Top.Mail.Ru

У ходзе рабочага візіту ў Кітай Аляксандр Лукашэнка наведаў Пекінскі ўніверсітэт

«Мы павінны паглыбляцца, каб вопыт і веды студэнтаў, якія будуць у вас вучыцца, веерам разыходзіліся ў Беларусі»


Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам найстарэйшай і адной з самых прэстыжных ВНУ Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай беларуска-кітайскай праграмы паміж вядучымі ВНУ дзвюх краін па спецыяльнасці «Біятэхналогія». За апошнія гады супрацоўніцтва Пекінскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стала адным з самых паспяховых прыкладаў беларуска-кітайскага партнёрства ў сферы адукацыі і навукі. 

Кіраўнік дзяржавы наведвае Пекінскі ўніверсітэт не ўпершыню. У верасні 2016 года Аляксандр Лукашэнка выступіў перад студэнтамі ўніверсітэта. У 2023-м Прэзідэнт зноў наведаў ВНУ і правёў сустрэчу з сакратаром парткама Хао Пінам, а таксама прыняў удзел у таварыскім хакейным матчы з камандай навучальнай установы. Акрамя таго, у 2024 годзе ў Мінску адбылася сустрэча беларускага лідара з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта і прадстаўнікамі кітайскіх ВНУ, а ў 2025-м Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з рэктарам Пекінскага ўніверсітэта Гун Ціхуанам, калі дэлегацыя ВНУ наведвала Беларусь.

«Будучыня — гэта высокія тэхналогіі»

На сустрэчы з кіраўніцтвам Пекінскага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паглыбіць супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ў сферы адукацыі.

«Яшчэ будучы тут дзесяць гадоў таму, я зразумеў, што з вашым універсітэтам у нас павінна нешта атрымацца ў плане адукацыі, — адзначыў Прэзідэнт. — За дзесяць гадоў мы прыдумалі сумесную праграму для навучання нашых маладых рабят у гэтым універсітэце. Але я хацеў бы, каб вы разумелі, як я гэта бачу: гэта толькі першыя крокі. Наша праграма мае патрэбу ва ўдасканаленні, мы павінны паглыбляцца, каб вопыт і веды студэнтаў, якія будуць у вас вучыцца, веерам разыходзіліся ў Беларусі».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрыманне адукацыі ў адным з вядучых універсітэтаў свету — гэта першы крок. «І ўсё гэта — у імя вытворчасці, якая будзе заснавана на той адукацыі, якую нашы рабяты атрымаюць тут», — падкрэсліў беларускі лідар.

  • Размова аб практыкаарыентаваным падыходзе да адукацыі зайшла ў кантэксце абмеркавання сумеснай адукацыйнай праграмы паміж вядучымі ВНУ дзвюх краін па спецыяльнасці «Біятэхналогія». У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што студэнты, якія навучаліся ў рамках гэтай праграмы, павінны ствараць канкрэтныя прадпрыемствы і вырабляць у Беларусі адпаведны прадукт на аснове кітайскіх тэхналогій.

«Перш за ўсё ў фармакалогіі, — канкрэтызаваў ён. — Ваш вопыт і тэхналогіі вытворчасці лекаў, вакцын для нас вельмі важны, калі закранаць біятэхналагічны профіль, па якім мы пачалі супрацоўніцтва».

Такім чынам, маладыя спецыялісты, якія атрымалі адпаведныя веды ў рамках сумеснай адукацыйнай праграмы, будуць працаўладкаваны ў Беларусі. Разам з тым у іх запрашэнні на працу былі зацікаўлены ў тым ліку кітайскія і расійскія кампаніі.

«Але ў мяне жорсткае патрабаванне: атрымаўшы адукацыю ў вашым універсітэце, рабяты павінны працаваць у Беларусі ў цесным кантакце з кітайскімі кампаніямі, вырабляць канкрэтныя лекі — у гэтым выпадку, для лячэння ракавых захворванняў — у Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, з такой логікай пагадзіўся і Старшыня КНР Сі Цзіньпін, якім была адобрана сумесная адукацыйная праграма. «Мы з маім сябрам Сі Цзіньпінам шмат гаварылі пра будучыню, — канстатаваў беларускі лідар. — А будучыня — гэта высокія тэхналогіі. Таму я хачу вас (кіраўніцтва Пекінскага ўніверсітэта. — „Зв.“) павіншаваць, што вы заўсёды будзеце ў полі зроку Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але быць у полі зроку — гэта значыць, быць пад сур’ёзным кантролем лідара Кітайскай Народнай Рэспублікі. Паспрабуйце з гэтага атрымаць выгаду перш за ўсё для Пекінскага ўніверсітэта».

«Мы рабілі ўсё, каб вы вучыліся тут для Беларусі» 

Цяперашні выпуск беларускіх спецыялістаў, якія вучыліся ў Пекіне, стаў першым у рамках сумеснай адукацыйнай беларуска-кітайскай праграмы па спецыяльнасці «Біятэхналогія». Пагадненне аб ёй было падпісана ў 2022 годзе паміж Беларускім дзяржаўным і Пекінскім універсітэтамі. 

«Мы хацелі б, каб пачатак, пакладзены тут, развіваўся, — заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай праграмы паміж вядучымі ВНУ Беларусі і Кітая ў Пекінскім універсітэце Аляксандр Лукашэнка. — Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны (мы гэтага таксама хацелі б) былі практыкаарыентаванымі. У адваротным выпадку, навошта гэта навучанне, калі гэта не будзе ў поўнай меры звернута на практыку і не будзе прыносіць карысць двум народам?»

Выпускнікам, якія сёлета атрымалі дыпломы, чатыры гады таму трэба было вытрымаць цяжкі конкурс, каб мець магчымасць вучыцца па сумеснай беларуска-кітайскай праграме. Разам з тым усе прэтэндэнты на паступленне былі ў роўных умовах. «Няважна, хто яны: сын Прэзідэнта або звычайны хлопец з вясковай або гарадской школы. Яны мелі роўныя магчымасці, каб стаяць на гэтай сцэне», — адзначыў беларускі лідар.

Па словах кіраўніка дзяржавы, адбор паказаў, што не кожнаму дадзена атрымліваць адукацыю на замежнай мове (у гэтым выпадку англійскай). «Асабліва ў біятэхналагічнай сферы або інжынернай — гэта не гуманітарныя навукі, — удакладніў ён. — Тут складаная тэрміналогія, складаныя навуковыя паняцці. На замежнай мове не ўсё так проста. Прынамсі ніхто ў Беларусі не папракнуў і не папракне вас, што вы па нейкай пратэкцыі тут атрымалі адукацыю».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія спецыялісты будуць працаваць у Беларусі, хаця ў іх былі зацікаўлены, напрыклад, расійскія і кітайскія кампаніі. «Гэта ўнікальныя рабяты, якіх гатовы займець не толькі ў Беларусі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Іх ужо паклікалі за вялікія грошы працаваць у Кітаі, Расіі — буйных дзяржавах. Упэўнены, і на Захадзе. Але мая ўмова вельмі жорсткая: мы рабілі ўсё, каб вы вучыліся тут для Беларусі. Аднак навука — рэч інтэрнацыянальная, яна не можа належыць нейкаму аднаму народу і быць ізаляванай. Мы гатовы з тэрыторыі Беларусі працаваць, перш за ўсё працаваць на дабрабыт кітайскага народа і ўсіх тых, хто з намі захоча супрацоўнічаць».

«Мы павінны рабіць максімум для развіцця Беларусі»

Спецыялісты, якія атрымалі адукацыю ў рамках сумеснай беларуска-кітайскай праграмы, будуць працаваць над стварэннем па кітайскіх тэхналогіях вельмі дарагіх і патрэбных прэпаратаў для лячэння ракавых пухлін. «Тое, што вельмі патрэбна ва ўсім свеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з наказам да выпускнікоў і заклікаў іх рабіць усё магчымае на карысць Беларусі. «Рабяты, звяртаюся да вас як Прэзідэнт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы павінны ведаць, што вы нашы, вы беларусы. І мы павінны рабіць максімум для развіцця Беларусі. Зрабіць так, каб мы калі і будзем зайздросціць кітайскай дзяржаве ў яе развіцці, то зусім няшмат. Мы павінны навучыцца рабіць самі ўсё. Мы многае ўмеем, у нас ёсць база для вашай работы. І вы ведаеце, што заўсёды будзеце падтрыманы на самым высокім узроўні. Таму стварайце. Перад вамі адкрываецца вялікая будучыня. Памятайце, што дзяржава зрабіла для вас нямала». 

  • Звяртаючыся да выпускнікоў, кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што яны, магчыма, хацелі б атрымаць большае ад навучання. Тым не менш трэба прымаць у разлік кітайскую спецыфіку. «Ціха, спакойна, без усялякай беганіны і празмернасцяў імкнуцца да сваёй мэты, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Асаблівасць жа заключаецца ў тым, што яны ніколі нічога не разбуралі, як гэта, на жаль, зрабілі мы, разбурыўшы краіну, Савецкі Саюз, і сёння маем адпаведныя наступствы — вайну адзін з адным. Кітайцы гэтага не зрабілі, бо яны ніколі не спяшаліся. Яны заўсёды, перш чым рабіць, думалі». 

Па словах Прэзідэнта, ён хоча, каб выпускнікі разумелі яго задуму. «Кітай — вялікая краіна, — адзначыў беларускі лідар. — Той, хто першы раз у Кітаі, можа, гэтага не заўважыць. Але я ўжо 17-ы раз у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Я бачыў тут шмат чаго. Гэта краіна, якая змагла ў жорсткай канкурэнцыі за 35 гадоў зрабіць каласальны рывок наперад. Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, я прапанаваў сур’ёзным чынам паглядзець на развіццё Кітая. Я сказаў (і не памыліўся): за Кітаем — вялікая будучыня».

Прэзідэнт выказаў падзяку кіраўніцтву двух універсітэтаў — Беларускага дзяржаўнага і Пекінскага, якія выканалі яго даручэнне, зрабіўшы першыя крокі па паглыбленні супрацоўніцтва.

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з бацькамі выпускнікоў. А сімвалічным завяршэннем наведвання Пекінскага ўніверсітэта стала высадка дрэва на самым высокім пункце ВНУ.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта і БелТА 


У тэму

Пекінскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1898 годзе і першапачаткова называўся Імператарскім універсітэтам Пекіна. Вышэйшая навучальная ўстанова ўключае больш за 50 інстытутаў прамога падпарадкавання, праводзіць навучанне па 137 спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі. Пры ўніверсітэце дзейнічае больш за 264 даследчыя лабараторыі, а яго бібліятэка лічыцца адной з самых вялікіх у Азіі — тут захоўваецца звыш 10 мільёнаў кніг. На снежань 2025 года ва ўніверсітэце вучылася каля 50 тысяч студэнтаў і працавала больш за 13 тысяч выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

Даслоўна

Андрэй КАРОЛЬ: «Нам трэба пашыраць і паглыбляць супрацоўніцтва, шукаць найлепшых з найлепшых»

Як адзначыў у размове з журналістамі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй КАРОЛЬ, сумесная беларуска-кітайская праграма з’яўляецца своеасаблівым унікальным выпадкам, калі ўдалося ўзгадніць дзве розныя традыцыі і сістэмы адукацыі. «Калі рэзюмаваць, то гэта быў у поўнай меры дыялог культур», — падкрэсліў ён.

Першы выпуск спецыялістаў, якія навучаліся ў рамках сумеснай праграмы, Андрэй Кароль назваў іспытам не толькі для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але і для Пекінскага. «Мы вельмі хваляваліся, — падзяліўся рэктар БДУ. — Я сказаў бы, што экзамен паспяховы, бо ён (накіраваны. — „Зв.“) на стварэнне. Гэта першы крок для таго, каб вырашаць задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы. Нам трэба пашыраць і паглыбляць супрацоўніцтва, шукаць найлепшых з найлепшых».

Па словах Андрэя Караля, Пекінскі ўніверсітэт з’яўляецца лідарам у сферы адукацыі не толькі ў Кітаі. «Ён уваходзіць у тройку лідараў на сусветнай арэне, — падкрэсліў рэктар БДУ. — І стварэнне сумеснай адукацыйнай праграмы перш за ўсё патрабавала вельмі добрай камунікацыі, бо такой практыкі не было».

Хэ Гуанцай: «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Пекінскі ўніверсітэт паспяхова рэалізавалі сумесную адукацыйную праграму»

Падчас урачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай праграмы паміж вядучымі ВНУ Беларусі і Кітая ў Пекінскім універсітэце сакратар партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хэ ГУАНЦАЙ нагадаў, што ў 2021 годзе Беларускі дзяржаўны і Пекінскі ўніверсітэты прыступілі да абмеркавання сумеснай адукацыйнай праграмы.

«Гэты праект стаў адным з ключавых напрамкаў адукацыйнага супрацоўніцтва да 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі, — сказаў Хэ Гуанцай. — Дзякуючы разуменню і падтрымцы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў нашы ўніверсітэты сумеснымі намаганнямі паспяхова рэалізавалі яго, унёсшы ўклад у развіццё гуманітарнага і адукацыйнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю».

Ён адзначыў, што ў верасні 2022 года першыя студэнты былі афіцыйна залічаны на гэту праграму: «За чатыры гады яны не толькі атрымалі фундаментальныя веды, удзельнічалі ў навуковых даследаваннях, практычнай падрыхтоўцы, але і значна пашырылі свой кругагляд», — канстатаваў сакратар партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта.

Ад імя Пекінскага ўніверсітэта Хэ Гуанцай павіншаваў выпускнікоў і выказаў шчырую падзяку выкладчыкам і супрацоўнікам ВНУ, якія ўклалі нямала сіл у развіццё праграмы і падтрымлівалі студэнтаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю