Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Дзяржаўным міністрам Алжыра

«Мы можам дамовіцца аб рэалізацыі многіх праектаў»

У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Дзяржаўным міністрам, міністрам замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ахмедам Атафам, які гэтымі днямі наведвае нашу краіну з афіцыйным візітам. У цэнтры ўвагі падчас сустрэчы былі пашырэнне супрацоўніцтва і канкрэтныя крокі ў развіцці далейшага ўзаемадзеяння паміж краінамі.

«Мы ўмеем рабіць абсалютна ўсё, што сёння неабходна будзе Алжыру»

Беларуска-алжырскі палітычны дыялог значна актывізаваўся летась. У снежні 2025 года Аляксандр Лукашэнка пабываў у Алжыры з афіцыйным візітам. Гэта першы візіт на найвышэйшым узроўні ў гісторыі адносін паміж дзвюма краінамі. Зараз прапрацоўваецца візіт у адказ Прэзідэнта Алжыра ў Беларусь.

Вітаючы алжырскага госця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Я да гэтага часу знаходжуся пад уражаннем ад маёй сустрэчы з вашым Прэзідэнтам. Галоўная выснова (гэта шчыра, а не таму, што мы з вамі сустракаемся), якую я зрабіў па выніках гэтай сустрэчы, заключаецца ў тым, што мы з Алжырам можам дамовіцца аб рэалізацыі многіх праектаў. Асновай гэтага майго пераканання з’яўляецца тое, што мы ўмеем рабіць абсалютна ўсё, што сёння, а можа, і заўтра неабходна будзе Алжыру. Больш за тое, мы дамовіліся і выйшлі на шэраг канкрэтных праектаў, якія можам ажыццявіць ужо сёння ва ўзаемадзеянні з вашай дзяржавай». 

Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб гэтыя праекты атрымалі большае паскарэнне. «Калі мы прасунемся ў гэтым плане і дасягнем дамоўленасці па канкрэтных праектах, гэта паслужыць, па-першае, падмуркам для далейшых нашых адносін, па-другое, гэта адкрые новыя магчымасці ва ўзаемадзеянні паміж Беларуссю і Алжырам ужо сёння. Вось прыкладна філасофія нашых адносін, якую бачу я», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Працаваць з вамі плячо ў плячо, каб павысіць узровень двухбаковых адносін»

У сваю чаргу, Дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ахмед Атаф падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. Кіраўнік алжырскай дэлегацыі дадаў, што Прэзідэнт Алжыра ўпаўнаважыў яго данесці да ведама беларускага лідара тры пасланні. 

«Першае — гэта пасланне глыбокай дружбы і высокай ацэнкі асабіста Вам, спадар Прэзідэнт. Другое пасланне — гатоўнасць і прыхільнасць нашага лідара працаваць з вамі плячо ў плячо, каб павысіць узровень двухбаковых адносін. І трэцяе пасланне — гэта высокая ацэнка той значнай дынамікі двухбаковых адносін, якая назіраецца пасля вашай сустрэчы з нашым Прэзідэнтам у снежні мінулага года ў Алжыры, — канкрэтызаваў Ахмед Атаф. — Ён абяцае, што будзе актыўна працаваць над выкананнем тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя з вамі, у самы бліжэйшы час».

Даслоўна

«Усе інструменты двухбаковага супрацоўніцтва пасля візіту Прэзідэнта Беларусі прыйшлі ў рух»

Дзяржаўны міністр, міністр замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжыра Ахмед Атаф у размове з журналістамі адзначыў, што Беларусь і Алжыр маюць моцныя палітычныя адносіны. Ён падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за цёплы прыём. «Для мяне гонар пазнаёміцца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. І, натуральна, я перадаў яму прывітанні і пажаданні ад Прэзідэнта Абдэльмаджыда Тэбуна», — падзяліўся ён.

Ахмед Атаф расказаў, што мэта яго візіту ў Беларусь — ацаніць разам з беларускім бокам вынікі дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Алжыр, і намеціць далейшыя шляхі для развіцця супрацоўніцтва. 


Што датычыцца выканання дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Алжыр, Ахмед Атаф адзначыў тры моманты: «Першы — гэта ўсе інструменты двухбаковага супрацоўніцтва пасля гэтага візіту прыйшлі ў рух. Акрамя таго, падчас візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Алжыр была створана новая дагаворна-прававая база, якая дазваляе нам рухацца наперад у развіцці супрацоўніцтва. І трэці момант — гэта вызначэнне прыярытэтаў двухбаковага супрацоўніцтва. У нас існуе 43 сферы або кірункі, па якіх мы вядзём супрацоўніцтва. І магу сказаць, што па палове гэтых кірункаў мы ўжо дасягнулі прадметных вынікаў».

Ахмед Атаф заявіў, што вынікі, якія дасягнуты, і тэмп, які зададзены прэзідэнтамі, уражвае: «У нас ужо ёсць бачанне і планы працягнуць гэту работу — на высокім узроўні рэалізоўваць усе пагадненні, якія існуюць паміж Алжырам і Беларуссю». 

Па словах замежнага госця, да канца года плануецца правесці пасяджэнне міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве, правесці шэраг візітаў высокага ўзроўню дзеля працягу партнёрства на карысць народаў дзвюх дружалюбных краін. «Гэта выдатнае супрацоўніцтва, і я думаю, што мы зможам дасягнуць яшчэ большых вынікаў», — рэзюмаваў Ахмед Атаф.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

Падрабязнасці сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Алжыра 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю