Top.Mail.Ru

Лукашэнка ўпэўнены, што канфлікты ва Украіне і з Іранам будуць спыненыя ўжо сёлета

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што канфлікты ва Украіне і з Іранам будуць спынены ўжо ў бягучым годзе. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія», паведамляе БелТА.


Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, ці ёсць надзея на дасягненне міру ў гэтых канфліктах. «Свет вельмі неспакойны зараз менавіта з-за чалавечага фактару. Не Гасподзь нам падарыў гэтыя войны. Мы самі да гэтага дашлі. Таму нам трэба і думаць аб тым, як гэтыя войны спыніць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што да пытання, ці можна наогул спыніць гэтыя войны, асабліва тут, у нашым рэгіёне (ды і ў вашым рэгіёне, дзе вы працуеце, — на Блізкім Усходзе), — як ніколі раней мы маем такую магчымасць спыніць гэтыя войны».

«Усё залежыць ад жадання літаральна некалькіх чалавек. Калі такое жаданне будзе, то гэтыя войны можна скончыць у гэтым годзе дакладна. І нават канфлікт Расіі і Украіны можна ў гэтым годзе скончыць», — сказаў Прэзідэнт.

Што да Блізкага Усходу, кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што там няма іншых варыянтаў, акрамя як завяршыць канфлікт. «Там няма варыянтаў, акрамя як спыніць вайну. І яна сёлета будзе спынена. Я спадзяюся, што нават у бліжэйшы час. Найперш паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Іранам, як прынята казаць. Хаця я не лічу, што гэта вайна паміж амерыканцамі і іранцамі. Гэта вайна перш за ўсё паміж Ізраілем і Іранам, у якую амерыканцы аказаліся ўцягнутыя з-за недальнабачнай пазіцыі і палітыкі асобных кіраўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, зараз абставіны такія, што яны дыктуюць спыненне гэтай вайны. «Я ведаю пазіцыю Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, ад якога шмат залежыць у спыненні гэтай вайны, — ён накіраваны на тое, каб вайну спыніць. Яшчэ раз падкрэсліваю: бо іншага выйсця няма, іншага рашэння тут няма. І ў гэтым адрозненне названага канфлікту ў Армузскім праліве і Аманскім заліве ад вайны ва Украіне. Тут больш складаны канфлікт, чым там, у Іране», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аб’ектыўныя абставіны і ўмовы прымушаюць амерыканскае кіраўніцтва спыніць ваенны націск на Іран. «Ну а Ізраіль будзе залежаць цалкам ад пазіцыі Злучаных Штатаў Амерыкі», — заявіў Прэзідэнт.

«Таму сёлета, я лічу, гэтыя канфлікты можна спыніць. І я нават не спадзяюся, а ў мяне ўпэўненасць такая, што яны будуць спынены», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю