Аграрыі напружана працуюць у полі. І разам з імі — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У чацвер кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемстве «Азярыцкі-Агра». Асноўным відам дзейнасці гэтага шматфункцыянальнага прадпрыемства з’яўляецца жывёлагадоўля з развітым раслінаводствам. Як вядома, беларускі лідар заўсёды глядзіць шырэй — таму на полі ў Смалявіцкім раёне надалі ўвагу і ўсёй Мінскай вобласці, і краіне ў цэлым. І закрануў тэмы не толькі жніва, але і іншыя, актуальныя для аграрнага сектара, а значыць, і для харчовай бяспекі краіны.
Як толькі магчыма — трэба жаць
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўборка ўраджаю ідзе нераўнамерна: дзесьці праца ідзе суткамі, а дзесьці палі залівае дажджом. І ў бліжэйшы час такія «арэлі» працягнуцца. «Таму я вас настройваю на тое, што сушыць збожжа ў палях нельга. Як толькі магчыма — трэба ўбіраць», — заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што выбраў для інспекцыі ўзорнае поле, і тут адносна сярэднія ўмовы, каб скласці агульнае ўражанне аб уборачнай кампаніі. Ды і ў цэлым, на прыкладзе Мінскай вобласці можна скласці ўражанне аб ходзе ўборкі па краіне. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, вобласць складаная, вялікая, тут ёсць усё — і добрыя месцы, і дрэнныя, ёсць што аналізаваць. Па сітуацыі ў Мінскай вобласці можна меркаваць, як складзецца сітуацыя ў іншых рэгіёнах, зыходзячы з іх асаблівасцяў. Напрыклад, на поўдні будзе крыху лепш, на поўначы — трохі горш.
Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта да ўборачнай кампаніі гэтага года — паскарацца, чаго б гэта ні каштавала. «18 працэнтаў — гэта нармальная вільготнасць. Адзін раз праз сушылкі прапусцілі — і можна на склад класці збожжа», — заявіў беларускі лідар.
«Ні ў якім разе нам нельга прашляпіць гэты год. Ураджай павінен быць добрым. Калі мы без страт убяром, наколькі гэта магчыма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё, Прэзідэнт пацікавіўся ў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, колькі ўбрана на раніцу — без прыўкрашвання. Па словах міністра, на раніцу чацвярга аграрыі ўбралі ўжо 1,1 мільёна тон збожжа. «Два мільёны да канца тыдня ў цябе будзе?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка. «Пастараемся», — адказаў міністр, на што кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі захаваецца сонечнае і цёплае надвор’е, то сабраць два мільёны тон да канца тыдня можна.
«Гэта не проста размінка камбайнераў. Гэта вялікая частка ўборкі»
Асобную ўвагу надалі рапсу. Гэтай культуры — і азімай, і яравой — ў краіне трэба ўбраць 423 тысячы гектараў. «Галоўнае, каб не празявалі», — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. Рапс вырошчваюць і ў «Азярыцкім-Агра». Прэзідэнт пацікавіўся ў кіраўніка гаспадаркі Анжалікі Гушчэні відамі на рапс у гаспадарцы. Паводле яе слоў, рапс расце выдатны, планаваная ўраджайнасць 40 ц/га.

Не пакінулі без увагі і азімы ячмень. Менавіта гэтая культура расце на полі, на якое прыехаў Прэзідэнт. На полі «Азярыцкага-Агра» ўраджайнасць азімага ячменю складае каля 70 ц/га. Ды і ў цэлым па краіне, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, гэтая культура дае вельмі нядрэнны вынік — больш за 40 ц/га. «Калі будзе за 40 ц/га — гэта добры па краіне ўраджай. Але трэба імкнуцца да такой ураджайнасці, як у «Азярыцкі-Агра», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, ячменю быць — гэта добрая культура, якую трэба развіваць. Так, капрызная, але працаваць з ёй можна.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што яго «ціск» на аграрыяў па вырошчванні ячменю і рапсу, быў правільным. «Па ўсіх напрамках правільна зрабілі: і ранняя ўборка, камбайнеры прывыклі. Гэта не проста размінка камбайнераў. Гэта вялікая частка нашай уборкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета плануецца сабраць мільён тон ячменю. І рапс, і ячмень — выгадныя культуры, якія гарантавана даюць сельгаспрадпрыемствам грошы. Калі, вядома, апрацоўваць іх па тэхналогіі. А ў гэтым пытанні, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, усё залежыць ад кіраўніка гаспадаркі. Нязменнае патрабаванне Прэзідэнта — парадак з кадрамі — павінен быць і пад кантролем губернатара.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што азнаёміўся з біяграфіяй Анжалікі Гушчэні. У яе за плячыма вялікі досвед працы ў розных гаспадарках, што, па словах кіраўніка дзяржавы, добра. «Калі яна пакажа сябе ў гэтай гаспадарцы, гэта вельмі перспектыўны чалавек. Яна ведае і банкаўскую справу, і даяркай пачынала працаваць, што немалаважна», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Дарэчы, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што бульба ў «Азарыцкім-Агра» вырасла лепші, чаго на яго палетках. Але адначасова зрабіў і заўвагу: сорт імпартны. А Прэзідэнт пастаянна арыентуе на вырошчванне айчынных сартоў сельскагаспадарчых культур.
«Прэс павінен быць!»
Немалаважная частка ўборачнай кампаніі — нарыхтоўка кармоў для жывёлы. І тут, акрамя ўкосу траў, вялікае значэнне мае захоўванне кармоў. Анжаліка Гушчэня расказала, што ў гаспадарцы пабудаваныя новыя сянажныя траншэі. Але ў і плёнку кармы ў «Азярыцкім-Агра» таксама заварочваюць. Гэта робіцца з выкарыстаннем спецыяльнай машыны — прэс-падборшчыка. Каб сянаж захоўваўся доўга і не страчваў сваю якасць, трэба правільна яго спакаваць. Усё па тэхналогіі. Кіраўнік дзяржавы ўзняў пытанне аб захоўванні сенажу ў іншых гаспадарках. Ён звярнуў увагу, што ёсць скаргі на высокі кошт плёнкі — будаваць траншэі танней. Але для захоўвання ў траншэях патрэбныя добрыя ўмовы надвор’я. Прэзідэнт звярнуў увагу, што выкарыстанне прэса і заварочванне кармоў у плёнку — гэта сусветная практыка. «Прэс павінен быць. Я вось як учарашні дырэктар кажу: я б памёр, але купіў бы два прэсы і, чаго б ні каштавала плёнка, заўсёды купляў бы плёнку і ў плёнку заварочваў», — адзначыў ён. Прэзідэнт пацікавіўся меркаваннем першага намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Віталя Сысоева аб прэс-машынах айчыннай вытворчасці. Той адказаў, што ў гаспадарках выкарыстоўваюцца прэсы, якія выпускаюць на прадпрыемствах у Смалявіцкім раёне. І яны сябе нядрэнна паказваюць. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што ад гэтых тэхналогій адпіхвацца не трэба, і даручыў старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксею Кушнарэнку разабрацца з пытаннем цаны. «У нас кожны рве сабе: прэс даражэй прадаць, плёнку зрабіць даражэйшай... Хоць гэта элементарныя, здавалася б, справы — плёнку вырабіць», — заўважыў беларускі лідар.

«Угнаенні трэба прадаваць праз прадукцыю сельскай гаспадаркі»
Вяртаючыся да пытанняў уборачнай кампаніі беларускі лідар звярнуў увагу на пасяўную. «Мы не прашляпім пасяўную кампанію азімых? Асабліва рапсу. Нам ужо ў 20- х чыслах трэба рапс сеяць», — заўважыў ён. Міністр далажыў, што яшчэ з мінулага года засталося насенне для сяўбы азімага рапсу, ёсць угнаенні. «Па ўгнаеннях нават разважаць няма чаго. Санкцыі? Добра. Угнаенні трэба прадаваць праз прадукцыю сельскай гаспадаркі: праз малако, мяса. Угнаенні ўнеслі, колькі трэба — будзе ўраджай. А значыць, будзе малака, мяса больш», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Калі вядома, не будзе падзяжу жывёлы.
Уборачная кампанія зараз пытанне нумар адзін. Але праблема з падзяжом жывёлы з поле зроку кіраўніка дзяржавы не сышла. Прэзідэнт нагадаў падзеж — гэта непрымальна. Тым больш, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэтую праблему ўжо ў савецкія часы вырашылі. «Спецыялізаваныя комплексы будавалі для таго, каб адкорм ажыццяўляць, атрымліваць ялавічыну. Бычкоў звозілі на асобныя комплексы, цялушак, цялятак звозілі на іншы комплекс. І там усё гэта вырошчвалі». Са слоў Прэзідэнта, сёння варта ўжываць такі ж падыход — «імем рэвалюцыі». Тым больш гэта выгадна і для гаспадарак, бо цялят яны будуць аддаваць за грошы. «Нават больш яму заплаціць. Хоць сялянам зарплату аддасць, — сказаў ён. — Трэба аддаць скаціну туды, дзе яе нармальна дагледзяць і накормяць».
«Падзяжу быць не павінна. Метады вядомыя», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Юрый Горлаў распавёў, што цяпер з Віцебскай вобласці на адкорм у Гродзенскую вобласць перадалі 2,5 тысячы цялят. «2,5 тысячы — гэта паўтары гаспадаркі. А ў Віцебскай вобласці 160 гаспадарак. Таму будзем глядзець у цэлым. А галоўны паказчык — гэта падзеж жывёлы. Як хочаце, мяне вы тут не пераканаеце ў тым, што нармальна ў вас, няма звышпланавага, як вы пішаце, падзяжу. Які звышпланавы, якія планы?!»- абурыўся Прэзідэнт. Ён пацікавіўся, які падзеж у «Азярыцкім-Агра». Анжаліка Гушчэня адказала, што сотыя працэнта — практычна няма падзяжу. Сакрэт просты — у гаспадарцы выконваецца тэхналогія догляду жывёлы і ўзнаўлення статка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тыя гаспадаркі, якія не могуць так працаваць, могуць прыехаць у «Азярыцкае-Агра» і пераняць вопыт. Прэзідэнт таксама нагадаў, што перш за ўсё для вырашэння праблемы з падзяжом жывёлы неабходна жалезная дысцыпліна і граматная арганізацыя работы ветэрынарнай службы.
Айчынны камбайн. «Гэта мара. Калі ён якасны»
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з уборкай азімага ячменю беларускім камбайнам. У гэтым годзе ў тэхнікі няпростая задача —высокая ўраджайнасць і складаныя ўмовы надвор’я. Але перадавы айчынны збожжаўборачны камбайн GS12A1 PRO, які працуе на полі, спраўляецца. «Гэта мара. Калі ён якасны — гэта мара. А калі добры механізатар на камбайне працуе...»- заўважыў Прэзідэнт. Ён успомніў, як у першыя гады яго прэзідэнцтва прапаноўвалі не займацца распрацоўкай сваіх камбайнаў, а закупляць тэхніку за мяжой. Але ў выніку ў Беларусі сталі рабіць тэхніку не горшую за замежную.
Анжаліка Гушчэня адзначыла, што механізатары, якія працуюць на гэтым камбайне, адзываюцца пра яго добра. Пра гэта кіраўнік дзяржавы асабіста спытаў у механізатара Аляксандра Сарокі. Аляксандр Лукашэнка падрабязна распытаў аб вартасцях і недахопах айчыннай тэхнікі і канкрэтна гэтай мадэлі. «Самалёт для мяне пакуль што. Вывучаю», — адказаў камбайнер. «Я і бачу, што ты акуратна ідзеш. І правільна робіш! — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ты перспектыву ў гэтага камбайна бачыш? Ён павінен быць, яго трэба рабіць?». Камбайнер адказаў, што намалаціў на новай машыне ўжо сто тон, і пакуль нараканняў не было. Гэты від камбайна разлічаны на ўборку самых складаных хлябоў, а мадыфікацыя PROFI дазваляе збіраць максімальную колькасць збожжавых і крупяных культур. Тэхніка абсталявана поўным прывадам, што падыходзіць для працы ў цяжкіх умовах: пры зацяжных дажджах, дрэнны праходнасці і нізкай апорнай здольнасці глебы.

«Камбайн добры. Будзем рабіць, — рэзюмаваў беларускі лідар. — Значыць, правільна зрабілі, што гэты камбайн пачалі вырабляць». А прысутным кіраўнік дзяржавы нагадаў аб адказным падыходзе да эксплуатацыі тэхнікі.
Самая лепшая праца
«Зайздрошчу я табе, — звярнуўся на развітанне Прэзідэнт да Анжалікі Гушчэні. — Самая лепшая праца — гэта кіраўніком аграрнага прадпрыемства. Лепшай няма. Цяжкая, вядома. Любая праца, калі ставіцца да яе адказна, цяжкая». Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што часта ўспамінае з задавальненнем сваю працу ў сельскай гаспадарцы.
Анжаліка Гушчэня пасля расказала журналістам, што такога складанага года на яе практыцы не было. «Магчыма, не варта скардзіцца на надвор’е. Але яно нас выпрабоўвала, калі былі замаразкі, а потым дажджы. Але калі ёсць у гаспадарцы тэхналогія, калі ёсць парадак, дасведчаныя спецыялісты, то ўсё можна пераадолець і сабраць добры ўраджай», — сказала яна. Па словах спецыяліста, сакрэту тут асаблівага няма: трэба своечасова падрыхтаваць глебу, закупіць якаснае насенне, пасеяць своечасова, унесці ўгнаенні — карацей, працаваць адказна. І, канешне, на прадпрыемстве павінен быць гаспадар, ці, як у выпадку з «Азярыцкі-Агра», — гаспадыня.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
Смалявіцкі раён