«Ёсць судакрананне многіх інтарэсаў»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з расійскім прадпрымальнікам, старшынёй савета дырэктараў холдынгавай кампаніі «Інтэррос», старшынёй праўлення горна-металургічнай кампаніі «Нарыльскі нікель» Уладзімірам Патаніным. Падчас перагавораў бакі абмеркавалі сумесную работу ў машынабудаванні.


«Мы адкрытыя для супрацоўніцтва»
Група «Інтэррос» — адна з найбуйнейшых інвестыцыйных кампаній Расіі, у сферу дзейнасці якой уваходзяць практычна ўсе сферы расійскай эканомікі: фінансы, машынабудаванне, горная металургія, энергетыка, ЖКГ, спорт і турызм, лагістыка і інфраструктура, фармацэўтыка, лёгкая прамысловасць.
Звяртаючыся да расійскага госця, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што структура, якую прадстаўляе Уладзімір Патанін, шматгаліновая, а, адпаведна, бакам ёсць, аб чым весці размову. «Думаю, што ёсць судакрананне многіх інтарэсаў. І я прасіў нашага Прэм’ер-міністра, каб ён дэталёва вам давёў асноўныя кірункі развіцця Беларусі і тыя пункты, дзе мы можам супрацоўнічаць», — заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Уладзімір Патанін — чалавек дасведчаны ў многіх пытаннях, і ў тым ліку сам выдатна ведае кірункі, па якіх можна развіваць супрацоўніцтва. «Кар’ерныя самазвалы. Дзіўна для мяне, аказалася, і шыны цікавяць — нашай „Белшыны“ вытворчасць. І агульныя праекты па абслугоўванні і стварэнні новай тэхнікі ў Краснаярскім краі — гэта таксама цікавы для нас, перспектыўны праект. Вы шматгаліновік у сваёй структуры — там ёсць і гуманітарны кірунак, і IT-сфера. Нешта мы ўмеем рабіць у Беларусі. Вы таксама выдатна ведаеце, што мы можам рабіць, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і хацелі б, каб ваша кампанія, паспяховая кампанія нават у гэты складаны час, супрацоўнічала з Беларуссю».
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што Уладзімір Патанін мае і беларускія карані: «Мы ж землякі па сваіх каранях. Дзядуля ў вас з Магілёўшчыны».

«Я на чвэрць беларус. Так, ён такі сапраўдны селянін быў. Карані ёсць», — пацвердзіў Уладзімір Патанін.
«Усё да таго, каб вы звярнулі ўвагу на Беларусь, і мы больш цесна з вамі ў гэтым плане супрацоўнічалі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Сумеснае супрацоўніцтва дазволіць стварыць новую лінейку тэхнікі, якая будзе паспяхова канкурыраваць з найлепшымі ўзорамі»
У сваю чаргу Уладзімір Патанін адзначыў, што доўга абдумваў перад прыездам у Беларусь, якія сферы ўяўляюць узаемную цікавасць для супрацоўніцтва. «Паверце, мы сур’ёзна разглядалі ўсе магчымасці. І я вельмі рады, што падчас паездкі ўдаецца агульныя планы ператварыць ужо ў канкрэтныя праекты», — заявіў ён.

Кіраўнік кампаній згадаў аб падпісаным напярэдадні пагадненні аб супрацоўніцтве паміж «Нарнікелем» і БЕЛАЗам з мэтай аб’яднаць намаганні па развіцці навуковага і тэхналагічнага патэнцыялу для стварэння горнай тэхнікі новага пакалення, укаранення беспілотных тэхналогій для горнай здабычы і іншых інавацый. Прадугледжваецца стварэнне сумеснага прадпрыемства для рэалізацыі гэтых планаў, а таксама прадпрыемства з паўнапрофільнай рамонтнай базай з мэтай развіцця вытворчасці, рамонту і абслугоўвання падземнай горнай тэхнікі.
«Гэта дазваляе нам не толькі вырашыць пытанне насычэння горнай тэхнікай нашага прадпрыемства. Сумеснае супрацоўніцтва дазволіць стварыць новую лінейку тэхнікі, якая, па нашых разліках, нашых надзеях, будзе паспяхова канкурыраваць з найлепшымі ўзорамі, — перакананы Уладзімір Патанін. — Таму што мы дадаём туды элементы работы, звязаныя з беспілотнымі праектамі, з новымі тыпамі рухавікоў — больш эканамічнымі, бяспечнымі. І наогул паспрабавалі злучыць наша супрацоўніцтва ў галіне традыцыйнай горнай тэхнікі і іншых галінах з распрацоўкамі ў галіне штучнага інтэлекту, работы з вялікімі данымі».
Даслоўна
«Трэба аб’ядноўваць намаганні там, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі»
У размове з журналістамі расійскі прадпрымальнік, старшыня савета дырэктараў холдынгавай кампаніі «Інтэррос», старшыня праўлення горна-металургічнай кампаніі «Нарыльскі нікель» Уладзімір Патанін адзначыў, што разам са сваёй камандай добра падрыхтаваўся і прыехаў у нашу краіну не з пустымі рукамі. «Акрамя супрацоўніцтва з БЕЛАЗам, які выходзіць за межы традыцыйнай горнай тэхнікі, мы таксама гаварылі аб адукацыі. У Беларусі моцная тэхнічная школа. Важна яе і захоўваць, і ўзмацняць», — заявіў ён.
У прыватнасці, размова ішла аб тым, каб распаўсюдзіць расійскі вопыт стыпендыяльных і грантавых праграм у асобных беларускіх ВНУ, арганізаваць абмен студэнтамі і маладымі спецыялістамі. «Тут ёсць і добрая акадэмічная база, і прадпрыемствы, якія маглі б служыць палігонам для таго, каб не толькі тэхніку выпрабоўваць, але і людзей „абкатваць“, каб яны прывыкалі да рэальнай рабочай абстаноўкі. Таму тым вопытам, які мы назапасілі за гады, што займаемся бізнесам у Расіі, мы з задавальненнем будзем дзяліцца з нашымі беларускімі калегамі», — паведаміў Уладзімір Патанін.
Бізнесмен таксама перакананы ў тым, што неабходна захоўваць удзел у міжнародным раздзяленні працы, а выпадзенне з ланцужкоў стварэння тэхналогій у сусветным плане — гэта негатыўная тэндэнцыя.
«Цяпер яна абвостраная праз санкцыйны ціск, праз тое, што ў геапалітычным плане ідзе пэўны перадзел свету. Такія перыяды бываюць, але яны праходзяць, і супрацоўніцтва, кааперацыя аднаўляюцца. Пытанне ў тым, з якімі пазіцыямі мы падыдзем да таго моманту, калі трэба будзе выбудоўваць новую сістэму ўзаемаадносін. Калі падысці з пустымі рукамі да гэтага моманту, то, адпаведна, і пазіцыі будуць слабаватыя, — заўважыў Уладзімір Патанін. — І вядома, пра гэта сёння ішла размова з Аляксандрам Рыгоравічам. Трэба аб’ядноўваць намаганні там, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі і канкурэнтныя перавагі. Трэба спрабаваць сумеснымі намаганнямі захоўваць пазіцыі на рынках, з якіх Расію і Беларусь спрабуюць выцесніць».
Вяртаючыся да тэмы адукацыі, кіраўнік «Нарнікеля» падкрэсліў, што Прэзідэнт Беларусі падтрымаў прапанову аб абмене адукацыйнымі праграмамі паміж ВНУ дзвюх краін, тым больш такі вопыт супрацоўніцтва паміж асобнымі ВНУ Беларусі і Расіі ўжо ёсць.
Уладзімір Патанін таксама расказаў, што расійскі бок гатовы ўнесці пасільны ўклад у развіццё Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якая ствараецца ў Беларусі: «Магчыма, узбагаціць тыя кірункі, якія плануецца ў гэтым універсітэце развіваць. У прыватнасці, у галіне IT-тэхналогій, штучнага інтэлекту і біятэхнічных кірункаў».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА