Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў асабісты склад і ветэранаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі з прафесійным святам — Днём супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Створаная ў самы знакавы перыяд фарміравання беларускай дзяржаўнасці спецслужба больш за сто гадоў знаходзіцца на пярэднім рубяжы абароны суверэнных інтарэсаў Радзімы. З пакалення ў пакаленне супрацоўнікі КДБ удасканальваюць назапашаны вопыт і эфектыўна вырашаюць вельмі складаныя задачы, адказваючы на выклікі нацыянальнай бяспекі», — гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт падзякаваў за службу ўсім, хто застаецца верным традыцыям папярэднікаў, штодня аддае ўсе свае сілы, веды і навыкі барацьбе з знешнімі і ўнутранымі пагрозамі дзяржаве. «Час прад’яўляе да вас беспрэцэдэнтна высокія патрабаванні: кожны ваш поспех — важкі ўклад у прыняцце ключавых палітычных рашэнняў, ад якіх залежыць лёс краіны і народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў ветэранам органаў дзяржбяспекі: «Ваша адданасць Айчыне і прафесійнаму абавязку — лепшы прыклад і настаўнік для цяперашніх і будучых пакаленняў чэкістаў».
Прэзідэнт пажадаў усім супрацоўнікам КДБ і іх сем’ям моцнага здароўя і дабрабыту. «Беражыце сябе і нашу родную Беларусь», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.