Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: За Беларусь вы можаце быць абсалютна спакойныя

Аб духоўным і дзяржаўным гаварыў Прэзідэнт з прадстаяцелем Рускай праваслаўнай царквы.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. У нашай краіне Патрыярх знаходзіцца са знакавай нагоды — святкавання 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. І сустрэча з беларускім лідарам пачалася ўрачыста: за ўклад у развіццё царкоўна-дзяржаўных адносін Патрыярх Кірыл узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Святога Дабравернага князя Данііла Маскоўскага першай ступені.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе яго ўзнагароды, у тым ліку і ордэн Андрэя Першазваннага, які яму ўручыў Уладзімір Пуцін, захоўваюцца ў Палацы Незалежнасці і выклікаюць вялікую цікавасць у яго наведвальнікаў. Як вядома, дзверы Палаца Незалежнасці адчынены для простых беларусаў. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ордэн, атрыманы з рук патрыярха, таксама зойме ганаровае месца.

«Мы стараемся запаведзі Госпада не парушаць»

Патрыярх Кірыл падзякаваў Аляксандру Лукашэнку ў першую чаргу за тое, як жыве Беларусь. Ён прызнаўся, што наша краіна — блізкая яго сэрцу. «Вялізныя перамены ў жыцці краіны, і не толькі эканамічныя, не толькі дабрабыт народа, але і агульная атмасфера, — адзначыў ён. — Будучы Мітрапалітам Смаленскім, у свой час я часта праязджаў праз Беларусь, бываў у Беларусі і магу параўнаць, якія велізарныя перамены адбыліся за гэты час. І ўсё гэта пры вашым кіраўніцтве. І я думаю, што многія рэчы былі вынікам вашага творчага ўяўлення, якімі павінны быць краіна, народ, горад. І гэта ўсё сапраўды рэалізоўваецца на карысць Беларусі».

Патрыярх падкрэсліў брацкія адносіны паміж беларускімі і рускімі народамі: «Для мяне вось гэты фактар сапраўднага сяброўства, узаемадапамогі з’яўляецца вельмі важным паказчыкам таго, што складваецца ў міждзяржаўных адносінах. Таму хацеў бы асабіста Вам падзякаваць, у Вашай асобе выказаць падзяку і ўдзячнасць усяму беларускаму народу».

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу заўважыў, што ўвесь свой шлях развіцця Беларусь прайшла на вачах Патрыярха Кірыла, які бачыў і дрэннае, і добрае. «І для мяне вельмі каштоўныя вашы заўвагі і высновы, якія вы толькі што выказалі, — прызнаўся ён, падзякаваўшы прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы за візіт у Беларусь. — Упэўнены, што сапраўды ў вашым сэрцы Беларусь, упэўнены, што вы аддаяце належнае спакою, цішыні, у якіх развіваецца наша краіна. Хоць вы бачыце (як бывала гэта раней, і нават на нашай з вамі памяці): не ўсё спакойна ў Беларусі. Заўсёды камусьці чагосьці хочацца, але мы стараемся запаведзі Госпада не парушаць у Беларусі, таму нам удаецца жыць больш-менш спакойна. Не скажу, што мы вельмі багатыя. Хто як можа, так і зарабляе з дапамогай Госпада. Але калі сам працуеш, Гасподзь дапамагае — мы гэту запаведзь памятаем, таму стараемся ў гэтым плане арганізоўваць наша жыццё. За Беларусь вы можаце быць абсалютна спакойныя».

«Царква — гэта важны фактар яднання народа»

Прэзідэнт расказаў аб ініцыятыве стварыць у Беларусі цэнтры для кожнай рэлігійнай канфесіі. Для праваслаўя такім цэнтрам стане Жыровіцкі манастыр. Беларускі лідар адзначыў, што там ужо многае зроблена, каб гэта месца стала годным цэнтрам паломніцтва. «Жамчужына», — ацаніў патрыярх. Беларускі лідар звярнуў увагу, што станоўча змяніўся не толькі манастыр, але і ў цэлым той край. «Наогул усе землі, якія вакол. Уладыку аддалі — бярыце, апрацоўвайце там з людзьмі манастыра», — расказаў ён.

«Як Гасподзь сказаў Адаму ў раі: вось зямля — бяры і апрацоўвай», — заўважыў патрыярх. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія цэнтры будуць створаны для ўсіх рэлігій, каб кожны знайшоў сваю дарогу да храма. «Мы рэалізоўваем гэтыя пачынанні. Я не бачу крыўды з боку і мусульман, і каталікоў, і іўдзеяў. Я не бачу ніякіх праблем. Яны ўспрынялі гэта добра», — адзначыў ён.

Патрыярх Кірыл звярнуў увагу, што так і павінна быць. Паводле яго слоў, гэта традыцыйныя рэлігіі, ад якіх ніколі ніякіх адмоўных дзеянняў не ішло, у адрозненне ад рознага роду сект, якія накіраваны на раздзяленне народа. Ён растлумачыў, што ў аснове філасофіі сект — менавіта раздзяленне, што вельмі небяспечна і для рэлігійнага жыцця народа, і для дзяржавы. «А традыцыйныя рэлігіі не маюць такіх мэт. Руская праваслаўная царква, яе Беларускі экзархат — гэта вельмі важны фактар яднання народа, яднання людзей вакол высокіх мэт і каштоўнасцяў. І дзеянне Царквы заўсёды пазбаўлена якіх-небудзь палітычных мэт, што супярэчылі б інтарэсам народа і дзяржавы. За гэта нас заўсёды сёй-той крытыкаваў, таму што гэту лінію мы заўсёды падтрымлівалі. Не павінна быць у царкве ніякіх імкненняў да развіцця цэнтрабежных тэндэнцый у грамадстве. Наадварот, толькі да аб’яднання. Таму праваслаўная Царква, у дадзеным выпадку хачу сказаць пра Беларускую праваслаўную царкву, — гэта вельмі важная сіла, якая аб’ядноўвае беларускі народ і навучае людзей, якія гатовыя чуць слова Царквы, на тое, каб здзяйсняліся добрыя справы на карысць Айчыны, на карысць народа, на карысць сваёй сям’і і на выратаванне сваёй уласнай душы», — падкрэсліў Патрыярх Кірыл.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ў пытанні работы з сектамі дзяржава арыентуецца на веды Царквы, якая заўсёды падкажа, што рабіць.

Валерыя СЦЯЦКО

У тэму

Патрыярх Кірыл:  «У Беларусі адчуваеш, што ты свой сярод сваіх»

255878-11.jpg

Журналістам Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі прызнаўся, што адказваць на пытанне аб уражаннях ад Беларусі яму вельмі лёгка: «Калі прыязджаеш у Беларусь, адчуваеш, што ты свой сярод сваіх. Гэта краіна, якая бліжэй за ўсіх і па культуры, і па веры. І калі казаць аб нейкіх палітычных складніках, то і стратэгічны напрамак палітыкі дзвюх дзяржаў супадае. Таму ніякіх фактараў, якія маглі б азмрочыць знаходжанне на гэтай цудоўнай зямлі».

Журналісты пацікавіліся, ці абмяркоўваў Патрыярх з Прэзідэнтам Беларусі абмен палоннымі з украінскім бокам, у чым дапамагае і Беларусь. Патрыярх Кірыл адзначыў, што спецыяльна аб гэтым не гаварылі, але назваў дадзеную тэму вельмі важнай, паколькі размова ідзе аб лёсах людзей. «Царква заўжды стаяла на той пазіцыі, што, калі гэта магчыма, калі гэта не цягне небяспечныя наступствы, — трэба ажыццяўляць такія дзеянні, — адзначыў ён. — Вайна, нават калі размова ідзе аб высакародных мэтах, заўсёды суправаджаецца ахвярамі людзей. Таму ў Царквы не можа быць іншага пасылу акрамя таго, што, калі немагчыма скараціць пакуты, іх трэба мінімізаваць».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю