Top.Mail.Ru

«Няма той сілы, якая здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі»

Падрабязнасці сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы


Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі пачаўся з сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. У панядзелак у Палацы Незалежнасці абмеркавалі пытанні саюзнага парадку дня, удзелу Беларусі ў Савеце міру, адносіны з РФ, ЗША, КНР і геапалітычнае становішча.

«Расія і Кітай — гэта жыццёва неабходныя для існавання Беларусі дзяржавы»

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваёй тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 8 лютага, і адзначыў, што галоўным пытаннем у ходзе гэтай размовы стала пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дасягнута дамоўленасць правесці яго 26 лютага. 

Прэзідэнт дадаў, што пасля размовы лідараў пачаліся розныя канспіралагічныя домыслы, звязаныя з тым, што пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета супала з правядзеннем першага пасяджэння Савета міру ў Вашынгтоне: «Таму ўсе нашы перагаворы, размовы з Прэзідэнтам Пуціным засланіла гэтае пытанне. Тым не менш галоўнае і асноўнае пытанне, якое мы абмяркоўвалі, — пасяджэнне вышэйшага органа нашай Саюзнай дзяржавы і далейшыя кантакты з Прэзідэнтам Расіі і перагаворы па тых пытаннях, якія датычацца Беларусі і Расіі».

  • Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся пра тых, хто хоча адарваць Беларусь ад Расіі. «Я не буду нават каменціраваць. Скажу толькі адно: няма той сілы, якая здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі. Абставіны так склаліся, што нас разам звязалі доўгія-доўгія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Хоць увогуле нас няма ў чым папракнуць. Беларусь заўсёды была арыентавана на Расію, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Там наша многае, калі не ўсё. Там нашы рэсурсы, там наш рынак, у нас поўнае адзінства ў гэтым плане. Ды і ў палітычным. Спроба выбудаваць адзіную саюзную прастору — гэта таксама зыходзіць з нашых векавых сувязяў». 

Аляксандр Лукашэнка згадаў перагаворы Беларусі з ЗША. Паводле яго слоў, пытанне Расіі ў перагаворах закраналася толькі аднойчы. «Я яго закрануў. І адразу папрасіў амерыканцаў на гэту тэму не разважаць, — адзначыў Прэзідэнт. — Менавіта ў такім плане сказаў, што мы з Расіяй даўно вызначыліся. Гэта прагучала, усе пра гэта ведаюць і мы разам будзем дзейнічаць. І не спрабуйце ўбіць паміж намі клін і неяк адарваць. На што амерыканцы сказалі: «У нас нават такой тэмы не было ў перагаворах. Мы выдатна разумеем, што такое Расія для Беларусі і Беларусь для Расіі».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Захад у свой час, уключаючы ЗША, зачыніў перад Беларуссю дзверы. «Нават у акно не прапанавалі ўлезці, — заўважыў Прэзідэнт. — Кітайцы і расіяне заўсёды трымалі свае дзверы адчыненымі. Мы што не так зрабілі? Мы што, супраць Амерыкі неяк паступалі? Не. Усё зразумела. Вось наша пазіцыя: Расія і Кітай — гэта жыццёва неабходныя для існавання Беларусі дзяржавы. Вы гэта выдатна разумееце. Таму ўсякія развагі нават Машы Захаравай (афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава. — „Зв.“). Ці там вось намеснік міністра замежных спраў выказаўся, што яны нам па-таварыску нешта раяць, рэкамендуюць. Слухайце, я 30 з лішнім гадоў працую Прэзідэнтам. Мы з вамі даўно знаёмыя. Слухайце, я бачыў розных прэзідэнтаў. Хтосьці пралічыў, што пяцярых амерыканскіх прэзідэнтаў бачыў. Я бачыў розныя сітуацыі. І мяне абвесці на роўным месцы або кудысьці спіхнуць у бок немагчыма. У мяне ў гэтым плане вялікі вопыт. Я многім-многім расіянам, а калі вы падключыцеся, мы многім можам параіць, як сябе паводзіць у адносінах да гэтага шалёнага Захаду, асноўнай часткай якога з’яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі». 

«Я ім прапанаваў ідэальны варыянт»

Прэзідэнт заўсёды адкрыта гаворыць кіраўніцтву ЗША, дзе яны не маюць рацыі. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю з Венесуэлай. «З Мадурам глупства нарабілі. Я папярэджваў. Па прапанове амерыканцаў (не я сам, яны мяне папрасілі) я быў уцягнуты ў гэту праблему. І я ім прапанаваў ідэальны варыянт. Але яны пайшлі сваім шляхам, — канстатаваў беларускі лідар. — Дональд (Трамп. — «Зв.») хацеў неяк дагадзіць ваенным. Ну і што яны зрабілі? Заўсёды трэба думаць: крок зрабіў, а што потым? Ну што цяпер? Якую можна прышыць віну ў наркагандлі Мадуру? У чым яго можна абвінаваціць? Ну дакажыце, што ён узначальваў нейкі там картэль... І калі казаць ужо пра наркотыкі, я таксама нядаўна амерыканцам гаварыў пра тое, што так, як паводзіць сябе Еўропа, — гэта кашмар. Яны ж нам сінтэтычныя наркотыкі (ну, больш у Расію, вядома, праз нас) падкідваюць. І мы нядаўна цэлы аўтамабіль, больш за тону, па-мойму, канфіскавалі наркотыкаў. Увесь свет гэтым гандлюе. З гэтым трэба змагацца. А не вінаваціць: „Вось Мадура...“ А як аказалася — не Мадура. Нафта. І гэта пытанне можна было вырашыць спакойна». 

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў яго ёсць прапанова па выхадзе з гэтай сітуацыі. «І калі яны хочуць годна і прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі, мы гатовыя з Дональдам у гэтых адносінах працаваць, — запэўніў Прэзідэнт. — Ён прагматычны чалавек, я таксама. Таму думаю, што мы абмяркуем гэту праблему. Я не хачу сказаць, што я тут галоўны дарадца і я тут магу з ім вырашыць нейкую праблему. Не. Але свой пункт гледжання я магу выказаць». 

Закранаючы пытанне магчымасці мадэрнізацыі амерыканскай дактрыны Манро, Прэзідэнт падкрэсліў: «Я ўжо перахварэў гэтай тэмай. Для мяне яна ясней яснага. Што датычыцца Злучаных Штатаў Амерыкі, дактрына Манро... Калі гэта было? Ну, калі нам жыць у 19-м ці 18-м стагоддзі, то нам заўтра сапраўды трэба з Еўропай ваяваць. Але мы такіх мэт не ставім перад сабой. Тое ж самае і ЗША». 

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў пытанне, якое датычыцца планаў Дональда Трампа захапіць Грэнландыю. «Што гэта выклікала? Адмаўленне. Нават унутры Злучаных Штатаў Амерыкі большасць пачалі гаварыць, што не, мы не хочам. З Еўропай сутыкнуліся, не кажучы пра Данію і гэтак далей. Я бачу: Дональд адступіў. Яго тактыка — націснуць, потым адступіць. Я яго тут не абараняю, але сапраўды так. Гэта яго тактыка. Мы гэта выдатна адчуваем па перагаворах са Злучанымі Штатамі Амерыкі, — канстатаваў Прэзідэнт. — І нам удаецца ў гэтых перагаворах вырашаць свае праблемы. Але ні ў якім разе мы не вырашаем гэтыя праблемы за кошт брацкай і роднай нам Расіі». 

«Я ніколі не баяўся нікога і баяцца не збіраюся»

«Я не ведаю ўжо, якія будуць прэзідэнты ў Беларусі, але ўсё больш схіляюся да таго, што такія будуць, як Лукашэнка. Яны ад Расіі не адыдуць, — упэўнены беларускі лідар. — Калі хтосьці спадзяецца, што хтосьці прыйдзе, гэтыя нашы „ціхушкі-лахушкі“ і іншае... Нашы прэзідэнты вось тут — у Беларусі. Таму з Расіяй у нас зразумела. Галоўнае, каб Расія падтрымлівала Беларусь у патрэбны момант і, крый божа, не адвярнулася ад Беларусі». 

Вяртаючыся да тэмы ўдзелу кіраўніка дзяржавы ў Савеце міру, Прэзідэнт расказаў, чаму прыняў рашэнне не ехаць у гэты раз. Яшчэ раней прэс-служба беларускага лідара паведаміла, што пад увагу былі прынятыя магчымыя лагістычныя складанасці, выкліканыя незаконнымі санкцыямі, у прыватнасці, закрыццём паветранай прасторы над ЕС. «Я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? — задаў пытанне беларускі лідар. — Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашыце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і паляцець адтуль».

На чуткі пра тое, што нібыта Прэзідэнт Беларусі пабаяўся за сваю бяспеку, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Я ніколі не баяўся нікога і баяцца не збіраюся. Гэта поўнае глупства. Вось Лукашэнку там хтосьці схопіць і дадому не выпусціць. Ну тупасць поўная! Я нават не ўяўляю, што магло такое здарыцца з любым іншым прэзідэнтам ці са мной. Таму абмяркоўваць няма чаго».

Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў яшчэ адну «канспіралагічную» версію пра тое, што нібыта Прэзідэнта Беларусі на Савет міру не пусціў Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы 8 лютага. «Я нават не ведаў, што запрошаны на Савет, калі з Пуціным размаўляў, — развеяў міф беларускі лідар. — Яны нават не змаглі гэта ўсё супаставіць. І потым, Пуцін такі чалавек, што ён будзе акуратна нешта выбудоўваць, неяк намякаць. Але каб не пусціць... Ён бы наадварот сказаў: «Слухай, вось ты там будзеш на Савеце, перадай Дональду гэта, гэта і гэта»... 

«У нас сцяг адзін — мір. Мы хочам міру»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь абавязкова на ўзроўні Прэзідэнта будзе ўдзельнічаць у Савеце міру. «Можа, не ў Вашынгтоне — дзесьці ў Еўропе ці на Блізкім Усходзе. Можа быць, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага Савета. Мы будзем удзельнічаць у ім. У нас сцяг адзін — мір. Мы хочам міру». Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь хоча міру ва Украіне і іншых месцах, дзе ідуць ваенныя дзеянні, а таму наша краіна ў Савеце міру «будзе да месца». 

Гаворачы аб дзейнасці Савета міру, Прэзідэнт пракаменціраваў існуючае меркаванне, што гэта структура нібыта імкнецца замяніць ААН. «Шчыра кажу: калі б знайшлася такая арганізацыя, якая можа замяніць ААН, я б перахрысціўся і ўзрадаваўся», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

  • Паводле яго слоў, у дзейнасці ААН хапае пустых, нікому не патрэбных мерапрыемстваў. «Я трыццаць з лішнім гадоў знаёмы з гэтай арганізацыяй, бываў там. Ну, сабраліся, выступілі, прыехалі, па тэлевізары паказалі, што сказаў прэзідэнт. Так па ўсім свеце. Якія пытанні вырашыла ААН за апошні час? Вазьміце тую ж Газу, Палесціну. Было прынята рашэнне аб утварэнні Палесцінскай дзяржавы. Даўно. Вырашана? Не вырашана. Пастаяннае сутыкненне, пастаянная вайна. Хоць адзін канфлікт прадухіліла ААН? Ніводнага, — канстатаваў Прэзідэнт. — Але мы рэалісты. Іншай арганізацыі сёння няма, дзе б збіраліся ўсе прадстаўнікі сусветных дзяржаў, усяго свету. Яе няма».

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб дзейнасці АБСЕ, падкрэсліўшы, што арганізацыя не зрабіла нічога для таго, каб у Еўропе была спакойная і бесканфліктная сітуацыя. «Гэта арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. І што? Што зрабіла АБСЕ, каб у нас у Еўропе была спакойная, бесканфліктная сітуацыя?» 

Беларускі лідар нагадаў, што ўжо агучваў сваё меркаванне наконт таго, дзе павінна быць Еўропа. «Адзіная, з кім яны маглі мець зносіны, сябраваць і размаўляць, таксама, мною сказана, год ці паўгода таму назад — Расія. Тут рэсурсы, у вас высокія тэхналогіі. Давайце разам супрацоўнічаць. Вось гэта Еўразійскі рэгіён. І гэта была б самая магутная арганізацыя. Чаго яны хацелі? Цяпер адумаўся Макрон ці яшчэ хтосьці на змярканні сваёй кар’еры: будзем устанаўліваць з Расіяй кантакт і будзем размаўляць. Дык ад гэтага ніхто не адмаўляўся!» — заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што ён перадаваў меседж не толькі ад сябе, але і ад Пуціна: давайце весці дыялог, не трэба канфліктаваць. 

Пакуль жа ніводная з дзейных міжнародных арганізацый не забяспечыла мір у Еўрапейскім рэгіёне — ні АБСЕ, ні ААН. «Мая пазіцыя такая, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта нікчэмная арганізацыя, ніякіх пытанняў не вырашае і не вырашыць. Але іншай няма. А вось з АБСЕ можна было б і пачаць. У Еўропе турбулентнасць такая, што трэба уціхамірыць гэты рэгіён і займацца трэба (пытаннямі бяспекі. — „Зв.“). Гэта мой пункт гледжання». 

«Мы сур’ёзна маем намер працаваць у Савеце міру»

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь прыняла рашэнне ўвайсці ў склад Савета міру, паколькі наша краіна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, і пытанні бяспекі на кантыненце для нас вельмі важныя. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падзяліўся меркаваннем, што калі дзейнасць гэтай арганізацыі будзе выніковая, у яе склад увойдзе і Расія. «Калі будзе выніковасць, будзе нейкая дакладнасць, упэўнены, і Расія там будзе адной з галоўных дзяржаў, якія будуць развязваць тыя пытанні, якія будуць стаяць у Савеце міру». 

«Мы абавязкова гэта пытанне абмяркуем з Прэзідэнтам Пуціным. Можа быць, на Вышэйшым дзяржсавеце, але ў нас потым цэлыя суткі яшчэ перагаворы будуць з ім. Мы абавязкова закранём гэта пытанне, супаставім нашы пазіцыі, нашы пункты гледжання, — заявіў Прэзідэнт Беларусі. — Наогул мы сур’ёзна маем намер працаваць у Савеце міру. Вельмі сур’ёзна. Не лізаць кагосьці там, не падначвацца пад кагосьці, а займаць сваю пазіцыю, суверэнную пазіцыю. Натуральна, гэта пазіцыя і ў Расіі, і ў Беларусі будзе адзінай». 

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расіяй, Прэзідэнт падкрэсліў: нягледзячы на тое, што ў пэўных пытаннях у свой час нашы краіны адышлі адна ад адной, жыццё прымусіла ў многіх момантах быць разам. І хоць былі палітыкі ў Расіі, якія лічылі, што вялікая краіна можа справіцца і без Беларусі, час усё расставіў на свае месцы. «Час паказаў, што адна без адной абысціся мы не можам. І дзякуй богу, што гэты час паставіў нас усіх на месца», — адзначыў Прэзідэнт.

«У нас адзіная Айчына ад Брэста да Уладзівастока»

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сёння таксама ёсць праблемы і пытанні, якія неабходна абмеркаваць, выпрацаваць адзіны пункт гледжання. «Мне здаецца, няма такіх пытанняў, дзе мы не можам нашы пазіцыі суаднесці і прыняць адзінае рашэнне, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы даўно вызначыліся ў формуле: у нас адзіная Айчына ад Брэста да Уладзівастока. Ну, нядрэнна б было, калі б ад Лісабона да Уладзівастока — хоць бы эканамічна. Але не ад нас гэта залежыць. А вось ад Брэста да Уладзівастока — гэту Айчыну нам страціць нельга. Мы яе стагоддзямі, не толькі ў апошняй вайне, разам абаранялі, адваёўвалі. І яна не Пуціну і не Лукашэнку належыць. Мы не маем права яе парваць. Але ў гэтай Айчыне дзве дзяржавы. Дзве суверэнныя, залежныя адна ад адной дзяржавы».

«Мы ў агульным доме. У Расіі вялікая кватэра, у нас — меншая. Але ў кожнага свая. І мы, як добрыя суседзі, добра жывём, нармальна жывём, разумеем адно аднаго. І калі будзе больш пэўнасці з боку расійскага ўрада, мы і нашу прастору эканамічную абаронім. З агню ў полымя ўскочыць не павінны. І не ўскочым. Ведаеце, пра што ідзе гаворка. Не выбудоўваючы палітыку супраць кагосьці. Але мы, як любая дзяржава, павінны абараняць сваю. І мы ў гэтым кірунку будзем рухацца. Нікога там не нахіляючы, не ўключаючы Расію ўнутр Беларусі, а Беларусь — у Расію. У нас розуму хопіць, каб у гэтай сітуацыі скласці сапраўдны саюз, які будзе непадзельны, і нікому не будзе дазволена адарваць кагосьці кудысьці. Тым больш Беларусь ад Расіі», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Час такі, калі нам трэба быць разам, бачыць свае інтарэсы, адстойваць іх. У нас ёсць усё, каб абараніць гэтыя інтарэсы»,— рэзюмаваў беларускі лідар. 

Даслоўна

«Галоўны сэнс Саюзнай дзяржавы — гэта стварэнне роўных правоў нашых грамадзян на тэрыторыі кожнай з дзвюх дзяржаў»

У размове з журналістамі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў расказаў, якія пытанні плануецца абмеркаваць на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, практычна ўсе пытанні, якія выносяцца на Вышэйшы дзяржсавет, узгоднены ўрадамі краін на саюзным Саўміне 2 лютага: «На ВДС трэба будзе толькі атрымаць іх палітычнае зацверджанне і даць зялёнае святло рэалізацыі гэтых праектаў».

Адным з такіх пытанняў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы назваў прыгарадныя трансгранічныя чыгуначныя зносіны: «Яны будуць звязваць нашы пагранічныя рэгіёны. Пакуль гэта Смаленская вобласць і Віцебская. Будзе рэалізаваны праект: два электрацягнікі будуць у штодзённым рэжыме курсіраваць паміж Смаленскам і Віцебскам, паміж Оршай і Смаленскам. Усе льготы, якія нашы грамадзяне маюць па нацыянальных заканадаўствах, будуць захаваны. На Вышэйшым савеце будзе прыняты дэкрэт, які запусціць гэты механізм», — канстатаваў Сяргей Глазьеў.

Ключавым пытаннем, якое будзе абмяркоўвацца на Вышэйшым дзяржсавеце, Сяргей Глазьеў назваў асноўныя кірункі рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Гэта наш галоўны дакумент, які вызначае асноўныя кірункі работы з 2024 па 2026 год. Палова мерапрыемстваў ужо выканана. У прыватнасці, ужо прынята нарматыўная база па тавары Саюзнай дзяржавы» Згодна з гэтай методыкай, таварам Саюзнай дзяржавы будзе лічыцца той, у кошце якога не менш за 50 % беларускага або расійскага складніка. «Для нас гэта магчымасць падвесці пад іх (тавары СД. — „Зв.“) механізмы пашырэння крэдыту, стварыць магчымасці для пашырэння вытворчасці такіх тавараў, поўнага насычэння нашага рынку Саюзнай дзяржавы», — патлумачыў Сяргей Глазьеў.

У працяг гэтага кірунку была падрыхтавана інвестыцыйная платформа Саюзнай дзяржавы. Гэта платформа дазволіць выкарыстоўваць усе існуючыя інстытуты развіцця пры падтрымцы цэнтральных банкаў і ўрадаў, каб пашырыць фінансаванне кааперацыйных праектаў.

«Паспяхова рэалізуюцца праекты ў галіне імпартазамяшчэння, навукова-тэхнічныя праграмы Саюзнай дзяржавы. На Саўміне была прадстаўлена справаздача аб іх выкананні. Гэта датычыцца і праграм у галіне мадэрнізацыі аўтатранспарту», — расказаў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы. 

Яшчэ адно пытанне, якое вынесуць на абмеркаванне, стане стварэнне Камітэта Саюзнай дзяржавы па стандартызацыі і якасці. Дзяржсакратар звярнуў увагу, што беларускі лідар удзяляе вялікую ўвагу пытанням якасці. 

У парадак уключаны і шэраг пытанняў, якія рэгулярна разглядае Вышэйшы дзяржсавет. Яны звязаны з узаемадзеяннем міністэрстваў замежных спраў, міністэрстваў юстыцыі ў рэалізацыі агульных інтарэсаў дзвюх краін на сусветнай арэне.

«Мы ў Саюзнай дзяржаве робім усё магчымае, каб нашы грамадзяне адчувалі сябе як дома ў любой з нашых дзяржаў, каб яны мелі роўныя правы. Магу сказаць, што так і ёсць. Галоўны сэнс Саюзнай дзяржавы — гэта стварэнне роўных правоў нашых грамадзян на тэрыторыі кожнай з дзвюх дзяржаў. І не толькі грамадзян, але і гаспадарчых суб’ектаў, юрыдычных асоб», — сказаў Сяргей Глазьеў. 

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы звярнуў увагу на словы беларускага Прэзідэнта, што Беларусь ад Расіі адарваць немагчыма. «Таксама і Расія нікуды ад Беларусі сысці не можа. Гэта не проста выказванне палітычнай волі нашых лідараў, але і тая рэальнасць, у якой мы жывём», — упэўнены Сяргей Глазьеў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю