Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
У Палацы Незалежнасці ў Астане ў вузкім і пашыраным складах кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі каля двух дзясяткаў пытанняў. Сярод іх — развіццё гандлю і супрацоўніцтва з партнёрамі ЕАЭС, выкарыстанне штучнага інтэлекту, пытанні мытнага заканадаўства, рэалізацыі кааперацыйных праектаў і шэраг іншых.
Пасяджэнне ў вузкім складзе прайшло за зачыненымі дзвярыма без пратакольных заяў для СМІ. На пасяджэнні ў пашыраным складзе да лідараў краін ЕАЭС далучыліся іх калегі з дзяржаў-назіральніц пры саюзе. Удзельнікі Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета выступілі з дакладамі. Быў падпісаны шэраг дакументаў, прадугледжаных запланаванай павесткай.

«Трэба рабіць эфектыўным наш саюз»
Найперш Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву за бездакорную арганізацыю саміту і Еўразійскага эканамічнага форуму.
Кіраўнік дзяржавы таксама далучыўся да віншаванняў з Днём ЕАЭС, якія прагучалі. «Роўна 12 гадоў таму тут, у Астане, мы далі старт інтэграцыйнаму праекту, які зрабіў кожную з нашых краін значна мацнейшай, — падкрэсліў беларускі лідар. — Але давайце не забываць аб першапачатковых амбіцыйных мэтах, а таксама аб сур’ёзных кампрамісах, на якія мы пайшлі дзеля іх дасягнення».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб неабходнасці павышаць эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза. Ён падкрэсліў, што ў бліжэйшы час неабходны рашучы крок у рэалізацыі асноўных ідэй, намечаных у рамках ЕАЭС.
«Паверце майму вопыту: трэба рабіць эфектыўным наш саюз, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Для гэтага мы павінны яшчэ раз прарэвізаваць нашу работу і адмовіцца ад таго, што перашкаджае працаваць. Не зробім — ператворымся ў празаседзеўшых, як Маякоўскі казаў, і будзем займацца звычайнай гаварыльняй».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Еўразійскай эканамічнай камісіі трэба сур’ёзна падумаць над актывізацыяй работы. «Трэба зрабіць так, каб не толькі мы, але і журналісты, якія асвятляюць нашы сустрэчы і нарады, нашы народы адчулі, што ёсць вынік, — заўважыў ён. — Па ўсіх напрамках».

Пры гэтым, як канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, работа па павышэнні эфектыўнасці павінна ісці без прамаруджвання. У адваротным выпадку, па яго словах, ЕАЭС можа страціць сваю прывабнасць. «Калі мы гэта не зробім (а цяпер трэба рабіць хутка, бо час такі, трэба паскарацца), прывабнасць нашага саюза будзе імкнуцца да нуля, — патлумачыў Прэзідэнт. — І калі нават нехта паназірае за работай, а потым стане членам Еўразійскага эканамічнага саюза, хутка расчаруецца ў эфектыўнасці яго дзейнасці».
Па словах кіраўніка дзяржавы, усе члены ЕАЭС дакладна павінны разумець, хто павінен паступіцца пэўнымі інтарэсамі. «А паступіцца ўсе павінны — нехта ў большай ступені, нехта ў меншай, — удакладніў беларускі лідар. — Ад Расіі спатрэбяцца вельмі сур’ёзныя крокі, а можа быць, і ўступкі пэўныя. Але прыярытэтам будзе ў нас эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза. Каб тыя, хто ўступіў у гэты саюз (да ўступлення тым больш) разумелі, што яны атрымаюць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Каб нават члены цяперашняга Еўразійскага эканамічнага саюза не думалі пра тое, што дзесьці там будзе лепш. У гэтым кірунку нам трэба нямала зрабіць».
Прэзідэнт асобна спыніўся на некалькіх аспектах работы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, якія прапісаны ў стратэгічных дакументах і планах аб’яднання. «Людзі будуць ацэньваць нашу работу не па колькасці дагавораў і нарматыўных актаў, а выключна па тым, ці ёсць ад іх рэальная карысць, ці апраўдвае саюз чаканні грамадзян і бізнесу», — канстатаваў ён.

«Давайце ўсе мэты і задачы саюза ўвасабляць у жыццё своечасова і ў поўным аб’ёме»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пазітыўныя лічбы рэалізацыі Стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. «Праведзена больш за 480 мерапрыемстваў, падпісана 18 міжнародных дагавораў, прынята каля 500 нарматыўных актаў, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце будзем шчырыя: ключавыя пытанні — рэгуляванне агульнага фінансавага рынку, гандлёвыя бар’еры, электронны лічбавы подпіс і іншыя — адкладзены на потым. Гаворым аб штучным інтэлекце, а пытанне практычна лічбавага, дапусцім, подпісу адклалі».
Беларускі лідар не папракае, а настойліва заклікае: «Раз ужо мы 12 гадоў таму пагадзіліся ісці да глыбокай эканамічнай інтэграцыі, давайце ўсе мэты і задачы саюза ўвасабляць у жыццё своечасова і ў поўным аб’ёме». Па яго словах, дэкларацыя аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў «Еўразійскі эканамічны шлях» павінна быць рэалізаваны без пераносаў тэрмінаў і спасылак на ўсе магчымыя «аб’ектыўныя» прычыны.
«Мы свядома і паслядоўна рухаемся ў гэтым напрамку»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рэагаваць на актуальны парадак дня трэба абавязкова, але не забываючы пра базавыя мэты ЕАЭС — макраэканамічную стабільнасць і павышэнне якасці жыцця грамадзян.
«Паказчыкі мінулай пяцігодкі сведчаць аб тым, што мы свядома і паслядоўна рухаемся ў гэтым напрамку», — канстатаваў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ВУП дзяржаў — членаў «пяцёркі» вырас на 16,6 %, экспарт сферы паслуг паміж краінамі саюза — у 2,6 разы. Узаемны гандаль таварамі павялічыўся да рэкордных 95 мільярдаў долараў, або ў 1,7 разы. Пры гэтым яго доля ў знешнегандлёвым абароце ЕАЭС павысілася з 15 % да 20 %.
«На жаль, даводзіцца шмат адцягвацца на тое, каб збалансаваць знешнія фактары, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Сітуацыя ў свеце развіваецца па канфліктным сцэнарыі. Падзеі на Блізкім Усходзе пацягнулі для шэрагу краін дэфіцыт паліва, найважнейшых матэрыялаў, угнаенняў. Запушчана вялікая лавіна праблем, і мы пакуль не ведаем, дзе менавіта і якой сілы ўдар яна нанясе».

Разам з тым Прэзідэнт перакананы, што незалежна ад сітуацыі, якая складваецца на знешнім контуры, ні ў якім разе нельга збаўляць тэмпы работы па дасягненні мэт Дагавора аб ЕАЭС. «Нельга забываць аб навядзенні парадку ўнутры нас», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Наша задача — зрабіць штучны інтэлект „мірным“ і не даць ператварыць яго ў зброю масавага паражэння»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў актуальнасць прыярытэтаў ЕАЭС, выкладзеных у звароце Прэзідэнта Казахстана да кіраўнікоў дзяржаў «пяцёркі». Ён таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь актыўна ўключылася ў работу, у тым ліку па новым кірунку — развіцці штучнага інтэлекту.
«З аднаго боку, гэта важны фактар канкурэнтаздольнасці і эканамічнага росту, з другога — сур’ёзны выклік бяспецы, — лічыць беларускі лідар. — Як некалі з атамам, наша задача — зрабіць штучны інтэлект „мірным“ і не даць ператварыць яго ў зброю масавага паражэння. Таму словы „адказнае выкарыстанне“ ў заяве Саюза з’яўляюцца ключавымі».

Кіраўнік беларускай дзяржавы падтрымаў ідэю развіцця штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС, у тым ліку сумеснымі намаганнямі. «Рабіць гэта трэба свядома, разумеючы, што мы робім, а не бегчы за нейкай модай і хайпаваць тым больш на гэтым», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, па словах беларускага лідара, нельга дапусціць размывання дагаворных абавязацельстваў за кошт новых тэхналагічных рашэнняў, якія цягнуцца да нацыянальнай кампетэнцыі, але непасрэдна ўплываюць на работу ўнутранага рынку ЕАЭС.
«Ведаеце, нешта прыдумаем, абзавём штучным інтэлектам і зробім так, што гэта наносіць шкоду існуючаму парадку — у гандлі і іншых пытаннях, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Напрыклад, лічбавізацыя сістэмы дзяржаўных закупак, якая павінна забяспечыць аператыўнасць працэдур і не ствараць лічбавыя бар’еры для ўдзельнікаў з іншых дзяржаў-членаў. Давайце лепшае з нацыянальных практык рабіць агульным, а не выкарыстоўваць як загараджальны рэсурс».
«Прадукцыя сумесных праектаў павінна стаць для простых грамадзян бачным увасабленнем еўразійскай інтэграцыі»
Прэзідэнт Беларусі ўказаў на неабходнасць выпраўляць сітуацыю ў прамысловай палітыцы Еўразійскага эканамічнага саюза. «Кірунак прамысловай палітыкі ў рамках ЕАЭС відавочна кульгае, і Еўразійскай эканамічнай камісіі, усім нам трэба гэту сітуацыю выпраўляць, — лічыць ён. — Механізм стымулявання кааперацыі запушчаны, але маштаб і эфект пакуль нязначныя. Не можам знайсці годныя саюзныя праекты. Адначасова ствараем дублюючыя вытворчасці, а потым іх адзін ад аднаго усімі сіламі абараняем. У тым ліку ствараючы бар’еры, якія супярэчаць не толькі прынятым намі рашэнням, але і духу ўтварэння нашага саюза».

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы спыніўся на такой галіне, як аўтамабілебудаванне. «На світанку стварэння саюза казалі аб сумесным прыцягненні інвестыцый у развіццё кампанентнай базы, — нагадаў ён. — А цяпер што адбылося? Кожны закрыўся так, што мыш не праскочыць. Стаўкі ўтылізацыйных збораў хутка перавысяць кошт саміх машын. Я кажу пра наш саюз! Навошта мы гэта робім? Пра які саюз можна гаварыць?»
Прэзідэнт адзначыў, што ў ліку дакументаў, вынесеных на падпісанне ў рамках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, — пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор у частцы распаўсюджвання мер фінансавага садзейнічання на кааперацыйныя праекты ў аграпрамысловым комплексе. Па меркаванні беларускага лідара, прадукцыя такіх сумесных праектаў павінна стаць для простых грамадзян бачным увасабленнем еўразійскай інтэграцыі і стымуляваць рост нашых эканомік.
Па словах кіраўніка дзяржавы, у адрозненне ад Захаду, які вечна спрабуе кагосьці ізаляваць, распаўсюджвае санкцыі і малюе раздзяляльныя лініі, краіны-члены ЕАЭС разумеюць, што вытворчы і рэсурсны патэнцыял саюза не можа быць рэалізаваны ў адрыве ад сусветнай эканомікі. «Чакаем ад (Еўразійскай эканамічнай. — „Зв“.) камісіі энергічнай працы з краінамі Азіі і Афрыкі па заключэнні гандлёвых пагадненняў», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць падтрымліваць высокі тэмп перамоў з Індыяй і без затрымак запусціць працэс з Тунісам. Ён таксама зазначыў, што рэалізацыя ўжо заключаных гандлёвых дагавораў патрабуе пастаяннага кантролю. «Усе ўзаемныя абавязацельствы павінны выконвацца ў поўнай меры, у тым ліку пагадненні з Манголіяй і ААЭ, якія ўступаюць у сілу ў гэтым годзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта.
У тэму
Кіраўнікі дзяржаў — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза падтрымалі сумесную заяву аб адказным развіцці штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС
Дакумент накіраваны на павышэнне глабальнай канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік, паскарэнне працэсаў лічбавізацыі ключавых галін, забеспячэнне этычнага і бяспечнага развіцця штучнага інтэлекту.
Як расказаў журналістам па выніках саміту ЕАЭС старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў, заява таксама вызначае стратэгічны вектар партнёрства ў сферы лічбавай трансфармацыі эканомік краін саюза.
«Дакумент арыентаваны на прымяненне тэхналогій штучнага інтэлекту з улікам нацыянальных прыярытэтаў і лічбавага суверэнітэту», — падкрэсліў старшыня ЕЭК.