Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прадумаць пытанне арашэння палёў. Аб гэтым ён заявіў у час наведвання аграгарадка Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, дзе праводзіцца фестываль «Кліч Палесся», перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб размове, якая адбылася напярэдадні і датычылася касьбы траў у поймах рэк. Гэта дазволіць не толькі атрымаць дадатковы корм для жывёлы, але і ўключыць у абарот землі, якія не выкарыстоўваюцца. Асабліва гэта пытанне актуальнае для Палесся, дзе працякае Прыпяць.
«Гэта запас зямель на будучыню, абводнены. Калі тут абвадніць палі, ураджай будзе выдатны», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на пытанне арашэння палёў. З улікам вялікай колькасці водных рэсурсаў у Беларусі гэта магло б вырашыць праблемы няхваткі вільгаці для сельгасугоддзяў у засушлівыя перыяды. «У нас шмат рэк, азёр, балот, а мы пакутуем, што дажджы не ідуць. Радавацца трэба. І трэба думаць аб тым, каб арашаць палі», — падкрэсліў Прэзідэнт.