«Галоўнае ў жыцці — гэта эканоміка»
У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу ў Палацы Незалежнасці з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. Падчас перагавораў з беларускім лідарам удзельнікі сустрэчы абмеркавалі перспектыўныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня, а таксама ўмацаванне і развіццё далейшага супрацоўніцтва.

«Людзі перш за ўсё глядзяць на жыццё з пункту гледжання эканомікі»
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў кіраўнікоў урада краін Еўразійскага эканамічнага саюза, прадстаўнікоў дзяржаў-назіральніц і кіраўнікоў інтэграцыйных структур. «Мне сапраўды ганарова і прыемна з вамі сёння сустрэцца — з людзьмі, якія займаюцца эканомікай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Самае цяжкае ў цяперашні час. Прэзідэнт Расіі абсалютна ўчора меў рацыю, што мы на такім зломе знаходзімся, нават самі сёння не разумеем, дзе мы знаходзімся. І наколькі сур’ёзны гэты злом у гісторыі развіцця сусветнай цывілізацыі (маецца на ўвазе выступленне Уладзіміра Пуціна на пасяджэнні дыскусійнага клуба „Валдай“. — «Зв.»)».
«Галоўнае ў жыцці — гэта эканоміка, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Як бы там ні было, людзі ўсё роўна перш за ўсё (не толькі ў нас, паглядзіце: у Амерыцы ледзь бензін падаражаў — рэвалюцыя, гвалт і іншае) глядзяць на жыццё з пункту гледжання эканомікі. Вы галоўныя людзі ў сваіх краінах у эканамічных адносінах. Дай бог, каб атрымалася ўсё тое, што вы намецілі».
У гэтай сувязі Прэзідэнт таксама згадаў пра сустрэчу са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным, якая адбылася да пачатку мерапрыемства. Прэм’ер-міністр расказаў кіраўніку беларускай дзяржавы ў тым ліку аб планах Расіі на бліжэйшыя тры гады ў эканамічных адносінах з акцэнтам на фінансах. «Гэта цудоўныя планы, — выказаў упэўненасць Прэзідэнт. — Калі атрымаецца ў Расіі, нам горш не будзе — не толькі ў Беларусі, але і ўсім нам на постсавецкай прасторы. Дай бог, Міхаіл Уладзіміравіч, каб атрымалася рэалізацыя гэтага плана».
«Што датычыцца Беларусі, хачу вас запэўніць (і мяне вы ні ў чым не папракняце), мы ўзялі свой курс даўным-даўно, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Мы заўсёды ішлі ў адным напрамку, не мянялі сваю палітыку. Мы адданыя інтэграцыі, перш за ўсё постсавецкай прасторы».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за працяглы перыяд кіраўніцтва краінай пераканаўся ў наяўнасці жорсткай канкурэнцыі ў свеце, дзе кожны імкнецца абараніць свае рынкі. «За гэтыя доўгія часы я пераканаўся ў тым, што мы нікому нідзе не патрэбныя», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
«Мы гэтым шляхам ішлі — з савецкіх часоў нічога не загубілі, не адкідалі»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры Савецкім Саюзе мы мелі адзіную эканамічную прастору, адзіны рынак. Магчыма, ён быў крыху зарэгуляваны, і на гэта ўказвалі прыхільнікі рыначнай эканомікі. Асабліва гучна гэта крытыка стала гучаць пасля распаду СССР. «Нас вучылі, што ўсё адрэгулюе рынак. Нічога падобнага. Элементы планавай эканомікі ляжаць у аснове ўсіх працэсаў», — канстатаваў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што планаванне на дзяржаўным узроўні існуе ў многіх краінах з рыначнай эканомікай. Напрыклад, у Японіі, ЗША. Беларусь у сваім развіцці таксама выкарыстоўвае планаванне, такім чынам захоўваючы станоўчы вопыт і спадчыну савецкіх часоў. Гэта, па словах Прэзідэнта, прадуманы і эфектыўны падыход — калі дзяржава не адпрэчвае сваё мінулае і бачыць перспектывы будучыні, што дазваляе дасягаць істотных вынікаў. «Таму мы ад гэтага ніколі не адмаўляліся, не хавалі гэта, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — У нас пяцігадовыя планы, штогадовыя планы, як і вы, фарміруем. Хтосьці на трохгодку наперад спрабуе зазірнуць. Мы гэта выкарыстоўвалі».
Адзін з найбольш яркіх прыкладаў дзяржавы, якая дабілася выдатных поспехаў, дзякуючы падобнай стратэгіі, — Кітай. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падчас адной з сустрэч са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам задаваўся пытаннем, за кошт чаго Кітай здзейсніў такі рывок і стаў практычна сусветным лідарам у эканоміцы. На гэта кітайскі лідар заўважыў, што яны нічога не адкідалі са свайго мінулага досведу і гісторыі.
Аналагічным чынам дзейнічае і Беларусь. «Мы гэтым шляхам ішлі — з савецкіх часоў нічога не загубілі, не адкідалі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ішлі шляхам прыватызацыі вельмі акуратна, асцярожна. Там, дзе дзяржава не можа ці робіць горш, чым прыватнік, мы сыходзілі адтуль — прадавалі, прыватызавалі прадпрыемствы. Але не спяшаліся гэта рабіць. Таму ў нас дзяржаўны сектар вельмі сур’ёзны».
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў чацвер сустракаўся Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Казахстан Алжасам Бекценавым. «Я яму сказаў, чаму мы абавязковыя людзі: дамовіліся — зробім. Таму што ў нас захавалася кіравальнасць у эканоміцы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што многія галіны і прадпрыемствы (холдынгі) былі захаваны з савецкіх часоў. «Беларусь — гэта машынабудаўнічая краіна ў першую чаргу, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І гэта не мы прыдумалі, не Лукашэнка гэта стварыў. Так было ў Савецкім Саюзе. Машынабудаванне, станкабудаванне... Будаўніцтва: гэта была паказальная рэспубліка, дзе самыя новыя ўзоры будаўніцтва мы асвойвалі. Сельская гаспадарка і гэтак далей».
Гэта значыць, аснова эканомікі сфарміравалася тады, у савецкія часы, працягнуў беларускі лідар: «Мы нічога не развальвалі. Часта гавару, што без Савецкага Саюза, якія мы «слабыя» ні былі, ні адно пытанне ў свеце не вырашалася. Мы ўсё гэта захавалі. Таму ўсё, што вы бачылі ўчора (на выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь». — «Зв.») — гэта, можа, не столькі нашы дасягненні. Наша заслуга ў тым, як Прэзідэнт Пуцін аднойчы мне сказаў: «Вы малайцы, што вы захавалі тое, што вам дасталося ад Савецкага Саюза».
«Мы адданыя перш за ўсё нашаму постсавецкаму рынку»
У працяг тэмы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не толькі грамадзянскія сектары, але і абаронная прамысловасць каранямі сыходзяць у савецкія часы, а часам і ў больш ранні перыяд. Цяпер Беларусь у значнай ступені абапіраецца на магчымасці Расіі ў гэтай сферы. «Мы заснаваныя на вытворчасці ўзбраенняў Расіі. Купляем толькі расійскае, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але ўжо многае робім самі. Асабліва з вопыту канфлікту Расіі з Украінай. Мы бачым, што там адбываецца, робім адпаведныя высновы».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што стварыць адпаведныя школы не так проста: «Таму мы нічога не загубілі. І мы адданыя перш за ўсё нашаму, як модна цяпер гаварыць, рынку — постсавецкаму. Таму што мы нідзе нікому не патрэбныя».
Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго склаліся добрыя адносіны з мусульманскім светам, з асноўнымі дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі. «Як бы ні было складана, мы патрошку спрабуем туды прабівацца. У нас жа не гіганцкая эканоміка, як, дапусцім, у Расійскай Федэрацыі. Як я гавару, нам шмат і не трэба, — заявіў беларускі лідар. — Але тыя тэхналогіі, якімі мы сёння валодаем, яны, як раней я гаварыў, у краінах, якія развіваюцца, трэцяга свету, сёння патрэбныя. І мы ім прапануем гэтыя тэхналогіі. Мы шмат што ўмеем. І зноў — усё гэта з савецкіх часоў. У нас не наймагутнейшая эканоміка, але тэхналогіі, якімі мы валодаем, большай частцы краін у свеце сёння патрэбныя».

І мы тэхналогіі прапануем, працягнуў беларускі лідар. «Але не толькі тэхналогіі, а і навучаем людзей. Таму што вы бачылі, нядаўна (дзесьці гады тры таму) даручаў стварыць новы магутны трактар, які заменіць 15 трактароў. На ім трэба ўмець працаваць — касмічны апарат! І калі мы прадаём кудысьці ў Паўднёва-Усходнюю Азію ці ў Афрыку — ніхто не ўмее на ім працаваць. Мы запрашаем адтуль людзей прама на канвеер, навучаем іх. Ён (спецыяліст з іншай краіны. — „Зв.“) збярэ сваімі рукамі гэтую тэхніку, ён ужо ведае, як яе рамантаваць. Ну і плюс — сэрвісныя цэнтры».
І зноў жа — гэта ўсё — з савецкіх часоў. «Мы не абсякалі карані з тых часоў, калі закладваліся асновы нашай эканомікі. Таму сёе-тое ў нас атрымалася і ў машынабудаванні, і ў будаўніцтве ніякіх праблем няма. Мы вырабляем усё неабходнае: ад цэменту і цэглы да найноўшых тэхналогій. І сельская гаспадарка: сёлета мы плануем, што прададзім сельгаспрадукцыі на 10 мільярдаў долараў. Для Беларусі гэта добрыя аб’ёмы», — заявіў Прэзідэнт.
«Не трэба спяшацца выкідваць тое, што сёння дае карысць»
«Галоўнае, пра што я вас хачу папрасіць сёння, — гэта расійскі рынак і вашы дзяржавы. Гэта — аснова. На 80 % мы ў вас (з постсавецкімі краінамі. — „Зв.“) гандлюем. Таму я вас прашу: не спяшайцеся ад гэтага сыходзіць. Паверце мне, нідзе нас не чакаюць», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў гэтай сувязі параіў Арменіі ў сваім імкненні ў ЕС не ставіць воз наперадзе каня. «Калі ты вырашыў у Еўрапейскі Саюз, ну куды ты спяшаешся? Ты выразна вызначы, куды твой каньяк забяруць, куды твае гародніну, садавіну забяруць, у якім аб’ёме. Ці зможаш ты замясціць тое, што прадаеш сёння ў нас. Калі ты пераканаўся ў тым, што ў цябе Францыя купіць твой каньяк (свой няма куды падзець, але ў цябе купіць), добра — ідзі. Чаго ты бяжыш? Чаго ты ставіш воз наперадзе каня? Не трэба спяшацца выкідваць тое, што табе сёння дае карысць. Не трэба сыходзіць з гэтага агульнага рынку», — заклікаў беларускі лідар

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у адной з размоў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным згадвалася сітуацыя са складанай зімой ва Узбекістане, калі гэтай краіне патрэбны былі дадатковыя аб’ёмы прыроднага газу. І рашэнне было знойдзена пры дапамозе Расіі і Казахстана.
«Я гавару: вядома, узбекам трэба дапамагчы, усё ж такі нашы людзі. Але вось як дапамагчы? Праз Казахстан паставіць — там магутнасці не хапае. Увогуле, там цэлая была гісторыя. Узбекі да каго звярнуліся? Да Расіі. І знайшлі вырашэнне пытання. Праз Казахстан. І Казахстану выпадаючыя магутнасці паставілі, і Узбекістану. Дзе на Захадзе да нас могуць так паставіцца? Нідзе. Таму не губляйце тое, што ёсць. Калі дзесьці нешта не так, ну дык вы ж на адной мове размаўляеце, — прывёў канкрэтны прыклад кіраўнік дзяржавы. — Як чалавек, які нямала прапрацаваў, раю вам: ваша справа, якога курсу прытрымлівацца, але тое, што сёння дае вынік, не выкідвайце. А вынік — гэта наш агульны рынак. Знойдзеце дзесьці шчасце на баку (калі знойдзеце, пераканайцеся), ну тады ўжо прымайце рашэнне. Але пакуль такога шчасця ў нас нідзе на баку няма».
Кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на тым, як супрацоўніцтва і інтэграцыя дазволілі Беларусі і Расіі паспяхова выстаяць перад тварам «драконаўскіх санкцый», развіваючы кааперацыю: «Усё, што вы бачылі (на выстаўцы „ІНАПРАМ. Беларусь“. — „Зв.“), гэта не толькі таму, што мы не адкінулі з савецкіх часоў штосьці. Там палова ў гэтых прадуктах — трактарах і іншым — расійскае. З улікам металу, асобных вузлоў, агрэгатаў, якія мы ў Расіі купляем і ў вашых краінах. Тэхналогіямі валодаем, а рэсурсы ў вас. У нас столькі няма, каб зрабіць гэта. Вось што такое інтэграцыя. І, увёўшы санкцыі, Захад праслязіўся. Неяк вытрымалі. Нават у гэтых умовах вайны».
«Мы з Расіяй вызначылі ад Брэста да Уладзівастока адзіную Айчыну»
Прэзідэнт заявіў, што Беларусь заўсёды будзе адданая агульнаму курсу з Расіяй, нягледзячы на некаторыя асаблівасці разумення канфлікту ва Украіне. «Два словы, каб вы разумелі маю пазіцыю па вайне ва Украіне. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. — „Зв.“) часта абмяркоўваем гэту тэму, падыходы ў нас больш вывераныя, таму што і ён, і я ведаем, што адбываецца на лініі баявога судакранання. Ну і ў рэшце рэшт, мы „саагрэсары“ з ім. У нас адно пытанне — хто большы „агрэсар“ — я ці ён (іншы раз жартам абмяркоўваем гэтыя пытанні)», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Вядома, у мяне ёсць нейкія асаблівасці пры ацэнцы канфлікту ва Украіне. Я Прэзідэнту Пуціну адкрыта аб гэтым сказаў: у мяне ёсць сваё разуменне асобных аспектаў канфлікту ва Украіне, але мы заўсёды будзем адданыя нашаму агульнаму курсу. Калі вы, кіраўніцтва Расіі, прымеце рашэнне, мы заўсёды будзем з вамі, нягледзячы на нашы асаблівасці разумення таго, што там адбываецца. Мы ніколі не былі здраднікамі», — заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ ў першыя дні канфлікту ва Украіне проста заявіў аб тым, што Беларусь ніколі не дазволіць страляць у спіну Расіі. «Мы прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі. Чаго б мне ні каштавала гэтая заява (на Захадзе цяпер пачнуць гэта ўсё „перамываць“), мы будзем з нашым брацкім народам, будуючы нашу адзіную эканамічную, палітычную і іншую прастору. Я гэта ацэньваю як нашу агульную Айчыну — ад Брэста да Уладзівастока», — канстатаваў Прэзідэнт.
Калі іншыя краіны ЕАЭС захочуць далучыцца да гэтага — калі ласка, працягнуў беларускі лідар. «Калі ў вас нейкія іншыя мэты і кірункі супрацоўніцтва, гэта ваша права — вы суверэнныя і незалежныя дзяржавы, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Але мы з Расіяй вызначылі ад Брэста да Уладзівастока адзіную Айчыну, дзе існуе дзве дзяржавы. Так склалася. Дзесьці добра, дзесьці дрэнна, але мы спрабуем не страціць тое, што нам дасталося ад ранейшых пакаленняў. Пытанне філасофскае: падумайце над тым, што я сказаў, не выкідвайце тое, што сёння прыносіць вам карысць. А з часам нешта вырашыцца, нешта адбудзецца з-за глабальных тэктанічных зрухаў, якія адбываюцца на міжнароднай арэне».
«Ніколі не здрадзім нашым агульным інтарэсам»
Гаворачы аб супрацоўніцтве з краінамі ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь у меру сваіх сіл заўсёды гатова дапамагчы і зрабіць усё неабходнае для партнёраў. «Калі мы штосьці можам (мы, вядома, не глабальныя краіны, як Расія ці Казахстан, але мы штосьці можам) і абавязкова павінны дапамагчы. Як бы ні было нам сёння складана, мы стараемся заўсёды дапамагчы. Мы ніколі не здрадзім нашым агульным інтарэсам і проста так мы заявы не робім, як бы складана ні было — мы будзем вырашаць нашы агульныя праблемы», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што свет змяняецца, і тое, што запланавана сёння, можа быць немагчымым у сілу зменлівых умоў. «Таму яшчэ раз гавару, трэці раз хачу падкрэсліць, гэта маё цвёрдае перакананне, што ўрадам сёння дастаецца не толькі ў Расіі, Беларусі, у якіх санкцыі сёння ўздзейнічаюць на нас, але і вам у тым ліку, і ў сувязі з санкцыямі нашымі, дастаецца, і вам няпроста. Пацярпіце. Свет цяпер вельмі сур’ёзна змяняецца, вельмі сур’ёзна. І тое, што мы сёння запланавалі, заўтра ўжо можа быць немагчымым у сілу зменлівых умоў у нашым гэтым шалёным свеце. Але ідзе жорсткая канкурэнцыя», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
«Удзячны за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду»
Гаворачы аб маштабных трансфармацыях у свеце і жорсткай канкурэнцыі, Прэзідэнт згадаў пра ЗША і Прэзідэнта Дональда Трампа. «Нягледзячы на тую мітусню, якая часта з боку Трампа (раніцай — адно, вечарам — другое), я яму ўдзячны за тое, што ён адкрыта агаліў палітыку Захаду, і перш за ўсё ЗША. Вось як ёсць. „Венесуэла — гэта нафта. Куба — гэта наша (гаворка пра ЗША. — „Зв.“) бяспека, тут ні Расіі, ні Кітаю, нікому тут справы не павінна быць, гэта — наша. Грэнландыя — яна патрэбна, таму што...“ Ён не хаваецца за нейкімі дыпламатычнымі фармулёўкамі. А мы ўбачылі рэальны твар заходняй палітыкі, заходняй дыпламатыі, і перш за ўсё ЗША. Зыходзячы з гэтага вы, бачачы іх палітыку, рабіце для сябе высновы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што называў сябе трампістам, падтрымліваючы кандыдатуру Дональда Трампа на апошніх выбарах у ЗША. Але пры гэтым заўсёды адкрыта, у тым ліку ў перагаворах з амерыканскай дэлегацыяй, крытыкуе тыя ці іншыя дзеянні цяперашняга Прэзідэнта ЗША, прама заяўляе аб сваёй пазіцыі.
«Мы вашы сябры, і вы можаце на нас разлічваць»
Напрыканцы сустрэчы Прэзідэнт краіны сказаў кіраўнікам дэлегацый — удзельнікам пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, што яны могуць на нас разлічваць. «Мы вашы сябры, і вы можаце на нас разлічваць. Нават у самыя складаныя часы, нават тады, калі нам, можа, не вельмі выгадна. Але вы ведаеце, што тут вашы людзі, вашы сябры, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў сустрэчы. — І вы прыехалі на сваю зямлю. Не толькі расіяне, рускія людзі, але і ўсе вы. Вы для нас не чужыя».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у Беларусі памятаюць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь абаранялі жыхары тых дзяржаў, якія сёння ўваходзяць у склад Еўразійскага эканамічнага саюза. Імёны герояў ушанаваны ў назвах плошчаў і вуліц беларускіх гарадоў.
«Мы сабе ніколі не дазволілі знесці чыйсьці помнік або перайменаваць вуліцу. Адзіная ў свеце краіна, якая гэтага не рабіла ніколі. Плошча і помнік Леніна як былі, так і ёсць, і Дзяржынскага, і (парк. — „Зв.“) Уга Чавеса. Гэта быў наш чалавек. На жаль, так склалася, што яго сёння няма», — сказаў Прэзідэнт.
У завяршэнні сустрэчы беларускі лідар запэўніў кіраўнікоў урадаў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, што ўсе іх дамоўленасці, дасягнутыя з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным, Мінск абавязкова выканае.
«Мелі магчымасць у чарговы раз на свае вочы ўпэўніцца ў вялікім прамысловым патэнцыяле»
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Казахстан Алжас Бекценаў ад імя ўсіх калег падзякаваў за магчымасць сустрэцца з беларускім Прэзідэнтам. «Мы хочам вам далажыць, што актыўна працуем. І ўчора разам наведалі выстаўку „ІНАПРАМ. Беларусь“. Мелі магчымасць у чарговы раз на свае вочы ўпэўніцца ў тым вялікім прамысловым патэнцыяле, які ёсць у кожнай краіне і паглядзець у тым ліку праекты, якія рэалізаваныя ў кааперацыі паміж нашымі краінамі», — адзначыў Прэм’ер-міністр Казахстана.
Ён прызнаўся, што ўбачанае ўразіла і дало разуменне і напрамак, куды можна рухацца далей з мэтай умацавання інтэграцыйных сувязяў, вытворчых ланцужкоў, транспартнай звязанасці і гандлёвых сувязяў. Як адзначыў Алжас Бекценаў, ва ўсіх ёсць адзінае разуменне, як і куды неабходна рухацца. Таксама, карыстаючыся магчымасцю, ён перадаў словы прывітання ад Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарт Такаева беларускаму лідару і адзначыў, што сёлета Казахстан старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Надзея ЗУЕВА