Top.Mail.Ru

«Людзям патрэбен рэалістычны, канкрэтны, зразумелы дакумент»

Такія патрабаванні Прэзідэнта да праграмы развіцця краіны на наступныя пяць гадоў 

Абмен думкамі, актыўнае абмеркаванне і пошук правільнага рашэння — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, прысвечаную дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады.


«Мы гатовыя да адкрыцця граніцы даўно. Мы яе не закрывалі» 

Нараду кіраўнік дзяржавы пачаў з вострага пытання — сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы, пра тое, як яна будзе развівацца далей і якія меры мы прымаем. 

«Літоўскія ўлады (падкрэсліваю: народ Літвы да гэтага не мае ніякага дачынення) закрылі дзяржаўную граніцу паміж Беларуссю і Літвой, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння мы ведаем рэакцыю літоўскага народа, грамадзян Літвы, бізнесу. Натуральна, уладам Літвы давялося варушыцца і прымаць нейкія меры. Як звычайна, ад сур’ёзных міждзяржаўных праблем яны вырашылі мышкаваць і паспрабаваць нас яшчэ раз абвінаваціць і нахіліць у гэтых ці то шарыках, ці то яшчэ ў чымсьці. Хоць вычарпальны адказ на гэта пытанне быў дадзены».
Да таго ж, заўважыў беларускі лідар, расследаванне нашых органаў і органаў Літвы высветліла і пацвердзіла, хто займаецца гэтым цыгарэтным бізнесам і перакідваннем тых самых шароў. Разумеючы, што з закрыццём дзяржаўнай граніцы склалася няпростая сітуацыя, літоўскія ўлады паспрабавалі перанесці вырашэнне гэтага пытання з узроўню міждзяржаўнага на ўзровень пагранічнай заставы, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што старшыня Дзяржпагранкамітэта дакладваў аб сітуацыі і аб тым, што Літва хацела б разрадзіць сітуацыю, якая склалася. «На што я яму адказаў: "Калі Літва хоча — мяч на яе баку. Калі ласка, адкрывайце граніцу, будзем працаваць і супрацоўнічаць, як гэта было да гэтага часу». У сваю чаргу, літоўскі бок звярнуўся ў Лідскі пагранічны атрад, а не ў дзяржаўны орган ці то з просьбай, ці то з патрабаваннем адкрыць граніцу на адным з участкаў нібыта для эвакуацыі аўтамабіляў. «Я нават не даслухаў гэты даклад. Сказаў: добра, як толькі будуць гатовыя эвакуіраваць, дамовяцца з нашым бокам... У нас жа там ні мытнікаў фактычна на пункце пропуску, ні пагранічнікаў. Закрылі — закрылі. Нашы службы пераразмеркаваны на іншыя ўчасткі — гэта было маё рашэнне. Будуць гатовыя (у Літве. — "Зв.") — будзем дамаўляцца. Хочаце эвакуіраваць — эвакуіруйце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым органы ўнутраных спраў па распараджэнні Прэзідэнта і пад кіраўніцтвам дзяржсакратара Савета Бяспекі ўсе літоўскія аўтамабілі сабралі на пунктах пераходу і ўзялі іх пад ахову. «Каб нас потым не абвінавацілі, што мы там нешта дрэннае зрабілі. Узялі іх пад ахову. Хочуць эвакуіраваць — што ж, будзем дамаўляцца, як эвакуіраваць і іншае. Але хачу заявіць: мы гатовыя да адкрыцця граніцы даўно. Мы яе не закрывалі. На працягу некалькіх гадзін з нашага боку яна можа аднавіць сваю работу. Пагранічнікі ў цэлым да гэтага гатовыя», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што казаць пра эвакуацыю няма сэнсу: аўтамабілі сабраны, стаяць пад аховай. «Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 еўра за суткі. Заплацілі за ахову. Колькі сутак будуць стаяць — памножыць на 120 еўра, — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў найбліжэйшыя некалькі дзён гэтага не будзе зроблена, мы прымем рашэнне, як МЗС заявіў, у адпаведнасці з нашымі законамі. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны не могуць боўтацца на дарогах — 1100 або 1200 велізарных фур, якія стаялі дзесьці там на дарозе. Людзі мучыліся, вадзіцелі мучыліся. Я даў указанне, каб вадзіцеляў не крыўдзілі, яны ні ў чым не вінаватыя. Грузаатрымальнікі ў Літве таксама ні ў чым не вінаватыя, хай звяртаюцца да сваіх улад у Літве для вырашэння сваіх пытанняў. Таму вадзіцеляў мы даставім прама ў пункт пропуску на граніцу. Паглядзіце, каб там не пакрыўдзілі вадзіцеляў, — даручыў Прэзідэнт. — Не хочуць яны з’язджаць — могуць начаваць у сваіх аўтамабілях, як яны гэта рабілі на дарозе, або ж у гасцініцах. Мы забяспечыць вадзіцеляў павінны ўсіх — 1100 або 1500 чалавек — іх трэба забяспечыць усім неабходным. Каб людзі былі накормлены, маглі памыцца...»
Будуць эвакуіраваць, хай эвакуіруюць — гэта не нашы пытанні, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што праз санкцыі беларусы і так практычна нічога не возяць праз гэту граніцу, толькі самыя патрэбныя тавары літоўцам або палякам. «Вельмі патрэбныя — заказалі, мы туды іх вязём. Не заказалі — мы туды не вязём. А з казахамі, расіянам, кітайцамі, іншымі краінамі ім (Літве. — "Зв.") прыйдзецца вельмі сур’ёзна не проста тлумачыць, а разбірацца. Таму што так ніхто не робіць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Пра ўсё астатняе мы яшчэ пагаворым найбліжэйшым часам на перагаворах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі. Адчуваю, што без іх тут не абышлося». 

«Цяпер вельмі важна прыняць правільныя праектныя рашэнні»

Гаворачы аб актуальнасці нарады, Прэзідэнт адзначыў, што літаральна праз месяц на разгляд Усебеларускага народнага сходу будзе ўнесена Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку на 2026—2030 гады. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне перш за ўсё стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця, хоць усе пытанні там адлюстраваны. «Таму цяпер вельмі важна прыняць правільныя праектныя рашэнні і прадставіць іх на разгляд нашым дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Бо пасля абмеркавання, магчымай дапрацоўкі (не выключаю) і зацвярджэння праграма пяцігодкі стане законам для далейшай работы ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый. Падкрэсліваю: стане законам. Значыць, тое, што мы прапішам, і тое, што будзе прынята на УНС, павінна няўхільна выконвацца, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Дзяржаўныя і рэгіянальныя праграмы, а таксама штогадовыя прагнозныя і іншыя дакументы павінны цалкам адпавядаць рашэнням Усебеларускага народнага сходу. Скарэктаваць іх, унесці змяненні ў кірункі развіцця краіны стане магчыма толькі праз рашэнне гэтага прадстаўнічага сходу».

Прэзідэнт зрабіў акцэнт — трэба падрыхтаваць якасную і сапраўды дзеяздольную праграму! «Без пражэктарства. Зыходзячы з жыцця, нашага вопыту і наяўных рэсурсаў», — дадаў ён.

Яшчэ летам урадам распрацавана канцэпцыя праграмы. Прапанаваны шэраг прыярытэтаў, запыт на якія неаднаразова гучаў у грамадстве. Яны ж былі закладзены ў перадвыбарную праграму Прэзідэнта. Сярод іх — лічбавая эканоміка, моцныя рэгіёны, дарогі і транспартная інфраструктура, даступнае жыллё, якасць мабільнай сувязі, турызм, павышаныя стандарты камфорту, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. 
«Акрамя таго, у нас хапае надзённых пытанняў у эканамічнай сферы, прычым у такіх кірунках, якія маюць высокі патэнцыял развіцця і могуць стаць драйверам эканамічнага росту: павышэнне ўзроўню тэхналагічнасці вытворчасцяў і інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў, зніжэнне ўсіх відаў выдаткаў, рост прадукцыйнасці працы і шэраг іншых», — адзначыў беларускі лідар. 
 

Саветам Міністраў з зацікаўленымі прадстаўлены праект праграмы пяцігодкі, які змяшчае 5 прыярытэтаў. Далей, як дакладвае ўрад, ён разгорнуты ў адпаведных праектах дзяржаўных праграм, рэгіянальных планаў і мэтавых індыкатараў. «Але, як гаворыцца, адна галава добра, а дзве — лепш. Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу выказалі жаданне актыўна паўдзельнічаць у дапрацоўцы дакумента, спецыялісты, якія ў гэтым разбіраюцца. Я такую ініцыятыву падтрымаў, даручыў падключыць да гэтай работы нашых вядучых эканамістаў і людзей, якія выкажуць сваё меркаванне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Рабочая група з ліку дэлегатаў, якія маюць значны вопыт і кампетэнцыі ў розных сферах, створана. Узначаліў яе старшыня праўлення Нацыянальнага банка, які да прызначэння на гэту пасаду быў Прэм’ер-міністрам. «Па выніках яго вуснага даклада я зразумеў, што рабочая група ва ўзаемадзеянні з урадам сфарміравала абноўлены праект праграмы, але ўжо там не 5, а 8 прыярытэтаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Усё нядрэнна, але трэба давесці да розуму»

Адхіляючыся ад асноўнай тэмы нарады, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пытаннях, якія з’яўляюцца не менш важнымі. Пастаўлена задача вырашыць іх да канца лістапада.

«У нас яшчэ 2-3 % кукурузнага зерня не сабрана, — канстатаваў беларускі лідар. — Не бачу таксама катастрофы. Падсохне — збераце, бо я бачыў, што гэта на забалочаных, нізкіх участках. Але цягнуць не трэба. Мы ж жывём не ва Украіне, не на поўдні Расіі. У нас можа такі туман стаяць, і ў поле не ўлезем. Таму трэба заканчваць з зернем кукурузы. Не атрымліваецца (разумею, што сушыць 50 %-ную па вільготнасці кукурузу грошай мора трэба і ва ўрон пойдзе гэта зерне кукурузы), значыць, трэба плюшчыць яе і класці ў „рукаў“. Прыемна глядзець з паветра, калі каля кожнага комплексу практычна — белыя „рукавы“: значыць, вы туды закансервавалі кукурузнае зерне, а, можа, яшчэ нейкае. Гэта добра. Запас кармоў трэба мець».

Другая задача, пастаўленая Прэзідэнтам, датычыцца ўздыму зябліва. «Не адкладайце на вясну, — папярэдзіў ён. — Вясной трэба сеяць, а не араць. Араць трэба восенню. Пакуль стаіць надвор’е і прагноз быццам бы нядрэнны, дзе толькі можна, трэба ўзнімаць зябліва».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу прывесці ў парадак участкі, пакінутыя раней з-за лішняй вільготнасці. Такое ж даручэнне датычыцца і прысядзібных участкаў.

«Маленькі трактарок — усё павінна быць заарана, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — 30—40 сотак, калі гэта дзесяць прысядзібных участкаў у вёсцы, — палічыце, што гэта ўжо пераўтвараецца ў гектары. Але пытанне нават не ў гэтым. Мы гераічна сёння вядзём меліярацыю».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў найбліжэйшы час ён хоча пачуць, як ідзе меліярацыя і ажыццяўляецца другая праграма развіцця Палесся. «Каб гэта не было як раней: „Дайце грошы — мы трактары купім“, — удакладніў Прэзідэнт. — Калі мы ўзяліся за Палессе, Палессе трэба прывесці ў нармальны стан, як гэта ў найлепшых гаспадарках у палешукоў».

Святочныя дні, якія Аляксандр Лукашэнка правёў на Палессі, падштурхнулі беларускага лідара да высноў, што людзі там працуюць нядрэнна. «Гэта сведчыць аб тым, што зразумелі, што лепш працаваць на трактары, чым ваяваць, як у суседняй Украіне, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму ўсё нядрэнна, але трэба давесці да розуму, каб у зімоўку мы ўвайшлі на палях у нармальны стан».

Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта — падрыхтаваць да зімы малочнатаварныя комплексы і іншыя жывёлагадоўчыя памяшканні. «Некалькі літаральна праблем, якія трэба вырашыць на працягу лістапада, у снежні ўжо гэта будзе рабіць позна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя структуры не толькі ў Віцебскай вобласці атрымалі заданне: найкапітальнейшым чынам праверыць гэтыя кірункі дзейнасці, прыняць адпаведныя рашэнні і далажыць».

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў маніторынг сельгаспрадпрыемстваў Віцебскай вобласці, якія праводзяць Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Пэўныя зрухі, па словах беларускага лідара, на месцах ёсць. «Гэта нядрэнна, — заўважыў ён. — Яшчэ трэба ўнікнуць у тэхналогіі: чым карміць, як карміць, як утрымліваць, як абслугоўваць гэтых жывёл. Але даціскайце. Мы цяпер кантралюем гэты працэс, як там усё атрымліваецца. Людзі заварушыліся, гэта добра. Нават у Гомельскай вобласці вымушаны былі адрэагаваць на вашу работу на Віцебшчыне».

«Трэба падыходзіць да адзінага варыянта»

Прэзідэнт агучыў шэраг пытанняў, якія ёсць да актуалізаванай версіі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2030 года.

Першае — змястоўнасць раздзелаў. «Прапанаваныя індыкатары (заданні) — гэта свайго роду абавязацельствы перад людзьмі, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Значыць, яны павінны быць падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі (задачамі) і, самае галоўнае, фінансаваннем».

Другое — абгрунтаванасць і ўзаемазвязанасць алічбаваных заданняў. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў істотны міграцыйны прырост (100 тысяч чалавек). «Ці сведчыць гэта аб тым, што мы не ў стане развіць унутраны працоўны патэнцыял і ўзяць, нарэшце, пад кантроль рацыянальнае размяшчэнне прадукцыйных сіл раўнамерна па ўсёй краіне? — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — А гэта трэба рабіць, і пачынаць (я ўжо вам шмат разоў гаварыў) трэба з жылля: будаваць жыллё там, дзе гэта патрэбна для эканомікі». Гэтаму пытанню, як заўважыў Прэзідэнт, шмат увагі было ўдзелена на нядаўняй нарадзе па Віцебскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія катэгорыі мігрантаў уваходзяць у лік тых, за кошт каго плануецца забяспечыць міграцыйны прырост, і нагадаў, што ў Беларусі прынята вельмі жорсткае заканадаўства аб іх прыцягненні ў краіну.

«Гэтага патрабавалі нашы людзі, абяцаючы, што прадукцыйнасць працы будзе значна вышэйшай, — канстатаваў беларускі лідар. — Скажу вам шчыра: праляцеўшы паўкраіны за гэтыя святочныя дні, я ўбачыў, што нашы людзі ўмеюць працаваць. Нават у Гомельскай вобласці (не перахваліць бы, як я ўжо гаварыў, Івана Іванавіча Крупко) прыдрацца няма да чаго. Я ўжо не кажу пра Мінскую вобласць: дзе-нідзе яшчэ ў рулонах салома ёсць. Думаю, звязём. Галоўнае, каб не на пасевах траў гэта было».

Як ідуць справы ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, Прэзідэнт асабіста ацэніць у найбліжэйшы час. Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, да гэтага часу палявыя работы ў заходніх рэгіёнах краіны павінны завяршыцца.

Нядаўна, падчас нарады па прагнозе развіцця на 2026 год, кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу на тое, што, калі хтосьці прапануе больш напружаныя мэтавыя заданні, Прэзідэнт толькі «за». «Але прадумана абгрунтуйце падыходы, — папрасіў Аляксандр Лукашэнка. — Усё павінна быць абгрунтавана і фінансава пралічана. Але і заніжаць нельга».

Трэцяе — уключэнне ў Праграму прыярытэту па ўмацаванні абараназдольнасці дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, пры ўсёй архіважнасці гэта тэма мае сваю спецыфіку, адносіцца да ваеннай палітыкі, стратэгіі і абароны. «Па сутнасці, гэта пра неабходны контур бяспекі, які забяспечвае мірнае і спакойнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, — акцэнтаваў ён увагу. — Калі не будзе чалавек адчуваць за спінай магутнасць ваенную, цяжка будзе гаварыць аб эканоміцы. Таму логіка ў сувязі з падзеямі, якія адбываюцца за межамі нашай краіны, ёсць, але пры гэтым трэба ўлічваць, што гэта асобнае пытанне нацыянальнай бяспекі, якое мы разглядалі».

Чацвёртае (найважнейшае) — адсутнасць кансэнсусу паміж рабочай групай і ўрадам. «У выніку сёння на маім стале два варыянты Праграмы, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Савет Міністраў дакладвае, што ўключыў у сваю версію ўсе свежыя і карысныя прапановы групы. Яе змест на 90 % такі ж, толькі форма іншая. Гэта меркаванне ўрада. У сваю чаргу, Нацыянальны банк (аснову гэтай рабочай групы ўсё-такі складаюць спецыялісты Нацбанка) запэўнівае, што ён гатовы збліжацца з урадам толькі на базе сваёй версіі дакумента».

Па словах Прэзідэнта, з аднаго боку, добра, што ёсць некалькі меркаванняў у цэлым па дакуменце. «З іншага боку, трэба падыходзіць да адзінага варыянта, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Не будзем жа мы выносіць на УНС два дакументы і патрабаваць ад дэлегатаў выказаць сваё меркаванне. Яны будуць выказваць. Тыдзень будзем сядзець, слухаць. Можа, у абласцях збяруцца, выпрацуюць адзіны пункт гледжання. Але ўсё-такі пажадана мець адзіную праграму. Людзям патрэбен рэалістычны, канкрэтны, зразумелы для кожнага не толькі дэлегата, але і грамадзяніна нашай краіны дакумент».

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2030 года не з’яўляецца закрытым дакументам, яна будзе апублікавана. «Ды і 1200 дэлегетаў атрымаюць гэты дакумент, — дадаў ён. — Праведзены шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў, абмеркаванняў, запускалі пляцоўкі для збору народных прапаноў — 70 тысяч водгукаў атрымана. Таму трэба адказаць на пытанне: якімі сябе бачаць беларусы і якімі беларусы бачаць сваю краіну?»

Падчас нарады былі выслуханы розныя бакі. З улікам агульнага меркавання ўрад аператыўна дапрацуе праект Праграмы, каб данесці яго да дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.

«Менш філасофіі — больш канкрэтыкі»

Кіраўнік рабочай групы, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка расказаў, што ў склад рабочай групы ўвайшло 20 членаў Усебеларускага народнага сходу, у тым ліку 5 членаў Прэзідыума, 2 губернатары, кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, арганізацый рэальнага сектара эканомікі, грамадскіх арганізацый.  

«Асноўнай задачай групы было не напісаць новы дакумент, адрозны ад таго, што прадставіў урад, а дапрацаваць змястоўную частку, зрабіць праграму больш канкрэтнай, сістэмна выбудаваць прыярытэты, забяспечыць іх узаемаўвязку з актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця. Іншымі словамі: менш філасофіі — больш канкрэтыкі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка. 

Па яго словах, падчас работы над дакументам максімальна ўлічваліся рацыянальныя прапановы дэлегатаў УНС, ініцыятывы грамадскасці ў рамках праекта «Народная пяцігодка», таксама былі ўлічаны ўсе сістэмныя даручэнні беларускага лідара дзяржаўным органам за бягучую пяцігодку.  

Гаворачы пра прыярытэты Праграмы, Раман Галоўчанка ўдакладніў, што пад прыярытэтам у дзяржаўным планаванні разумеецца кірунак, на якім канцэнтруюцца фінансавыя, працоўныя, матэрыяльныя і іншыя рэсурсы для дасягнення мэт. У сувязі з гэтым рабочая група выдзеліла восем прыярытэтаў развіцця краіны на наступную пяцігодку. Умоўна іх можна падзяліць на чатыры блокі. «Першы — дэмаграфія і адукацыя. Другі — асяроддзе для жыцця. Трэці —  эканоміка. Чацвёрты — бяспека», — расказаў Раман Галоўчанка. Дарэчы, ён заўважыў, што такія прыярытэты, як бяспека, інавацыі, лічбавы скачок, адраджэнне вёскі і сельскіх рэгіёнаў, супадаюць з прыярытэтамі КНР у бягучай пяцігодцы.  

Праект праграмы таксама дапоўнены шэрагам новых задач, якія датычацца пераважна інавацый і інвестыцый, навукаёмістасці, павышэння практыкаарыентаванасці адукацыі. Таксама праект праграмы быў дапоўнены асноўнымі макраэканамічнымі індыкатарамі сацыяльна-эканамічнага развіцця: валавы ўнутраны прадукт, экспарт, інвестыцыі, даходнасць насельніцтва, прадукцыйнасць працы. Увага ўдзяляецца і развіццю сферы турызму, яе ўкладу ў эканоміку краіны.  

«Вынікам праведзенай работы стаў абноўлены праект праграмы, які мае выразную структуру. Кожны прыярытэт мае некалькі канкрэтных мэт з лічбавым індыкатарам іх дасягнення, пералікам задач, якія патрабуецца вырашыць для дасягнення гэтых мэт, адказных віцэ-прэм’ераў і міністэрстваў, якія адказваюць за выкананне дадзеных паказчыкаў», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка. Таксама рабочая група прапануе прыкласці да праграмы карты будаўніцтва аб’ектаў, карты рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, пашпарты рэалізацыі навуковых праектаў і праграм. Па словах Рамана Галоўчанкі, гэта дазволіць рэгіёнам наглядна бачыць развіццё сваіх тэрыторый.  

Кіраўнік рабочай групы адзначыў, што пры рабоце над такімі дакументамі заўсёды ёсць спакуса паставіць заніжаныя, але рэальна дасягальныя мэты. Аднак, звярнуў увагу Раман Галоўчанка, гэта не вырашыць асноўных праблем і не будзе матываваць дзяржаўныя органы на пошук іх вырашэння. Таму рабочай групай прапанаваны больш жорсткія мэты і індыкатары.  

Прэзідэнт у сваю чаргу не выключыў, што на Усебеларускім народным сходзе пры абмеркаванні праграмы можа быць дыскусія. Але яна будзе арганізаваная, калі дэлегаты УНС папярэдне разгледзяць і абмяркуюць яе на месцах. 

«Нам сваёй зямлі дастаткова, таму мы будуем сваю абарону» 

Як адзначыў у сваім дакладзе Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, два праекты Праграмы ідэнтычныя, за выключэннем шэрагу кірункаў. «Першае, што патрабуе рашэння менавіта кіраўніка дзяржавы, — гэта прыярытэты», — звярнуў увагу ён і патлумачыў, чаму ўрад выбраў пяць прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця эканомікі на будучую пяцігодку.  

Прыярытэты, па словах кіраўніка ўрада, сфармуляваныя з улікам ранейшых даручэнняў, дадзеных беларускім лідарам, і вызначэння ім перспектыўных кірункаў. Аляксандр Турчын нагадаў словы Прэзідэнта, які адзначаў, што адным з прыярытэтаў наступнай пяцігодкі павінна стаць арэнднае жыллё.  

«У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця яшчэ сем кірункаў, якія, па вялікім рахунку, амаль на 100 % пераклікаюцца з прыярытэтамі рабочай групы, — заўважыў Прэм’ер-міністр. — Выкананне фактычна ўсіх прыярытэтаў ідзе праз дзяржаўныя праграмы, якія ў нас усе адкрытыя». 

Асобна кіраўнік урада спыніўся на прыярытэце «Мір і бяспека». «Усе дзяржаўныя праграмы, якія ідуць у развіццё гэтага прыярытэту, будуць насіць абсалютна закрыты характар, — адзначыў ён. — Для грамадства нічога ў адкрытым рэжыме мы сфарміраваць не зможам. У нас цэлы шэраг дакументаў, якія мы ўжо прымалі на Усебеларускім народным сходзе (Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь), дзе гэтыя пытанні больш глыбока расшыфраваны».  

Па словах Прэм’ер-міністра, зроблены аналіз выканання праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Аляксандр Турчын звярнуў увагу на дубліраванне пэўных прыярытэтаў, невыкананне шэрагу паказчыкаў. «Мы не гаворым пра заніжаныя паказчыкі, мы гаворым пра паказчыкі, якія рэалістычныя да выканання, па якіх па аналізе папярэдніх пяцігодак ёсць разуменне — зможам мы іх выканаць або не, — патлумачыў ён. — Што датычыцца павелічэння аб’ёму інвестыцый за пяцігодку, я абсалютна не пярэчу, але мы павінны разумець крыніцы гэтых інвестыцый. У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі на прыход знешніх інвестараў, напэўна, моцна разлічваць не прыходзіцца. Унутраныя крыніцы — усё зразумела». 

Аляксандр Турчын звярнуў увагу на тое, што, каб пачаць эфектыўную работу па абмеркаванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку, трэба дакладна вызначыцца з прыярытэтамі.  

«Я не бачу ўвогуле, Аляксандр Генрыхавіч, тут пытанняў: будзе пяць, восем або дзесяць прыярытэтаў, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта значыць, вы прапаноўваеце больш аб’ёмныя прыярытэты зрабіць, не драбіць іх. Група Галоўчанкі прапаноўвае, можа, і раздрабіць, пэўны прыярытэт, кшталту абароны, унесці. А вы прапаноўваеце, што не трэба, ужо абмеркаваны гэтыя пытанні. Я ўвогуле тут праблем не бачу». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, прапанова вызначыць адным з прыярытэтаў абарону мае месца быць. «Гэта найактуальнейшае пытанне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Праграма ж носіць і ідэалагічны характар. Людзі павінны разумець, што мы рэагуем на тую складаную абстаноўку, якая складваецца вакол граніцы. Мы ж не можам спакойна сябе паводзіць (гэта маё пытанне ў тым ліку, будучы на Прыпяці, я аб гэтым думаў, гледзячы на Украіну)... Сядзець каля плота і думаць, што гэта не наша праблема, будзе няправільна. Прасунутыя людзі гэта не зразумеюць. Людзі, якія вызначаюць кірункі нашага развіцця, будуць разумець, што трэба рэагаваць на абстаноўку, якая складваецца, асабліва ў пытаннях бяспекі». 

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў палякаў, якія мільярды злотых трацяць на абарону. «Навошта? — задаў рытарычнае пытанне ён. — Проста каб закапаць? Дык яны таксама не дурні. Закопваць яны не стануць. Напэўна, для нечага робяць. А мы?» 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дзякуючы добрым адносінам з брацкай Расіяй наша краіна мае тактычную ядзерную зброю, а ўжо ў снежні на баявое дзяжурства паступіць комплекс «Арэшнік».  

«Буравеснік», «Пасейдон» нам не патрэбны, вядома, бо гэты «Буравеснік» лётае суткі, можна запусціць з Уладзівастока — ён любую цэль паразіць, — канстатаваў беларускі лідар. — Навошта яго цягнуць? Або «Пасейдон» — мы што, на Нарачы будзем «Пасейдон» запускаць?»

Па словах кіраўніка дзяржавы, у сілу той палітыкі, якую Беларусь праводзіць у адносінах з Расіяй, расіяне дапамагалі, дапамагаюць і будуць дапамагаць. «Але асноўныя ўзбраенні нам трэба мець свае, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю: ракеты — гэта добра. Але ваяваць будуць людзі. І тыя ўзбраенні, якія людзям патрэбны, мы павінны ствараць. Не будуць беспілотнікі такія эфектыўныя ў нас, як у стэпе, і гэтак далей. У нас лясны масіў, не так проста беспілотнікамі ваяваць». 

Прэзідэнт заўважыў, што размова ідзе аб такіх відах узбраення, як аўтаматы, кулямёты і пісталеты, а таксама аб ваеннай тэхніцы. Актуальным з’яўляецца выкарыстанне малых мабільных груп. «Прыехала ваенная тэхніка (дзесяць салдат, аддзяленне) — канфлікт ва Украіне паказвае гэта — мабільныя групы нанеслі ўдар і збеглі, — прывёў ён прыклад. — На гэтай жа машыне з’ехалі хутка. Мы маем такія машыны. Ды і кітайцы нам прапануюць, расіяне. Але ў нас свае вельмі добрыя „Волат“ выпускае аўтамабілі. Усё роўна гэты род войскаў будзе вырашаць падобныя праблемы на нашай тэрыторыі. На іншых тэрыторыях мы не збіраемся ваяваць. Нам не трэба захопліваць Літву, Латвію, Польшчу. Нам сваёй зямлі хапае, таму мы выбудоўваем сваю абарону». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што дагэтуль амерыканцы заяўляюць, што яны не ведаюць, ёсць у Беларусі тактычная ядзерная зброя або не. «Ну і добра, няхай яны так думаюць, — лічыць Прэзідэнт. — Мы іх папярэдзілі. Мы не гаворым колькі, дзе, як... Гэта мая справа. Яна ляжыць у надзейным месцы. Я нават больш сказаў, што мы яе яшчэ раз абслужылі: адвезлі ў Расію, абслужылі і вярнулі самы сучасны варыянт тактычнай ядзернай зброі. Мы не можам гэта ўсё раскрываць. І не столькі для нашых людзей, колькі для іх (за мяжой. — „Зв“.) гэта паказваць». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, тое ж самае датычыцца і комплексу «Арэшнік», які ў снежні паступіць на баявое дзяжурства. «Дэталі раскрываць мы не будзем, — заўважыў беларускі лідар. — Гэта мабільны комплекс, ён ніколі не будзе знаходзіцца ў адным месцы. Ён будзе баражыраваць па пэўных пунктах і з пэўнага пункта (зможа пры неабходнасці. — „Зв“.) нанесці ўдар».

Што датычыцца лічбавізацыі, якую прапануюць у якасці аднаго з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абазначыў бы гэта пытанне агульна. «Не таму, што я кансерватар, — патлумачыў ён. — Вы ведаеце, што мне прыходзілася прымаць рашэнні па ІТ-тэхналогіях. У свеце амаль ніхто гэтым не займаўся, я больш у рашучым плане дзейнічаў. Не трэба так моцна забягаць наперад. І не трэба ўсё пераводзіць у „лічбу“. Давайце на папяровых носьбітах, як калісьці было раней, некаторыя рэчы будзем вызначаць. І народу моцна «парыцца» не трэба: „Ах, там персанальныя даныя...“ Там, дзе трэба, давайце рабіць. Там, дзе можам без гэтага абысціся, давайце туды лезці не будзем. Забяспечым гэту кібербяспеку». 

Даслоўна 

«Праграма збалансаваная і ўзгодненая»  

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой заўважыў, што праекты Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, падрыхтаваныя ўрадам і рабочай групай, вельмі блізкія. «Адным з фундаментальных базавых дасягненняў сённяшняй нарады стала тое, што па мэтавых індыкатарах, па паказчыках няма рознагалоссяў ні ў каго. Гэта датычыцца і валавога ўнутранага прадукту, інвестыцый, экспарту, росту рэальнай заработнай платы, кантролю за цэнамі і інфляцыяй. Гэта значыць, па ключавых макраэканамічных і фінансавых паказчыках праграма, можна сказаць, збалансаваная і ўзгодненая», — адзначыў ён.  

Што датычыцца прыярытэтаў праграмы, то, па словах Дзмітрыя Крутога, дыскусія будзе працягнута нейкі час. Што датычыцца ўключэння ў праграму тэму абараназдольнасці, то Дзмітрый Крутой адзначыў, што было б няправільна яе ігнараваць з улікам той сітуацыі, якая складваецца, і агрэсіўнай палітыкі нашых суседзяў. Аб гэтым казаў на нарадзе і Прэзідэнт. Таму ў нейкай форме гэта пытанне будзе ўключана. Астатнія тэмы, па словах Дзмітрыя Крутога, не выклікалі рознагалоссяў. «Аснова асноў — гэта развіццё рэгіёнаў. Прэзідэнт яшчэ раз аб гэтым нагадаў. І яго графік непасрэдна да пасяджэння УНС складаецца такім чынам, каб ён асабіста ў кожным рэгіёне правёў нараду з актывам абласцей, — удакладніў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Ён яшчэ раз нагадаў, што патрабавальнасць да кадраў за выкананне мерапрыемстваў і праектаў, якія будуць закладзены і прыняты дэлегатамі УНС, будзе павялічана ў шмат разоў».  

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта расказаў, што асаблівасць наступнага цыклу ў тым, што праграма штогод, а не адзін раз у пяць гадоў, будзе выносіцца на УНС. «Таму памылкі, недапрацоўкі фактычна будуць публічнымі. Будуць разглядацца, можна сказаць, усёй краінай. Таму тут патрабаванне, натуральна, будзе зусім іншае. Па настроі і даручэннях Прэзідэнта вы адчуваеце, што ўжо сістэма пачынае трансфармавацца, і літаральна са студзеня будуць зусім іншыя падыходы», — удакладніў ён.  

Дзмітрый Крутой пацвердзіў, што патрабаванне Прэзідэнта па выпрацоўцы рэалістычнага, але напружанага сцэнарыю развіцця на наступны год выкарыстоўваецца і ў дачыненні ў цэлым да праграмы пяцігодкі, якая выпрацоўваецца. «Узровень росту нашай эканомікі закладзены на ўзроўні сярэднесусветнага росту», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.  

Таксама ў якасці дадатку да Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026—2030 гады будзе падрыхтавана «інвестыцыйная карта». Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта патлумачыў яе сутнасць: «Важны элемент, акрамя знешняга гандлю, — гэта інвестыцыі. Знайсці рэсурсы на інвестыцыйныя праекты таксама няпроста з улікам неабходнасці пагашэння ў наступнай пяцігодцы нашых фінансавых абавязацельстваў, якія былі ўзяты пад папярэднія інвестыцыйныя праекты. Не нарошчваючы агульны ўзровень і дзяржаўнага, і знешняга валавога доўгу. Сёння была ўнесена ідэя, яна падтрымана — да праграмы пяцігодкі будзе зроблена вялікае інвестыцыйнае дапаўненне. Яго можна назваць «інвестыцыйная карта». У гэтай карце будзе прадстаўлена інфармацыі аб запланаваных праектах па кожным рэгіёне. Прэзідэнт папрасіў, каб жыхары кожнага раёна бачылі, якія інвестыцыйныя і інфраструктурныя праекты будуць рэалізаваны менавіта ў іх на тэрыторыі. Пажадана з фіксаваннем канкрэтных сум і кошту, які не павінен мяняцца на працягу пяці гадоў, не зважаючы на нейкія „аб’ектыўныя“ абставіны. Грамадзяне будуць бачыць, якія дарогі, сацыяльныя аб’екты або прамысловыя прадпрыемствы будуць будавацца ў канкрэтнай мясцовасці», — канкрэтызаваў Дзмітрый Крутой. 

Па яго словах, зусім па-іншаму будзе планавацца размяшчэнне нашых прадукцыйных сіл. «І, можа, той негатыўны трэнд па ўнутранай міграцыі паміж нашымі рэгіёнамі зможам пераламаць і ствараць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы раўнамерна па ўсёй тэрыторыі Беларусі», — дадаў Дзмітрый Крутой.

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО.

Фота БелТА.





arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю