Top.Mail.Ru

Падрабязнасці сустрэчы кіраўніка дзяржавы з паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расіі ў Цэнтральнай федэральнай акрузе

«Трэба аб’ядноўвацца і працаваць разам»


Яшчэ адным мерапрыемствам у графіку беларускага лідара стала сустрэча з паўнамоцным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Ігарам Шчогалевым. Акруга, якая ўключае 18 суб’ектаў, займае асаблівае месца ў знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі. У 2025 годзе сумесны тавараабарот склаў 34,6 мільярда долараў. У фокусе ўвагі бакоў былі далейшыя перспектывы і сумесныя пункты росту.


«Гэта наш агульны здабытак»

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў расійскаму боку аб’яднаць намаганні ў сферы біятэхналогій, у прыватнасці па сумеснай рабоце Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) з аналагічнымі прадпрыемствамі ў Расіі. 

Адзначалася, што падчас візіту ў Беларусь Ігар Шчогалеў наведаў БНБК. «Добра, што пабывалі на БНБК. Хацеў вас прасіць, каб вы нам дапамагалі ў тым плане, каб мы аб’ядналі намаганні. Таму што ў вашай акрузе нямала зроблена ў гэтым кірунку», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БНБК у Беларусі стварылі дзякуючы супрацоўніцтву з Кітаем. «Дзякуй ім, што яны нам і тэхналогіямі дапамаглі, і ў будаўніцтве. Але, тым не менш, працаваць жа нам. І прастора адзіная ў нас з вамі. І ўсё, што ёсць у Расіі ў гэтым плане, асабліва ў вашай акрузе, і ў Беларусі, павінна працаваць у адзіным ключы, — арыентаваў беларускі лідар. — З Расіяй мы на гэтай базе можам нешта зрабіць талковае».


«Мы хочам, каб гэта была глыбокая перапрацоўка, і не толькі збожжавых, каласавых, можа быць, кукурузы, — працягнуў беларускі лідар. — З расіянамі пэўны ўжо досвед назапашаны, трэба аб’ядноўвацца і працаваць разам». Прэзідэнт дадаў, што бачыць перспектыўным у супрацоўніцтве і вытворчасць корму для рыб. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць развіцця кааперацыйных праектаў напрамую паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі, пазбягаючы магчымых бюракратычных затрымак. «У нас выдатныя адносіны, сяброўскія кантакты. Але ўсё роўна бюракратыя працуе. Таму лепш выходзіць напрамую. Добра, што вы прыехалі. Думаю, гэта добры пачатак, таму што звычайна мы з вобласцю супрацоўнічаем, а тут ужо цэлы шэраг абласцей, прытым цэнтральны рэгіён».

«Харчовая бяспека і Беларусі, і Саюзнай дзяржавы на гэтым кірунку ў надзейных руках»

На сустрэчы з беларускім лідарам Ігар Шчогалеў падзяліўся ўражаннямі ад наведвання БНБК. 

«Вядома, найвышэйшая кваліфікацыя персаналу, — падкрэсліў ён. — Людзі зараджаныя, матываваныя, маладыя, дасведчаныя. І прадукт, які яны робяць, і як яны гэта робяць, іх уменне шукаць новыя рашэнні і тыя новыя рубяжы, якія яны ставяць, усяляюць упэўненасць у тым, што харчовая бяспека і Беларусі, і Саюзнай дзяржавы на гэтым кірунку ў надзейных руках. Вялізныя перспектывы для супрацоўніцтва ў згаданай сферы несумненныя».


Даслоўна

«У нас вельмі нядрэнныя перспектывы ў самых розных галінах»

У размове з журналістамі паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Ігар Шчогалеў адзначыў вельмі добрую дынаміку ў росце ўзаемнага тавараабароту: «З 2018 года мы выраслі з 22 мільярдаў долараў да 38,5 мільярда долараў. Толькі з 2024-га па 2025-ы рост склаў 4 %, пры тым што ў цэлым паміж Беларуссю і Расіяй — 3 %. Адносіны з акругай развіваюцца, бо ў Цэнтральнай Расіі засяроджаны асноўны эканамічны патэнцыял і гэта самая блізкая да Беларусі частка Расійскай Федэрацыі».

Ён дадаў, што бакі ўзаемадзейнічаюць і ў рамках пагадненняў, заключаных паміж рэгіёнамі дзвюх краін, і ў рамках рэалізацыі канкрэтных праграм. Расійскія рэгіёны актыўна ўдзельнічаюць на Беларускай універсальнай таварнай біржы, многія вобласці ствараюць з Беларуссю сумесныя прадпрыемствы, запрашаюць беларускіх партнёраў для ўдзелу ў расійскіх нацыянальных праектах. 

«Найбуйнейшая школа ў Расіі на больш як 2800 месцаў у Варонежскай вобласці была пабудавана беларускімі будаўнікамі. Многія дарогі будуюцца беларусамі. Вельмі добрая рэпутацыя! У нас ёсць вельмі шмат агульных тэм, і мы з Аляксандрам Рыгоравічам вельмі падрабязна і зацікаўлена абмяркоўвалі вопыт і Беларусі, і Расіі ў вырашэнні розных задач. У нас вельмі нядрэнныя перспектывы ў самых розных галінах», — заявіў Ігар Шчогалеў.


Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю