«Давайце будзем ацэньваць работу не па справаздачах, а па канкрэтных справах».
Меры па забеспячэнні ўстойлівага развіцця паўночнага рэгіёна і сітуацыя з падзяжом буйной рагатай жывёлы ў Беларусі абмяркоўваліся на нарадзе ў Віцебску з удзелам кіраўніка дзяржавы ў кастрычніку мінулага года. Жорсткая размова, як сам ахарактарызаваў тое мерапрыемства беларускі лідар, доўжылася больш як пяць гадзін і датычылася як канкрэтнай вобласці, так і ў цэлым краіны. Прэзідэнт паставіў прадметныя задачы па адраджэнні Віцебшчыны, даручыў выпрацаваць рашэнні, якія дапамогуць вобласці кардынальна палепшыць сітуацыю ў праблемных галінах. Навесці жалезны парадак у гаспадарках, ліквідаваць абуральныя факты безгаспадарлівасці і разгільдзяйства неабходна было да 1 студзеня 2026 года. Ці атрымалася палепшыць сітуацыю ў вобласці і што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна выйшла на новы ўзровень, праз тры з паловай месяцы пасля рэзананснай нарады абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці.
«Патрэбна прымаць рашэнні! Калі памыліцеся — паправім»
Найперш Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра маштабную нараду па сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебшчыны, праведзеную ў кастрычніку мінулага года.
«Шчыра скажам, што Віцебшчына — гэта найгоршая сітуацыя ў Беларусі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але тое, што мы бачым у Віцебскай вобласці, характэрна для ўсіх абласцей. Я хачу, каб вы гэта пачулі і давялі да кожнага губернатара. А то будуць сядзець і думаць, што «Віцебская вобласць — гэта ўсё, горш няма, а ў нас добра».
У якасці прыкладу, што падобныя праблемы ёсць і ў іншых рэгіёнах, кіраўнік дзяржавы прывёў масавую гібель жывёлы ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў: тое, што адбываецца ў асобных гаспадарках і на аб’ектах прамысловасці Віцебшчыны, характэрна ў цэлым для Беларусі, на асобных прадпрыемствах — сельскагаспадарчых і прамысловых.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што падчас нарады ў Віцебску дакладна і часам жорстка было акрэслена кола праблем, якія не вырашаліся гадамі, пераходзілі «ў спадчыну» ад аднаго губернатара да другога і ў выніку ператварыліся ў сістэмныя. Была дамоўленасць і аб тым, што да новага года кіраўніцтва рэгіёна прыме аператыўныя меры па навядзенні парадку. За гэты час прызначаны новы старшыня Віцебскага аблвыканкама.
«Сёння першая кантрольная кропка, каб ацаніць рэальную сітуацыю і зразумець, ці ёсць станоўчыя зрухі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але я баюся, што новы губернатар сёння сеў у кабінеце (я так думаю) і піша праект указа, які ні к чорту не годны. Губернатар павінен пачынаць з болевых кропак і прыняцця рашэнняў. Патрэбна прымаць рашэнні! Калі памыліцеся — паправім».
Па словах кіраўніка дзяржавы, для выпраўлення становішча ў Віцебскай вобласці патрэбны пакрокавы антыкрызісны план. «Выразны, канкрэтны, выканальны», — канкрэтызаваў беларускі лідар.
«Ніякія поліэтыленавыя хаткі цялят не выратуюць»
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што калі не пачынаць дзейнічаць, на Віцебшчыне можа адбыцца катастрофа. І ў якасці прыкладу прывёў сітуацыю з падзяжом жывёлы.
«Давайце далей паглядзім (вы ж у другім, трэцім калене, а хто і ў першым, сяляне, вясковыя людзі): калі няма кароў — няма цялят, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але калі няма кароў і цялят — не будзе ні мяса, ні малака».
Па словах кіраўніка дзяржавы, падобная сітуацыя была характэрная для 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што есці не было чаго, а ў крамах былі пустыя паліцы. «Я гэта памятаю, таму нельга гэтага дапусціць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Беларускі лідар канстатаваў, што праблема падзяжу жывёлы ў краіне так і не вырашана. «Мы з вамі маем адзінае меркаванне, што з падзяжом жывёлы мы не справіліся, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — І ўсялякія пустыя размовы, што „там няправільна ўлічвалі, што там насельніцтву нешта аддавалі, перадавалі, секлі, касілі і іншае“ — гэту балбатню кіньце! Ацаніце правільна сітуацыю, хто не ацаніў, але яна для мяне зразумелая. Ёсць праблемы? Ёсць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у краіне ведаюць, што неабходна рабіць, каб забяспечыць захаванасць жывёлы. «Трэба пачынаць з цялят, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зразумелі, што ніякія поліэтыленавыя хаткі (асабліва ў гэтыя маразы, мінус 25-30 градусаў у Віцебскай вобласці) на вуліцы, засыпаныя снегам, абледзянелыя, цялят не выратуюць. Гэта труна для цялят».
Захаваць жывёлу, асабліва ў такое надвор’е, па словах Прэзідэнта, дапамогуць цялятнікі. «Як вы гаворыце, павільёны для цялят, — удакладніў беларускі лідар. — Ладна, няхай павільёны. Ва ўказе, калі ён патрэбен сёння, павінна быць дакладна прапісана, што мы новаму губернатару дапаможам пабудаваць гэтыя павільёны. Чаму? Яны самі не справяцца з гэтым. А калі і справяцца, то ім трэба для гэтага сем, дзевяць, дзесяць гадоў. Не справяцца. Таму павінна быць на яго стале праграма, якая будзе зацверджана ва ўрадзе».
Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігару Сергяенку, якія ўзначальваюць рабочую групу па садзейнічанні сацыяльна-эканамічнаму развіццю Віцебскай вобласці (акрамя таго, спікер Палаты прадстаўнікоў з’яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў рэгіёне), Прэзідэнт даручыў ажыццяўляць кантроль над выкананнем яго даручэнняў. «Падказвайце губернатару, рэкамендуйце, але не цісніце на яго, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я яму абяцаў: любы ціск на яго дрэнным будзе для тых, хто яго будзе ціснуць. Там ёсць сёння губернатар, мы яго туды адправілі».
«Хочаце жыць і працаваць — пачынайце ўпірацца»
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што папярэдняга старшыню Віцебскага аблвыканкама праводзілі з пасады пад апладысменты. Беларускі лідар згодзен: ранейшы кіраўнік рэгіёна — чалавек добры, і яму было камфортна з ім працаваць. Аднак вынікі, якія паказвала вобласць, апладысментаў не заслугоўваюць. Звяртаючыся да намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, Прэзідэнт удакладніў, што добры чалавек — гэта не абавязкова добры прафесіянал.
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што Віцебская вобласць атрымала дзяржаўнай падтрымкі ўсіх формаў на суму 15 мільярдаў рублёў: пачынаючы ад прамысловасці, заканчваючы сельскай гаспадаркай.
«Каб пазбегнуць фінансавага калапсу, рэструктурызаваны (гэта значыць, дадзена згода Прэзідэнта на тое, што вы не будзеце плаціць) 2 мільярды рублёў — адпаведны ўказ), — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — І вы тады абяцалі за пяць гадоў пагасіць гэтыя грошы, але пагасілі ўсяго толькі 146 мільёнаў рублёў. Лічбы — найжорсткая рэч».
Прэзідэнт парэкамендаваў рэальна ацэньваць на Віцебшчыне свае поспехі і магчымасці. «І калі вы думаеце, што мы і далей будзем цягнуць Віцебскую вобласць, як і некаторыя прадпрыемствы Магілёўскай, Гомельскай, ды і Мінскай, іншых абласцей, — на плячах цягнуць мы іх не будзем, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Хочаце жыць і працаваць — пачынайце ўпірацца».
Прэзідэнт парэкамендаваў губернатару Віцебскай вобласці Аляксандру Рагожніку разабрацца з апаратам кіравання рэгіёнам. Пры гэтым удакладніў, што гэта варта рабіць разумна. «З Месяца вы не возьмеце людзей, — канстатаваў беларускі лідар. — Прымусіць там ёсць каго працаваць. Вам у дапамогу — нашы заканадаўцы (спікеры парламента. — „Зв.“), якія ведаюць добра вобласць і маюць пэўны рэсурс. Разбярыцеся, з кім вам працаваць».
«Дапаможам пад канкрэтны вынік»
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, разлічваць Віцебскай вобласці на дзяржаўныя грошы не варта. «Я вам прывёў прыклад з павільёнамі: дапаможам пад канкрэтны вынік, — падкрэсліў ён. — Без усялякіх указаў па рэструктурызацыі, адтэрміноўках і іншых. У вас што, так добра з бюджэтамі, каб раздаваць сёння грошы? Грошы належыць даваць каму трэба, хто верне заўтра. А ў вас працягваецца старая практыка».
Па словах кіраўніка дзяржавы план па будаўніцтве цялятнікаў трэба давесці да старшыняў райвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. «Хто не хоча працаваць, звальняецца — „белы білет“ яму, як раней гаварылі, і ідзі. Ён нідзе не ўладкуецца», — заўважыў Прэзідэнт.
Беларускі лідар праінфармаваў, што ўрад прывычна супакойвае, што «па асноўных паказчыках Віцебскай вобласці дынаміка пазітыўная». «Інвестыцыі, зарплаты, тавараабарот, — канкрэтызаваў ён. — А за што вы плаціце? Давайце будзем ацэньваць работу не па справаздачах, а па канкрэтных справах. Што з вытворчай праграмай, ад якой наўпрост залежыць рост усіх паказчыкаў і ўстойлівасць эканомікі? Вось рэзультаты: па выніку года аб’ёмы вытворчасці зніжаны практычна ва ўсіх галінах прамысловасці. Гэта ваша статыстыка, адтуль. Прамысловасць — мінус 4 %. Па асобных кірунках (нафтаперапрацоўка, машынабудаванне) — амаль мінус 20 %».
Прэзідэнт нагадаў, што роўна год таму, 3 лютага 2025-га, была спынена дзейнасць прадпрыемства «Віцебскдрэў». Па яго словах, ёсць абяцанні шэрагу службовых асоб, у тым ліку новага губернатара вобласці, пабудаваць там павільёны. «Вы піліць паваленыя дрэвы будзеце дзе?» — пацікавіўся ў гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу і на тое, што да непрыстойных значэнняў (у паўтара раза) рухнуў экспарт тавараў. «Гэта значыць, краіна недаатрымала амаль 2 мільярды долараў (па статыстыцы 1,9 млрд), — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Няма паляпшэнняў у сельскай гаспадарцы — мінус 2,7 %. Па краіне ў сельскай гаспадарцы — + 2 %. 5 % разбежка, і гэта ж да мінулага года, які там таксама быў правальны. А мінулы год — яшчэ да мінулага, які пастаянна ў нас ніжэй-ніжэй і пайшло пад адкос. Вось вашы апладысменты самім сабе».
Прэзідэнт указаў на падзенне па ўсіх асноўных пазіцыях — мясе, малаку, колькасці жывёлы, забяспечанасці кармамі.
Што датычыцца падзяжу жывёлы, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта маральнай выродлівасцю. «Калі мы не можам абараніць (асабліва ў гэта складанае надвор’е), братоў сваіх меншых, — патлумачыў ён. — Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, шчаня? Як можна цяпер не абараніць?»
У гэтай сувязі Прэзідэнт нагадаў часы, калі людзі па-іншаму ставіліся да жывёлы, якую ратавалі ў лютыя маразы нават у сябе ў хаце — свінаркі неслі дадому нованароджаных парасят, каб не замерзлі. «Людзі змагаліся (за жывёлу. — „Зв.“), — падкрэсліў беларускі лідар. — Яны разумелі, што гэта не толькі іх жыццё ў будучыні (малако, мяса). Яны разумелі, што гэта маральна непрымальна. А ў нас што адбываецца?»
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што на фоне такіх сумных вынікаў не відаць ні стараннасці, ні ініцыятывы, ні перамен да лепшага. І некаторым, хто гаворыць аб тым, што час пройдзе — усё ўляжацца, Прэзідэнт парэкамендаваў так не думаць: «Не ўляжацца. Укладвацца няма дзе». «Рэструктурызацыя, адтэрміноўка пазык — гэта грошы, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — У каго возьмем? У Мінскай вобласці? Дык там таксама павільёны трэба будаваць, комплексы яшчэ трэба будаваць там».
«Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна са штучным вашым інтэлектам адключалася»
Падчас нарады Прэзідэнт указаў на нерацыянальнае выкарыстанне электрычнасці пры асвятленні вуліц. На прыкладзе Мінскай вобласці кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўключаецца электрычнасць рана, калі на вуліцы яшчэ светла, а выключаецца занадта позна.
«Выйду ў Астрашыцкім Гарадку, напрыклад, і ў іншых вёсках: учора ў шэсць гадзін вечара ўся Мінская вобласць свеціцца, — канкрэтызаваў ён. — Гараць агні. І гэта характэрна для ўсіх. Наракайце самі на сябе. Будзеце плаціць мінімум са сваёй кішэні. Усе на вуліцах ліхтары ўключаны. Усё ззяе. У шэсць гадзін вечара. Навошта? Ужо ў палове восьмай можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва зараз, калі снегу шмат, на вуліцы светла. Не, усе ліхтары гараць».
Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што даручыў разабрацца з гэтым пытаннем. Беларускаму лідару далажылі, нібыта некарэктна працуюць фотаэлементы. «Глупства поўнае, — канстатаваў ён. — Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна са штучным вашым інтэлектам адключалася ў 7 гадзін раніцы. І загаралася святло не ў шэсць гадзін вечара, а ў восем. Палічыце, 4-5 гадзін (лішніх. — „Зв.“) „гарыць“ уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай? Вось вашы падыходы. Вы ашалелі. Вы роўна краіну хочаце прывесці да вайны. Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе давядзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах давядзецца».
«Будзеце бегчы — буду дапамагаць і падтрымліваць, калі вы гэтага заслугоўваеце»
Прэзідэнт адзначыў: разумеючы, што ў Віцебскай вобласці як было так і будзе, яму давялося замяніць губернатара.
Наконт праекта ўказа па падтрымцы Віцебскай вобласці, які рыхтавалі на разгляд кіраўніку дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка даў дакладны адказ: «Ніякіх указаў не будзе. Пад канкрэтны цялятнік, пад канкрэтны комплекс, дзе вы будзеце даіць кароў, мы дапаможам, разумеючы, што самі яны гэтага не зробяць. А калі зробяць, мы „пахаваем“ яшчэ пяць губернатараў, а, можа, і больш. Але галавой будзеце за ўсё адказваць».
І не варта, па словах беларускага лідара, скардзіцца на няхватку кадраў і на супрацоўнікаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра ўласны досвед у няпростай гаспадарцы, якая, нягледзячы на розныя нюансы, стала паспяховай.
«Для таго, каб „такія-сякія“ людзі за табой ішлі, ты павінен ісці наперадзе, — парэкамендаваў Прэзідэнт. — І ты павінен рабіць тое, што павінен рабіць кожны чалавек. Калі гэтага не будзе — выніку не будзе».
Аляксандр Лукашэнка паўтарыў: ніякіх адтэрміновак і растэрміновак для Віцебскай вобласці не будзе. Па пазыках, па яго словах, патрэбна плаціць.
Не на шкоду Віцебшчыне, як дадаў беларускі лідар, розныя інтэграцыйныя аб’яднанні. Прэзідэнт адзначыў, што на тры з шасці інтэграцыйных структур падабраў адказных людзей, якія акажуць дапамогу. Сярод іх — генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», бізнесмены Аляксандр Машэнскі і Яўген Баскін.
«Гэта будуць вашы памочнікі: тэхналагічна, фінансава і арганізацыйна, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Яны будуць вам дапамагаць, рэкамендаваць, а губернатару прымаць рашэнне. Разам са старшынямі райвыканкамаў. Праз іх і дзейнічайце. Мабілізоўвайцеся».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба прапаноўваць розныя варыянты, якія змогуць дапамагчы выправіць сітуацыю ў Віцебскай вобласці. «Але пакуль будзем дапамагаць канкрэтна», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён удакладніў, што на фоне такіх сумных вынікаў не бачна ні стараннасці, ні ініцыятывы. Не відаць пакуль і змен да лепшага.
«Устараняць усе праблемы трэба будзе новаму губернатару з тымі людзьмі, якія ў яго ёсць, — канстатаваў беларускі лідар. — Ён пачынае работу фактычна ў ваенна-палявых умовах. Ты і сам па характары як ваенны чалавек. Усе павінны бегчы (у выкананні пастаўленых задач па развіцці рэгіёна. — „Зв.“). Будзеце бегчы — буду дапамагаць і падтрымліваць, калі вы гэтага заслугоўваеце. Таму патрэбны рэалістычны план. Патрэбна найжорсткая дысцыпліна — ваенная — па выкананні гэтых планаў».
Ніякай рэструктурызацыі, як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, не будзе. «Спачатку з даўгамі разлічвайцеся, а потым думайце, як вы будзеце жыць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
«Я павінен быць перакананы, што нашы ваеннаслужачыя недарэмна ядуць хлеб»
Звяртаючыся да старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Мне галоўнае, каб ты не разгубіўся. Калі будзеш губляцца дзесьці, мяне кліч туды. Я табе дапамагу, каб ты не разгубіўся. Я адразу ж да цябе прыеду на наступны дзень».
Прэзідэнт згадаў і пра маштабную праверку боегатоўнасці Узброеных Сіл. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як будзем дзейнічаць, калі праз 2-3 дні раптам пачнецца вайна. «Гэта раптоўная праверка, якую праводзіць Галоўнакамандуючы, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — І я хачу паглядзець, а як у гэтай раптоўнай праверцы будуць дзейнічаць Генштаб і Мінабароны. Я павінен быць перакананы, што нашы ваеннаслужачыя недарэмна ядуць хлеб».
Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў асабісты вопыт тэрміновай службы на прыграніччы і параўнаў з сённяшняй падрыхтоўкай ваеннаслужачых. «Пяць кіламетраў марш-кідок. Ну, добра, што не памерлі, беглі. Разумею, што і холадна. Але, слухайце, я бегаў 15 кіламетраў, калі тэрміновую службу праходзіў у пагранвойсках, — прывёў прыклад ён. — Галоўнае на вайне — фізічная падрыхтоўка і агнявая. Калі бяжыць добра, страляць умее — будзе жыць. Элементарна».
Па словах Прэзідэнта, падчас праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл афіцэры лепш сябе паказалі, чым салдаты. «Гэта па папярэдніх даных, — удакладніў ён. — Ноччу стралялі, днём стралялі, холадна было. А што? Хтосьці будзе чакаць, пакуль цёпла будзе?»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аснова — эканоміка. «Будуць каровы, будуць цяляты — значыць, будзе малако, мяса, — канкрэтызаваў ён. — Значыць, будуць людзі накормленыя. І яны пра вайну думаць не будуць. Я вайны не хачу. Ну дык сёння трэба ўпірацца. У Віцебску нядрэнныя людзі. Іх проста трэба арганізаваць».
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік адзначыў, што прычына праблем на Віцебшчыне звязана не столькі з адсутнасцю грошай, колькі са свядомасцю людзей.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што патрэбна Віцебскую вобласць прывесці ў прытомнасць. Для гэтага, па яго словах, трэба выкарыстоўваць розныя варыянты.
Па словах губернатара, рэгіёну не ўдалося забяспечыць рост па прамысловасці. Разам з тым — у стадыі рэалізацыі больш за 100 праектаў. Гэта тыя праекты, якія фактычна дадуць ужо ў 2026 годзе прырост больш за мільярд рублёў у аб’ёмах.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што за праекты, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці Прэм’ер-міністра, будзе адказваць Аляксандр Турчын. Праекты, рэалізаваныя ў рамках дзяржпраграмы «Адзін раён — адзін праект», — гэта ўзровень губернатараў.
«Без Прэзідэнта ніякіх грошай Віцебская вобласць не атрымае. А да мяне па грошы прыйсці — гэта амаль нічога не атрымаць. Гэта не толькі Віцебскай вобласці датычыцца», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
«Самая складаная задача, якая стаіць перад Віцебскай вобласцю, — каб людзі паверылі ў поспех»
Па выніках нарады прынята рашэнне, што ўказ па чарговай рэструктурызацыі даўгоў у АПК Віцебскай вобласці ў тым выглядзе, у якім ён прапаноўваўся Прэзідэнту, падпісаны не будзе. Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць новы дакумент — дакладны і канкрэтны, дзе будуць максімальна скарочаны тэрміны выканання задач і канкрэтызаваны адказныя за вынік. Пасля таго, як у такім выглядзе праект дакумента будзе прапанаваны кіраўніку дзяржавы, Прэзідэнт яго разгледзіць і прыме рашэнне.
У размове з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр РАГОЖНІК адзначыў, што кожны дакумент павінен быць напоўнены канкрэтнымі справамі з канкрэтнай адказнасцю кіраўнікоў: пачынаючы ад кіраўнікоў вобласці, заканчваючы кіраўніком гаспадаркі. Па яго словах, дакумент павінен быць сфарміраваны з улікам вынікаў, што будуць атрыманы ад падтрымкі, якую плануецца аказаць.
«Прэзідэнт даў даручэнне дапрацаваць гэты дакумент і вызначыць тэрміны — год, на працягу якога будуць аналізавацца вынікі работы вобласці, — канкрэтызаваў губернатар. — Калі яны будуць адпавядаць крытэрыям, якія закладзены ва ўказе, то будзе разглядацца пытанне аб прадаўжэнні дзеяння гэтага дакумента».
Аляксандр Рагожнік падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы даў абсалютна аб’ектыўную ацэнку рабоце ўсёй вобласці. «Ацэнка пакуль нездавальняючая, але мы мяркуем, што з улікам тых рашэнняў, якія будуць прымацца, пачынаючы з другога квартала, вобласць будзе забяспечваць неабходны рост, які даводзіцца ўрадам, — заўважыў ён. — І тыя інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў вобласці (а іх больш за 100), прынясуць неабходны вынік. Гэта толькі па 2026 годзе дасць нам прырост у больш чым мільярд рублёў».
Губернатар падкрэсліў, што няма тых задач, якія не маюць вырашэння. «Трэба проста шукаць інструменты для таго, каб яны былі ажыццёўлены», — канкрэтызаваў ён.
Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу на тое, што для вырашэння тых задач, якія вызначаны Прэзідэнтам і ўрадам, Віцебская вобласць таксама знаходзіць неабходныя рэсурсы. «Нельга сказаць, што гэта толькі рэспубліканскі бюджэт, — удакладніў ён. — Але ў рамках тых рашэнняў, якія прымаюцца на ўзроўні ўрада (пачынаючы ад забяспечанасці ўгнаеннямі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, тэхнікай), Віцебская вобласць не знаходзіцца ў пэўным унікальным або асаблівым становішчы. Як і іншыя вобласці нашай краіны, Віцебская вобласць атрымлівае роўна столькі, колькі і ўсе астатнія. Таму гаварыць пра тое, што Віцебская вобласць унікальная, не даводзіцца».
Што датычыцца пошуку грашовых сродкаў, сёння, па словах губернатара, у дзяржаве дастаткова інструментаў, якія дазваляюць рэалізоўваць усе праекты. Аляксандр Рагожнік закрануў і тэму прыцягнення замежных інвестараў у вобласць. «Я не спыняўся б на нейкай пэўнай краіне, — канстатаваў ён. — Сёння разглядаецца шмат цікавых праектаў, пачынаючы ад цэлюлознага камбіната, заканчваючы будаўніцтвам цяпліц — тое, пра што гаварыў Прэзідэнт. Усе гэтыя праекты сёння ў стадыі разгляду. Цяпер працуем над рэалізацыяй праекта на Віцебскім малочным камбінаце, дзе ў хуткім часе будзе разлівацца вельмі цікавы, сучасны малочны прадукт топ-узроўню. І загрузка прадпрыемства будзе забяспечана».
Аляксандр Рагожнік перакананы, што асноўная праблема ў АПК рэгіёна заключаецца ў адносінах да сваіх абавязкаў людзей. «Калі людзі пачнуць ставіцца да дзяржаўнага як да свайго, гэта праблема сама сабой вырашыцца, — перакананы губернатар. — Але для гэтага неабходныя некалькі ўмоў. Гэта, безумоўна, годная аплата за цяжкую працу, добрая атмасфера ўнутры калектыву, годнае стаўленне з боку кіраўніка да любога работніка гаспадаркі. Усё гэта стварае калектыў, які здольны пераадолець любыя цяжкасці. І гэта самая складаная задача, якая стаіць перад Віцебскай вобласцю, — каб людзі паверылі ў поспех. Калі гэта задача будзе вырашана, усё астатняе — ужо інструменты».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ