Top.Mail.Ru

«Афрыка для Беларусі — рынак будучыні, куды трэба актыўна ісці і заваёўваць свае нішы»

У цэнтры ўвагі Прэзідэнта — пытанні развіцця супрацоўніцтва з краінамі самага перспектыўнага кантынента.


Нарада, на якой абмеркавалі супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі, прайшла ў Палацы Незалежнасці. Гэты напрамак знешняй палітыкі становіцца ўсё больш актуальным. Як неаднойчы казаў беларускі лідар: праспім Афрыку — страцім прырост сваёй эканомікі ў будучыні.  

«Нашы традыцыйныя рынкі трэба пашыраць, і не толькі таму што мы там пачалі прасядаць, асабліва ў плане экспарту нашай прадукцыі, — адзначыў Прэзідэнт. — Як мне далажылі, ва ўрадзе былі не вельмі гатовы да сённяшняй нарады, нават было нейкае супраціўленне. Так гэта ці не — не так важна. Хачу папярэдзіць усіх членаў урада і тых, хто адказвае за кірунак супрацоўніцтва з Афрыкай: павінны быць гатовыя з раніцы да вечара кожны дзень дакладваць аб вырашэнні тых ці іншых праблем».  
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што збірае нарады не для таго, каб тэарэтызаваць або разглядаць вялікія філасофскія праблемы, трактаты пісаць і гэтак далей. А для абмеркавання рэальнай работы. «І я хацеў бы пачуць сёння, як праводзіцца гэта работа і што далей будзем рабіць. Таму трэба быць гатовымі да гэтага заўсёды», — запатрабаваў Прэзідэнт.  

У моцнай счэпцы з лакаматывам, а не на падножцы  

«Афрыка для Беларусі — той жа Кітай 30 гадоў таму, рынак будучыні, куды трэба актыўна ісці і заваёўваць на ім свае нішы. Менавіта там рэзерв дыверсіфікацыі экспарту для базавых галін нашай эканомікі — сельскай гаспадаркі, машынабудавання, вытворчасці мінеральных угнаенняў і іншых», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы прывёў лічбы. Тэмпы росту ВУП афрыканскага кантынента перавышаюць сярэднесусветныя (4,2 % супраць 3,2 % у 2025 годзе), дэмаграфічнага росту — тым больш (2-3 % у год). А неадэкватна нізкая доля ў міжнародным гандлі (2,6 % сусветнага экспарту і 3 — імпарту) кажа пра тое, што там сціскаецца спружына адкладзенага попыту. 
«Плюс — гэта сапраўдная скарбніца свету па сыравінных рэсурсах — трэць сусветных запасаў карысных выкапняў, у тым ліку 8 % усяго прыроднага газу, 12 % нафты, 40 % золата, да 90 % хрому і плаціны. Гэта ператварае Афрыку ў лакаматыў, у счэпцы з якім можна рухацца наперад. Але менавіта ў моцнай счэпцы, а не спрабуючы заскочыць на апошнюю падножку адыходзячага цягніка», — працягнуў кіраўнік дзяржавы.  

Прэзідэнт нагадаў, што ўрад яшчэ пры ранейшым прэм’ер-міністры Раману Галоўчанку (сённяшні кіраўнік Нацбанка таксама прысутнічаў на нарадзе), прыняў праграму дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі на 2024 — 2026 гады. «Я не буду яе характарызаваць. Скажу, што прынялі самі для сябе вельмі лёгкую ненапружаную праграму, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Тэмп росту экспарту тавараў — 107,2 % пры сярэднім па краіне 97 %. Быццам бы нядрэнны рост, але лічбы занадта заніжаныя. Здавалася б, вось ён — шанц. Раз пайшлі справы, дык трэба сабраць рэзервы, падтрымаць найлепшых, навучыць астатніх. А насамрэч? Хай прысутныя мяне паправяць, але прыкмет сістэмнай работы я не бачу. Ніхто нічога не карэкціруе ні ў планах, ні ў метадах». 

20251030-GOR_0141-2_result.jpg

Тым часам, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, у бягучым годзе «ачышчаны» экспарт (без нафтапрадуктаў, угнаенняў і спецпрадукцыі) складае менш за чвэрць ад аб’ёму паставак (130 млн долараў, або 24,5 %). 

Трэба ісці на «далёкую дугу» і там працаваць 

«Жыццё падкідвае задачы без уліку ненапружаных планаў урада. Сітуацыя на нашых асноўных экспартных рынках цяпер складаная. Адтуль мы ні ў якім выпадку не пойдзем і будзем змагацца за свайго спажыўца. Але ў прадпрыемстваў і галін ужо не можа быць адгаворак, што ўсё закантрактавана, што хтосьці ў Расіі прапануе лепшую цану і гэтак далей. Трэба ісці на «далёкую дугу» і там працаваць. Гэта сур’ёзная задача, і не толькі сённяшняга дня», — заявіў кіраўнік дзяржавы. І паставіў задачу прысутным: забяспечыць загрузку магутнасцяў, працоўныя месцы і заробкі для нашых людзей. Менавіта ў складаных сітуацыях!  

Пакуль жа на ўсе афрыканскія краіны прыпадае толькі 2 працэнты ад агульнага экспарту Беларусі (за 8 месяцаў 2024 года — 1,9 працэнта), заўважыў Прэзідэнт. Пашырылася геаграфія нашай прысутнасці ў рэгіёне. «Да 2019 года Беларусь супрацоўнічала пераважна з краінамі поўначы Афрыкі: Егіптам, Лівіяй і Суданам. Сёння ўжо напрацаваны значны палітычны капітал з Зімбабвэ, Нігерыяй, Эфіопіяй, Кеніяй. Цікавасць да актывізацыі сумеснай работы праяўляюць Уганда, Батсвана, Гана, Мазамбік, — прывёў факты Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, як манетызаваць палітычны капітал ва ўзаемавыгадныя праекты. Алгарытм адпрацаваны на праграме механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ. Цяпер па гэтай жа схеме паспяхова супрацоўнічаем з Нігерыяй. Сумарна туды ўжо пастаўлена больш за 5 тысяч адзінак беларускай сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, праводзіцца навучанне персаналу, наладжваецца работа сервісных цэнтраў. Ёсць планы па стварэнні зборачных вытворчасцяў. Усе разумеем, як трэба рабіць, але робім вельмі павольна. Пытанне да прысутных: якая краіна будзе наступнай і калі пачынаем?».  

GOR_3364_001_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Алжыр выказвае гатоўнасць вывесці адносіны на якасна новы ўзровень, падмацаваўшы іх сур’ёзнымі праектамі. «Разлічваю ў самы бліжэйшы час абмеркаваць прадметныя крокі і канкрэтныя эканамічныя задачы з Прэзідэнтам Тэбунам. Нядаўна міністр замежных спраў пабываў у Алжыры. Не спазніліся мы ў Алжыр з нашай прадукцыяй?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.  

Прэзідэнт пазначыў кірункі супрацоўніцтва, па якіх патрэбны дадатковыя прапановы. Сярод іх — забеспячэнне харчовай бяспекі рэгіёна, нарошчванне паставак прамысловай і ваенна-тэхнічнай прадукцыі, перспектывы стварэння зборачных вытворчасцяў, падрыхтоўка кадраў, ахова здароўя і іншыя.  

Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў нарады да максімальна прадметнай размовы, без разваг і філасофствавання.  

Станоўчая дынаміка экспарту захоўваецца  

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч, адказны за афрыканскі напрамак, далажыў, што ў 2024—2025 адзначаецца пазітыўная дынаміка экспарту беларускіх тавараў у гэты рэгіён. «У 2024-м пастаўкі ў краіны Афрыканскага кантынента ажыццёўлены на 633 мільёны долараў, экспарт паслуг — на 86 мільёнаў долараў. За студзень—жнівень 2025 года дынаміка экспарту ў Афрыку захоўваецца. Па таварах — тэмп росту 107 %, па паслугах — у 3,3 раза», — далажыў віцэ-прэм’ер. Асноўную долю ў экспарце займаюць металапрадукты, нафтапрадукты, угнаенні.

Даслоўна

Падрабязней пра дасягненні і перспектывы супрацоўніцтва з Афрыкай, а таксама аб даручэннях, дадзеных Прэзідэнтам, журналістам расказалі адказныя службовыя асобы. 

Кіравацца комплексным падыходам

000021_1761819184_745984_big.jpg

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч адзначыў, што важна пашыраць станоўчы досвед супрацоўніцтва, які ўжо напрацаваны з краінамі Афрыкі, напрыклад з Нігерыяй, Зімбабвэ. У гэтых краінах быў рэалізаваны комплексны, стадыйны падыход па рэалізацыі паставак беларускай тэхнікі і прадукцыі на іх рынак. «Ад паставак тэхнікі мы ідзём да стварэння сэрвісных цэнтраў, навучання персаналу, які зможа не толькі эксплуатаваць гэту тэхніку, але і ў далейшым займацца яе рамонтам і абслугоўваннем у рамках тых жа сэрвісных цэнтраў. А затым — пераход да стварэння сумесных зборачных вытворчасцяў самой тэхнікі. Наступны этап — прапрацоўка пытанняў па стварэнні сумесных вытворчасцяў па перапрацоўцы, у першую чаргу, сельскагаспадарчай прадукцыі з мэтай умацавання харчовай бяспекі ў гэтых краінах. Добры вопыт быў рэалізаваны ў Зімбабвэ, дзе ўжо пастаўлена тэхніка, створаны сэрвісныя цэнтры і ў рамках трэцяга этапу плануецца рэалізацыя зборачных вытворчасцяў пасажырскай тэхнікі, будаўніцтва двух новых зернесушыльных комплексаў — гэта значыць, рэалізаваны комплекс мер, накіраваных на доўгатэрміновае перспектыўнае супрацоўніцтва», — расказаў Віктар Каранкевіч. 

У Нігерыі рэалізаваны першы этап такога комплексу мер — пастаўлена больш за дзве тысячы трактароў, сем тысяч адзінак навяснога прычапнога абсталявання, і каля дзевяці тысяч запасных частак да гэтай тэхнікі. Другім этапам прадугледжваецца арганізацыя сэрвісных цэнтраў і магчымасць арганізацыі зборачных вытворчасцяў. 

«Такім чынам, гэты станоўчы досвед трэба пашыраць і выкарыстоўваць для далейшай пастаўкі нашай беларускай прадукцыі на афрыканскі рынак», — адзначыў віцэ-прэм’ер. 

Што датычыцца новых падыходаў у сферы адукацыі, то абмяркоўвалася магчымасць навучання ў беларускіх ВНУ студэнтаў з гэтых краін. У частцы аховы здароўя абмяркоўваецца перадача беларускага досведу, пастаўкі беларускай медыцынскай тэхнікі і беларускіх прэпаратаў. 

«Такі комплексны падыход дасць магчымасць у далейшым умацоўваць і развіваць адносіны з краінамі Афрыкі, адкрываць новыя перспектыўныя кірункі для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — дадаў Віктар Каранкевіч. Вядома, не абыходзіцца без складанасцяў. Але, па словах віцэ-прэм’ера, у іх вырашэнні важна задзейнічаць усе зацікаўленыя арганізацыі і органы дзяржкіравання. «Самае галоўнае — павінна быць зацікаўленасць вытворцаў. Яны павінны таксама матываваць усіх на пастаўкі тэхнікі, на яе якаснае абслугоўванне, забеспячэнне рамонту. І самае галоўнае — паказаць яе эфектыўнасць», — патлумачыў ён. 

Што датычыцца сыравіннай базы Афрыкі і яе выкарыстання, Віктар Каранкевіч адзначыў, што да кожнага выпадку трэба падыходзіць асобна, вывучаючы эканамічную мэтазгоднасць прымянення гэтых рэсурсаў. Усе гэтыя пытанні старанна адпрацоўваюцца. 

GOR_2994_001_result.jpg

Ключавая задача супрацоўніцтва з Афрыкай — павелічэнне экспарту мінімум да аднаго мільярда долараў ЗША. І ўсе нацэлены на выкананне гэтай задачы. Віктар Каранкевіч зрабіў акцэнт на тым, што выконваць яе трэба хутка. Пры гэтым гаворка ідзе аб замацаванні на ўжо асвоеных рынках, і аб пошуку новых. Таксама стаіць задача пашырэння наменклатуры прадукцыі і павелічэння аб’ёмаў паставак.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў расказаў, што Прэзідэнтам пастаўлена задача ўзаемадзейнічаць у пытанні рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі на афрыканскі рынак. Работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца некалькі гадоў. Па некаторых відах прадукцыі вядзецца сістэмная работа, гэта, напрыклад, сухое малако, дзіцячае харчаванне. З некаторымі краінамі дасягнуты дамоўленасці па закупцы сродкаў для абароны раслін. «Мы выбудоўваем работу так, каб у афрыканскіх краінах яшчэ і навучаць кадры, якія займаюцца сельскай гаспадаркай, забяспечваюць сваю харчовую бяспеку. Мы ў гэтым плане аказваем і будзем аказваць ім усялякую падтрымку. Мы працуем сумесна з Міністэрствам прамысловасці нашай краіны ў частцы паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, таму што развіваць сельскую гаспадарку без яе немагчыма, — расказаў Юрый Горлаў. — Мы гатовыя прапанаваць праекты для будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў, аб’ектаў для вытворчасці прадуктаў харчавання, сыравіну для вытворчасці прадуктаў харчавання, праектаў аб’ектаў для захоўвання і перапрацоўкі збожжа. Мы гатовыя дзяліцца ўсім сваім досведам».  

Міністр адзначыў, што гэтыя пытанні не вырашаюцца хутка. Але станоўчыя прыклады ёсць. Таму перспектывы супрацоўніцтва відавочныя.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец звярнуў увагу, што экспарт адукацыйных паслуг з’яўляецца вельмі важным кірункам дзейнасці Міністэрства адукацыі. Ён прывёў лічбы — каля 2,6 тысячы студэнтаў з афрыканскіх краін навучаюцца ў беларускіх універсітэтах. «Мы рыхтуем інжынерныя кадры, спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, медыкаў і кадры па шэрагу іншых спецыяльнасцяў. Наступны крок — гэта заключэнне двухбаковых дагавораў, каб мы маглі рэалізоўваць не толькі прыцягненне замежных студэнтаў праз індывідуальныя заяўкі, але і праз сістэмную работу», — адзначыў міністр. Андрэй Іванец расказаў, што ў плане супрацоўніцтва з Зімбабвэ гаворка ўжо ідзе не толькі аб навучанні студэнтаў, але і аб стажыроўках прафесарска-выкладчыцкага складу. 

«Мы ставім сабе амбіцыйныя задачы — кратна нарасціць колькасць афрыканскіх студэнтаў, якія вучацца ў нашых універсітэтах», — рэзюмаваў міністр адукацыі.

Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў звярнуў увагу, што людзям усюды трэба якаснае медыцынскае абслугоўванне. І няхай сістэма аховы здароўя ў краінах Афрыкі крыху адстае ад сістэмы аховы здароўя Беларусі, дзе яна будавалася гадамі, уяўленне аб тым, якой яна павінна быць у краінах Афрыкі, ёсць. «Важна, каб мы мелі экспарт паслуг, каб да нас прыязджалі прадстаўнікі гэтых краін, каб яны атрымлівалі тут медыцынскія паслугі. І самае важнае, каб яны былі імі задаволеныя. Якасць медыцыны ў нас на высокім узроўні, і мы павінны гэтым дзяліцца. Сёння сістэма аховы здароўя працуе з краінамі Афрыкі ў трох кірунках: медпаслугі, адукацыйныя паслугі і фармацэўтыка. Па некаторых з гэтых кірункаў мы маем станоўчую дынаміку. Мы змаглі павялічыць экспарт медыцынскіх паслуг. У рамках адукацыі сістэма стабільная. Сёння каля 500 грамадзян афрыканскіх краін у нас навучаюцца, гэта стабільная лічба і мы павінны яе нарошчваць. Перакананы, што і вынік атрымаецца рэалізаваць у галіне фармацэўтыкі», — расказаў Аляксандр Хаджаеў. 

Міністр таксама адзначыў, што беларускія спецыялісты выязджаюць у краіны Афрыкі, каб прадэманстраваць свае навыкі, падзяліцца вопытам. Краіны Афрыкі ў гэтым зацікаўленыя.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю