Top.Mail.Ru

Лукашэнка: «Кітай — гэта ўсур’ёз і надоўга»

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай 


Дыпламатычныя адносіны з Кітаем — адным з ключавых партнёраў Беларусі — устаноўлены 34 гады таму. З сакавіка 2023 года яны носяць статус усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Кітай з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Нашы краіны ўзаемадзейнічаюць па шырокім спектры кірункаў. Аднак ёсць рэзервы, каб беларуска-кітайскае супрацоўніцтва было яшчэ больш эфектыўным, карысным для абодвух бакоў. Падводзячы вынікі ўзаемадзеяння з КНР у мінулым дзесяцігоддзі, Прэзідэнт агучыў перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва з Паднябеснай.

«Для нас Кітай — самы надзейны саюзнік па ўсіх пытаннях» 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што працягваецца серыя нарад, прысвечаных супрацоўніцтву нашай краіны з ключавымі партнёрамі на планеце. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў канцы мінулага года падобнае абмеркаванне адбылося па пытанні ўзаемаадносін Беларусі з краінамі Афрыканскага кантынента. Гэтым разам размова ў Палацы Незалежнасці была прысвечана развіццю супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. 

«Матываваць і тлумачыць, чаму гэта пытанне мы ўзнімаем на самым высокім узроўні, думаю, не трэба, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але ў працэсе абмеркавання той, хто яшчэ ў поўным аб’ёме не разумее гэтага, зразумее. Кітай сёння не проста наш асноўны партнёр. Кітай з’яўляецца асноўным партнёрам для ўсіх краін, якія намецілі для сябе развіццё». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, дабаўленая вартасць гэтага супрацоўніцтва відавочная як для Беларусі, так і для Кітая. «Для нас Кітай — самы надзейны саюзнік па ўсіх пытаннях, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Кітай нікуды не спяшаецца. Гэта традыцыйна. Мы да гэтага прызвычаіліся. Многаму ў кітайцаў сёння вучымся. Найстаражытнейшая нацыя».


Тым, хто не ведае гісторыю кітайскага народа, Прэзідэнт параіў азнаёміцца. 

«Ва ўмовах тэктанічных геапалітычных змяненняў Пекін для Мінска — найважнейшы пункт апоры, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — І не толькі для Мінска. Асаблівы статус беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння прызнаюць і ўлічваюць усе — ад расіян, амерыканцаў да краін Афрыкі».

Беларускі лідар канстатаваў, што ў нашых людзей ужо іншае ўяўленне аб Кітаі, чым гэта было пяць гадоў таму. «Напрыклад, „БелДжы“ — практычна ў кожным беларускім двары, — канкрэтызаваў ён. — І нядрэнная машына атрымалася. Мінск упрыгожылі спартыўныя аб’екты сусветнага класа. І гэта падарунак сапраўдных сяброў. Вучыць кітайскую (мову. — „Зв.“) і вучыцца ў КНР становіцца нармальным для нашай прасунутай моладзі. Пашырэнне авіязносін (Хайнань, Шанхай, Урумчы) хутка адновіць турыстычныя патокі. Дарэчы, гэта адна з задач урада і абяцанне ўрада, што тут мы істотна прасунемся: з 2 % да амаль 5 % ВУП». 

«Мы будзем інвеставаць рэсурсы, час, увагу ва ўмацаванне нашага супрацоўніцтва»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, рашэнне аб выбудоўванні з Кітаем стратэгічных адносін самага высокага ўзроўню перагляду не падлягае. «Наадварот, мы будзем інвеставаць рэсурсы, час, увагу ва ўмацаванне нашага супрацоўніцтва, — дадаў Прэзідэнт. — Для гэтага ёсць усе рэзервы».

Кіраўнік дзяржавы згадаў свае першыя візіты ў Кітайскую Народную Рэспубліку, калі Кітай не быў такой магутнай дзяржавай, якой ён з’яўляецца цяпер. На першым этапе супрацоўніцтва з Беларуссю, як нагадаў Прэзідэнт, кітайцы ставілі ў аснову тэхналогіі. 


«Сёння мы ў Кітай едзем навошта? Перш за ўсё па тэхналогіямі. І гэта правільна», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт арыентуе прадаваць на вялізным кітайскім рынку больш актыўна. «З аднаго боку, Кітай сёння — другі па велічыні гандлёвы партнёр Беларусі, а экспарт на кітайскі рынак перасягнуў аб’ём нашых паставак у Еўрапейскі саюз. І гэта надоўга, — падкрэсліў ён. — З іншага боку, каля 1,7 мільярда долараў за 2025 год і больш як 4 % ад агульнага аб’ёму паставак — мала, вельмі мала нават па беларускіх мерках. У кітайскай статыстыцы закупак за мяжой наша доля вылічаецца ў сотых працэнта. І дзе эфект ад другой нашай дырэктывы (па Кітаі. — „Зв.“)?»

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне носіць большы патэнцыял. «Рычагі для гэтага вядомыя: уласная тавараправодная сетка са складамі і лагістыкай, прамыя пастаўкі, у тым ліку ў гандлёвыя сеткі і канчатковаму спажыўцу праз электронны гандаль, — канкрэтызаваў ён. — Сумесныя вытворчасці на іх тэрыторыі і ў нас — канкрэтна пад кітайскага пакупніка. Нарэшце, работа з кітайскімі рэгіёнамі, якая пакуль адкрыта буксуе».

«Трэба вызначыцца з магістральнымі параметрамі новага дакумента»

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што задачы ў новую дырэктыву трэба прапісваць і ў штуках, і ў кілаграмах. Па словах беларускага лідара, новая дырэктыва па супрацоўніцтве з Кітаем з’яўляецца праграмным, стратэгічным дакументам. 

«У ім неабходна ставіць генеральныя мэты, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Напрыклад, нарасціць долю Кітая ў сукупным экспарце Беларусі. У ідэале — да двухзначных велічынь. Вось гэта будзе якаснае змяненне. А канкрэтныя лічбы ў разрэзе арганізацый і тавараў — адказнасць урада і віцэ-прэм’ера, як мы дамовіліся». 

Прэзідэнт ставіць задачу перафарматаваць інвестыцыйны кірунак. «Кітайскія ўкладанні за мяжу ставяць рэкорды, асабліва ў краіны „Пояса і шляху“, — патлумачыў такое рашэнне беларускі лідар. — Наш урад таксама рапартуе аб росце: за 9 месяцаў мінулага года адносна аналагічнага перыяду 2024 года больш як у 2,5 раза да 443 мільёнаў долараў. Але ў дырэктыву закладваліся істотна больш напружаныя паказчыкі (не менш за паўмільярда долараў, прычым штогод, і не менш як 150 мільёнаў долараў прамых інвестыцый у кожную вобласць і горад Мінск)».

Па словах кіраўніка дзяржавы, калі бачыш лічбы прамых кітайскіх інвестыцый па абласцях (Віцебская — 1 мільён долараў, Гродзенская — 100 тысяч долараў за пяцігодку), адразу зразумела, хто як працуе. І гэта адносіцца не толькі да супрацоўніцтва з Кітаем, а ў прынцыпе.

«Ці ўсё мы зрабілі для таго, каб кітайскія інвестары беглі да нас па „Шоўкавым шляху“? — удакладніў беларускі лідар. — У „Вялікім камені“ намінальна іх 70 кампаній. Новае кіраўніцтва парка і ўрад павінны дапамагчы больш хуткаму запуску і выхаду на планавую магутнасць усіх заяўленых праектаў».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сваё бачанне дырэктывы на чарговую пяцігодку ўрад прадставіць сёння не гатовы. «Можа, і правільна, — удакладніў ён. — Цяпер трэба вызначыцца з магістральнымі параметрамі новага дакумента. І абмеркаваць тыя ключавыя праекты, якія з падачы ўрада прасоўваліся апошнім часам, у тым ліку ў ходзе візітаў на найвышэйшым узроўні ў 2025 годзе».

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што Кітай — гэта ўсур’ёз і надоўга. «З Кітаем мы будзем супрацоўнічаць заўсёды, колькі будзе існаваць наша краіна як самастойная і незалежная дзяржава, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я ўпэўнены, што мы будзем незалежныя і суверэнныя таксама заўсёды. Таму калі хтосьці думае, што мы ў чарговы час прымем дырэктыву, загрузім няхай нават актыўнага сёння віцэ-прэм’ера Мікалая Генадзьевіча Снапкова на кітайскім кірунку і на гэтым усё — памыляецеся».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў больш актыўна працаваць не толькі на расійскім, але і кітайскім рынках. «І калі мы будзем тут актыўныя, калі мы па-сапраўднаму будзем выконваць тое, што вызначылі для сябе, я ўпэўнены, што астатнія краіны далёкай дугі на ўзроўні пагрэшнасці арыфметычнай для нас будуць па экспарце і ўкладах у валавы ўнутраны прадукт», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.


«Даволі актыўна мы працавалі на кітайскім рынку»

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, які адказвае за ўзаемадзеянне з Кітайскай Народнай Рэспублікай, у сваім дакладзе пацвердзіў, што супрацоўніцтва з КНР — гэта назаўсёды. Ён агучыў ключавыя вынікі ўзаемадзеяння з Кітаем, якія найперш датычацца эканамічнага характару. 

«За 10 гадоў патроілі паказчыкі па тавараабароце і падвоілі — па экспарце тавараў, — канкрэтызаваў Мікалай Снапкоў. — Было 2,5 (мільярда долараў. — „Зв.“), стала 8,9 мільярда долараў».

«Амаль нічога для Кітая», — заўважыў Прэзідэнт. 

«Пры гэтым сярэднегадавы тэмп росту экспарту ў мінулай пяцігодцы склаў 117 %, што на 1,5 працэнтнага пункта вышэй, чым тэмп росту экспарту з Расіяй, нашым асноўным рынкам, — удакладніў першы віцэ-прэм’ер. — Гэта сведчыць аб тым, што мы працавалі на кітайскім рынку даволі актыўна. За 10 гадоў 111,4 % — сярэднегадавы тэмп росту экспарту. Абарот тавараў і паслуг прыблізіўся да рэкордных 12 мільярдаў долараў». 

Па словах першага намесніка кіраўніка ўрада, доля Кітая ў знешнім гандлі Беларусі вырасла ў два разы і паднялася да 11 %. «Сёння гэта другі наш гандлёвы партнёр пасля Расіі, — пацвердзіў Мікалай Снапкоў. — Ад нашага агульнага аб’ёму экспарту ў Кітай пастаўляецца 30 % калію, 45 % рапсавага алею, 50 % ільнотрасты, 33 % лесаматэрыялаў і 37 % малочнай сыроваткі». 

Першы віцэ-прэм’ер праінфармаваў, што прамыя кітайскія інвестыцыі за 10 гадоў выраслі ў два разы. «Так, нязначныя аб’ёмы за 9 месяцаў, але валавы аб’ём інвестыцый з Кітая ў Беларусь за 10 гадоў перавысіў 2 мільярды долараў, — адзначыў ён. — З іх каля паловы — гэта прамыя інвестыцыі. За 9 месяцаў у адносінах да мінулага года (да аналагічнага перыяду 2024-га. — "Зв.") яны выраслі ў 2,6 раза, і аб’ём валавых інвестыцый з Кітая ў 2025 годзе склаў 443 мільёны долараў. Калі ў 2015-м КНР сярод донараў займала пятае месца па валавых інвестыцыях, то па выніках 9 месяцаў 2025-га — другое месца».

Па словах першага віцэ-прэм’ера, колькасць арганізацый з укладам у статутным фондзе з Кітая за 10 гадоў вырасла ў 3,4 раза. Калі ў 2015 годзе было 67 такіх арганізацый, то ў 2025-м — 230.

Мікалай Снапкоў заўважыў, што ў 2025 годзе з прыцягненнем кітайскага капіталу і тэхналогій у Беларусі рэалізоўвалася больш як 60 інвестыцыйных праектаў з аб’ёмам заяўленых інвестыцый парадку 1,6 мільярда долараў. У асноўным, у індустрыяльным парку «Вялікі камень», дзе ажыццяўляліся 52 інвестыцыйныя праекты. Першы віцэ-прэм’ер дадаў, што Кітай для Беларусі з’яўляецца ключавым прамысловым крэдыторам. Ён адзначыў, што за 20 гадоў за кошт кітайскіх ільготных і камерцыйных крэдытаў было прафінансавана 28 буйных прамысловых праектаў на суму 5,5 мільярда долараў, у тым ліку ў сферах прамысловасці, энергетыкі, транспарту. 

«Праекты, рэалізаваныя з Кітаем, забяспечвалі каля дзясятай часткі прыросту беларускай эканомікі за дзесяцігоддзе», — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна

«Стратэгічны кірунак нашага супрацоўніцтва назаўжды» 

У размове з журналістамі першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай СНАПКОЎ падкрэсліў, што прынцып работы з Кітаем стандартны. «Ён выразна пазначаны Прэзідэнтам — гэта стратэгічны кірунак нашага супрацоўніцтва назаўжды, — акцэнтаваў ён. — Што датычыцца дырэктывы, мы зыходзім з таго, што гэта ўнутраны дакумент. Безумоўна, ён грунтуецца на тым, што гэта стратэгія супрацоўніцтва назаўжды. Але час канкрэтных спраў, і для супрацоўніцтва з Кітаем таксама. Гэта значыць, што па патрабаванні кіраўніка краіны дырэктыва павінна быць максімальна канкрэтная, алічбаваная, з адказнымі кіраўнікамі за выкананне вынікаў і планаў».

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, найбольшы ўклад і аддачу ў ВУП дасць стварэнне сумесных прадпрыемстваў і прыцягненне кітайскага капіталу ў краіну. «Мабыць, гэта самая галоўная задача цяпер, — звярнуў увагу Мікалай Снапкоў. — Як гэта ні дзіўна, нягледзячы на агульнасусветную сітуацыю, у нас зноў ёсць акно магчымасцяў. Кітайскі рынак перанасычаны, канкурэнтны. Гэта датычыцца ўсяго: ад аўтамабілебудавання да грамадскага харчавання. Таму кітайскія партнёры, кітайскі бізнес шукаюць краіны прымянення сваіх тэхналогій і вытворчасці па той простай прычыне, што яны зарабляюць больш на іншых рынках, чым у Кітаі. Наша галоўная задача — рэалізаваць пасыл, пра які заўсёды гаворыць Прэзідэнт. Мы гатовыя стварыць самыя лепшыя ўмовы ў заходняй частцы Еўразійскага кантынента для кітайскіх партнёраў, што ўрад і будзе рабіць, бо асноўнае, ключавое пытанне і выклік для нас — гэта інвестыцыі з Кітая».

«Новая дырэктыва будзе змяшчаць не толькі інстытуцыйныя рашэнні, але і канкрэтныя сумесныя праекты з кітайскімі партнёрамі»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандр ЧАРВЯКОЎ заявіў, што калі разглядаць гандаль з Кітаем, назіраецца досыць вялікі рост тавараабароту — больш за 18 % — і ён расце. Пры гэтым экспарт з’яўляецца ключавым элементам, паколькі ён вызначае нашу канкурэнтаздольнасць.

«Сёння ў Кітай мы пастаўляем не толькі ўгнаенні, але і прадукты харчавання, прадукцыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, інтэгральныя мікрасхемы і гэтак далей, — канкрэтызаваў ён. — Гэта значыць, ёсць і тая прадукцыя, якая мае досыць высокую дабаўленую вартасць. Але рэзервы дастаткова вялікія, і мы сёння гэту тэму таксама разглядалі. Ёсць патэнцыял, і гэты патэнцыял шмат у чым хаваецца ў арганізацыйных формах прасоўвання нашай прадукцыі на кітайскі рынак. Наша прадукцыя мае высокую якасць, і гэта прызнаюць самі кітайцы. Таму сёння трэба стварыць тыя каналы прасоўвання, праз якія мы змаглі б даволі хутка даставіць неабходны від прадукцыі ў канкрэтныя пункты Кітая». 

Другі момант, на які звярнуў увагу пасол, — важнасць знаходжання беларускіх тавараў на кітайскім рынку. Паводле яго слоў, КНР сёння актыўна развівае электронны гандаль. «Трэцяя частка рознічнага тавараабароту — звыш 2 трыльёнаў долараў са штогадовым тэмпам больш за 7 % — гэта электронныя анлайн-платформы, на якіх прадаюцца тавары. І нам неабходна гэты трэнд улічваць, бо асабліва маладое насельніцтва, ды і сталае насельніцтва Кітая працуе вельмі актыўна на электронных платформах. Таму мы павінны ўпісацца менавіта ў гэтыя новыя механізмы продажаў на кітайскім рынку, — канкрэтызаваў Аляксандр Чарвякоў. — А каб прадаваць на кітайскім рынку, мы павінны знаходзіцца з нашай прадукцыяй на ім, пастаянна маніторыць попыт на прадукцыю, глядзець якасць, быць хуткімі і адаптыўнымі да тых умоў, якія сёння выбудоўваюцца на тэрыторыі Кітая». 

Дыпламат падкрэсліў, што Кітай сёння фарміруе новыя мадэлі і стандарты гандлю сусветнага ўзроўню. І для нашых вытворцаў вельмі важна гэты ўзровень улічваць і хутка падстройвацца пад яго. «Таму адзін з кірункаў, які мы павінны сёння прасоўваць, — гэта, безумоўна, развіццё электроннага гандлю, прасоўванне на кітайскім рынку», — адзначыў ён.

Пасол Беларусі ў Кітаі звярнуў увагу і на тое, што сёння вельмі важна ствараць сумесныя прадпрыемствы. «Кітайскі рынак актыўна прасоўвае новыя сучасныя тэхналогіі. Не заўсёды гэтыя тэхналогіі можна адаптаваць тут у сілу эканамічных прычын. Але нашы рашэнні, нашы падыходы дазваляюць, выкарыстоўваючы іх тэхналогіі і нашы інжынерныя прапановы, ствараць новыя віды прадукцыі. І аб гэтым таксама сёння ішла размова — аб стварэнні сумесных вытворчасцяў на кітайскім рынку, — нагадаў Аляксандр Чарвякоў. — Таму новая дырэктыва будзе змяшчаць не толькі інстытуцыйныя рашэнні, звязаныя са стварэннем сумесных прадпрыемстваў, прадстаўніцтваў, якія будуць прасоўваць прадукцыю на кітайскім рынку, але і канкрэтныя сумесныя праекты з кітайскімі партнёрамі». 

Ён патлумачыў, што ў КНР ёсць пэўныя стандарты дастаўкі прадукцыі. Калі дастаўка прадукцыі ў рамках аднаго горада перавышае больш за дзве гадзіны, то статыстыка паказвае, што спажывец, кліент проста сыходзіць і шукае там, дзе гэта хутчэй. «Таму для нас вельмі важная наяўнасць складоў, наяўнасць прадукцыі і даступнасць. І кірунак стварэння тавараправоднай сеткі для нас сёння — адно з актуальных пытанняў па прасоўванні экспарту ў Кітаі», — падкрэсліў пасол. 

Закранаючы тэму турызму, Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што гэта адзін з механізмаў «мяккай сілы». «Мы заўважаем, што чым больш нашых партнёраў бывае ў Беларусі і знаёміцца з нашай культурай, традыцыямі, тым лягчэй з імі працаваць. Таму турызм — гэта акурат той інструмент, які дазваляе бліжэй стаць з кітайцамі, — заўважыў ён. — Нарошчванне турыстычных паслуг будзе залежаць, вядома, ад колькасці авіярэйсаў, таму што 8 тысяч кіламетраў — гэта вялікая адлегласць, якую трэба пераадолець. Мы бачым, што як толькі мы адкрылі новыя маршруты на востраў Хайнань, ва Урумчы, у нас адразу турыстычны паток пачаў павялічвацца. Таму для нас першасным з’яўляецца стварыць каналы лагістыкі, каналы, па якіх турысты могуць да нас прыязджаць вельмі хутка».

Што датычыцца адукацыі, сёння каля 12 тысяч кітайскіх студэнтаў навучаюцца ў Беларусі. «Мы бачым, што гэты патэнцыял можа быць павялічаны, і гэты кірунак з’яўляецца важным, калі мы і далей плануем развіваць нашы ўзаемаадносіны, — перакананы Аляксандр Чарвякоў. — Адукацыя — гэта таксама элемент „мяккай сілы“. Калі мы бліжэй знаёмімся з кітайцамі, яны знаёмяцца з нашай культурай, мовай, тады лягчэй і камунікаваць, і вырашаць важныя стратэгічныя і тактычныя пытанні».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю