 8,4 тысячы тон, стаўшы адным з галоўных герояў мінулагодняга жніва. 

Звяртаючыся да Паўла Шуцілы, Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў асабісты вопыт работы кіраўніком сельгаспрадпрыемства. Прэзідэнт расказаў, што на той час у саўгасе «Гарадзец» Шклоўскага раёна, які ён узначальваў, працавала 20 камбайнераў. Агульны намалот усіх іх складаў каля 4 тысяч тон збожжа ў год. А Павел Шуціла, як акцэнтаваў увагу беларускі лідар, адзін летась намалаціў звыш 8 тысяч тон збожжа. Вядома, такія значныя паказчыкі дасягаюцца ў тым ліку дзякуючы сучаснай тэхніцы айчыннай вытворчасці. Але і ўласнае стаўленне камбайнера да справы ніхто не адмяняў. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, летась, калі ён даведаўся аб рэкордзе Паўла Шуцілы, пацікавіўся, на якім жа камбайне працуе механізатар. Як высветлілася, на айчынным — вытворчасці «Гомсельмаша». Карыстаючыся нагодай, Прэзідэнт удакладніў у механізатара, ці ёсць тое ў гэтым камбайне, што патрабуе дапрацоўкі.  

«Асабіста для мяне, нічога не трэба, — сказаў Павел Шуціла. — Добры камбайн. Умовы ў кабіне нармальныя». 

«Сёння і без умоў — надвор’е акурат самае лепшае для ўборкі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І ветрык, і сонца — прахалодна. Галоўнае, што не спякота».  

Высокіх паказчыкаў дасягнуў і кіроўца аўтамабіля ААТ «Кухчыцы» Віталь Кішко, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы на адвозцы ўраджаю. За цяперашнюю ўборачную кампанію ён перавёз ужо больш як 6,1 тысячы тон збожжавых, зернебабовых і рапсу, пабіўшы свае ранейшыя рэкорды. У мінулым годзе Віталь Кішко перавёз больш як 4,6 тысячы тон ураджаю, у 2024-м — звыш 4,2 тысячы тон. 

Іх калега, таксама супрацоўнік ААТ «Кухчыцы» Андрэй Аляксейчык, летась перавёз 7,7 тысячы тон збожжа. Сёлета ён прымае ўдзел ва ўборачнай кампаніі ў якасці адказнага спецыяліста за арганізацыю працэсу ўборкі.  

«Мужыкі, я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы робіце, — звяртаючыся да перадавікоў жніва, сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Як гэта, Прэзідэнт сустрэнецца з лепшымі людзьмі ў аграрным сектары і нічога ім не падорыць?»   

Сказана — зроблена. Кіраўнік дзяржавы ўручыў кожнаму механізатару ключы ад аўтамабіляў Belgee, перадаў іншыя падарункі.  


«Трэба такіх хлопцаў падтрымліваць» 

«Вы — малайцы, але не гэта галоўнае, — звяртаючыся да перадавікоў, акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Галоўнае, каб такіх (перадавікоў. — „Зв.“) сотня была і па дзве сотні». 
Кіраўнік дзяржавы канкрэтызаваў сваю просьбу — дапамагчы стварыць рэзерв маладых спецыялістаў, каб перадавікоў у краіне было як мага больш.  

«Галоўнае, каб такія людзі былі, — заўважыў ён. — Таму вы падумайце, як дапамагчы такім людзям. Калі побач з ім (Паўлам Шуцілам. — „Зв.“) пасядзіць памочнік, малады чалавек, упэўнены, год, два, тры, ну, пяцігодка — і ён дакладна будзе з ім спаборнічаць. А можа, і пераможа. Просьба да вас, каб вы не адпіхваліся. З боку дзяржавы будзе дапамога і падтрымка ў гэтым плане, але вы дапамажыце нам стварыць такі рэзерв маладых людзей». 

Як праінфармаваў Аляксей Кушнарэнка, работа ў гэтым плане ўжо вядзецца. Павел Шуціла пагадзіўся ўзначаліць школу перадавікоў у Мінскай вобласці. Прэзідэнт не супраць, але настойвае, каб пры гэтым камбайнеру не перашкаджалі працаваць.  

Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў дырэктару ААТ «Кухчыцы» Сяргею Здроку.  

«Дзякуй табе за хлопцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта ж твае выхаванцы?» 

Як высветлілася, у свой час Павел Шуціла быў памочнікам у Сяргея Здрока, калі той сам быў камбайнерам.  

Прэзідэнт прапанаваў падумаць аб магчымым змяненні назвы сельгаспрадпрыемства, улічыўшы заслугі траіх перадавікоў.  

«Трэба такіх хлопцаў падтрымліваць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падрабязна пацікавіўся станам спраў у ААТ «Кухчыцы», планамі на ўраджай па розных культурах.  


Кіраўнік сельгаспрадпрыемства асобна спыніўся на працэсе перадачы вопыту, які ёсць у ААТ «Кухчыцы», дастатковай колькасці сямейных дынастый сярод аграрыяў. Не выключэнне — і перадавік Павел Шуціла. Яго старэйшы сын працуе памочнікам камбайнера. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў бліжэйшы час плануе пабываць у ААТ «Кухчыцы».  

У канцы сустрэчы героі жніва зрабілі агульны фотаздымак з беларускім лідарам. Перадавікі выказалі ўдзячнасць Прэзідэнту за такую ўвагу і падарункі.  

«Вы заслужылі гэта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.  

Вераніка КАНЮТА
Мінскі раён

Фота БелТА

Даслоўна 

«Трэба працаваць з любоўю — тады будзе вынік» 

Як адзначыў у размове з журналістамі дырэктар ААТ «Кухчыцы» Сяргей ЗДРОК, сакрэт паспяховасці сельгаспрадпрыемства просты — усе людзі працуюць арганізавана, любяць сваю малую радзіму, справу, якой займаюцца, з адказнасцю ставяцца да пастаўленых задач.  


«Працуем заўсёды на максімальны вынік, — сказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — Тэхніка наша, беларуская, добрая, проста трэба ўмець на ёй працаваць. Усе камбайнеры-флагманы працуюць на айчыннай тэхніцы». 

На палетках агракамбіната «Ждановічы» ў дадзены час задзейнічаны два найлепшыя камбайнеры і два найлепшыя кіроўцы, якія адказныя за адвозку збожжа, — усяго пад Мінскам працуе шэсць механізатараў са знакамітай гаспадаркі ў Клецкім раёне. Аграрыі з ААТ «Кухчыцы» не першы год дапамагаюць калегам у іншых раёнах: летась, напрыклад, пасля завяршэнні ўборкі на сваіх тэрыторыях яны дапамагалі ўбіраць хлеб у шасці гаспадарках вобласці. 


Знаходзіць агульную мову з механізатарамі кіраўніку гаспадаркі дазваляе асабісты вопыт. Гэта яго 24-я ўборачная кампанія ў ААТ «Кухчыцы» і 30-я ў цэлым. Больш за тое, Сяргей Здрок мае багаты вопыт камбайнера: у свой час ён быў настаўнікам у героя жніва Паўла Шуцілы. «Сёння Павел, а таксама іншыя камбайнеры дапамагаюць мне вучыць новае пакаленне маладых хлопцаў, якія ўжо даюць годны вынік», — адзначыў ён. 


Перадавікі ўборачнай кампаніі — трактарыст-машыніст ААТ «Кухчыцы» Павел ШУЦІЛА і кіроўца аўтамабіля ААТ «Кухчыцы» Віталь КІШКО як працуюць у адной звязцы, так і інтэрв’ю вырашылі даваць разам. У такім складзе экіпаж, які можна назваць найлепшым у краіне, працуе ўжо сёмы год. За гэты час механізатары не толькі знайшлі агульную мову, а і пасябравалі. 

«У нас вялікая падтрымка: ад кіраўніцтва, калег, сям’і, таварышаў, — называе сакрэт поспеху Павел Шуціла. — Таму толькі наперад і ні кроку назад. Гэта датычыцца не толькі ўборачнай кампаніі, а і пасяўной, ворыва. Складанасцяў няма. Мы працуем так, як і іншыя людзі ў краіне». 

Па словах Віталя Кішко, каб дасягаць высокіх вынікаў, трэба з адказнасцю падыходзіць да пастаўленых задач. «Спакойна рабіць сваю справу — і ўсё атрымаецца, — дадаў ён. — Мы не думалі, што выйдзем на такі вынік. Але атрымліваецца. Мы рады». 


Па словах Паўла Шуцілы, перадавікамі рыхтуецца годная змена. «Той, хто хоча працаваць, за ім бегаць не трэба», — гаворыць камбайнер.  

Супрацоўнік ААТ «Кухчыцы» Андрэй АЛЯКСЕЙЧЫК падчас мінулагодняй уборачнай кампаніі перавёз 7,7 тысячы тон збожжа. Сёлета ўдзельнічае ў жніве ў якасці адказнага спецыяліста за арганізацыю працэсу жніва.  

«Кантроль своечасовасці ўборкі, вывазу збожжа, — пералічвае свае задачы ён. — Таксама на мне ляжыць адказнасць за тое, каб тэхніка была своечасова запраўлена палівам і адрамантавана ў сціслыя тэрміны. Вельмі важна не дапусціць страт ураджаю».  

Сёлетняя ўборачная — ужо 14-я ў прафесійнай дзейнасці Андрэя Аляксейчыка. Пры гэтым, па яго словах, ні адно жніво не падобнае на папярэдняе. 

«Трэба працаваць з любоўю — тады будзе вынік, — упэўнены аграрый. — Трэба любіць Радзіму, зямлю, на якой ты жывеш. Так, гэта няпростая праца, але да ўсяго прызвычайваешся».

  

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю