Top.Mail.Ru

Лукашэнка патрабуе ўзмацніць падрыхтоўку афіцэрскага складу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць падрыхтоўку афіцэрскага складу і забяспечыць жорсткі кантроль за гэтым не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў Ваеннай акадэміі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 3 сакавіка, прымаючы кадравыя рашэнні ў кіраўніцтве Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, паведамляе БелТА.


Прэзідэнт адзначыў, што прызначаным на новыя пасады Аляксандру Невяроўскаму і Андрэю Гарбаценку трэба працаваць у няпросты перыяд. «Няпросты не таму, што нас атачаюць рознага роду прахіндзеі ад палітыкі і ў ваенных адносінах нашы сапернікі (калі не сказаць больш жорстка). Не таму», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Складанасць будучай работы тлумачыцца перш за ўсё сур’ёзнасцю задач, якія трэба будзе вырашаць. Вызначаны яны былі ў тым ліку ў час правядзення раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая была арганізавана па рашэнні Прэзідэнта і, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, будзе прадоўжана. «Гэта прыклад, як мы будзем дзейнічаць далей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Аляксандр Віктаравіч прымаў непасрэдны ўдзел у гэтай праверцы, бачыў усё на свае вочы. Думаю, і вы не ў баку былі», — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.

«У бліжэйшы час мы падвядзём вынікі. І вось тут для вас вельмі сур’ёзны час, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Самая галоўная выснова, якую мы павінны зрабіць з гэтай праверкі, я ўжо нядаўна абазначыў: мы павінны па-сапраўднаму рыхтаваць афіцэрскі склад. Гэта ўжо ваша цяперашняя задача. Ды яна будзе перад вамі стаяць заўсёды. З гэтым прыцэлам я і вырашыў прызначыць вас — каб мы бачылі гэту галоўную праблему».

«Ідэальных вайскоўцаў не будзе. Нават у ваенны час. Мы гэта бачым па Украіне з аднаго і другога боку. Гэта мая асабістая выснова, і не толькі мая. Людзі будуць розныя: і добра падрыхтаваныя, і менш падрыхтаваныя. Але я загадзя папярэджваю ўсіх: хто будзе добра гатовы да вайны, той будзе жыць. Хто цяп-ляп — той жыць не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён яшчэ раз падкрэсліў важную ролю афіцэрскага складу ў сітуацыі вядзення баявых дзеянняў: «Галоўнае — гэта афіцэр, камандзір узвода, роты і гэтак далей. Калі ён будзе падрыхтаваны, ён захавае салдат, сваіх падначаленых, ён захавае хлопцаў на полі бою. Тое, чаго яны не дацягваюць у сілу сваёй расхлябанасці: „Ай, чаго там, не будзе гэта вайна...“ У вайне, у баі гэта ўсё будзе праяўлена. І тое, чаго яны не разумелі на грамадзянцы, афіцэр у ваенны час павінен падказаць ім, як дзейнічаць».

«Сказаць, што ў нас ідэальна ў гэтых адносінах, — не. І гэта вашы недапрацоўкі. Таму на новай пасадзе вы жорстка павінны кантраляваць падрыхтоўку нашых вайскоўцаў не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў акадэміі (Ваеннай акадэміі. — Заўв. БелТА)», — абазначыў кола задач Прэзідэнт.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю